са свайго ўчастка, а складалi сабе графiк, у каго пахмяляцца яшчэ цёпленькай самагонкай, каб горла ня застудзiць. Яно ж мiлiцыянту трэба, каб па службе ўгару йсьцi, як цыгану па драбiнах.

I вось у вушацкiм Доме культуры ў дзень мiлiцыi аб'яўляюць пераможцаў у спаборнiцтве за цьвярозасьць i парадак. Называюць першага па раёну й клiчуць на сцэну атрымаць сувенiр. А пераможца падымаецца й зноў ападае. Ня можа ўстаць ды йсьцi. Вiдаць, шчыры быў пяршак у гаспадара, у каго пахмялiўся на дарогу...

Прамачыць горла

Гаспадар, вялiкi жмундзяк, баiцца, што парабкi шмат зьядуць. Перад ядой прымушае iх пiць ваду. Так, думае ён, у iхных чэравах застаецца меней мейсца на страву. Цярпелi, цярпелi парабкi, пакуль адзiн ня даўмеўся. Бярэ поўную кварту вады дый гучна прыгаворвае:

- Трэба размачыць горла, каб паболей жорла!

Гаспадар пачуў i спалохаўся. Перастаў паiць вадой перад ядой.

За парабка

У Петруся Броўкi быў брат, якi жыў таксама ў Менску. Iншы раз, калi куды выязджаў Броўка зь сям'ёй, прасiў брата прыглядзець за дачай. Пакармiць ката й маленькага сабачку. (I прымаўка казала: маленькi сабачка да веку шчанючком.) Паехаў брат у Пуцiлкавiчы да Броўкавай пляменьнiцы дый скардзiцца ёй на сваю долю:

- Яны мяне за парабка маюць. Я ж у iх скацiну гляджу...

I выцерся

Пайшлi мы з мамай у Купалаўскi тэатр на чарговы юбiлей Кандрата Крапiвы. Ад iмя партыi як свайго вернага спадручнага юбiляра вiтаў Машэраў. Па паперцы, падкрэсьлена цяжка й няправiльна вымаўляючы беларускiя словы. Потым па партыйна-савецкай традыцыi пацалаваў Крапiву. (У крапiве толькi любiцца кепска.) Я нiчога ня заўважыў, а маме кiнулася ў вочы: пацалаваў, выцягнуў насоўку й акуратна выцерся. Што й казаць, былы педагог, а цяпер бацька народа меў кшталт.

Дык i едзь!

Хлопец з вушацкай вёскi стаў мараком, да капiтана дарос. Але жонка ўпрасiла яго перайсьцi на ейнае прозьвiшча ў памяць пра любiмага бацьку. А то род зводзiцца. У iх дзяўчаткi гадуюцца. I зрабiўся хлопец з Балабоўкi (даўняе чыста вушацкае прозьвiшча) Бальшаковым. Прыехаў да бацькi сын, але ня з бацькавым прозьвiшчам. Бацька адрэагаваў адпаведна з моцнымi эпiтатамi:

- Ня хочаш мяне за бацьку прызнаваць, ня хачу цябе прызнаваць за сына. Што я - палiцэйскiм быў, цi ўкраў што, цi забiў каго? Стаў Бальшаковым, дык i едзь бальшаком!

Увесь у мыле

Яшчэ з паганскiх бадай што часiн клёцкi з душамi ў вушацкiх i рытуальная страва на Дзяды й на хаўтурах i на памiнках. Клёцкамi з душамi кормяць, калi мужчыны йдуць на цяжкую працу. I дарагiх гасьцей вяльмуюць клёцкамi з душамi.

На традыцыйнай сустрэчы партызанаў вушацкi рэстаран наварыў катлы клёцак. Усе - камбрыгi i некамбрыгi елi са смакам, як у нас кажуць, абялёдавалi прысмакi. Камбрыг Квiцарыдзе адмовiўся. (Лабанок неяк паказваў бiяграфiю камбрыга. Мiж iншых важных паваенных пасадаў Квiцарыдзе была й рычаговая пасада - дырэктар цэнтральнага рынку Тбiлiсi.) Пакрыўджаныя вушацкiя, калi потым знаёмiлi нейкiх гасьцей з мясьцiнамi партызанскай славы, паказвалi лазьню, якую немцы акружылi, калi камбрыг Квiцарыдзе мыўся. Мiж iншым падкрэсьлiвалi:

- Выскачыў голы, валасаты, увесь у мыле, ледзьве ўцёк...

Прыкiдваецца...

Пайшлi ў лазьню суседзi. Зь iмi й глухi. Пачалi мыцца, парыцца, хвастацца. Адзiн жартаўнiк вазьмi дый лiнi на глухога кварту вару. Закрычаў, заекатаў няшчасны. А весялун яшчэ дабаўляе, нiбыта лiе халадзёнку на гарачыя камянi:

- А прыкiдваўся, што ня чуiць...

Пацягушачкi на парастушачкi

Пацягнуласядзяўчына, аж, як пiсаў Пiмен Панчанка, маладыя костачкi хруснулi. Мацi расчулена:

- Расьцеш, дачушка.

- Брэшаш, мамулька, хачу...

Дачушка была настроена на канкрэтную лiрыку.

Набытак

Любiлi вушацкiя прыпавесьць пра прасталытку й пра бяззаганку. Памерлi абедзьве. У нябеснае канторы адной выдалi даведку (у нас казалi дублiкат) аб бязгрэшнасьцi, аб прыстойнасьцi. Другой нагрузiлi мех, ня раўнуючы як бычыных хвастоў, мужчынскiх патарчакаў. I падалiся бяззаганка й прасталытка ў рай. А рай абнесены ровам, у якiм палае агонь пякельны. Як нi торкала бяззаганка даведку - гарыць папера. А прасталытка зьвязала свае сувенiры накшталт каната (ёсьць жа вясёлая папеўка: 'Як я была малада, тады была рэзва, да салдата па канату сама ў хату лезла') i перайшла цераз роў у рай. Прыдаўся матэрыяльны набытак.

Ванцак

Захварэла маладзiца на ванцак. Якiя лекi нi давалi - рады ня маглi даць. Тут аднекуль вазьмi дый зьявiся здаравiла. Узяўся вылечыць. Толькi ўсiх з хаты выгнаў, каб ня пярэкалiся. А ўсiм жа цiкава, як жа лячыць будзе. Праз запятыя вокны ўсё-ткi згледзiлi. Толькi й разважалi:

- Як паглядзець, дык дзярэць, а як знаiць, дык ванцак выганяiць...

Разважалi, пакуль лекуну моцы было.

Сьветач

- А ты што, за сьветача быў? - пыталiся ў таго, хто даводзiў бацькоўства банкарта. Быць сьветачам - значыць стаяць у нагах з лучынкай, калi дзяцей робяць. Напрыклад, вушацкiя былi перакананыя, калi рабiць гэтую адказную працу на гарохавiнах, малое будзе сукрыстае, цi, кажучы лiрычна, амурыстае. Таму й цешыла вушацкiх кнiгарня ў Полацку зь iмем 'Сьветач'. Усьмiхалiся старэйшыя, якiя мову ведалi ня па казённых падручнiках.

I мне

Кум запрасiў кума ў госьцi. Частуе. Налiвае. Але калi поўнiць сваю чарку, гаспадар увесь час пералiвае, прыгаворваючы разгублена: 'Ух ты!' Глядзеў, глядзеў госьць дый папрасiў:

- Кумок, налi ты й мне хоць раз з ухты!..

Чычылiць

Носiць бусел сыноў-пагоднiчкаў i носiць. А ў селянiна ня хапае рашучасьцi, як у драўлянага дзядзькi, зразьбяранага славутым Апалiнарам Пупкам, зашчамiць адной рукой буслову дзюбу пад паху, а другой, трымаючы сякеру, як адсекчы: 'Досыць!' Вяртаецца з ворыва заезджаны, як i ягоны конь, гэты багатыр на дзяцей, а перадапошнi сынок пра самага малога здалёку крычыць:

- Тата, тата, i Мiкiтка ўжо хлебец чычылiць...

Абрадаваў.

Як садзяць бульбу

Заўсягды паўтарала мама, як трэба садзiць бульбу - каб роўненька клалася ў разору. А то iншы садзiць так, як бык сцыць.

I яшчэ трэба, каб кожная бульбiнка была адбаблена - адарваны расток (як пупок у нараджэнца).

Зарабiла крыж

Мужык ваяваў у вайне за цара. Жонка дома ня сумавала. Дзецюкi былi нявыводныя. Аднойчы чарговыя дзецюкi завялi маладуху на магiльнiк i, нацешыўшыся ўволю, вырашылi павесялiцца: прывязалi шчодрую на ласкi часовую ўдаву да крыжа. Дый зьнiклi. I абначавала кахальнiца на магiльнiку. Недзе пад ранiцу ўсё-ткi вывернула крыж ды зь iм i вяртаецца дадому. А якраз мужык прыйшоў з вайны. Грукаецца жонка ў дзьверы. Убачыў служывы, пачаў дзiвiцца:

- Я за ўсю вайну й медаля ня заслужыў, а ты, жонка мая верная, за ноч крыж атрымала...

Цi б я...

Любiлi вушацкiя показку пра старога кавалера, як ён усё ўмеў абгрунтаваць:

- Цi б я гальштук ня насiў? Надзену, а хто-небудзь цоп i панёс сабе.

Цi б я на рыбу ня схадзiў? Злавi, а пасьля ня ведай, што зь ёй рабiць. Калi яе ля ракi варыць, раскладзеш агонь, а лес загарыцца. А пакуль дамоў занясеш, згнiе.

Цi б я на базар ня пайшоў ды ня купiў скаромiны якой? Ды грошы ў руках ня будзеш несьцi, выставiўшы, а ў кiшэню пакладзеш, басякi падцiкуюць - хоп, i ня зловiш. Так i ем поснае.

Цi б я ня жанiўся? Жанюся, а жонку возьмуць ды перахопяць.

Цi б я ня купiў парасё? Ды парасё нанач адно ня пакiнеш - ваўкi сьцягнуць. А ў хаце зь iм ня спаць.

Так i жыву аб нiчым, нiшчымнiцай даўлюся, неабмыты, неабшыты, непрыкаяны, непрыхаiны.

Пырскi

Вушацкi малец быў на заробках там, 'где золото роют в горах'. Вярнуўся з нейкiмi шэлегамi, якiя тут жа i пусьцiў на вецер у 'Вецярку'. У кожным райцэнтры такiя ўстановы былi абавязкова. Пiў, ня прасыхаючы, мок у гарэлцы.

Вушацкiя жанчыны казалi як бы спагадлiва:

- Прыехаў з залатых пырскаў...

Пырскаў хапала напачатку ад шампанскага, а напрыканцы ад пiва.

Хор

Так казала вушацкая цётка пра сьпевы:

- Пачынаюць, як камары, тады, як мухi, тады, як аваднi, а тады як гiкнуць!

За што?

Мама распавядала, як у трыццатыя гады прывялi ў суд старую. Ёй пад восемдзесят гадоў. Прыйшлi дзецi, унукi, праўнукi. Чытаюць прысуд - дзесяць гадоў. Уся радня ў сьлёзы. А старая нiчога ня разумее:

- За што? Цi ж я крала? Я ж на сваiм шнурку два снапкi на нiткi ўзяла.

Показка спачувае: за маё жыта i я ж бiта. А тут бабка за свой лянок.

Адметны

У

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату