- Я чуў гэтае iмя, - сказаў Раман. - Але ты не ведаеш, што Бертольд ужо два гады як памёр.
- Гэта толькi чуткi.
Дзверы загайдалiся, адчынiлiся, i з падземнага хода выйшаў хлопец, ведучы за руку высокага чалавека ў манаскiм убраннi з капюшонам, насунутым на лоб, i з цёмнай павязкай на вачах.
- Можаце зняць павязку, - сказаў Раман. - У нас мала часу.
Манах зняў павязку i перадаў хлопцу.
- Я падпарадкоўваюся ўмовам, - сказаў ён. - Я таксама рызыкую жыццём.
Ганна пазнала ландмайстра Фрыдрыха фон Какентаўзена. Рыцар падышоў да стала i сеў, паклаўшы на стол жалезную руку.
- Як рука? - спытаўся Раман.
- Я ўдзячны табе, - сказаў Фрыдрых. - Я магу трымаць ёю шчыт. - Ён павярнуў рычажок на тыльным баку жалезнай далонi. Пальцы сцiснулiся, нiбыта абхапiлi дрэўка дзiды. - Дзякую. Епiскап выбраў мяне, таму што мы з табою даўнiя сябры, - сказаў Фрыдрых. - I ты давяраеш мне. Раскажы, чаго ты хацеў нас бачыць?
- Вы злавiлi жамойта, якi ўкраў у мяне гаршчок з вогненнай сумессю.
- Так, - коратка сказаў Фрыдрых. - Ён хацеў забiць епiскапа?
- Зелле магло разарваць на кавалкi сто чалавек, - сказаў Раман.
Жуль зноў скiраваў шар на Кiна, i Ганна ўбачыла, як Кiн павольна варушыць рукою, вызваляючы яе.
- А гэта хто? - рыцар раптам павярнуўся да Кiна.
- Я хацеў у цябе спытацца, - сказаў Раман. - Ён запэўнiвае, што ён вучань Бертольда фон Гоца.
- Гэта хлусня, - сказаў рыцар. - Я быў у Бертольда перад яго смерцю. Нас, хто мае дачыненне да вялiкай тайны магii i ператварэнняў элементаў, так мала на свеце. Я ведаю ўсiх яго вучняў... Ён хлусiць. Дарэчы, паглядзi, зараз ён вызвалiць руку.
- Чорт! - вылаяўся Жуль. - Як ён заўважыў? Раман з хлопцам тут жа кiнулiся да Кiна.
- Твая праўда, брат, - сказаў Раман Фрыдрыху. - Дзякуй табе.
Кiн быў нерухомы.
- Гэта першы чалавек, якi развязаў вузел майго блазна.
- I таму яго трэба забiць, - сказаў рыцар. Раман схапiў з-за стала тоўстую вяроўку i моцна звязаў Кiну рукi.
- Пачакай, - сказаў Раман. - Ён размаўляе па-латынi не горш за нас з табою i ведае iмя Бертольда. Хутка вернецца мой блазан i дапытае яго. Ён дапытае яго як трэба. агнём.
- Як хочаш, - сказаў Фрыдрых. - Я чуў, што ты наблiзiўся да адкрыцця тайны золата.
- Ага, - сказаў Раман. - Я наблiзiўся. Але гэта доўгая праца. Гэта будзе не сёння. Я турбуюся за лёс гэтай працы.
- Цi толькi працы?
- I свой, i маiх памочнiкаў.
- Чым мы табе можам быць карысныя?
- Ты ведаеш чым - ты мой даўнi знаёмы. Ты страцiў руку, калi ў тваiм замку адбыўся выбух рэторты, хоць i кажаш, што гэта здарылася ў бiтве з сарацынамi.
- Дапусцiм, - сказаў рыцар.
- Мне галоўнае - захаваць усё гэта. Каб працаваць далей.
- Пахвальна. Але калi нашыя пойдуць заўтра на штурм, як я магу абяцаць табе бяспеку?
- I не толькi мне, брат, - сказаў Раман. - Ты ведаеш, што ў нас жыве польская князёўна?
Шар зноў прыблiзiўся да Кiна. Губы ў Кiна заварушылiся, i шар перадаў яго шэпт:
- Дрэнь справы. Думай, Жуль... Жуль кiўнуў, нiбыта Кiн мог убачыць яго. I павярнуўся да Ганны - можа, шукаў спачування?
- Калi ты пойдзеш, я не спраўлюся з машынаю? - спыталася Ганна.
- Не, мая дзяўчынка, - сказаў Жуль цiха. - Табе не выцягнуць нас.
Раман i рыцар паднялi галовы.
- Нехта iдзе, - хутка сказаў Раман хлопцу. - Затрымай яго. Я вярнуся. Рыцар цяжка ўстаў з-за стала i апусцiў капюшон.
- Завязаць вочы? - спытаўся Фрыдрых.
Раман махнуў рукою.
- Я выйду з табою. Хутчэй.
Патайныя дзверы зачынiлiся за рыцарам i Раманам.
Блазан спусцiўся па лесвiцы.
- Дзе гаспадар? - спытаўся ён.
- Не ведаю, - сказаў хлопец.
- Уцёк да ордэнскiх братоў? Не, ён адзiн не ўцячэ. Яму ўсё гэта патрэбна... гэтае яго золата... Гэтая яго ўлада i слава.
22
- Жуль, - сказала Ганна, - я ведаю, што рабiць.
- Праўда? - Жуль зноў павялiчыў Кiнаў твар. Кiн глядзеў на блазна.
- Я падобная на Магду. Ты сам сказаў, што я падобная на Магду.
- Якую яшчэ Магду? - у Жулевых вачах была туга.
- Польскую князёўну, Магдалену.
- Ну i што?
- Жуль, я пайду туды. Замест яе.
- Ты што, з глузду з'ехала? Не кажы глупства. Цябе пазнаюць. Мне яшчэ не хапала тваёй смерцi. I куды мы князёўну дзенем?
- Ды слухай спакойна. Жуль, мiлы, у нас з табою няма iншага выйсця. Хутка будзе свiтаць. Кiн звязаны i бяссiльны.
- Сцiхнi. I без тваiх iдэй моташна.
- Усё вельмi проста. Ты можаш мяне высадзiць у любым месцы.
- Вядома. - Ён пацiснуў плячыма.
- Тады высадзi мяне ў князёўнiнай спальнi. Гэта адзiнае выйсце. Зразумей нарэшце. Калi я не прабяруся да Кiна ў блiжэйшыя хвiлiны, ён загiне. Я ўжо не кажу, што правалiцца вашая справа. Кiн можа загiнуць. I мне гэта не ўсё роўна!
- Ты хочаш сказаць, што мне ўсё роўна? Ты што думаеш, Кiн першы? Думаеш, нiхто з нас не гiнуў?..
З акенца павеяла вiльготным халадком - надвор'е ў дваццатым стагоддзi таксама пачало псавацца. Брахалi сабакi. Ганна раптам адчула сябе ўдвая старэйшаю за Жуля.
- Не ў гэтым справа! Вядзi шар! Будзь мужчынам, Жуль! Вы азнаёмiлi мяне з вашай справай...
- Так, але... - Жуль сумеўся. - Занадта мы ўжо лезем у мiнулае.
- Перажывём. Успомнi: Кiн ляжыць звязаны.
Жуль некалькi секунд сядзеў нерухома. Потым рэзка павярнуўся, кiнуў позiрк на Ганну.
- Можа атрымацца так, што я не змагу сачыць за табою.
- Не марнуй часу. Вядзi шар у церам. Мне ж трэба пераадзецца.
- Пачакай, можа быць...
- Паехалi, Жуль, мiленькi!
Ганну ахапiла лiхаманкавае нецярпенне, як бы перад скачком з парашутам, i было страшна, але страх запазнiцца скочыць своечасова быў яшчэ большы.
Шар пакiнуў Раманаву хату, праляцеў над дахам. Краем вока Ганна заўважыла агеньчыкi на сценах i далёкае зарыва. Наперадзе быў церам.
Шар завiс у калiдоры, павольна папоўз уздоўж цёмных сцен. Ганна падышла да рамы, хацела ўвайсцi, потым апамяталася, пачала паспешна сцягваць кофту...
- Усё чыста, - сказаў Жуль. - Можна.
- Пачакай! - крыкнула Ганна. - Я ж не магу там пакiнуць вопратку...
Князёўна спала на нiзкiм куфры з цвёрдым узгалоўем, накрыўшыся коўдрай са шкур. Адзiнокi каганец мiгцеў на стале. Па шыбе з слюды сцякалi каплi дажджу. Шар закружыўся па пакоi, абышоў усе куткi i спынiўся перад заднiмi, зачыненымi дзвярыма...