дзiцёнкам, што людзi лашчылi мяне нават на грузавiку: запiхвалi мне ў рот ласункi, мылi мяне з мылам, калi машына спынялася; грузавiк абстрэльвалi з гармат i кулямётаў, але ў нас не патрапiлi; мы ехалi доўга... не ведаю нават, як доўга, але не менш як два тыднi; а калi мы спынiлiся, чалавек, якi не дазволiў мне згуляць у гульню 'Ён даў такi загад', узяў мяне да сябе, закручваў мяне ў коўдру i клаў побач на сена, на салому, часам - на ложак, кажучы: 'Ану, скажы мне 'тата'; я не ўмела казаць 'тата': да мужчыны ў прыгожай форме я заўсёды звярталася 'папа'; але я навучылася казаць: 'тата'; трынаццаць год запар я казала гэтае слова чалавеку, якi не дазволiў мне згуляць у тую гульню; у мяне з'явiлiся ложак, коўдра i мацi, якая была строгая, але мяне любiла; i цэлыя дзевяць гадоў я жыла ў чыстым доме; калi я першы раз прыйшла ў школу, пробашч сказаў: 'Паглядзiце, паглядзiце, хто да нас прыйшоў - несапсаваная i самая чыстая ў свеце паганачка'; а iншыя дзецi, з якiх нiхто не быў паганцам, пачалi смяяцца, пробашч тым часам дадаў: 'Давайце раз-два - i зробiм з нашай малой паганачкi, з нашай добрай авечкi хрысцiянскае дзiця'; i яны зрабiлi з мяне хрысцiянскае дзiця. I авечка расла, жвавая i шчаслiвая, гуляла ў карагоды i ў бэрка, забаўлялася з мячыкам, скакала цераз вяровачку i дужа любiла сваiх тату i маму; i надышоў дзень, калi ў школе было пралiта трохi слёз, сказана колькi прамоваў, узгадана колькi разоў пра 'этап у жыццi' i я пайшла вучыцца да краўчыхi, неўзабаве ўжо ўмела добра абыходзiцца з iголкай i нiткамi, ад мацi навучылася прыбiраць у хаце, пячы пiрагi, гатаваць стравы, а ўсе людзi ў вёсцы казалi: 'Яна яшчэ выйдзе за прынца, не нiжэй...'; але аднаго разу ўвечары ў вёску прыехала вельмi вялiкая i вельмi чорная машына; барадаты шафёр спынiў машыну на дзядзiнцы i з кабiны спытаўся ў людзей: 'Дзе тут жывуць Шмiцы?' А людзi адказалi: 'У нас тут многа Шмiцаў, якiя вам патрэбныя?' Мужчына сказаў: 'Тыя, што ўзялi дзiця на выхаванне'. Тады людзi сказалi: 'А, гэта Эдуард i яго жонка; яны жывуць там, у баку ад дарогi, за кузняй; перад iх хатаю расце самшыт'. Мужчына сказаў: 'Дзякуй'; машына паехала далей, i людзi рушылi за ёю ўслед, бо ад дзядзiнца да Шмiцавай хаты было самае большае пяцьдзесят крокаў; я сядзела на кухнi i ачышчала салату; я вельмi любiла гэты занятак, надрэзваць лiсце, потым дрэннае выкiдаць, а добрае класцi ў рэшата, дзе яна была такая зялёная i чысцюткая; а мая мацi якраз казала мне: 'Hе засмучайся, Марыяна; то не iх вiна; калi хлопцам трынаццаць-чатырнаццаць год - а ў некаторых гэта пачынаецца нават у дванаццаць, - яны робяць гэткiя рэчы; гэта - прырода, Марыяна, а з прыродаю справiцца нялёгка'; а я адказала: 'Праз гэта я зусiм не засмучаюся'. 'Тады праз што ўсё-ткi', - спыталася мая мацi. Я сказала: 'Я ўсё ўспамiнаю свайго брацiка - як ён вiсеў на дзвярах, а я смяялася i не ведала, як гэта жахлiва... а ён жа не быў нават хрышчоны'. I не паспела мая мацi адказаць на гэта, як дзверы адчынiлiся - а мы не чулi, каб хто-небудзь пастукаў, - i я яе адразу пазнала: яна ўсё яшчэ была светлавалосая, высокая, насiла шыкоўны капялюш, толькi блакiтнай унiформы на ёй ужо не было; яна, не марудзячы, падышла да мяне, намерваючыся абняць, i сказала: 'Ты, напэўна, i ёсць мая Марыяна... табе нiчога не падказвае голас крывi?' На хвiлю ножык, што я трымала ў руцэ, застыў у паветры, а пасля я адказала, абрэзваючы наступны лiсцiк салаты: 'Hе, голас крывi мне нiчога не падказвае'. 'Я - твая мацi', - сказала яна. 'Hе, - запярэчыла я, - мая мацi - вунь яна. Мяне завуць Марыяна Шмiц'; памаўчаўшы нейкую хвiлю, я дадала: 'Ён даў такi загад, i Вы накiнулi мне на шыю пятлю, шаноўная фраў'. Я навучылася ў краўчыхi казаць гэткiм жанчынам 'шаноўная фраў'.

