- Бургамiстр горада ўшанаваў слыннага баксёра...
Час здзеклiва адцягваў выбух бяды; тым часам у рэстаране цiха звiнелi келiхi; на сталы ставiлiся срэбныя талеркi, пад узнёслую музыку пазвоньвалi фарфоравыя талеркi; у дзвярах, што мякка вярнулiся ў абабiтыя лямцам пазы, стаяў шафёр аўтобуса авiякампанii i жэстамi заклiкаў тых, хто ад'язджае, збiрацца хутчэй; парцье нервова зазiраў у свой нататнiк: 'ад 18.30 зарэзерваваць нумар з боку вулiцы для пана М.; з 18.30 - двухмесны нумар для пана радцы Фэмеля з жонкаю, абавязкова з боку вулiцы; а дзевятнаццатай забраць на прагулку сабаку Кэсi з нумара 114'; толькi што якраз гэтай псiне панеслi яечню, згатаваную паводле спецыяльнага рэцэпта: цвёрды жаўток i мяккi бялок, а да яек - моцна засмажаныя кавалачкi каўбасы, i, як заўсёды, гэтая паскудная жывёлiна пачне грэблiва адварочвацца ад яды; госць у адзiнаццатым нумары спiць ужо дваццаць адну гадзiну i васемнаццаць хвiлiн...
- Менавiта так, шаноўная фраў, феерверк пачнецца праз паўгадзiны пасля захаду сонца; гэта значыць, недзе а палове восьмай; парад прыхiльнiкаў 'Саюза змагароў' павiнен пачацца а дзевятнаццатай пятнаццаць; мне вельмi шкада, але я не магу сказаць Вам, цi пан мiнiстр будзе там.
Гуга чытаў голасам хлопчыка, толькi што адпушчанага са школы: '...Айцы горада ўручылi заслужанаму баксёру не толькi пасведчанне ганаровага грамадзянiна, але i залаты жэтон Марсiлiя, якi даецца толькi за самыя вялiкiя заслугi ў галiне культуры. Урачысты вечар скончыўся святочнай бяседай'. Багатыя валацугi нарэшце пакiнулi вестыбюль; 'калi ласка, панове, урачыстая вячэра левай апазiцыi адбудзецца ў блакiтнай зале... Hе, урачыстая вячэра правай апазiцыi - у жоўтай зале; дарогу паказваюць шыльды з надпiсамi, шаноўны пане; хто там левы, хто правы - па iх не вiдаць; у такiх рэчах найлепей цямiць Ёхэн: у яго беспамылковае чуццё, калi трэба вызначыць прыналежнасць да грамадскiх групаў; ён пазнае сапраўднага пана ў рызманах i пралетарыя ў самым шыкоўным гарнiтуры; ён бы адрознiў левую апазiцыю ад правай; у iх нават заказы меню не рознiлiся памiж сабой... ах, будзе яшчэ нейкая ўрачыстая вячэра - рады па нагляду за дзейнасцю Таварыства 'Сас'етас'; у чырвонай зале, шаноўны, пане; ва ўсiх аднолькавыя твары, i ўсе будуць есцi на закуску амары пад маянэзам - i левыя, i правыя, i рада па нагляду; Моцарт - да закускi, Вагнер - да галоўных страў з густой падлiваю, джаз - да дэсерту; але, у чырвонай зале, шаноўны пане; чуццё Ёхэна не падманвае што да грамадскай прыналежнасцi, але ў iншых выпадках яно яму здраджвае. Калi ў гатэль першы раз прыйшла авечая капяланка, ён шапнуў: 'Увага, гэта найвышэйшы клас', а калi потым прыйшла тая маленькая бледная дзяўчына з ускудлачанымi валасамi i толькi з сумачкай у руцэ i кнiжкай кiшэннага фармату пад пахай, Ёхэн сказаў: 'Звычайная шлюндра': на што я адказаў: 'Яна i праўда робiць гэта з кожным, але нiчога за гэта не бярэ значыць, яна не шлюндра'; Ёхэн запярэчыў: 'Яна робiць гэта з кожным i бярэ за ўсё грошы' - i тут была яго праўда. Затое ў Ёхэна няма чуцця на бяду: калi потым аднаго разу да нас прыехала зiхатлiва-вясёлая бландзiнка з трынаццаццю валiзамi, я сказаў яму, калi яна заходзiла ў лiфт: 'Паспрачаемся, што жывую мы яе ўжо не ўбачым', а Ёхэн не згадзiўся: 'Ды ну, лухта, проста яна на некалькi дзён уцякла ад мужа', i хто, думаеце, меў рацыю? Я! Пiгулкi для сну i шыльдачка 'Прашу не турбаваць' на дзвярах; яна спала дваццаць чатыры гадзiны, а потым у гатэлi пачалi шаптацца: 'Нехта памёр... памёр у сто васемнаццатым нумары'; нiшто сабе гiсторыя, калi прыкладна а трэцяй дня тут паяўляецца крымiнальная палiцыя, а праз дзве гадзiны адсюль выносяць труп; нiшто сабе гiсторыя!
