кавярнi, разбуры гэту легенду, не заклiкай сваiх унукаў апляваць твой помнiк, а зрабi так, каб помнiка не было; сыр з папрыкай табе ж нiколi не быў смачны... няхай кельнеры i пасудамыйкi сядуць за святочны стол i зжаруць тваю святочную вячэру; мы застанемся тут на балконе, атрымаем асалоду ад летняга вечара ў сямейным коле, вып'ем вiна, паглядзiм феерверк i парад 'змагароў'; супраць чаго яны змагаюцца? Цi магу я патэлефанаваць у Кронэраву кавярню i адмовiцца ад святочнай вячэры?

Перад парталам сабора Святога Севярына збiралiся людзi ў блакiтнай форме; яны стаялi групамi, курылi цыгарэты; у iхнiх руках былi блакiтна-чырвоныя харугвы з вялiкай чорнай лiтарай 'К'; духавы аркестр ужо рабiў рэпетыцыю песнi 'Айчына, хiстаюцца ўсе твае апоры'; кiлiшкi для вiна цiха звiнелi на балконах, вядзерцы з шампанскiм пазвоньвалi металам, коркi стралялi ў вячэрняе блакiтнае неба, званы Святого Севярына абвясцiлi без пятнаццацi сёмую; трое паноў у цёмных гарнiтурах выйшлi на балкон дзвесце дванаццатага нумара.

- Вы сапраўды думаеце, што яны могуць нам прыдацца? - спытаў М.

- Я ўпэўнены, - адказаў другi.

- Няма нiякiх сумненняў, - дадаў трэцi.

- Але цi не адпалохаем мы больш выбаршчыкаў, чым iх здабудзем, дэманструючы гэтым свае сiмпатыi?

- 'Саюз змагароў' не лiчыцца гэткiм ужо радыкальным, - сказаў другi мужчына.

- Прайграць Вы нiчога не прайграеце, - сказаў трэцi, - а выйграць можаце.

- Колькi гэта будзе галасоў у найлепшым i ў найгоршым выпадку?

- У найлепшым - каля васьмiдзесяцi тысяч, а ў найгоршым - недзе пяцьдзесят тысяч. Давайце вырашайце.

- Канчаткова я яшчэ не вырашыў, - адказаў М., - чакаю ўказанняў ад пана К. Як, на Вашу думку, цi ўдалося нам пакуль што пазбегнуць увагi газетчыкаў?

- Удалося, пане М., - адказаў другi.

- А персанал гатэля?

- Тут будзе ўсё абсалютна сакрэтна, пане М., - адказаў трэцi. Указаннi ад пана К. павiнны надысцi неўзабаве.

- Hе люблю гэтых хлопцаў, - сказаў пан М. - Яны яшчэ ў нешта вераць.

- Восемдзесят тысяч галасоў могуць сабе спакойна ў нешта верыць, пане М., - адказаў другi.

Смех. Пазвоньванне кiлiшкаў. Тэлефонны званок.

- Ага. М. каля тэлефона. Цi так я зразумеў? Выказаць сваю сiмпатыю? Добра.

- Пан К. прыняў станоўчае рашэнне, панове, давайце паставiм стол i крэслы на балкон.

- А што падумаюць за мяжой?

- Няхай сабе думаюць. Усё адно яны думаюць не тое, што трэба.

Смех. Пазвоньванне кiлiшкаў.

- Я сыду на вулiцу i скажу кiраўнiку парада, каб яны звярнулi ўвагу на Ваш балкон, - сказаў другi пан.

- Hе, не, - сказаў стары, - я не хачу класцi галаву табе на каленi, не хачу глядзець на блакiтнае неба; цi сказала ты ў Кронэравай кавярнi, каб яны прыслалi Леанору сюды? Яна будзе зусмучоная; ты ж яе не ведаеш, гэта Робертава сакратарка; мiлае дзiця, i я не хацеў бы, каб гэтая ўрачыстасць з яе ўдзелам не адбылася; не, ува мне няма чыстага сэрца, i я добра ведаю, колькi лiха ёсць на гэтым свеце; я адчуваю сябе чужанiцам, яшчэ большым чужанiцам, чымся тады, калi мы хадзiлi ў 'Якар', што ў Верхнiм Порце, i насiлi грошы кельнеру, прозвiшча якога было Гроль; там, унiзе, яны становяцца ў шыхты для парада - цёплы летнi вечар, сутонее; аж сюды далятае смех - табе дапамагчы, мая дарагая? Ты, вiдаць, забылася, што ў машыне паклала сваю сумачку мне на каленi; яна цяжкая, але не досыць цяжкая - што ты, уласна, хочаш з гэтым зрабiць?

- Хачу застрэлiць таго тоўстага на сiвой клячы. Бачыш яго, пазнаеш?

- Думаеш, я магу яго забыць? Гэта ён забiў ува мне смех, паламаў схаваную спружыну ў схаваным гадзiннiкавым механiзме; ён загадаў знiшчыць бялявага анёлка, забраць бацьку Эдыт, Гроля i хлопчыка, чыйго iмя мы так i не ведаем; ён навучыў мяне, што адзiн жэст рукi можа каштаваць жыцця; ён зрабiў з Отам тую яго абалонку - i ўсё ж... я не стаў бы забiваць яго. Я часта пытаўся ў сябе самога: дзеля чаго я прыехаў жыць у гэты горад - можа, каб разбагацець? Hе - i ты ведаеш гэта? Дзеля таго, што я цябе кахаў? Hе, тады я цябе яшчэ не ведаў i не мог кахаць. Можа, у мяне былi амбiцыi? Hе. Мяркую, што я хацеў адно пасмяяцца з людзей, крыкнуць iм напрыканцы: 'Гэта ж было несур'ёзна'. Можа, я хацеў мець дзяцей? Хацеў. I ў мяне яны былi: двое памерла ў маленстве, адзiн загiнуў - i ён быў мне чужы, чужэйшы за тых вунь маладых паноў, што ўнiзе падымаюць свае харугвы. А другi сын? 'Як маешся, бацька?' - 'Добра, а ты?' - 'Добра. Дзякуй, бацька'. - 'Цi магу я што-небудзь для цябе зрабiць?' - 'Hе, дзякуй; нiчога не трэба...' Абацтва Святога Антонiя? Прабач, што я смяюся, дарагая. Усё гэта - пыл, не абуджае ўва мне нават сентыментальнасцi, тым больш - нiякiх пачуццяў; цi хочаш вiна?

- Налi, калi ласка.

Я аддаюся на мiласць пяцьдзесят першаму параграфу; законы гнуткiя... паглядзi: там, унiзе, наш стары сябар Нэтлiнгер; у яго досыць розуму на тое, каб нацягнуць на сябе гэтую форму, але ўсё ж ён паявiўся, каб пацiскаць руку, паляпаць па плячы, памацаць харугвы; ужо калi каго i застрэлiць, дык, можа, лепей гэта Нэтлiнгера - але яшчэ падумаю; можа, не буду страляць па гэтым музеi, што там унiзе, на вулiцы; забойца майго ўнука сядзiць побач на балконе - бачыш яго? У цёмным гарнiтуры, прыстойны, прыстойны; гэты мыслiць iначай, дзейнiчае iначай, плануе iначай i сяму-таму ўжо навучыўся: вольна гаварыць па-французску i па-ангельску, ведае лацiну i старажытнагрэцкую i назаўтра паклаў ужо закладку ў адпаведнае месца хрысцiянскага календара Шота: пятнаццатая нядзеля па Сёмусе: якая ўсхваляльная малiтва сёння? Крыкнуў ён сваёй жонцы ў спальню. Hе, я не буду забiваць гэтага тоўстага мяшка на сiвой клячы; не буду страляць па гэтым чалавеку-музеi... толькi крыху павярнуць i - будзе ўсяго шэсць метраў, абсалютная гарантыя, што не прамахнуся; на што яшчэ можа прыдацца маё сямiдзесяцiгадовае жыццё? Забойства не тырана, а прыстойнага чалавека; смерць верне на ягоны твар вялiкае здзiўленне; хадзем, не трэба дрыжаць, мой даражэнькi; я хачу заплацiць выкуп; гэта будзе для мяне забава; дыхаць спакойна, нацэлiцца, разлiчыць, калi нацiскаць на курок... можаш не затыкаць сабе вушэй, мой дарагi; стрэл не будзе надта гучны: проста нiбы лопне шарык з паветрам; пярэдадне пятнаццатай нядзелi па Сёмусе.

13

У аднае дзяўчыны валасы былi бялявыя, у другой - каштанавыя; абедзве былi танклявыя, зграбныя; абедзве ўсмiхалiся, абедзвюм добра пасавалi касцюмы з чырванавата-карычневага твiду, у абедзвюх ладныя шыйкi падымалiся са снежна-белых каўнерыкаў, нiбы сцяблiнкi кветак; абедзве добра, зусiм без акцэнту, гаварылi па-французску i па-ангельску, па-фламандску i па-дацку; абедзве добра i без нiякага акцэнту гаварылi на сваёй роднай, нямецкай, мове; гэта былi гожыя законнiцы неiснуючага баства; яны авалодалi таксама лацiнай; i цяпер у асобным пакойчыку паблiзу касы яны чакалi, пакуль каля бар'ера збяруцца групы па дванаццаць чалавек; вось яны танюткiмi абцасамi чаравiкаў пагасiлi недакуркi цыгарэт, спрактыкаванымi рукамi падмалявалi сабе губы i, выйшаўшы за бар'ер, пачалi высвятляць нацыянальнасць наведнiкаў; з усмешкай, без анiякага акцэнту, яны пыталiся пра краiну, адкуль госцi прыехалi, i пра мовы, якiмi яны валодаюць; турысты адказвалi на пытаннi, падымаючы палец: сямёра гаварылi па-ангельску, двое па- фламандску, трое - па-нямецку; потым яшчэ вясёла заданае пытанне: хто валодае лацiнай? Рут, вагаючыся, падняла палец; толькi адзiн чалавек? Лёгкi цень шкадавання на прыгожым твары - з прычыны гэткай малой колькасцi экскурсантаў з гуманiтарнай адукацыяй; толькi тая адзiная паненка належным чынам здолее ацанiць дакладнасць, з якой дзяўчына задэкламуе вершаваныя надпiсы надмагiльных камянёў? Усмiхаючыся, схiлiўшы лiхтар на кiйку, нiбы шаблю, дзяўчына пачала першая спускацца па сходах; пахла муравальным растворам i вапнаю; потым стаў адчувацца пах магiльнага склепа, хоць лёгкi шум выдаваў, што тут дзейнiчае вентыляцыя; без нiякага акцэнту гучалi ангельская, фламандская i нямецкая мовы; турыстаў iнфармавалi пра памеры шэрых блокаў, пра шырыню рымскай вулiцы - вось сходы з другога стагоддзя, вось тэрма - з чацвёртага; паглядзiце, вунь там знуджаныя ахоўнiкi, надрапаўшы на блоку з пясчанiку квадраты, гулялi ў 'млын' (як казаў кiраўнiк курсаў, 'заўсёды падкрэслiваць агульначалавечыя, побытавыя дэталi'); вось тут рымскiя дзецi гулялi ў каменьчыкi; звярнiце ўвагу на тое, што камянi брукаванкi бездакорна дапасаваныя адзiн да аднаго; вадасцёк, па iм у часы Старажытнага Рыма сцякала брудная вада, пасля мыцця рымскага посуду, пасля мыцця рымскай бялiзны; рэшткi маленькага прыватнага храма Венеры, якi загадаў пабудаваць для сябе пан рымскi консул; у неонавым святле былi вiдны ўсмешкi турыстаў: фламандскiя, ангельскiя ўсмешкi; цi трое маладых немцаў i праўда нi разу не ўсмiхнулiся? Чым растлумачыць глыбiню закладкi падмурка? У тыя часы глеба, на якой вялася будоўля, была яшчэ забалочаная, зялёныя

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату