танцавальнага конкурсу. Пасля пачастунку ў кляштары варта было, па праўдзе кажучы, прайсцiся, падняцца на пагорак Казакен; Ёзэф, Марыяна i я наперадзе, дзядуля - за намi - як штосуботы.
- Цi паспяваеш за намi, дзядуля?
- Дзякуй, неяк ужо дам сабе рады.
- Мы не занадта хутка iдзём?
- Hе, нiчога, дзеткi. Цi можна мне на хвiлю прысесцi; цi вам здаецца, што тут крыху макравата?
- Пясок зусiм сухi, дзядуля, i яшчэ зусiм цёплы; ты можаш спакойна сядаць; хадзем, дай мне сваю руку.
- Вядома, дзядуля, можаш запалiць сваю цыгару; мы будзем глядзець, каб нiчога не здарылася.
На шчасце, Ёзэф пакiнуў цыгарэты ў машыне, i запальнiчка ў парадку; дзядуля падарыў мне гэткiя прыгожыя сукенкi i швэдар - набагата прыгажэйшыя, чым дарыў бацька, у якога крыху старасвецкi густ; адразу вiдаць, што дзядуля разбiраецца ў маладых дзяўчатах i жанчынах; я не хачу зразумець бабулю, не хачу; яе вар'яцтва - гэта падман; яна не давала нам нiчога есцi, i я ўзрадавалася, калi яе ад нас забралi i ў нас паявiлася што есцi; мажлiва, твая праўда, i яна была i ёсць вялiкiм чалавекам, але нiчога не хачу ведаць пра велiч; белы хлеб з пячоначным паштэтам i залёным сырам ледзь не каштаваў мне жыцця; няхай яна вяртаецца дадому i сядзiць вечарамi з намi, але не давайце ёй, калi ласка, ключоў ад кухнi - прашу, не давайце; мне давялося ўбачыць голад у вачах настаўнiка, i я баюся гэтага; давай iм, Божа, заўсёды досыць яды, каб на iх тварах не паяўляўся той жахлiвы выраз; гэты пан Крот зусiм бяскрыўдны чалавек; штонядзелi ён сядае ў сваю маленькую машыну, каб разам з сям'ёю падацца ў абацтва Святога Антонiя на ўрачыстую iмшу; 'якая гэта сёння нядзеля па Сёмусе, па трох Царах, па Вялiкаднi? Мiлы чалавек з мiлай жонкай i мiлымi дзвюма дзеткамi: 'Паглядзi, Рут, цi не праўда, наш Францхен падрос?' - 'О, праўда, ваш Францхен вырас зусiм вялiкi'; i я ўжо не думаю пра тое, што маё жыццё некалi вiсела на валаску; не, я таксама старанна напiсала дзвесце разоў у сшытку: 'Красцi няможна'; i, вядома, не адмаўляюся, калi Конрад Грэц запрашае мяне на вечарынкi ў свой дом; бо там падаюць файныя паштэты з гусiнай пячонкай i белы хлеб з зялёным сырам, а калi там хто-небудзь наступае камусьцi на нагу альбо хто-небудзь незнарок перакiне келiх з вiном, у iх не кажуць: 'Прабачце, калi ласка' альбо 'Пардон'; там кажуць: 'sorry'.
Трава на ўзбочынах дарогi цёплая, Ёзэфава цыгарэта мае моцны адмысловы пах; а мне ўсё ж быў смачны хлеб з мёдам, калi я даведалася, што гэта бацька падарваў абацтва; Дэнклiнген дужа прыгожы ў промнях позняга сонца; трэба спяшацца, бо, каб пераапрануцца, нам трэба самае меншае паўгадзiны.
11
- Падыдзiце сюды блiжэй, генерал. Вам няма чаго саромецца; усiх навiчкоў найперш прадстаўляць мне, бо я даўжэй за ўсiх жыву ў гэтым прыгожым доме; навошта Вам дзяўбцi кiем нечапаную агародную глебу, пастаянна трэсцi галавою перад кожным мурам, каплiцай, парнiком i мармытаць: 'Сектар абстрэлу'? Зрэшты, 'сектар абстрэлу' гучыць прыгожа, гэта значыць вольная прастора для ўсiх куляў i снарадаў; Ота... як далей? Кёстэрс? Hе, фамiльярнасцей не трэба, не трэба Вашага iмя; апроч таго, iмя Ота ўжо занятае; можна, я буду называць Вас 'Сектар Абстрэлу'? Па Вас вiдно, чутно з Вашага голасу, можна ўнюхаць з Вашага дыхання, што Вы не проста прынялi бычынае прычасце, Вы з яго жылi, паслядоўна трымалiся гэтай дыеты. Ну, а цяпер паслухайце, навiчок, i скажыце: Вы якой веры? Католiк? Натуральна, у iншым выпадку я была б проста здзiўленая; i Вы ўмееце слугаваць пры iмшы? Вядома ж, Вас выхоўвалi каталiцкiя пастыры; прашу прабачыць мне за мой смех; мы ўжо тры тыднi, як шукаем новага касцельнага служку; Балаша яны выпiсалi, прызнаўшы здаровым; можа, у Вас з'явiлася б ахвота крыху нам тут дапамагчы? Ты ж вар'ят цiхi, не небяспечна-шалёны; у цябе адзiн-адзiны бзiк - там, дзе трэба i дзе не трэба, паўтараць: 'Сектар абстрэлу'; ты, напэўна, зможаш пераносiць малiтоўнiк з левага боку алтара на правы ды ўкленчваць перад дараносiцай, праўда? Ты ж здаровы, як мядзведзь, гэта - прыкмета тваёй прафесii, так што ў цябе атрымаецца бiць сябе ў грудзi кулакамi, паўтараючы 'mea culpa, mea culpa, mea maxima culpa', ды вымаўляць 'Kerie eleison'*; вось бачыш, да чаго можа часам яшчэ прыдацца адукаваны, выхаваны каталiцкiмi айцамi генерал; я падам капелану лякарнi тваю кандыдатуру на новага касцельнага служку, ты ж згодзен, праўда?
* 'Госпадзе, памiлуй' (грэч.).
Дзякуй, адразу можна пазнаць сапраўднага рыцара; не, вось сюды, калi ласка, паўз цяплiцу; я хачу Вам паказаць сёе-тое, што належыць да Вашага рамяства, i, прашу Вас, не трэба заляцанняў, гэта лiшняе; не варта выпрабоўваць тут сваiх комплексаў з танцавальных урокаў, калi ласка; мне семдзесят, Вам семдзесят тры, не цалуйце мне ручку i не рабiце старэчых залётаў; гэта ўсё абы-што, кiньце; паслухай мяне: бачыш, што там за ясна-зялёнай шыбiнай у цяплiцы? Ага, гэта зброя, гэта збраёўня нашага добрага садоўнiка: з гэтага страляюць па зайцах i курапатках, па варонах i казулях, бо наш садоўнiк - заўзяты паляўнiчы, а вось там, памiж стрэльбаў, ляжыць такi ладны, зручны, чорны прадмет - пiсталет; а зараз выкладвай тое, чаму цябе навучылi, калi ты быў фэнрыхам цi лейтэнантам; скажы: цi гэтая рэч сапраўды сур'ёзная зброя, цi з яе каго-небудзь можна застрэлiць? Толькi не трэба палатнець, стары галаварэз; ты ж цэнтнерамi паглынаў бычынае прычасце, а цяпер во млееш, калi я табе задаю пару зусiм простых пытанняў; не трэба так дрыжаць; я, хоць трохi й 'таго', але не буду настаўляць пiсталета да тваiх сямiдзесяцiтрохгадовых грудзей i не дам дзяржаве магчымасцi сэканомiць на тваёй пенсii; у мяне няма такога намеру, каб даваць дзяржаве на нечым сэканомiць; дай мне на мае па-вайсковаму дакладныя пытаннi таксама па-вайсковаму дакладны адказ: цi можна гэтай штукай каго-небудзь забiць? Можна? Добра. Якая адлегласць гарантуе найбольшую трапнасць стрэлаў? Дзесяць, дванаццаць, самае большае дваццаць пяць метраў?
Божухна, не хвалюйцеся так, прашу Вас! Як могуць гэтак баяцца старыя генералы... што, Вы паведамiце пра гэта? Тут няма каму паведамляць; так Вам убiлi ў галаву гэтыя паведамленнi, даклады, што Вы не можаце без iх абыцца, праўда? Добра ўжо, пацалуйце мне ручку, але язык трымайце за зубамi; а заўтра ўраннi Вы будзеце прыслугоўваць да iмшы, зрузумела? У нас тут яшчэ не было такога гожага, сiвавалосага, высокага касцельнага служкi; ты што, жартаў не разумееш? Зброя мяне цiкавiць гэтаксама, як цябе - сектар абстрэлу; няўжо ты яшчэ не дапяў, што няпiсаныя законы гэтага ўтульнага дома дазваляюць кожнаму мець свой якi-небудзь бзiк; у цябе вось бзiк 'сектара абстрэлу'; поўная сакрэтнасць, 'сектар абстрэлу'; прыпомнi сваё добрае выхаванне - 'Наперад! Ура! Гiндэнбург...': во, бачыш, табе гэта даспадобы; трэба толькi выбраць адпаведныя словы... давай павернем цяпер i пройдзем каля каплiцы; цi не хочаш зайсцi i агледзець месца сваёй будучай дзейнасцi? Спакойна, стары; але ж яшчэ памятаеш, што трэба зняць капялюш, абмачыць пальцы правай рукi ў свянцонай вадзе; цяпер перахрысцiцца; так, вельмi добра; а зараз укленчыць, паглядзець на вечную лампадку, прачытаць малiтвы 'Ave Maria' ды 'Ойча наш' - зусiм цiхутка; каталiцкае выхаванне - гэта тое, што трэба; цяпер падняцца, абмачыць пальцы ў свянцонай вадзе, перахрысцiцца, даць дарогу панi, насунуць капялюш - цудоўна, i вось мы зноўку тут: летнi адвячорак, гожыя дрэвы ў гожым парку, невялiкая лаўка: 'Наперад! Ура! Гандэнбург' табе падабаецца, праўда? Як табе падабаецца iншае: 'мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн'; табе даспадобы, праўда? Жарты свае кiнь: пасля Вердэна з гэткiмi жартамi, уласна, было скончана; там паляглi апошнiя мужчыны-рыцары... палегла зашмат рыцараў, зашмат каханкаў - як на адзiн раз, зашмат маладых i добра выхаваных людзей; ты не спрабаваў калi-небудзь падлiчыць, колькi поту, пралiтага педагогамi, за тыя паўтара месяца было зведзена на нiшто? Дарэмна! Чаму вам нiколi не прыходзiла ў галаву, каб адразу пасля выпускных iспытаў на памочнiка майстра цi памочнiка гандляра проста ў калiдоры рамеснай цi гандлёвай школы паставiць кулямёт i пастраляць усiх тых маладых хлапцоў, на радасных тварах якiх напiсана: 'здаў!'? Мяркуеш, што я перабольшваю? Ну, тады дазволь табе растлумачыць, што праўда - гэта найвялiкшае перабольшванне; я сама яшчэ таньчыла з выпускнiкамi 1905, 1906 i 1907 гадоў i брала ўдзел у вечарынах разам з гэтымi аматарамi фуражак i пiва... але з тых трох выпускаў больш як палова палегла пад Вердэнам. Як ты думаеш, колькi засталося жывых з выпускаў 1935, 1936, 1937 гадоў, альбо 1941, цi 1942 - можаш узяць любы год, усё адно; i не пачынай зноў дрыжаць; я зусiм не ведала, што стары генерал можа так баяцца; можаш узяцца за мае рукi; як мяне завуць? Запомнi сабе: тут пра гэта не пытаюцца, тут нi ў кога няма вiзiтовак, i на брудэршафт тут таксама не п'юць; адно без дазволу кажуць адно аднаму 'ты', ведаючы, што ўсе людзi браты, хай сабе i браты, якiя варагуюць; адны частавалiся авечым прычасцем iх вельмi мала, стары, - а iншыя - прычасцем бычыным; а завуць мяне 'Мне Патрэбны Карабiн', а прозвiшча маё 'Наперад! Ура! I Гiндэнбург'; адкiнь усе свае мяшчанскiя прымхi i ўяўленнi 'як трэба жыць'; тут пануе бяскласавае грамадства, i не трэба скардзiцца мне з прычыны прайгранай вайны. Божа мой, вы iх i сапраўды прайгралi, дзве запар? Такому, як ты, я б зычыла прайграць сем войнаў! А зараз перастань ныць; я напляваць хацела на тое, колькi войнаў ты прайграў; страта дзяцей куды горшая за страту перамогi; тут, у Дэнклiнгене, ты можаш прыслугоўваць да iмшы, надзвычай пачэсны занятак, i не кажы мне нiчога пра будучыню