Фу, а гэта чыя такая пыса?! Шафа з аблiччам дыпламата, сто кiло жывой вагi, хада, нiбы ў ямнiка, i гарнiтур! Папахвае важнай асобай; ён трымаецца крыху ззаду, а дзве менш важныя асобы падыходзяць да прылаўка:
- Нумар, зарэзерваваны для пана М., калi ласка.
- Ах, зразумела: нумар дзвесце адзiнаццаць. Гуга, хадзем, завядзеш шаноўных паноў наверх.
I ўсе трое, тры цэнтнеры жывой вагi, спавiтыя ў ангельскае сукно, бясшумна паднялiся ў лiфце наверх.
- Ёхэн, Ёхэн, напрамiлы Бог, дзе ты быў аж да гэтай пары?
- Прабач, - адказаў Ёхэн, - ты ж ведаеш, што я амаль нiкуды i нiколi не пазнюся; асаблiва калi ведаю, што цябе чакаюць жонка i дзецi; але бачыш, калi справа датычыць галубоў, маё сэрца рвецца памiж абавязкамi сябра i абавязкамi заўзятага аматара галубоў; калi ўжо я выпусцiў у дарогу шэсць птушак, дык, натуральна, хачу, каб усе шэсць да мяне вярнулiся; але толькi пяць прыляцелi ў вызначаны час, a шосты вярнуўся толькi праз дзесяць хвiлiн, зусiм зняможаны; бедная iстота; ну, iдзi ўжо, калi хочаш яшчэ захапiць добрыя месцы глядзець феерверк, самая пара; ага, ужо бачу: левая апазiцыя ў блакiтным пакоi, правая апазiцыя ў жоўтым пакоi, рада нагляду за дзейнасцю Таварыства 'Сас'етас' у чырвоным пакоi; яно ж вядома, канец тыдня; гэта куды менш цiкава, чым калi збiраюцца фiлатэлiсты альбо пiўныя магнаты; не бойся, з iмi ўжо неяк разбяруся, не буду занадта даваць волi сваiм пачуццям, хоць левай апазiцыi я з ахвотаю надаваў бы кухталёў, а правай апазiцыi i сябрам рады нагляду панапляваў бы ў закуску; ну, ты ж не хвалюйся: трымаць штандар фiрмы я буду высока; i тваiмi кандыдатамi ў самазабойцы таксама займуся; слухаю, шаноўная фраў, прыслаць Гугу а дзевятай гуляць у карты? Вядома ж, ён прыйдзе; ага, пан М. ужо тут? Гэты пан М. мне не падабаецца, хоць я яго яшчэ не бачыў; слухаю, шаноўны пане, шампанскае ў дзвесце адзiнаццаты i тры цыгары 'Партагас Эмiнэнтэс'; пах цыгар дасць Вам магчымасць пазнаць iх! Божухна, а вунь iдзе ўвесь род Фэмеляў!
Дзяўчына, дзяўчына, што з табой зрабiлася! Калi я ўбачыў цябе першы раз пад час парада з нагоды кайзеравага вiзiту, маё сэрца забiлася iмклiвей, хоць я i ведаў, што гэткiя кветачкi не растуць дзеля такiх, як я; я прынёс чырвонае вiно ў нумар, дзе ты сядзела разам з татусем i мамуляю; дзетка, дзетка, хто б тады падумаў, што калi-небудзь ты зробiшся самай сапраўднай бабуляю з серабрыстымi валасамi, зусiм зморшчанай? Я б мог цябе адной рукою занесцi ў пакой i, далiбог, зрабiў бы гэта, калi б мне далi дазвол, але дазволу ў мяне няма, даражэнькая старая дзяўчына, а шкада, ты i сёння яшчэ прыгожая.
- Пане тайны радца, мы зарэзервавалi нумар 212 для Вас i Вашай шаноўнай жонкi... пардон, для Вашай шаноўнай жонкi i для Вас; багаж на вакзале? Hе? Што-небудзь прывезцi з Вашае кватэры? Таксама не трэба? Ах, толькi на дзве гадзiны, пакуль доўжыцца феерверк i парад 'Саюза змагароў'? Вядома ж, у нумары будзе досыць месца шасцi асобам, вялiкi балкон, i, калi жадаеце, мы можам пасастаўляць разам ложкi. Hе трэба? Гуга, Гуга, завядзi шаноўных спадароў у нумар 212 i вазьмi з сабою картку вiн; маладых пана i паненак я правяду ў Ваш нумар сам; само сабою, пан доктар, бiльярдавы пакой зарэзерваваны для Вас i для пана Шрэлы; на гэты час я пашлю да Вас Гугу; напраўду, ён добры хлопец: палову дня вiсеў во на тэлефоне, накручваў ды накручваў Ваш нумар; мяркую, што ён ужо нiколi не забудзе анi Вашага нумара, анi нумара пансiяната 'Мадэрн'; а чаму сёння ў 'Саюза змагароў' парад? Дзень нараджэння якога-небудзь маршала - здаецца, героя Гузенвальда; мы зноў пачуем цудоўную песню: 'Айчына, хiстаюцца ўсе твае апоры...'; ну, няхай сабе хiстаюцца, пане доктар. Што? Заўсёды хiсталiся? Калi б Вы мне дазволiлi выказаць мой асабiсты палiтычны погляд, я б сказаў: увага, калi апоры зноў пачнуць хiстацца; увага!
- Я ўжо калiсьцi тут стаяла, - прамовiла яна ледзь чутна, - i глядзела, як ты маршыруеш там, унiзе; то быў парад з нагоды прыезду кайзера ў студзенi 1908 года; надвор'е было як замоўленае кайзерам, даражэнькi: траскучы мароз - гэтак, здаецца, пiшуць у вершах; я дрыжала, хвалюючыся, цi вытрымаеш ты апошняе i самае цяжкае выпрабаванне - выпрабаванне вайсковай формай; на суседнiм балконе стаяў генерал i разам з бацькам, мацi i мною падымаў свой келiх; тады ты вытрымаў выпрабаванне, стары; не глядзi на мяне так пiльна... менавiта пiльна; ты гэтак нiколi яшчэ на мяне не глядзеў; пакладзi галаву мне на каленi, запалi цыгару i прабач мне, што я вось дрыжу: мне боязна... цi бачыў ты твар таго хлопца? Хiба ён не мог быць братам Эдыт? Мне боязна, i ты павiнен зразумець, што я яшчэ не магу вярнуцца ў нашу кватэру, магчыма, нiколi ўжо ў яе не вярнуся; не магу зноў увайсцi ў гэтае кола... мне боязна, куды больш, як даўней; вы, вiдавочна, папрывыкалi ўжо да гэтых твараў, а я пачынаю сумаваць па маiх цiхiх вар'ятах; хiба вы сляпыя? Хiба вас так лёгка можна падмануць? Яны заб'юць вас нават не за нейкi жэст рукi, не за кавалак хлеба з маслам - проста так! Hе трэба нават быць цёмнавалосым цi бялявым, не трэба нават паказваць метрыкi хрэсьбiнаў тваёй прабабкi... яны вас заб'юць, бо iм не спадабаюцца вашыя твары; хiба ты не бачыў плакатаў, якiмi залеплены сцены? Хiба вы паслеплi? Кажу табе, мой даражэнькi, яны ўсе пакаштавалi бычынага прычасця; дурныя як бот, глухiя як пень i страшэнна нявiнныя, як апошняе ўцелясненне быка; прыстойныя, прыстойныя... мне боязна, стары: нават у трыццаць пятым цi ў сорак другiм годзе я не пачувала сябе такою чужою сярод людзей; мажлiва, мне патрабуецца час, але ж не хопiць i стагоддзяў, каб прызвычаiцца да гэтых твараў; прыстойныя, прыстойныя - i нiзвання смутку на твары; што гэта за людзi, зусiм без смутку? Дай мне яшчэ кiлiшак вiна i не глядзi падазрона на маю сумачку: вы ведалi лекi, але ўжыць iх мушу я сама; у цябе чыстае сэрца, i ты не можаш сабе ўявiць, колькi лiха ёсць на гэтым свеце; а я патрабую сёння ад цябе яшчэ адну вялiкую ахвяру: не праводзь сёння ўрачыстае вячэры ў Кронэравай