Яна крычала i плакала, спрабавала абняць мяне, але я трымала нож перад сабою, вастрыём наперад; яна гаварыла нешта пра школу, пра ўнiверсiтэты, крычала i плакала, а я выбегла праз заднiя дзверы ў сад, пабегла праз поле да айца пробашча i ўсё яму расказала. Ён сказаў мне: 'Гэта - твая мацi, а бацькоўскае права ёсць бацькоўскае права; пакуль ты не станеш паўналетняй, у яе застанецца права на цябе; гэта ўсё вельмi прыкра'. А я адказала: 'Хiба яна не страцiла таго права, гуляючы ў гульню 'ён даў такi загад'? - 'Ты увiшнае дзяўчо, запомнi гэты аргумент як след'. Я яго запомнiла i паўтарала яго заўсёды, калi яны пачыналi гаварыць пра 'голас крывi'; я казала ўвесь час: 'Я не чую голасу крывi, я проста не чую яго'. Яны гаварылi: 'Гэтага не можа быць, гэта iдзе насуперак прыродзе'. 'Праўда, - адказвала я, 'ён даў такi загад' - гэта было насуперак прыродзе'. Яны казалi: 'Але ж тое было больш як дзесяць год таму, i цяпер яна раскайваецца ў гэтым'; а я пярэчыла iм: 'Ёсць учынкi, якiя нельга загладзiць раскайваннем'. 'Ты хочаш быць у сваiм прысудзе суровейшай за Госпада Бога?' - пыталiся яны. 'Hе, - адказвала я, - я не Бог, i таму не магу быць гэткаю мiласэрнаю, як ён'. Мяне пакiнулi ў маiх бацькоў. Але аднаму я не магла нiяк перашкодзiць: мяне сталi зваць не Марыяна Шмiц, а Марыяна Дростэ; я адчувала сябе, нiбы чалавек, якому штосьцi выразалi... Я ўсё яшчэ ўспамiнаю, - працягвала яна, - свайго малога брата, якога змусiлi гуляць у гульню 'ён даў такi загад'... ты i надалей мяркуеш, што ёсць нешта горшае, такое дрэннае, што ты не наважваешся мне пра яго расказаць?

- Hе, не, - адказаў ён. - Марыяна Шмiц, я раскажу табе пра ўсё.

Яна адняла руку ад ягоных вачэй; ён выпрастаўся, паглядзеў на яе; яна намагалася не ўсмiхацца.

- Чагосьцi такога кепскага твой бацька, напэўна, зрабiць не змог бы, сказала Марыяна.

- Hе, - адказаў Ёзэф, - то не было гэтак кепска, ды ўсё-ткi досыць кепска.

- Хадзем, - сказала яна, - раскажы мне пра ўсё ў машыне; ужо амаль пятая, i яны нас чакаюць; калi б у мяне быў дзядуля, я не прымушала б яго чакаць, а калi б у мяне быў такi, як у цябе, дзядуля, я рабiла б дзеля яго ўсё на свеце.

- А дзеля майго бацькi? - спытаўся ён.

- Я яшчэ не ведаю яго, - адказала яна. - Хадзем, i не круцiся, скажы яму, як толькi надарыцца мажлiвасць. Хадзем.

Яна падняла яго за руку; ён абняў яе за плячо, i яны пайшлi да машыны.

9

Малады банкаўскi служка спачувальна паглядзеў на Шрэлу, калi той падсунуў да яго па мармуровым прылаўку пяць ангельскiх шылiнгаў i трыццаць бельгiйскiх франкаў.

- Гэта ўсё?

- Усё, - адказаў Шрэла.

Малады служка пачаў круцiць ручку лiчыльнай машынкi - у малой колькасцi яе абаротаў ужо заключалася пагарда, - хутка напiсаў дзве цi тры лiчбы на бланку i падсунуў Шрэле пяцiмаркавую купюру, чатыры манеты па дзесяць пфенiгаў i тры пфенiгавыя манеткi.

- Прашу, хто далей...

- А ў Блесэнфэльд, - цiха спытаў Шрэла, -...цi яшчэ ходзiць туды адзiнаццаты, не падкажаце мне?

- Цi ходзiць туды адзiнаццаты? Я ж не трамвайная даведачная, - адказаў малады служка, - i, апроч таго, я i праўда не ведаю.

- Дзякуй, - сказаў Шрэла, укiнуў грошы ў кiшэнь, саступiў месца каля акенца наступнаму клiенту - мужчыне, якi паклаў на прылавак тоўсты пачак швейцарскiх франкаў; ён пачуў, ужо выходзячы, як лiчыльная машынка з павагаю накручвала абароты адзiн за адным.

'Ветлiвасць - гэта самая дзейсная форма, у якую можна заключыць пагарду', - падумаў ён.

Вакзальная пачакальня. Лета. Сонца. Вясёлы настрой. Канец тыдня. Гатэльныя служкi пхаюць валiзы да перона; маладая жанчына трымае высока падняты плакат 'Тут збiраюцца тыя, хто ад'язджае ў Лурд'. Прадаўцы газет, кiёскi кветак. Маладыя хлопцы i дзяўчаты з каляровымi ручнiкамi пад пахамi.

Шрэла перайшоў праз вакзальную плошчу, спынiўся на пешаходнай выспачцы i пачаў вывучаць трамвайныя маршруты; адзiнаццаты па-ранейшаму хадзiў у Блесэнфэльд, i цяпер якраз чакаў пад святлафорам памiж гатэлем 'Прынц Генрых' i саборам Святога Севярына; вось ён пад'ехаў да прыпынку, спынiўся, усе пасажыры павыходзiлi; Шрэла стаў у чаргу перад кандуктаравым бар'ерам, потым прайшоў на месца, сеў, зняў капялюш, абцёр пот з iлба i брывей, працёр шкельцы акуляраў i, калi трамвай рушыў, дарэмна чакаў з'яўлення нейкiх пачуццяў; нiчога такога; школьнiкам ён чатыры тысячы разоў ездзiў адзiнаццатым трамваем да школы i назад; запэцканыя чарнiлам пальцы, дурнаватая балбатня хлопцаў, што ехалi ў школу на тым самым трамваi; гэтая балбатня заўсёды была яму прыкраю, яны балбаталi пра сячэнне шара, плюсквамперфект, умоўны лад, бараду Фрыдрыха Барбаросы, якая прарасла наскрозь цераз стол; 'Падступнасць i каханне', Лiвiй, Авiдзiй у шэра-зялёнай каленкоравай вокладцы: i чым далей трамвай ад'язджаўся ад цэнтра горада, тым цiшэйшаю рабiлася балбатня; ужо ў канцы Старога горада сыходзiлi тыя, хто ўмеў надаваць свайму голасу самы нiзкi тэмбр; яны расцякалiся па шырокiх вулiцах, на якiх стаялi салiдныя дамы; у канцы Новага горада сыходзiлi тыя, хто меў ужо не такi нiзкi тэмбр голасу; яны расцякалiся па вузейшых вулiцах, дзе было менш салiдных дамоў; заставалася толькi двое цi трое тых, хто ехаў да Блесэнфэльда, дзе было найменш салiдных дамоў; размова рабiлася нармальнаю, калi трамвай, пагойдваючыся, ехаў паўз малыя гародчыкi i жвiроўнi, наблiжаўся да Блесэнфэльда.

- Цi твой бацька таксама бастуе? У Грэсiхмана даюць ужо чатыры з паловай працэнты скiдкi... маргарын стаў таннейшы на пяць пфенiгаў.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату