- Слухай, - сказала цiха Марыяна, - ты яшчэ тут?

- Вядома ж; i дакладна ведаю, дзе я, - адказаў ён, углядаючыся ў лiтару 'е' ў слове 'смерць', - не хвалюйся.

Перад самым канцом працоўнага дня майстар з прадпрыемства, што займаецца разбiраннем руiн, павёў яго ў рэфекторый; там у куце на транспарцёр загружаўся, а з транспарцёра на грузавiкi выгружаўся друз; ад вiльгацi, якой ён увесь набрыняў, з рэшткаў цэглы, бетону i гразi невядомага паходжання ўтварылiся лепкiя груды; вiльгаць плямамi павыступала на сценах; гэтыя плямы, спачатку цёмныя, потым святлейшыя, павялiчвалiся па меры таго, як меншала гара друзу; з-пад плямаў прабiвалася нешта чырвонае, блакiтнае i залатое - сляды фрэсак, якiя, як падалося майстру, былi каштоўнымi: сцэна таемнай вячэры, пакрытая цвiллю; залаты келiх, белая аблатка, твар Хрыста; светлая скура i цёмная барада, каштанавыя валасы апостала Iаана; 'зiрнiце, пане Фэмель, сюды; гэта цёмная скура Юдавага скуранога кашалька'; майстар, узяўшы ў руку сухую анучу, беражлiва ачысцiў частку роспiсу ад цвiлi; паркалёвы абрус, дванаццаць апосталаў; цяпер можна было добра разгледзець iх ногi, берагi абруса, падлогу залы таемнай вячэры, выкладзеную плiтамi; ён, усмiхнуўшыся, паклаў майстру руку на плячо i сказаў:

- Добра, што Вы мяне паклiкалi; вядома ж, фрэску трэба захаваць; трэба ачысцiць i прасушыць яе, пакуль яна яшчэ больш-менш цэлая.

I ён ужо хацеў быў iсцi; на стале стаялi гарбата, хлеб, масла i селядцы; як звычайна, у пятнiцу пасля працы была рыба; Марыяна ўжо выехала са Штэлiнгерс-Гротэ, каб выправiцца разам з iм на шпацыр - i тут ён убачыў, перш чым паспеў адвярнуцца, у нiжняй частцы роспiсу, справа, лiтары 'XYZX'; ён сотнi разоў бачыў тыя бацькавы 'X', 'Y' i 'Z', калi бацька дапамагаў яму рабiць хатнiя заданнi па матэматыцы; i цяпер яны зноў былi ў яго перад вачыма - над прабоiнай ад выбуху ў падвальнай столi памiж нагою святога Iаана i нагою святога Пятра; калоны рэфекторныя былi разбiтыя на часткi, скляпенне разбуранае; застаўся толькi кавалак сцяны з 'Таемнай вячэрай' ды лiтары 'XYZX'.

- Што здарылася, пане Фэмель? - спытаў майстар i паклаў руку яму на плячо. - Вы ж зусiм спалатнелi... а можа, гэта ад Вашага кахання?

- Толькi ад кахання, - адказаў ён, - толькi ад яго. Вам няма чаго турбавацца, i вялiкi дзякуй за тое, што мяне паклiкалi.

Ужо нясмачныя былi яму i гарбата, i хлеб, i масла, i селядцы; пятнiца, рыбны дзень; нават цыгарэта была яму нясмачная; ён абышоў усе будынкi абацтва, пасля завярнуў за галоўны касцёл да прытулку пiлiгрымаў, шукаючы ўсюды тых месцаў, якiя б маглi мець важнае значэнне з пункту гледжання статыкi; але ён знайшоў толькi адну, адну-адзiную маленькую лiтару 'iкс' у пiўнiцы прытулку; немагчыма было зблытаць з якiм iншым бацькаў почырк таксама як бацькаў твар, бацькаву хаду, усмешку, строгую ветлiвасць бацькавых рухаў тады, калi ён налiваў вiно альбо перадаваў над сталом хлеб; яго маленькi 'iкс'; доктар Роберт Фэмель, кантора статычных разлiкаў.

- Прашу, прашу цябе, - вымавiла Марыяна, - апамятайся!

- Я ўжо апамятаўся, - адказаў ён, адпусцiў педаль газу, паставiў левую нагу на педаль счаплення, а правай нацiснуў на тормаз; скрыгочучы, вiхляючы ў абодва бакi, машына падсунулася да самай лiтары 'е' ў слове 'смерць', падняўшы пыл, тармазы завiскаталi, да машыны, размахваючы рукамi, беглi спалоханыя пешаходы; памiж словам 'смерць' i скрыжаванымi косткамi паявiўся стомлены начны вартаўнiк з кацялком кавы ў руках.

- О Божа! - сказала Марыяна. - Навошта было мяне так палохаць?

- Даруй, - сказаў ён цiха, - прашу цябе, даруй; мяне нешта панесла.

Ён хутка развярнуўся i паехаў назад, перш чым натоўп пешаходаў паспеў абступiць машыну; чатыры кiламетры ён, абняўшы адною рукой Марыяну, павольна ехаў паўз пляцоўкi для гольфу, на якiх трэнiраваныя жанчыны, трэнiраваныя мужчыны iмкнулiся дабрацца да шаснаццатай, семнаццатай, васемнаццатай ямкi.

- Даруй, - сказаў я, - я праўда - больш такога рабiць не буду.

Ён звярнуў з аўтабана i паехаў паўз маляўнiчыя палi, паўз цiхiя лясныя ўскрайкi.

'XYZ' - гэта былi тыя самыя лiтары, якiя ён бачыў на фотакопiях эскiзаў велiчынёю з дзве паштоўкi: вечарамi бацька ператасоўваў iх, ныбi карты для гульнi; дом для выдаўца на ўскраiне лесу - 'XxX'; разбудова гмаху таварыства 'Сас'етас' - 'YxY'; дом для настаўнiка на беразе ракi - адзiн 'Y'; тыя самыя лiтары памiж нагою святога Iаана i нагою святога Пятра.

Ён павольна ехаў сярод палеткаў, на якiх круглявыя буракi выглядалi ўжо з-пад буйнага зялёнага лiсця; iржышчы, паплавы, за якiмi быў ужо вiдзён узгорак Казакен.

- Чаму ты не хочаш мне пра ўсё расказаць? - спыталася Марыяна.

- Бо я сам яшчэ гэтага не разумею, бо не магу сам яшчэ паверыць у гэта; мажлiва, гэта проста паскудны сон; мажлiва, я змагу табе пазней гэта растлумачыць, а можа, i нiколi не здолею.

- Але быць архiтэктарам ты ўжо не хочаш?

- Не, - адказаў ён.

- I з гэтае прычыны ты ляцеў на шчыты?

- Мажлiва, - адказаў ён.

- Я заўсёды ненавiдзела людзей, якiя не ведаюць, што такое грошы, сказала Марыяна, - якiя з шалёнай хуткасцю пруць на машынах проста на шчыты, дзе напiсана 'СМЕРЦЬ', якiя нi за што нi пра што палохаюць пешаходаў, што выйшлi прайсцiся i заслужылi адпачынак пасля працоўнага дня.

- У мяне была прычына iмчацца проста на шчыты.

Ён ехаў павольней, а на пясчанай дарозе каля падножжа ўзгорка Казакен спынiўся: машына стала пад разлапiстымi галiнамi хвоi.

- Навошта ты тут спынiўся? - спытала яна.

- Хадзем, пройдземся трошкi, - адказаў ён.

- Пазнавата ўжо, - запярэчыла яна, - твой дзядуля хутчэй за ўсё прыедзе цягнiком а палове пятай, а ўжо дваццаць на пятую.

Ёзэф вылез з машыны, прайшоў некалькi крокаў угару i, прыклаўшы руку да лба, зiрнуў у бок Дэнклiнгена.

- Напраўду, - сказаў ён, - бачу, як цягнiк выходзiць з Додрынгена; тая самая пыхкаўка, што i ў гады майго маленства: i прыбывае таксама, як i тады. Хадзем, чвэрць гадзiны яны, напэўна, пачакаюць.

Ён вярнуўся да машыны, дапамог Марыяне вылезцi, пацягнуў яе за сабою ўгору - пясчанаю дарогай; на палянцы яны селi; Ёзэф паказаў у бок раўнiны, яго палец рухаўся разам з цягнiком, якi тым часам iмчаў цераз бурачныя палеткi памiж iржышчаў i лугоў у напрамку Кiслiнгена.

- Ты нават не можаш сабе ўявiць, - сказаў ён, - як добра я ведаю гэтыя вёскi; як часта мы прыязджалi менавiта гэтым цягнiком; пасля таго як памерла мама, мы амаль увесь час жылi ў Штэлiнгене альбо ў Гёрлiнгене, а ў Кiслiнгене я хадзiў у школу; вечарамi мы беглi да цягнiка, на якiм з горада прыязджаў дзядуля - бачыш, вунь з таго цягнiка, што якраз цяпер выязджае з Дэнклiнгена; дзiўна, але мне заўсёды здавалася, што мы бедныя; пакуль была жывая мама i з намi жыла бабуля, нам давалi есцi менш, чым знаёмым дзецям, i мне нiколi не дазвалялi насiць добрага адзення, а толькi перашытае са старога - i мы мусiлi быць сведкамi таго, як яна налева i направа дарыла добрыя рэчы чужым людзям: хлеб, масла i мёд з кляштара i з маёнткаў; мы ж мусiлi есцi штучны мёд.

- I ў цябе не было нянавiсцi да яе, тваёй бабулi?

- Hе, i я сам не ведаю, чаму я не стаў ненавiдзець яе за гэтыя бессэнсоўныя дзiвацтвы; можа, таму, што дзядуля забiраў нас у свой кабiнет i крадком даваў усялякiя ласункi; а яшчэ ён нас вадзiў у кавярню Кронэра i напiхваў нас усiм; ён заўсёды казаў: 'Toе, што робяць вашыя мама i бабуля, гэта вялiкая, вельмi вялiкая рэч... але я не ведаю, цi вы ўжо досыць вялiкiя для гэткай вялiкасцi'.

- Ён сапраўды казаў гэта?

- Казаў, - рассмяяўся Ёзэф. - Калi мама памерла, a бабулю забралi, мы засталiся з дзядулем адны, i нам хапала ежы; апошнiя гады вайны мы амаль заўсёды былi ў Штэлiнгене; я чуў, як аднаго разу ўначы было падарвана абацтва; мы сядзелi ў кухнi ў Штэлiнгене, а суседзi-сяляне праклiналi нямецкага генерала, якi даў загад падарваць; яны мармыталi самi сабе: 'навошта-навошта-навошта?' Праз пару дзён да нас завiтаў бацька; ён прыехаў у амерыканскай машыне, i яго суправаджаў амерыканскi афiцэр; яму дазволiлi пабыць у нас тры гадзiны; ён прывёз з сабою шакалад, але мы баялiся гэтай лiпкай цёмна-карычневай рэчы, якой яшчэ нiколi ў жыццi не елi; мы пачалi есцi яе толькi пасля таго, як фраў Клошграбэ, жонка кiраўнiка маёнтка, адкусiла кавалачак; бацька прывёз фраў Клошграбэ каву, i яна сказала яму: 'Hе турбуйцеся, пане доктар; мы

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату