мяне ёсць надзея, што вы не дасцё на гэта сваёй згоды; мне нават дазволена выходзiць, калi я захачу, бо ад мяне няма нiякай небяспекi, нiякай, мой хлопчык; ды я не хачу выходзiць, не хачу бачыць часу i не хачу пастаянна адчуваць, што таемны смех забiты, што паламалася схаваная ў схаваным гадзiннiкавым механiзме спружына; раптоўна бацька стаў успрымаць усё сур'ёзна; я сказала б, урачыста; бо замураваныя былi цэлыя горы цэглы, былi высечаныя цэлыя лясы будаўнiчай драўнiны, а бетонам... тым бетонам можна было б засыпаць Бодэнскае возера; такiя людзi, будуючы, прагнуць адно забыцца; гэта - нiбы опiум; ты не можаш сабе ўявiць, чаго можа набудаваць такi архiтэктар за сорак гадоў; я адчышчала яго нагавiцы ад бетоннага раствору, ягоны капялюш - ад гiпсавых плям; ён палiў цыгару, паклаўшы галаву мне на каленi, i мы бясконца паўтаралi, нiбы галашэнне: 'цi памятаеш...' - цi памятаеш 1907, 1914, 1921, 1928, 1935 год; а ў адказ заўсёды была якая-небудзь пабудова альбо чыя-небудзь смерць; цi памятаеш ты, як памерла мацi; цi памятаеш, як памёр бацька, памерлi Ёганна i Генрых? Цi памятаеш, як я будаваў абацтва Святога Антонiя, касцёлы Святога Сэрвацыя, Святога Банiфацыя, Святога Мадэста, дамбу памiж Хайлiгенфэльдам i Блесэнфэльдам; цi памятаеш, як я ставiў кляштары для белых i для карычневых братоў, дамы адпачынку для сёстраў мiласэрнасцi; кожны адказ гучаў у мяне ўвушшу, нiбы 'злiтуйся з нас, Госпадзе!'. Будова напластоўвалася на будову, смерць на смерць; ён пачаў хадзiць па слядах сваёй уласнай легенды, зрабiўся нявольнiкам прыдуманага iм самiм цырыманiялу: шторання сняданне ў кавярнi Кронэра, хоць куды ахвотней ён бы снедаў з намi; выпiць сваёй кавы з малаком, з'есцi свой хлеб; ён бы мог добра абысцiся без яйка ўсмятку, без гэтага паскуднага сыру з папрыкай, але ён пачаў ужо думаць, што без усяго гэтага яму нельга; я баялася: ён пачынаў злавацца, калi не атрымлiваў доўга сур'ёзных заказаў; а раней жа ён заўсёды быў рады атрымаць любы заказ, цi разумееш ты? Гэта складаная матэматыка, калi ты наблiжаешся да пяцiдзесяцi цi да шасцiдзесяцi i ў цябе ёсць выбар: альбо выпусцiць змесцiва свайго мачавога пухiра каля свайго помнiка, альбо, падняўшы вочы, пачцiва аглядаць яго; тут не трэба больш прымружваць вочы; табе тады было васемнаццаць год, Ота меў шаснаццаць - а мне было боязна; як чуйны птах з быстрымi вачыма, я стаяла там, у альтанцы наверсе; трымала вас, калi вы былi немаўлятамi, на руках; калi вы былi малымi, за рукi, стаяла побач з вамi - калi вы павырасталi вышэй за мяне; i я ўсё глядзела, як унiзе праходзiць час, якi вiраваў, браў удзел у бойках, плацiў трыльён за цукерку, а пасля не меў трох пфенiгаў на маленькую булачку; я не хацела чуць прозвiшча выратавальнiка, але яны вынеслi быка на сваiх плячах, наляплялi яго ў выглядзе маркi на свае лiсты i чыталi малiтву: прыстойнасць, прыстойнасць, гонар, адданасць, пераможаны i ўсё ж непераможаны; парадак; ён быў дурны як бот, глухi як пень; унiзе, у бацькавай канторы, Ёзэфiна дакраналася iм да вiльготнай губкi i, у размаiтых колерах, наляпляла яго на лiсты; а ён, мой малы Давiд, спаў; ён абудзiўся толькi тады, калi ты знiк, калi ўбачыў, што можна заплацiць жыццём за тое, што перадасi з адных рук у другiя скрутачак з грашыма, сваiмi грашыма, загорнутымi ў газецiну; калi ад ягонага роднага сына раптам засталася толькi абалонка роднага сына. Адданасць, гонар, прыстойнасць - ён дапяў, чаго гэта ўсё вартае; я папярэджвала яго наконт Грэца, але ён сказаў:
- Ён не зробiць шкоды.
- Што ж, - адказала я, - ты яшчэ ўбачыш, на што здольныя гэтыя бясшкодныя людзi; Грэц гатовы i родную мацi прадаць.
Потым я жахнулася праз сваю празорлiвасць, калi Грэц напраўду прадаў сваю мацi; ён зрабiў гэта, Роберт, - выдаў сваю родную мацi палiцыi толькi з тае прычыны, што старая жанчына раз-пораз паўтарала: 'Гэта грэх i ганьба'. Болей яна не казала нiчога - толькi гэты самы сказ, аж пакуль аднаго разу яе сын не абвясцiў: 'Гэтага цярпець я больш не магу; гэта iдзе насуперак майму гонару'. Яны схапiлi старую, адвезлi яе ў прытулак для састарэлых, абвясцiлi яе вар'яткай, каб уратаваць ёй жыццё; але менавiта гэта i сталася прычынай яе смерцi: яны далi ёй нейкi ўкол. Хiба ты не памятаеш Грэцавай мацi? Яна ўсё вам кiдала цераз плот парожнiя кошыкi з-пад грыбоў, а вы распляталi тыя кошыкi i будавалi трысняговыя хацiнкi; калi, бывала, доўга iшоў дождж, яны рабiлiся бураватыя ад бруду; тады вы высушвалi iх, i я дазваляла вам iх палiць; няўжо ты не памятаеш... тая старая жанчына, якую выдаў Грэц, яго родная мацi? Вядома, Грэц да сённяшняга дня стаiць за сваiм прылаўкам, пяшчотна пагладжваючы кавалкi сырой пячонкi. Яны прыйшлi таксама па Эдыт, але я не аддала яе, я скрыгатала зубамi, крычала гвалт, i яны адступiлiся; я ўратавала Эдыт да тае самае хвiлi, калi яе забiў порсткi птах; я спрабавала затрымаць i яго; чула, як ён ляцеў да нас з шумам, як падаў долу, i ведала, што ён нясе смерць; з трыумфам ён уварваўся да нас праз акно ў калiдоры; я распасцерла рукi, каб злавiць яго, ды ён порстка шуснуў паўз мае рукi; даруй мне за тое, што не здолела ўратаваць авечку; i памятай, Роберт, што ты абяцаў прынесцi мне стрэльбу. Hе забудзься. Будзь уважлiвы, хлопча, калi будзеш падымацца па драбiнах; хадзi сюды, я цябе пацалую, i прабач мне, што я смяюся; якiя спрытныя цяпер цырульнiкi.
Выпрастаўшыся, ён падымаўся па драбiнах, ступаючы ў шэрую бясконцасць памiж папярэчынамi, а ў той самы час насустрач яму спускаўся Давiд, маларослы Давiд; усё сваё жыццё ён мог насiць гарнiтуры, якiя купляў яшчэ зусiм малады... памалу! Чаму вы спыняецеся памiж прыступак, чаму вам хоць бы не прысесцi на iх, калi вам трэба пагаварыць адзiн з адным; абодва выпрастаўшыся; цi напраўду яны абнялiся, цi напраўду сын паклаў руку на плячо бацьку, a бацька - на плячо сыну?
Калi ласка, каву, Гупэрц: моцную, гарачую; i цукру як найбольш; па абедзе ён любiць моцную i салодкую каву, a з ранiцы - слабую; ён, мой гаспадар; ён iдзе сюды з шэрай бясконцасцi, у якую адыходзiць вялiкiмi крокамi другi, выпрастаны i нязломны; яны адважныя - мой муж i мой сын, яны спускаюцца да мяне, у закляты замак: сын два разы, а мой гаспадар толькi адзiн раз на тыдзень: ён прыносiць з сабою суботу, у ягоных вачах каляндар, вымярэнне часу; i я не магу нават спадзявацца, што мне ўдасца растлумачыць яго аблiчча спрытнасцю цырульнiкаў: восемдзесят год яму, у яго сёння дзень нараджэння, якi будзе ўрачыста адзначаны ў Кронэравай кавярнi; але без шампанскага; ён заўсёды цярпець не мог шампанскага, i я так i не даведалася чаму.
Некалi ты марыў пра тое, каб наладзiць у гэты дзень грандыёзную вечарыну: сем разоў па сем унукаў, праўнукi, нявесткi, унукi з жонкамi, унучкi з мужыкамi; ты ж - колькi помню - здаваўся сабе Аўраамам, заснавальнiкам вялiзнага роду; ты бачыў сам сябе ў скляпеннях летуценняў з дваццаць дзевятым праўнукам. Памнажацца, працягваць памнажацца... але гэта будуць сумныя радзiны: адзiн-адзiны сын; светлавалосы ўнук i цёмнавалосая ўнучка, якiх табе падаравала Эдыт, а мацi, заснавальнiца сям'i, - у заклятым замку, куды спусцiцца можна толькi па бясконца доўгiх драбiнах з вялiзнымi перакладзiнамi.
- Заходзь, няхай з табою зойдзе шчасце, стары Давiд, ты i цяпер гэткi самы хударлявы, як у маладосцi; не цвялi мяне календаром у тваiх вачах; я адплываю на маленькiм каляндарным лiстку з надпiсам '31 траўня 1942 г.'; не знiшчай маёй лодачкi, злiтуйся з мяне, каханы; не спiхвай мяне ў акiян тых мiнулых шаснаццацi год. Цi памятаеш ты лозунг: 'Перамога з неба не спадзе: яе трэба заваяваць', бяда тым людзям, што не прымаюць бычынага прычасця; ты таксама ведаеш, што прычасцi маюць жахлiвую ўласцiвасць: яны iснуюць бясконца; людзi былi галодныя, а хлеба для iх не пабольшала, рыбы не пабольшала; прычасце авечкi не наталяла iх голаду, а вось бычынае прычасце давала ежы ўдосталь; яны не навучылiся лiчыць: трыльён за цукерку, конь за адзiн яблык, а потым няма i трох пфенiгаў, каб заплацiць за булачку; i заўсёды парадак, прыстойнасць, гонар, адданасць; прышчэпленыя бычыным прычасцем, яны неўмiручыя; пакiнь гэта, Давiд, навошта цягнуць час за сабою; злiтуйся, патушы час на календары ў тваiх вачах; гiсторыю робяць iншыя; у цябе ёсць Кронэрава кавярня; калi-небудзь табе паставяць помнiк - такi невялiчкi з бронзы; цябе ўвекавечаць з рулонам эскiзаў у руцэ: малы, шчуплы, з усмешкай на вуснах, штосьцi сярэдняе памiж маладым равiнам i прадстаўнiком багемы; з неакрэсленай пячаццю вясковага паходжання; ты ж бачыў, куды вядзе палiтычная разумнасць; няўжо ты хочаш пазбавiць мяне маёй палiтычнай неразумнасцi?
З акна свайго кабiнета ты абяцаў мне: 'Hе бядуй, я буду цябе кахаць i пазбаўлю цябе ад тых жахаў, пра якiя табе расказваюць твае школьныя сяброўкi - ад жахаў, што нiбыта здараюцца ў першую шлюбную ноч; не вер нашэптванням гэтых iдыётак; калi прыйдзе тая хвiля, мы будзем смяяцца; абавязкова, клянуся табе; але ты яшчэ пачакай крыху: два тыднi, самае большае месяц; я куплю букет кветак, вазьму дылiжанс i пад'еду да вашага дома. Мы будзем рабiць падарожжы, паглядзiм свет, ты падорыш мне дзяцей пяцёра, шасцёра, сямёра; дзецi падораць мне ўнукаў - пяць, шэсць, сем разоў па сем; ты нiколi не будзеш заўважаць па мне, што я працую; я не дам табе адчуць, што такое мужчынскi пот, што такое сапраўдныя мускулы i сапраўдная вайсковая форма; мне ўсё даецца лёгка; я вучыўся, сёе-тое вывучаў сур'ёзна i загадзя заплацiў за пот, што прыйдзецца пралiць; я не мастак, табе не трэба мець нiякiх iлюзiй на гэты конт; я не здолею выявiць перад табою нi фальшывага, нi сапраўднага дэманiзму; тое, пра што твае сяброўкi расказваюць вусцiшныя казкi, здарыцца не ў спальнi, а пад адкрытым небам: ты павiнна яго бачыць над сабою. Лiсткi i травiнкi будуць спадаць на твой твар, ты адчуеш пах восеньскага вечара, i табе не будзе здавацца, што ты