- Мне шкада дзядулю; ты ведаеш, як я яго люблю; сёння пасля поўдня ён абавязкова пабывае там пасля таго, як наведае бабулю; а пакуль што я не магу болей бачыць цэглу i нюхаць муравальны раствор.
- Пакуль што?
- Ага.
- А што скажа твой бацька?
- О, - сказаў ён хутка, - яму будзе прыкравата толькi перад дзядулем; ён нiколi не цiкавiўся стваральным бокам архiтэктуры, а толькi формуламi; стой, не абарочвайся.
- Значыць, гэта мае дачыненне да твайго бацькi - я адчуваю гэта; з вялiкай цiкаўнасцю чакаю, калi нарэшце ўбачу яго; па тэлефоне я з iм колькi разоў ужо размаўляла; гледзячы па ўсiм, ён мне спадабаецца.
- Ён табе спадабаецца. I ты ўбачыш яго не пазней як сёння ўвечары.
- Мне таксама трэба iсцi з табою на вечарыну?
- Абавязкова. Ты сабе не ўяўляеш, як узрадуецца дзядуля: ён жа недвухсэнсоўна запрасiў цябе.
Яна паспрабавала вызвалiць галаву, але ён засмяяўся, ухапiўся за яе скронi яшчэ мацней i сказаў:
- Hе варушыся. Гэтак мне куды зручней размаўляць з табою.
- I манiць.
- Замоўчваць, - сказаў ён.
- Ты любiш свайго бацьку?
- Люблю. Асаблiва з той хвiлi, калi даведаўся, якi ён яшчэ малады.
- Ты не ведаў, колькi яму гадоў?
- Hе ведаў. Я думаў, што яму пяцьдзесят, можа, нават пяцьдзесят пяць смешна, але я нiколi не цiкавiўся, колькi яму дакладна, я папросту спужаўся, калi пазаўчора атрымаў сваю метрыку i прачытаў у ёй, што бацьку толькi сорак тры гады; малады, праўда?
- Праўда, - адказала яна. - А табе дваццаць два.
- Ага. I амаль да двух гадоў маё прозвiшча было не Фэмель, а Шрэла; дзiўнаватае прозвiшча, ты згодна?
- I праз гэта ты злуеш на яго?
- Я не злую на яго.
- I якое такое лiха ён зрабiў, што ў цябе зусiм прапала ахвота будаваць?
- Я не разумею, пра што ты...
- Ну, добра... але чаму ён нiколi не наведваў цябе ў абацтве?
- Вiдавочна, яго зусiм не цiкавяць будаўнiчыя пляцоўкi, i, магчыма, у маленстве яны зачаста ездзiлi ў абацтва; можа, ён крыху дзiкаваты; часам, калi я знянацку заяўляюся дадому, ён сядзiць у гасцёўнi пры пiсьмовым стале i крэмзае формулы на палях рысункаў-фотакопiй - у яго iх цэлая калекцыя, але, думаю, бацька табе спадабаецца.
- Ты мне нiколi не паказваў ягонае фота.
- У мяне няма нiводнага новага; у яго вопратцы i паводзiнах ёсць нешта такое кранальна-старасвецкае, ён такi ветлiвы, гжэчны - куды болей старасвецкi, чым дзядуля!
- Мне так карцiць убачыць яго. Можна, я цяпер павярнуся?
- Можна.
Ён адпусцiў яе галаву, паспрабаваў усмiхнуцца, калi Марыяна раптоўна павярнулася, але позiрк яе круглых светла-шэрых вачэй патушыў яго вымушаную ўсмешку.
- Чаму ты не кажаш мне пра гэта?
- Бо сам таго яшчэ не разумею. Як зразумею - дык раскажу табе; але гэта можа цягнуцца доўга; што, паедзем?
- Паедзем, - адказала яна. - Твой дзядуля неўзабаве будзе на месцы, не трэба прымушаць яго чакаць; калi яму раскажуць пра ўсё, перш чым вы сустрэнецеся, яму будзе прыкра; i, калi ласка, паабяцай мне, што ты зноў не памчыш на гэты жахлiвы шчыт, каб у апошняй хвiлi затармазiць.
- Толькi што, - сказаў ён, - я ўявiў сабе, нiбыта пералятаю цераз бар'ер, змятаю з дарогi баракi i з насыпу, як з трамплiна, скачу разам з машынай у ваду...
- Значыць, ты мяне не кахаеш.
- Ах, Божа мой, - сказаў ён, - гэта ўсяго толькi гульня.
Ён пацягнуў Марыяну за сабою. Яны пайшлi ўнiз па сходах, што вялi да рачнога берага.
- Мне сапраўды вельмi прыкра, - сказаў Ёзэф, - што дзядуля мусiць даведацца пра гэта акурат у той дзень, калi яму споўнiлася восемдзесят.
- А ты не можаш як-небудзь засцерагчы яго ад гэтага?
- Ад самога факта - не, але ад паведамлення можна, калi яму не раскажуць раней.
Ёзэф адчынiў дзверцы машыны, сеў за руль, адчынiў Марыяне другiя дзверцы знутры; i калi яна села побач, ён абняў яе рукою.
- Цяпер паслухай, - сказаў ён, - гэта ж зусiм проста: дыстанцыя - роўна чатыры з паловаю кiламетры; мне трэба трыста метраў, каб разагнацца да ста дваццацi на гадзiну, a на тое, каб затармазiць - яшчэ трыста метраў, прытым я лiчу з вялiкiм запасам; значыць, усяго каля чатырох кiламетраў; ты павiнна толькi глядзець на гадзiннiк i сказаць мне, калi пройдуць дзве хвiлiны, каб я пачаў тармазiць. Hе разумееш? Я б хацеў проста даведацца, колькi можна выцiснуць з гэтае калымагi.
- Гэта - жахлiвая гульня, - сказала яна.
- Калi б я здолеў набраць сто восемдзесят, мне было б трэба толькi дваццаць секунд, тады б i тармазны шлях быў даўжэйшы.
- Калi ласка, не рабi гэтага.
- Ты баiшся?
- Баюся.
- Добра, тады я не буду. Цi можна мне разагнацца хоць бы да васьмiдзесяцi?
- Няхай так, раз табе ўжо хочацца гэтага.
- Можаш нават не глядзець на гадзiннiк; я магу ехаць 'на вока', а потым вымераю адлегласць, на якой я тармазiў, разумееш? Хачу проста ведаць, цi не дураць нам галаву з гэтымi спiдометрамi.
Ён завёў матор, праехаў паволi вузкiмi вулачкамi маляўнiчай адпачынкавай зоны, праiмчаўся паўз агароджу пляцоўкi для гольфа i спынiўся каля выезду на аўтабан.
- Паслухай, - сказаў ён, - едучы восемдзесят на гадзiну, мне спатрэбiцца роўна тры хвiлiны; гэта сапраўды зусiм бяспечна; калi табе боязна, можаш тут вылезцi i чакаць мяне.
- Hе, аднаго цябе я не пушчу.
- Гэта ж апошнi раз, - пачаў ён тлумачыць. - Мажлiва, заўтра мяне тут ужо не будзе, а дзе-небудзь у iншым месцы такую магчымасць наўрад цi атрымаеш.
- Але ж лепш паспрабаваць рабiць гэта на звычайнай шашы.
- Hе. Мне ўласна карцiць затармазiць перад самым шчытом.
Ён пацалаваў Марыяну ў шчаку.
- Ведаеш, што я зраблю?
- Hе.
- Я паеду сорак кiламетраў на гадзiну.
Яна ўсмiхнулася, калi Ёзэф рушыў, але ўсё-такi паглядзела на спiдометр.
- Глядзi, - сказаў ён, калi машына праехала каля кiламетровага слупка з лiчбаю '5', - цяпер глядзi на гадзiннiк i падлiчы, колькi часу нам будзе трэба да слупка '9'; я еду дакладна сорак.
Нiбы засаўкi агромнiстых брамаў, далёка наперадзе перад яе вачыма паяўлялiся шчыты; спачатку яны былi падобныя да бар'ераў, потым рабiлiся большыя i большыя з няўмольнай няспыннасцю; тое, што здалёк нагадвала чорнага павука, аказалася скрыжаванымi косткамi; а тое, што было нiбы нейкi дзiўны гузiк, ператварылася ў чэрап, павялiчвалася, як павялiчвалася, наблiжаючыся да яе, i ўжо, здавалася, амаль дакраналася да радыятара вялiзная лiтара 'е' ў слове 'смерць'; гэтая лiтара выглядала нiбы разяўлены рот, якi хацеў выкрыкнуць нешта страшнае; стрэлка спiдометра дрыжала памiж лiчбамi '90' i '100'; у вокнах машыны прамiльгвалi дзецi на самакатах, мужчыны i жанчыны, на тварах якiх ужо не было выразу 'пасля працоўнага дня'; яны асцерагальна махалi рукамi, яны рэзка крычалi, i тыя крыкi нагадвалi крыкi чорных птахаў- вестуноў смерцi.