ўсё-ткi браты...' - казалi яму; сапраўды, яны былi братамi, згодна з запiсам у кнiзе актаў цывiльнага стану i паводле сведчання акушэркi; мажлiва, ён бы хутчэй адчуў узрушанасць, калi б яны напраўду былi чужыя адзiн аднаму, ды яны не былi чужыя; ён бачыў, як Ота есць, п'е каву, гарбату, пiва; але Ота еў не такi хлеб, пiў не тое самае малако i каву, што ён; яшчэ горш было са словамi, якiя яны казалi адзiн аднаму: калi Ота гаварыў 'хлеб', гэтае слова гучала яшчэ чужэй, чым слова 'pain'*, пачутае першы раз, калi ён яшчэ не ведаў, што гэта значыць - 'хлеб'; сыны аднае маткi i аднаго бацькi, якiя нарадзiлiся i гадавалiся ў адным i тым доме, у адным доме елi, пiлi, плакалi, дыхалi адным паветрам, хадзiлi адной дарогай у школу; i разам смяялiся, гулялi; ён называў Оту 'браткам', адчуваў, як братава рука абдымае яго за шыю; ён даведаўся, што Ота баiцца матэматыкi, дапамагаў яму, цэлымi днямi зубрыў з iм, каб пазбавiць таго страху, i тут ён здолеў вызвалiць братку ад страху - ды раптам, праз два гады, пакуль яго не было, ад Оты засталася адна абалонка; не быў яму нават чужы, не адчуваўся нават пафас гэтага слова; яно не прыходзiла на язык, не было праўдзiвым, не гучала, калi ён думаў пра Оту; i ён упершыню зразумеў тады, што сапраўды значылi словы Эдыт 'пакаштаваць бычынага прычасця': Ота б выдаў катам родную мацi, каб яна iм спатрэбiлася.

* Хлеб (франц.).

А калi Роберт падымаўся наверх, каб яшчэ раз паспрабаваць замiрыцца, калi ён адчыняў дзверы ў Отаў пакой, той, паварочваючыся да яго, пытаўся: 'Ну што?' Ён меў тут рацыю - сапраўды: што Роберт мог сказаць яму. Яны ж не былi нават чужыя адзiн аднаму, дасканала ведалi адзiн аднаго: ведалi, напрыклад, што адзiн не любiць апельсiнаў, a другi аддае перавагу пiву перад малаком; яны ведалi, што хтосьцi з iх замест цыгарэт ахвотна курыць маленькiя цыгаркi, а хтосьцi пакiдае закладкi ў календары Шота.

Роберт зусiм не здзiўляўся, калi бачыў, як Бен Вакс i Нэтлiнгер падымалiся ў Отаў пакой, калi ён сустракаў iх у калiдоры, усвядомiўшы, што тыя абодва былi яму менш незразумелыя, чым яго родны брат; нават забойцы не бываюць забойцамi ўвесь час, а любой гадзiне дня i ночы; нават забойцы маюць вольныя ад працы вечары - як, напрыклад, чыгуначнiкi; тыя абодва вызначалiся паблажлiвасцю: паляпвалi яго па плячы; Нэтлiнгер казаў: 'Ну, хiба гэта не я даў табе ўцячы?' Яны паслалi на смерць Фэрдзi, паслалi Гроля i бацьку Шрэлы туды, дзе людзi без следу знiкаюць, але цяпер яны казалi: 'Што было, тое было'. Нiхто не хоча псаваць гульню. Hе трэба прыпамiнаць iм таго. Фельдфебель у сапёраў, спецыялiст па выбухах, жанаты, мае сваю кватэру, iльготную ашчадную кнiжку i дваiх дзяцей. 'Пра жонку можаш не турбавацца; пакуль я тут, з ёй нiчога не здарыцца...'

Ну дык што? Цi гаварыў ты з Отам? Без вынiку? Я ведала, што так будзе, але ж трэба спрабаваць зноў i зноў; падыдзi блiжэй, цiха: я хачу табе нешта сказаць! Мне здаецца, што на iм - праклён, чары - калi гэта табе больш даспадобы; i ёсць толькi адзiн спосаб вызвалiць яго: мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн; Госпад кажа: 'Помста мая', а чаму б гэта мне не быць сродкам помсты ў руцэ Госпадавай?

Яна падышла да акна, выцягнула з кута памiж фiранкаю i акном дарожны кiй свайго брата, якi памёр сорак тры гады таму; ускiнула кiй да пляча, нiбы стрэльбу, i нацэлiлася, узяла на мушку Бена Вакса i Нэтлiнгера; яны ехалi па вулiцы конна - адзiн на сiвым, другi на гнедым жарабцы; кiй рухаўся, паказваючы дакладна хуткасць конскага бегу - як быццам яе мерылi секундамерам; яны павярнулi за рог дома, праехалi паўз гатэль на Модэстгасэ, памчалi да Мадэставай брамы, якая засланiла коннiкаў ад яе; апусцiўшы кiй, мацi сказала: 'У мяне ёсць дзве з паловай хвiлiны часу'. Зрабiць глыбокi ўдых, нацэлiцца, своечасова нацiснуць на курок; кожнае шво яе сноў трымала моцна, нiдзе не было магчыма разарваць дасканала сплеценую хлусню; яна зноўку паставiла кiй у кут.

- Я зраблю гэта, Роберт. Я зраблюся сродкам помсты ў руцэ Госпада; маю досыць цярплiвасцi, час мяне не бярэ: тут патрэбныя не хлопаўкi з порахам, да пораху патрэбны свiнец: помста за апошняе слова, што вымавiлi нявiнныя вусны майго сына: 'Гiндэнбург'; гэтае слова засталося пасля яго на гэтай зямлi; я павiнна сцерцi гэтае слова; хiба мы дзеля таго нараджаем дзяцей на свет Божы, каб яны памiралi, маючы сем год, i выдыхалi апошняе слова 'Гiндэнбург'? Я парвала лiсток з вершам i выкiнула шматкi паперы на вулiцу, а ён быў дысцыплiнаваны малы хлапчук ды прасiў мяне дастаць яму копiю; але я адмовiлася, не хочучы, каб тая лухта вымаўлялася яго вуснамi; у гарачцы ён спрабаваў аднавiць у памяцi радкi верша; я заткнула сабе вушы, але ўсё-ткi адно чула: '...Хай Госпад заўсёды будзе з табой'; я спрабавала спынiць яго трызненне, трэсла яго, каб ён апрытомнеў; я хацела, каб ён паглядзеў мне ў вочы, адчуў дотык маiх далоняў, пачуў мой голас, але ён шаптаў далей: '...Пакуль нямецкiм лясам стаяць, пакуль нямецкiм сцягам лунаць; пакуль нямецкая мова гучыць - датуль яго iменi ў сэрцах жыць'; тое, з якiм нацiскам ён нават у гарачцы вымаўляў слова 'яго', амаль забiла мяне насмерць; я пазбiрала ўсе цацкi ў хаце, забрала ў цябе твае - i, не зважаючы на твой лямант, склала iх усе на Генрыхавай коўдры; толькi ён ужо не вярнуўся, не паглядзеў на мяне... Генрых, Генрых! Я крычала, малiлася i шаптала яму, ды ён ужо адышоў у краiну трызненняў, у якой для яго застаўся адзiны радок верша: 'Гiндэнбург! Наперад! На бой!'; толькi той адзiн- адзiны радок верша жыў у iм; i апошняе слова, якое я пачула з ягоных вуснаў, было: 'Гiндэнбург'.

Я павiнна адпомсцiць за спанатраныя вусны майго сямiгадовага сыночка; няўжо ты гэтага не разумееш, Роберт? Адпомсцiць тым, што едуць конна паўз наш дом, да Гiндэнбургавага помнiка; за iмi нясуць гладкiя вянкi з залатымi, чорнымi i фiялетавымi стужкамi; я ўвесь час думаю: няўжо ён нiколi не памрэ? Няўжо мы будзем вечна бачыць на паштовых марках гэтага састарэлага буйвала, чыё iмя зрабiлася дэвiзам у сынавых вуснах? Цi ты цяпер дасi мне карабiн?

Я злаўлю цябе на слове: гэта неабавязкова павiнна адбыцца сёння цi заўтра, але гэта павiнна адбыцца неўзабаве; я назапашвала ў сабе цярплiвасць... Цi памятаеш ты свайго брата Генрыха? Табе было ўжо амаль два гады, калi ён памёр. У нас тады быў сабака з мянушкаю Бром; ты наўрад цi прыгадаеш яго; ён быў такi стары i мудры, што боль, якi вы абодва яму прычынялi, выклiкаў у яго не злосць, а толькi смутак; вы хапалiся за ягоны хвост, i ён цягаў вас па пакоi; цi памятаеш ты пра гэта? Кветкi, якiя ты павiнен быў пакласцi на Генрыхаву магiлу, ты выкiнуў у акно карэты; мы пакiнулi цябе каля ўвахода на могiлкi, дазволiлi табе залезцi на вазнiцава месца i патрымацца за лейцы: яны былi з чорнай патрэсканай скуры. Бачыш, Роберт, ты ўжо i прыгадваеш сабаку, лейцы, брата... i салдат, салдат, бясконцыя шыхты салдат - гэтага ты не памятаеш: яны iшлi ўверх па Модэстгасэ, перад гатэлем збочылi да вакзала, цягнулi за сабою гарматы; бацька трымаў цябе на руках i сказаў: 'Вайне канец'.

Трыльён за маленькую плiтку шакаладу, пасля два трыльёны за цукерку, гармата за паўбохана хлеба, конь за адзiн яблык; усё даражэй i даражэй; а потым у людзей не заставалася i пяцi пфенiгаў, каб купiць кавалачак самага таннага мыла; добра быць не магло, Роберт, яны i не хацелi, каб было добра; усё новыя i новыя людзi iшлi праз Мадэставу браму, стомлена паварочвалi да вакзала: усё як мае быць, як мае быць; яны неслi перад сабою iмя вялiкага буйвала - Гiндэнбурга; Гiндэнбург да апошняга ўздыху рупiўся пра парадак; цi ён сапраўды памёр, Роберт? Hе магу ў тое паверыць: 'У бронзе, у каменi вобраз твой; мы верым табе, наш нязломны герой - Гiндэнбург! Наперад! На бой!' На паштовых марках ён, са сваiмi буйвалавымi шчакамi, здаецца мне сiмвалам яднання; пабачыш, ён яшчэ прычынiць нам клопату, пакажа нам, куды вядзе палiтычная разумнасць i разумнасць грошай: конь за адзiн яблык, трыльён за цукерку, а пасля няма нават пяцi пфенiгаў на кавалак мыла; i заўсёды ўсё як мае быць; я гэта ўсё бачыла i чула, як яны неслi гэтае iмя перад сабою - ён быў дурны як бот, глухi як пень, але дбаў пра парадак; прыстойнасць, прыстойнасць; гонар i адданасць, жалеза i сталь, грошы i ўбогая сельская гаспадарка; асцярожна, хлопчык - там, дзе над раллёю падымаецца пара, дзе гамоняць лясы, будзь асцярожны: там прымаюць бычынае прычасце.

Hе думай, што я з'ехала з глузду; я дакладна ведаю, дзе мы цяпер - у Дэнклiнгене; вось тут дарога, што вядзе памiж дрэваў, пад блакiтным мурам i падымаецца да таго месца, дзе жоўтыя аўтобусы поўзаюць, нiбы хрушчы; мяне прывезлi сюды з тае прычыны, што я прымусiла галадаць тваiх дзяцей - пасля таго, як порсткiя птахi забiлi апошнюю авечку; вайна, час лiчылi паводле падвышэнняў у званнях; ты пайшоў лейтэнантам, а праз два гады быў ужо обер-лейтэнантам. Ты ўсё яшчэ не гаўптман? Гэтым разам цябе падвысяць не раней як праз чатыры гады, а можа, i праз шэсць; потым ты станеш маёрам; прабач, што я смяюся; не захапляйся занадта сваiмi формуламi ў мазгу, не рабiся нецярплiвы i не прымай нiякiх прывiлеяў; мы не ямо нiчога, апроч таго, што нам выдаюць па картках; Эдыт пагаджаецца з гэтым; еш тое, што ядуць iншыя; апранайся так, як усе астатнiя; чытай тое, што чытаюць iншыя; не прымай лiшняга грама масла, дадатковай вопраткi, дадатковых радкоў вершаў - нiчога, што табе паэлеганцку прапаноўвае буйвал. Правая рука iх поўная дарункаў, гэта хабар, выдадзены разнастайнымi манетамi. Я не хацела, каб твае дзецi карысталiся з якiх-небудзь прывiлеяў; яны павiнны былi адчуць смак праўды на сваiх губах; але мяне разлучылi з дзецьмi; гэта называецца санаторый: ты можаш тут быць вар'ятам, i цябе за гэта не наб'юць; тут цябе не абальюць халоднай вадою i без згоды сям'i на цябе не надзенуць кашулю з доўгiмi рукавамi; у

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ОБРАНЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату