Альфрэдзе Шрэле. Яго нават не забiлi пры спробе ўцячы ён проста назаўсёды знiк.
Эдыт перамешвала крухмаль, начышчала да бляску запасныя бацькавы чаравiкi, мыла белыя гальштукi, а я тым часам вучыўся - вучыўся, нiбы гуляў: Авiдзiй i сячэнне шару, справы i намеры Генрыха Першага i Генрыха Другога, справы i намеры Тацыта, Вiльгельма Першага i Вiльгельма Другога. Генрых фон Кляйст i стэрэаметрыя; здольны, здольны, надзвычай здольны; дзiця з простай сям'i, я мусiў пераадольваць тысячы перашкод, каб змагчы навучыцца таму самаму, што i iншыя; апроч таго, я пакляўся аддаць сябе здзяйсненню высакародных учынкаў i меў нават сваё асабiстае ўпадабанне - Гёльдэрлiна.
Яшчэ сем хвiлiн да адыходу наступнага трамвая. Груфэльштрасэ, дом семнаццаць; свежаатынкаваны дом, перад iм на стаянцы - аўтамабiль зялёнага колеру, ровар чырвонага колеру; два брудныя самакаты. Васемнаццаць тысяч разоў ён нацiскаў на гэты званок, на гэты жаўтлявы масянжовы гузiк; вялiкi палец да гэтае пары памятае яго; там, дзе раней была шыльдачка 'Шрэла', цяпер напiсана 'Трэсэль', а замест шыльдачкi 'Шмiц' цяпер таксама iншая-'Гуман': новыя iмёны, толькi адно засталося ранейшае: Фруль; у яго можна было пазычыць кубак цукру, кубак воцату, кiлiшак алею... колькi было тых кубкаў, тых кiлiшкаў i пад якi працэнт? Фраў Фруль заўсёды напаўняла кубкi i кiлiшкi толькi да паловы, а пасля праводзiла рыску на дзвярным касяку, дзе было напiсана 'М.', 'Ц.', 'В.' i 'А.'; яна сцiрала рыску вялiкiм пальцам толькi тады, калi ёй вярталi поўны кубак альбо поўны кiлiшак; яна шаптала ў сенцах, у крамах i, сустрэўшыся з суседкамi, пад час размоваў пры яечным лiкёры i бульбянай салаце на папулярна-гiнекалагiчныя тэмы: 'Божухна, да чаго ж яны дурныя!'; фраў Фруль ужо даўно прыняла бычынае прычасце, прымусiла сваiх мужа i дачку таксама прыняць яго; яна спявала ў калiдоры: 'Дрыжаць спарахнелыя косцi'. Нiчога, нiякiх пачуццяў, толькi скура на вялiкiм пальцы - калi ён дакранаўся да жаўтлявага гузiка - адчула нешта накшталт узрушэння.
- Цi Вы каго шукаеце?
- Шукаю, - адказаў ён, - Шрэлы... цi яны тут не жывуць?
- Hе, - сказала дзяўчынка, - мне б гэта было напэўна вядома, калi б яны тут жылi.
Яна была ружовашчокая, прывабная; трымаючыся рукой за сцяну, яна балансавала на самакаце, якi ўсё нахiляўся то на адзiн бок, то на другi.
- Hе, яны нiколi тут не жылi.
Дзяўчынка рэзка сарвалася з месца, праiмчалася на самакаце па тратуары, цераз рыншток i закрычала:
- Гэй! Цi хто тут ведае Шрэлаў?
Ён задрыжаў усiм целам; хто-небудзь мог сказаць: 'ведаю', i ён бы мусiў падысцi, павiтацца, пачаць успамiнаць мiнулае: 'Ага, Фэрдзi, яны... i твайго бацьку яны таксама!.. а Эдыт добра выйшла замуж...'; але ружовашчокая дзяўчынка дарэмна гойсала ад адной групкi людзей да другой, робячы смелыя павароты i выкрыкваючы: 'Гэй! Цi хто тут ведае Шрэлаў?'
Расчырванелая, яна зноў пад'ехала да яго, зрабiла элегантны паварот, перш чым спынiлася перад iм.
- Hе, шаноўны пан, iх нiхто тут не ведае.
- Дзякуй, - адказаў ён усмiхаючыся, - даць табе дзесячок?
- Ага, - i з тварам, асветленым радасцю, дзяўчынка з шумам паiмчала да лiманаднага кiёска.
- Я саграшыў, цяжка саграшыў, - мармытаў з усмешкаю Шрэла, вяртаючыся да трамвайнага прыпынку, - я запiў танным марзанавым лiманадам з Груфэльштрасэ курыцу з гатэля 'Прынц Генрых'; я пакiнуў успамiны некранутымi, не дазволiў растаць iльдзяным кветкам; у вачах Эрыкi Прогульске я не схацеў убачыць iскрынак; не даў ёй пазнаць мяне, не схацеў пачуць з яе вуснаў iмя Фэрдзi; толькi скура на маiм пальцы захавала ўспамiны, пазнала гузiк званка з жаўтлявага мосенжу.
Ён iшоў, нiбы цераз шэрагi салдат са шпiцрутэнамi: яго з абодвух бакоў працiналi позiркi параў вачэй, што сачылi за iм з тратуараў, з вокнаў i пад'ездаў пад летнiм сонцам, атрымлiваючы асалоду ад суботняга вечара; няўжо сярод iх не было нiкога, хто б мог пазнаць яго акуляры, яго хаду, характэрнае прыжмурванне вачэй, няўжо нiхто не пазнае пад замежным палiтом мiшэнь бясконцых кпiнаў - аматара паэзii Гёльдэрлiна, за якiм услед ляцела насмешлiвая песенька: 'Шрэла, Шрэла, Шрэла вершыкi чытае...'?
Ён спалохана абцёр сабе пот з iлба, зняў з галавы капялюш, спынiўся на рагу Груфэльштрасэ i азiрнуўся; нiхто за iм не iшоў; маладыя хлопцы сядзелi на матацыклах, схiлiўшыся ўперад, шапталi дзяўчатам пра сваё каханне; пiўныя пляшкi на падаконнях адбiвалi паўдзённае сонца; вунь там стаiць дом, у якiм нарадзiўся i жыў анёл; можа, яшчэ iснуе масянжовы гузiк званка, да якога вялiкi палец Фэрдзi дакранаўся пятнаццаць тысяч разоў; зялёны перад дома, блiшчастыя аптэчныя вiтрыны, рэклама зубной пасты адразу пад акном, з якога так часта выглядаў Фэрдзi.
Дарога цераз парк, адсюль лiпеньскiм вечарам дваццаць тры гады таму Роберт пацягнуў Эдыт у кусты; цяпер там на лаўках сядзелi пенсiянеры, расказвалi адзiн аднаму показкi, нюхалi разнастайныя гатункi тытуню, скардзiлiся на нявыхаванасць дзяцей, што гулялi тут побач; раздражнёныя матулi абрыналi на галовы свайго непаслухмянага патомства праклёны i прадказвалi iм жахлiвую будучыню: бадай цябе атам ухапiў! Юнакi з малiтоўнiкамi пад пахаю iшлi да споведзi ў нерашучасцi, цi варта разганяць свой набожны настрой ужо сёння, альбо зрабiць гэта заўтра з ранiцы.
Яшчэ адна хвiлiна да адыходу адзiнаццатага; ужо трыццаць год iржавыя рэйкi беглi ў пустэчу будучынi; сястра Фэрдзi цяпер налiвала зялёны лiманад у чыстую шклянку; кiроўца трамвая пазванiў, даючы знак ад'езду; стомленыя кандуктары тушылi цыгарэты, папраўлялi сумкi, залазiлi ў свае каморы, нацiскалi надзвычайны гузiк, бо далёка ззаду, дзе канчалiся ржавыя рэйкi, нейкая старая жанчына раптам пачынала бегчы да прыпынку.
- Мне да галоўнага вакзала, - сказаў Шрэла, - з перасадкаю да порта.
- Сорак пяць.
Hе вельмi салiдныя дамы, салiднейшыя, вельмi салiдныя дамы. Перасадка, ага: шаснаццаты, як i даўней, iдзе ў порт.
Вось крама будматэрыялаў, сховы вугалю, пагрузачныя прычалы, i ён з балюстрады старой вагоўнi змог прачытаць: 'Мiхаэлiс: вугаль, кокс, брыкеты'.
Павярнуць толькi, дзве хвiлiны прайсцi, i кола ўспамiнаў закруцiцца; рукi фраў Трышлер, напэўна, вытрымалi выпрабаванне часам - як i вочы старога, як i Алоiсава фота на сцяне; пiўныя пляшкi, пучкi цыбулi, памiдоры, хлеб i тытунь; караблi на якары, хiсткiя кладкi, па якiх нясуць згорнутыя ветразi: агромнiстыя коканы паплывуць унiз па Рэйне, насустрач туманам Паўночнага мора.
Цiша панавала тут: за Мiхаэлiсавым парканам ляжала гара толькi што прывезенага вугалю, у сховiшчы будматэрыялаў - стосы ярка-чырвонай цэглы; шаргаценне ног начнога вартаўнiка за агароджаю i баракамi будаўнiкоў рабiла цiшыню яшчэ выразнейшаю.
Шрэла ўсмiхнуўся, абапёрся аб iржавыя парэнчы, потым павярнуўся i спалохаўся: ён не ведаў, што быў пабудаваны новы мост; Нэтлiнгер таксама пра гэта нiчога не казаў; мост разложыста навiсаў над усiм басейнам Старога Порта, цёмна-зялёныя падпоры стаялi дакладна там, дзе быў Трышлераў дом; цень ад моста накрываў усю набярэжную, дзе колiсь стаяў шынок грузчыкаў; агромнiстыя пустыя сталёвыя вароты аблямоўвалi блакiтную бездань.
У Трышлеравай карчме бацьку працавалася найлепш; ён абслугоўваў карабельшчыкаў ды iх сем'i: жонак, якiя сядзелi ў садзе ў чырвоных крэслах доўгiмi летнiмi вечарамi, а тым часам Алоiс, Эдыт i ён хадзiлi вудзiць рыбу ў басейне Старога Порта. Вечнасць дзiцячага часазлiчэння, бясконцасць - пра гэта ўсё ён раней ведаў толькi з радкоў вершаў; на другiм баку званiлi званы Святога Севярына, напаўняючы вечар мiрам i спакоем, а Эдыт сваiмi рухлiвымi рукамi паўтарала паторгванне паплаўкоў; яе сцёгны, яе рукi, усё цела таньчыла ў рытме паторгвання паплаўкоў; а ў iх на кручок не папалася нiводнай рыбiны.
Бацька падаваў жоўтае пiва з белай пенаю, яго твар прамянiўся лагоднасцю, i на iм амаль не было зацятасцi; прыязна ўсмiхаючыся, ён адмаўляўся ад грошай на чай, бо ўсе людзi - браты.
- Браты, браты! - выкрыкваў ён тымi летнiмi вечарамi; на задуменных тварах шкiпераў паяўлялася ўсмешка, iх гожыя жанкi з вачыма, поўнымi ўпэўненасцi ў сабе, пахiтвалi галовамi - бацькаў пафас здаваўся iм зусiм дзiцячым - i ўсё ж пляскалi ў ладкi; браты i сёстры.
Шрэла паволi спусцiўся з балюстрады, прайшоўся каля партовага басейна, дзе ржавыя пантоны i баркi чакалi гандляроў металаломам; ён зайшоў у зялёны цень моста, убачыў на сярэдзiне ракi працавiтыя краны, якiя грузiлi часткi моста на баржы; жалеза з грукатам плюшчылася пад цяжарам новага i новага грузу; ён знайшоў вялiзныя пампезныя сходы, адчуў, як шырокiя прыступкi змушаюць яго ступаць урачыста; з прывiднай упэўненасцю чысты i пусты аўтабан выбягаў на рачны бераг, дзе ўпэўненасць гамавалi