бярэш удзел у брыдкiх акрабатычных практыкаваннях, якiя належаць да тваiх абавязкаў; ты будзеш удыхаць пахi восеньскай травы, лежачы на прыбярэжным пяску, памiж зараснiкаў лазы - там, дзе вада пасля паводкi пакiнула свой след-паласу; сцёблы чароту, коркi ад пляшак, бляшанкi ад гуталiну, пацерка з ружанца, што ўпала за борт у шкiперавай жонкi, i лiманадныя пляшкi з укладзенымi ў iх цыдулкамi; у паветры горкi дым ад параходных комiнаў; грукат якарных ланцугоў; мы не будзем рабiць з гэтай справы крывавай i паважнай, хоць яна, натуральна, i крывавая, i паважная.
А той корак, якi я ўхапiла пальцамi сваiх босых ног i падарыла табе на памятку? Я ўхапiла яго i падарыла табе, бо ты пазбавiў мяне ад спальнi, гэтай змрочнай катоўнi, пра якую я ведала з раманаў, нашэптванняў сябровак, з перасцярог манашак; галiнкi лазы звiсалi над маiм iлбом, срэбна-зялёныя лiсткi вiселi ў мяне перад цёмнымi i поўнымi бляску вачыма; параходы раўлi ў мой гонар: абвяшчалi мне, што я зрабiлася жанчынаю; сутонне, асеннi вечар, усе якарныя ланцугi былi ўжо даўно апушчаныя ў ваду, матросы i жонкi шкiпераў сыходзiлi па хiсткiх трапах на бераг, i я ўжо сама жадала таго, чаго яшчэ некалькi гадзiн таму баялася; але ўваччу ў мяне ўсё ж паявiлася некалькi слязiнак, бо я адчувала сябе нявартай памяцi сваiх продкаў, якiм было сорамна рабiць уцеху з абавязку; ты прыляпiў мне тады вербавыя лiсточкi на лоб i на сляды ад слёз - там, унiзе, на прыбярэжным пяску, дзе мае ногi краналiся сцёблаў чароту, бутэлек з цыдулкамi, у якiх адпускоўцы пасылалi свае прывiтаннi гараджанам; адкуль узялiся тыя гуталiнавыя бляшанкi: цi яны былi выкарыстаныя матросамi, каб да бляску начысцiць свае боты, перад тым як выйсцi на бераг? А можа - жонкамi шкiпераў, якiя хадзiлi рабiць пакупкi з чорнымi блiшчастымi сумкамi, альбо - хлопцамi, што насiлi шапкi з чорнымi брылямi, якiя блiшчалi ў паўзмроку, калi мы потым сядзелi на чырвоных крэслах у кавярнi Трышлера? Я з захапленнем глядзела на прыгожыя рукi маладой жанчыны, што падавала нам смажаную рыбу, салату, якая была такая зялёная, што балюча было вачам; вiно; рукi гэтай маладой жанчыны, якая пазней, праз дваццаць восем гадоў, будзе прамываць вiном раны на знявечанай спiне майго сына; ты не павiнен быў крычаць на Трышлера, якi нам затэлефанаваў i паведамiў пра няшчасны выпадак з Робертам; паводка, паводка... мне заўсёды карцела кiнуцца ў раку, што выйшла з берагоў, i дазволiць вадзе аднесцi мяне да шэрых даляглядаў. Заходзь, няхай з табою зойдзе шчасце, але не цалуй мяне; не разбурай майго карабельчыка; вось табе кава, салодкая i гарачая; паабедзенная кава, моцная i без малака; вось тут цыгары, па шэсцьдзесят пфенiгаў штука; Гупэрц купiў iх па маёй просьбе. Памяняй аб'ектывы сваiх вачэй, стары; я ж не сляпая, а проста вар'ятка i, вядома ж, магу прачытаць дату на календары, што вiсiць унiзе ў вестыбюлi: '6 верасня 1958 года'; я не сляпая i ведаю, што я не магу растлумачыць твайго аблiчча спрытнасцю цырульнiкаў; вазьмi ўдзел у маёй гульнi, падкруцi аб'ектывы сваiх вачэй i не апавядай мне зноўку пра твайго прамянiстага светлавалосага ўнука, у якога матчына сэрца i бацькаў розум i якi цяпер твой упаўнаважаны пры адбудове абацтва; цi ён ужо здаў iспыты на атэстат сталасцi? Цi збiраецца ён вывучаць статыку? Ён цяпер на практыцы? Прабач мне за мой смех, але я нiколi сур'ёзна не ўспрымала будаўнiцтва; пыл, шчыльна збiты i спечаны пыл, ператвораны ў элементы структуры; аптычны падман, фата-маргана, загадзя асуджаная на ператварэнне ў руiны; перамога з неба не спадзе: яе трэба заваяваць; я сёння ўраннi прачытала гэта ў газеце - перш чым яны мяне забралi. 'Усе трыумфавалi... поўныя пабожнай веры, яны прыслухоўвалiся да слоў... радасць i трыумф зноў i зноў захаплялi ўсiх...' Хочаш, я прачытаю табе гэта з мясцовай газеты?
Грамада тваiх унукаў - не сем разоў па сем, а два разы па адным - не будзе карыстацца з прывiлеяў, я абяцала гэта Эдыт, авечцы; яны не будуць прымаць бычынага прычасця, а хлопец не будзе вучыць верша, якi яму задалi ў школе:
Удары ўсе ўсхваляй, што лёс нам пасылае,
Бо лiха душы блiзкiя злучае...
Ты чытаеш зашмат цэнтральных газет, дазваляеш, каб табе падавалi 'быка' з кiслай, альбо салодкай, альбо бог ведае з якой падлiўкаю; ты чытаеш зашмат газет, прызначаных для звышадукаванай элiты; зiрнi: тут, у мясцовых газетах ты можаш наесцiся сапраўдных памыяў - чыстых, без дамешак i падробак, што падаюцца з самымi лепшымi намерамi, якiя толькi магчыма сабе ўявiць: iншыя твае цэнтральныя - газеты не робяць таго з самымi лепшымi намерамi: яны проста палахлiвыя; а вось гэтыя маюць самыя лепшыя намеры; нiякiх прывiлеяў, калi ласка; i нiякай шкадобы; вось што тут пiшуць, звяртаючыся да мяне: 'Мацяркi тых, што палеглi...':
I, хоць народ вас, як святых, шануе,
Ды сэрца ваша па сынах смуткуе.
Я - святая ў народа, i сэрца маё смуткуе: загiнуў мой сын - Ота Фэмель; прыстойнасць, прыстойнасць, гонар, адданасць; ён выдаў нас палiцыi, зрабiўся раптам толькi вонкавай абалонкай нашага сына; нiякай шкадобы; нiякiх прывiлеяў; абата яны, вядома, пашкадавалi, бо ён пакаштаваў бычынага прычасця; прыстойнасць, парадак, гонар; гэтую падзею святкавалi манахi з паходнямi ў руках, уверсе, на пагорку, пазiраючы долу, у далiну Кiса; надыходзiла новая часiна, часiна ахвяр, часiна пакут, а ў iх зноў былi пфенiгi на булачкi, пяць пфенiгаў на кавалак мыла; абат здзiвiўся, калi Роберт адмовiўся браць удзел ва ўрачыстасцях; манахi на запененых конях заехалi на вяршыню пагорка, расклалi вогнiшча; свята сонцавароту; запалiць агонь дазволiлi Оце; ён тыцнуў запаленай паходняй у сушняк; тыя самыя вусны, што гэтак цудоўна ўмелi спяваць 'Rotate coeli', спявалi словы, ад якiх дай божа мне ўберагчы майго ўнука: 'Дрыжаць спарахнелыя косцi...'; цi не дрыжаць твае косцi, стары?
Хадзi, стары, пакладзi сваю галаву мне на каленi, запалi цыгару; фiлiжанку з кавай ты лёгка дастанеш рукой; заплюшчы вочы; апусцi заслону; прэч; будзем паўтараць бясконца малiтву: 'Цi памятаеш?..', успамiнаць пра гады, калi мы жылi за горадам, у Блесэнфэльдзе, дзе кожны вечар пахнуў адпачынкам, простым людам, якi наядаўся ў будках са смажанай рыбай, каля вазкоў з куханамi i марожаным; бласлаўлёныя, яны маглi есцi рукамi; а мне гэтага не дазвалялася, пакуль я жыла дома; ты дазволiў мне рабiць гэта; дудзелi катрынкi, рыпелi каруселi, а я ўдыхала тыя пахi, чула, адчувала, што трывалае толькi тое, што прамiнула; ты мяне выбавiў з таго жахлiвага дома, у якiм яны праседзелi чатырыста год i з якога яны марна спрабавалi выбрацца; летнiмi надвячоркамi я сядзела на даху, на тэрасе, а яны тым часам пацягвалi вiно ўнiзе ў садзе; мужчынскiя вечарыны, вечарыны для дамаў; а я ў пранiзлiвым смеху жанчын чула тое самае, што i ў гучным рагатаннi мужчынаў роспач; калi вiно развязвала языкi, здымала ўсялякiя табу, калi водары летняга вечара вызвалялi iх з няволi ўласнае крывадушнасцi - тады рабiлася вiдавочным, што яны не былi нi досыць багатыя, нi досыць бедныя, каб адкрыць для сябе адзiную трывалую рэч - тое, што прамiнае: я тужыла па iм, хоць мяне i выхоўвалi вечнымi катэгорыямi: шлюб, адданасць, гонар, спальня, дзе быў толькi абавязак i не было свабоды; i ў мяне ўвушшу звiнела, нiбы заклiк булькатлiвай вады ў час паводкi: 'навошта-навошта-навошта?'; я не хацела далучацца да iхняй роспачы, не хацела браць у спадчыну тую змрочную спадчыну, што яны перадавалi з пакалення ў пакаленне; я сумавала па белым бязважкiм прычасцi авечкi i спрабавала пры 'Меа culpa, mea maxima eulpa' выбiць у сябе з грудзей старажытны спадак змроку i гвалту; вяртаючыся ад iмшы, я пакiдала ў сенцах свой малiтоўнiк, прыходзiла як найраней - каб атрымаць пацалунак ад бацькi; яго грымотны бас разносiўся па двары аж да самае канторы: мне споўнiлася пятнаццаць, шаснаццаць, семнаццаць, васемнаццаць, i ў матчыных вачах я згледзела напятую чуйнасць, з якою яна чакала майго паўналецця; калi яе свойчас кiнулi на пакорм ваўкам, дык чаму б гэтая доля павiнна была абмiнуць мяне? Тыя ваўкi павырасталi ўжо - апiвошы, уладальнiкi форменных кепурак, прыгожыя i не надта; я глядзела на iхнiя рукi, у iхнiя вочы, i на мне вiсеў страшэнны праклён: я ведала, якiя яны зробяцца, калi iм будзе сорак, шэсцьдзесят год: фiялетавыя жылiны на руках, якiя нiколi не будуць пахнуць адпачынкам; паважнасць, мужчынскасць, адказнасць; ахоўваць законы, выкладаць дзецям гiсторыю; лiчыць грошы, выказвацца за палiтычную разумнасць; усе яны, гэтаксама як i мае браты, былi асуджаныя на бычынае прычасце; маладыя яны былi толькi сваiм узростам, i толькi адно магло прынесцi iм бляск i велiч, ахiнуць iх мiфалагiчнай смугою - смерць; час быў адно сродкам, якi наблiжаў iх да яе; яны прынюхвалiся да смерцi, i iх вабiла да ўсяго, што пахла смерцю; яны самi пахлi трупным смуродам; гэты смурод прыцiшана сядзеў у доме, у вачах тых, каму мяне хацелi аддаць на пакорм - уладальнiкаў форменных кепурак, ахоўнiкаў законаў; толькi адно было забаронена - прага да жыцця i гульня. Цi ты разумееш мяне, стары? Гульню лiчылi за смяротны грэх; не спорт: яго яны цярпелi, бо спорт падтрымлiвае жыццёвы тонус, узбадзёрвае, робiць прыгажэйшымi, узмацняе апетыт ваўкоў; яны развiваюць iнстынкты хатняй гаспадынi i мацi; танцы - таксама добра, бо павялiчвае рыначную вартасць; але калi я ў сваiм пакоi наверсе таньчыла сама для сябе, у начной кашулi гэта быў грэх, бо такi танец ужо не быў абавязкам; на вечарынах i ў цёмных калiдорах уладальнiкам форменных фуражак дазвалялася цiскаць мяне, iм дазвалялася таксама ў лясным паўзмроку, пад час паездак за горад, прылiпаць да мяне з не занадта рызыкоўнымi ласкамi; мы ж не надта ганарыстыя якiя; я малiлася, каб прыйшоў чалавек, якi б выбавiў мяне ад смерцi ў воўчым логвiшчы; я малiлася, прымала дзеля гэтага белае прычасце i бачыла цябе насупраць, у акне твайго працоўнага кабiнета; каб ты ведаў, як я цябе кахала; каб ты мог толькi пра гэта здагадвацца, ты б цяпер не падымаў