Нямеччыны; я чытала ў газеце, што будучыня Нямеччыны дакладна забяспечана. Калi ўжо табе так трэба плакаць, дык не плач гэтак плаксiва; што, цябе пакрыўдзiлi? Абразiлi твой гонар? Якая карысць ад гонару, калi першы лепшы чужынец можа яго закрануць, цi не праўда? Але цяпер ты можаш радавацца: у гэтай установе ты маеш добрае сховiшча; тут чуюць найменшы боль душы, тут паважаюць усялякiя комплексы; усё залежыць толькi ад таго, колькi ў цябе грошай: калi ты бедны, цябе будуць лячыць кухталямi i халоднай як лёд вадою, але тут разумеюць кожную тваю слабасць: калi захочаш, можаш нават мець выхадныя i схадзiць у Дэнклiнген на пiва; табе трэба будзе толькi крычаць: 'Сектар абстрэлу! Сектар абстрэлу для другой, сектар абстрэлу для трэцяй армii!' - i хтосьцi адкажа: 'Слухаю, гэр генерал!'; час успрымаецца тут не як цэлае, а толькi як часткi; ён тут нiколi не зможа зрабiцца гiсторыяй, разумееш? Я ахвотна табе паверу, што ты ўжо бачыў мае вочы ў кагосьцi, хто меў шнар на пераноссi; я табе паверу, але гэткiя даныя i гэткiя асацыяцыi тут забароненыя; тут заўсёды сёння, сёння бiтва пад Вердэнам, сёння памёр Генрых, загiнуў Ота; сёння 31 мая 1942 года; сёння Генрых шапнуў мне ў вуха: 'Наперад! Ура! I Гiндэнбург'; ты ведаў яго, пацiскаў яму руку цi, дакладней, ён табе пацiскаў; добра, але давай крыху папрацуем; я яшчэ памятаю, якая малiтва давалася касцельным служкам найцяжэй: я вучыла яе разам са сваiм сынам Отам, слухала, як ён чытаў яе мне: 'Suscipiat Dominus sacrificium de manibus tuis ad laudem et gloriam nominis sui'*, a цяпер самае цяжкае, стары, - 'Ad utilitatem quoque nostram, totiusque Ecclesiae sua sanctae'**, - паўтарай за мною, стары; ды не, не 'utilatem', a 'ad utilitatem', гэтую памылку робяць усе; калi хочаш, напiшу табе тэкст на картачцы, альбо чытай яго са свайго малiтоўнiка... а цяпер adieu***, час iсцi на вячэру. 'Сектар абстрэлу'; смачна табе пад'есцi...'
* Няхай прыме Госпад ахвяру з рук тваiх дзеля хвалы i славы iмя свайго... (лац.).
** ...а таксама дзеля карысцi нашае i ўсёй святой Царквы сваёй (лац.).
*** Да пабачэння (франц.).
Па шырокiх чорных дарожках паўз каплiцу, назад да парнiка; толькi муры былi за сведкаў, як яна адчынiла ключом дзверы, каля парожнiх кветкавых гаршчэчкаў i градак, што пахлi гнiллю, прайшла ў каморку садоўнiка; зняўшы са стаяка пiсталет, яна адчынiла чорную сумачку; мяккая скура праглынула пiсталет, замочак лёгка зашчоўкнуўся; усмiхаючыся, пагладжваючы пустыя кветкавыя гаршчэчкi, яна выйшла з цяплiцы, зачынiла за сабою дзверы; толькi цёмныя муры былi за сведкаў, як яна выцягнула ключ з замка i па шырокiх чорных дарожках вярнулася ў дом.
Гупэрц паставiў ёй вячэру на стол у пакоi; гарбата, хлеб, масла, сыр i вяндлiна; потым, падняўшы галаву, ён усмiхнуўся:
- У Вас сёння проста цудоўны выгляд.
- Так, - сказала яна, паклала сумачку на камод, зняла капялюш са сваёй цёмнавалосай галавы i спыталася:
- Цi не мог бы садоўнiк прынесцi мне якiх дзве-тры кветкi?
- Яго няма, - адказаў Гупэрц. - У яго выхадны да заўтрашняга вечара.
- I што, больш нiкому не дазваляецца заходзiць у цяплiцу?
- Hе, шаноўная панi, у гэтым ён надзвычай суровы.
- Тады мне давядзецца чакаць да заўтрашняга вечара альбо купiць якiя-небудзь кветкi ў Дэнклiнгене цi ў Додрынгене.
- Вы хочаце выйсцi на шпацыр, шаноўная панi?
- Магчыма, магчыма, выйду; такi пекны вечар; мне ж гэта дазволена, праўда?
- Вядома ж, вядома ж, дазволена... А можа, усё ж затэлефанаваць пану радцы цi пану доктару?
- Я гэта зраблю сама, Гупэрц; прашу толькi злучыць мяне з горадам, але надоўга, добра?
- Слухаю, шаноўная панi.
Калi Гупэрц пайшоў, яна адчынiла акно i кiнула ключ ад садоўнiкавай каморкi ў яму з кампостам, потым зачынiла акно, налiла сабе ў кубак гарбаты з малаком, села, прысунуўшы блiжэй да сябе тэлефон; 'Хадзем, хадзем', сказала яна цiха i паспрабавала левай рукою суняць дрыжанне правай, у якой яна трымала слухаўку. 'Хадзем, хадзем, - сказала яна, - я гатова са смерцю ў сумачцы вярнуцца да жыцця; нiхто не ведаў, што будзе досыць гэтага дотыку халаднаватага металу, яны занадта лiтаральна зразумелi слова 'карабiн'; мне не трэба карабiна, пiсталет таксама добра... хадзем, хадзем; скажы мне, колькi часу; хадзем... скажы мне гэта, лагодны голас, ты ўсё яшчэ той самы i пад тым самым тэлефонным нумарам?' Яна ўзяла трубку ў левую руку, пачула доўгi сiгнал станцыi. 'Варта Гупэрцу толькi нацiснуць на гузiк - i ўсё вернецца: час, сусвет, сучаснасць, нямецкая будучыня; мне вельмi цiкава, як яна будзе выглядаць, калi я выйду з гэтага заклятага замка'. Правай рукой яна накруцiла нумар: адзiн-адзiн- адзiн i пачула лагодны голас:
- У момант гучання сiгналу часу прамiне семнаццатая гадзiна пяцьдзесят восем хвiлiн, трыццаць секунд.
Прыгнечаная цiшыня, востры гук гонга, зноў лагодны голас:
- У момант гучання сiгналу часу прамiне семнаццатая гадзiна пяцьдзесят восем хвiлiн, сорак секунд.
Час наплываў на яе твар, робячы яго смяротна-бляклым, а голас тым часам гаварыў:
- ...Семнаццатая гадзiна пяцьдзесят дзевяць хвiлiн... дзесяць... дваццаць... трыццаць... сорак... пяцьдзесят секунд...
Рэзкi ўдар гонга:
- ...Васемнаццатая гадзiна, шостага верасня тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят восьмага года, - сказаў лагодны голас.
...Генрыху споўнiлася б сорак восем, Ёганне - сорак дзевяць, а Оце сорак адзiн; Ёзэфу цяпер дваццаць два гады, Рут - дзевятнаццаць...
Голас у трубцы сказаў:
- У момант гучання сiгналу часу прамiне васемнаццатая гадзiна i адна хвiлiна.
...Памалу, iначай я i сапраўды звар'яцею; гульня робiцца зусiм сур'ёзнаю, i я канчаткова вярнуся ў вечнае сёння; парога ўжо не знайду, буду бегаць вакол высокiх муроў, што пазарасталi з усiх бакоў, буду бегаць, не знаходзячы ўвахода; вiзiтная картка часу - нiбы выклiк на дуэль, але яго немагчыма прыняць: цяпер шостае верасня тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят восьмага года, васемнаццатая гадзiна, адна хвiлiна i сорак секунд; помслiвы кулак раструшчыў маё кiшэннае люстэрка, засталiся толькi два кавалачкi, у якiх адбiваецца смяротная блякласць майго твару; я ж чула, як некалькi гадзiн запар грымелi выбухi, чула абураны людскi шэпт: 'Яны ўзарвалi нашае абацтва' - вартаўнiкi i прыдзвернiкi, садоўнiкi i вучнi пекара перадавалi адзiн аднаму гэтую жахлiвую навiну, якую я не лiчу гэткай жахлiвай; сектар абстрэлу, чырвоны шнар над пераноссем, цёмна-сiнiя вочы... Хто гэта мог быць? Цi ён? Хто? Я ўзарвала б усе на свеце абацтвы, каб можна было вярнуць Генрыха, уваскрасiць Ёганну, Фэрдзi, кельнера, прозвiшча якога было Гроль, i Эдыт - i каб я магла зразумець, кiм быў Ота; ён загiнуў пад Кiевам, гэта гучыць так недарэчна i пахне гiсторыяй; хадзем, стары, не будзем больш гуляць у хованкi: сёння табе спаўняецца восемдзесят, а мне ўжо семдзесят адзiн; i з дзесяцi - дванаццацi метраў можна стрэлiць трапна; хадзем да мяне - вы, гады, тыднi i днi, гадзiны i хвiлiны; колькi ж там секундаў? '...Васемнаццатая гадзiна, дзве хвiлiны i дваццаць секунд...' Я пакiдаю сваю папяровую лодачку i кiдаюся ў акiян; смяротная блякласць; мажлiва, я вытрываю гэта. '...Васемнаццатая гадзiна, дзве хвiлiны i трыццаць секунд' гучанне гэтых слоў прыспешвае мяне: хадзем, мне нельга марнаваць часу, губляць хоць адну лiшнюю секунду, хутчэй; фройляйн, фройляйн - чаму Вы не адказваеце? Фройляйн, фройляйн, мне трэба таксi; хутка, вельмi тэрмiнова, прашу Вас, памажыце мне; пласцiнкi адказу не даюць, гэта я павiнна была памятаць; трэба пакласцi слухаўку, падняць слухаўку, накруцiць нумар: адзiн-адзiн-два... Цi замаўляюць таксi ўсё яшчэ па тым самым нумары, што i раней?
- ...Вы зможаце паглядзець у Дэнклiнгене, - сказаў лагодны голас, айчынны фiльм 'Моргаскiя браты'; пачатак сеансаў а васемнаццатай гадзiне i а дваццатай гадзiне пяцьдзесят хвiлiн... У додрынгенаўскiм кiнатэатры iдзе знакамiты фiльм 'Што можа каханне?'...
...Цiха, цiха, мая лодачка знiшчана, але хiба я не навучылася плаваць у Блюхербадзе ў 1905 годзе? Тады ў мяне быў чорны купальнiк з фальбонкамi i хвартушком; я скакала ў ваду, галавою ўнiз, з вышынi аднаго метра; ...узяць сябе ў рукi, набраць паветра; ты навучылася плаваць - a што там прапануе лагодны голас пад нумарам адзiн-адзiн-тры?
- ...Калi ўвечары да Вас завiтаюць госцi, мы можам параiць вам смачнае i адначасна таннае меню: на першае грэнкi, запечаныя з сырам i вяндлiнай, потым зялёны гарошак са смятанаю i да яго лёгкi бульбяны пудынг, а таксама шнiцэль проста з рушту...
- Фройляйн, фройляйн!.. - Я ведаю, што грамафонныя кружэлкi адказаць не могуць.