- Май на ўвазе, што там спiць яе цётка, - сказаў Жуль.
Потым iншым голасам, прагнаўшы сумненнi:
- Добра. Цяпер слухай уважлiва. Момант пераносу не павiнен мець памылак.
Жуль падняўся, дастаў з пульта плоскую аплатку, крыху меншую за капеечную манетку, прыцiснуў яе Ганне пад левым вухам. Аплатка была халаднаватая, цмокнуўшы, яна прысмакталася да скуры.
- Каб вярнуцца, ты павiнна замкнуць поле. Для гэтага дакранаешся пальцам да гэтага... прысоска. Я цябе выцягну. Будзеш там прызямляцца крыху падагнi ногi, каб не стукнуцца.
Польская князёўна павярнулася ў сне, заварушыла губамi. Рука ўпала ўнiз - сагнутыя пальцы дакранулiся да падлогi.
Ганна хуценька ступiла ў раму. Платформа холадам працяла яе босыя ногi. I адразу ж закружылася галава, i пачалося падзенне - падзенне ў глыбiню часу, бясконцае i страшнае, таму што не было за што ўчапiцца, не было каму крыкнуць, каб спынiлi, затрымалi, выратавалi, i не было голасу, не было верху i нiзу, была смерць або пярэдадзень яе, i ў галаве кружылася адна думка - чаму ж ёй не сказалi? Не папярэдзiлi? Чаму ёй здрадзiлi, пакiнулi яе, забылiся? Яна ж нiкому кепскага не зрабiла! Яна яшчэ такая маладая, яна не паспела пажыць... Жаль да сябе адгукнуўся болем у сэрцы, слёзнай слабасцю, а падзенне прадаўжалася i раптам... спынiлася, заняло дух, нiбы ў засеўшым лiфце, i Ганна расплюшчыла вочы...
Цвёрдая падлога стукнула знiзу ў ступакi. Ганна праглынула слiну.
Каганец гарэў на стале. Побач стаяла крэсла з простаю высокаю спiнкаю. Пах дрэнна вырабленых шкураў, дыму з печы, гарэлага масла, поту i мускусу стукнуў у ноздры... Ганна зразумела, што яна ў iншым стагоддзi.
Колькi прайшло часу? Гадзiна цi больш?.. Не, гэта памылковае адчуванне - Кiн жа пранiк у мiнулае амаль iмгненна: ступiў у раму i апынуўся ў Раманавым двары. А раптам машына сапсавалася i яе падарожжа на самай справе зацягнулася? Не, на невысокiм куфры спiць польская князёўна, рука яе ледзь-ледзь дастае да падлогi.
- Адзiн, два, тры, чатыры, пяць, - лiчыла ў памяцi Ганна, каб думкi вярнулiся на месца. Жуль цяпер бачыць яе ў шары. Дзе ж шар? Напэўна, крыху вышэй, над галавой, i Ганна паглядзела туды, дзе павiнен быў вiсець шар, i ўсмiхнулася Жулю - яму цяпер горш за ўсiх. Ён адзiн. Ах ты, гусар з дваццаць сёмага стагоддзя, табе, напэўна, пападзе за выкапнёвую дзяўчынку...
Цяпер трэба дзейнiчаць. I хутчэй. У любы момант можа пачацца штурм горада. Ганна паглядзела ў невялiкае, застаўленае слюдой акенца, i ёй здалося, што ў цемры ночы яна ўгадвае сiнь досвiтку.
Магдаленiна сукенка ляжала на табурэцiку каля куфра, невысокiя боцiкi без абцасiкаў валялiся побач.
Ганна прыслухалася. Церам жыў начным жыццём - скрыпам дошак у падлозе, пiскам мышэй на гарышчы, аддаленым лязганнем зброi, вокрыкам вартавога ля ганка, лёгкiм шорганнем крокаў... Князёўна замармытала ў сне. Было душна. У трынаццатым стагоддзi не любiлi расчыняць вокны.
Князёўнiна сукенка гучна зашалясцела. Надзяваць яе прыйшлося знiзу вышэй талii яна сцягвалася тасёмкамi. На грудзях сукенка цеснаватая - няхай сабе, пацерпiм. Цяпер вельмi важна - хустка. Яе трэба завязаць так, каб не было вiдаць валасоў. Дзе шапачка - пляскатая з залатым абручом? Ганна ўзяла каганец, пасвяцiла над сталом, у кутку знайшла шапачку. Цяпер каб люстэрка, - як дрэнна выпраўляцца ў мiнулае ў такой спешцы. 'Строi нам павiнны быць да твару, - падумала Ганна, - але як шкада, што iнфармацыю давядзецца чэрпаць з чужых вачэй'. Вядома, у князёўны дзесьцi ёсць люстэрка на доўгай ручцы, як у казках, але няма часу шнарыць па чужых куфрах. Ганна сунула нагу ў боцiк. Боцiк засеў на шчыкалатцы - нi туды нi сюды. За перагародкай нехта заварочаўся. Жаночы голас. Спытаў па-русiнску:
- Ты што, Магда, не спiш?
Ганна разгубiлася, адказала не адразу.
- Сплю, - сказала яна цiха.
- Спi, спi, - гэта быў цётчын голас. - Можа, чаго даць?
Цётка цяжка ўздыхнула.
Ганна адказалася ад думкi пашпацыраваць у боцiках. Нiчога, сукенка доўгая. Якi жаль, што дамы ў той час не насiлi вуаль... Зрэшты, наша трагедыя адбываецца пры цьмяным штучным асвятленнi, тут i родную мацi не пазнаеш. Ганна агледзела сябе яшчэ раз - можа, што-небудзь забылася? Лёгенька падняла князёўнiну руку i паклала на куфар - каб не здранцвела. Падумала, што цяпер Жуль, напэўна, аблаяў яе апошнiмi словамi. Навошта непатрэбная рызыка! Ганна адчувала дзiўную блiзкасць, амаль роднасць з дзяўчынай, якой i ў галаву не магло прыйсцi, што яе сукенку надзела на сябе другая, тая, што будзе жыць праз шмат соцень гадоў...
- Нiчога, - прашаптала яна, старанна варушачы губамi, каб Жуль бачыў, яна моцна спiць.
Ганна прашмыгнула да дзвярэй - у суседнiм пакоi надта заскрыпела, i голас цёткi, якая ўжо зусiм прачнулася, паведамiў:
- Я да цябе iду, дзяўчынка, не спiцца мне...
Ганна тузанула на сябе дзверы. Дзверы не паддалiся. Босыя ногi дакранулiся да падлогi - як усё чуваць у гэтым доме? - цётка скiнула нешта. Туп-туп-туп - яе крокi. Праклятае колца ў iльвiнай пашчы - гэта стары чараўнiк дзед Генадзь ва ўсiм вiнаваты... Ганна здагадалася павярнуць колца. Ззаду таксама адчынiлiся дзверы, але Ганна не стала аглядвацца, нагнуўшыся, каб не разбiць галаву, шмыганула ў цемру калiдора. За дзвярыма бубнела цётка.
23
Першы чалавек, якi трапiўся Ганне, быў стражнiк ля ўвахода ў церам. Ён стаяў каля поручняў ганка, глядзеў на зарыва, што трапяталася за сцяною горада, прыслухоўваўся да далёкага шуму на сценах. Стражнiк аглянуўся. Гэта быў пажылы мужчына, кальчуга яго была распорана на грудзях i сяк-так забэрсана скураным раменьчыкам.
- Што гарыць? - спыталася Ганна, не даючы яму абдумаць, дзеля чаго гэта польская князёўна шпацыруе па начах. Зрэшты, стражнiку было не да яе: адчуванне навiслай пагрозы авалодала ўсiмi гараджанамi.
- Стагi гараць - на балоце. Я так думаю. Дождж амаль сцiх, але завулкi за пляцам патаналi ў цемры. Адсюль, з ганка, усё выглядала не так, як у шары, i Ганна засумнявалася, куды iсцi. Можа, таму, што халодны i вiльготны вецер, гукi i дыханне горада прымусiлi ўсё ўспрымаць iнакш. Перад ёю быў ужо не тэлевiзар.
- Пачакай, - сказаў стражнiк, толькi цяпер скемiўшы, што полька збiраецца ў горад. - Нядобры час гуляць.
- Я вярнуся, - сказала Ганна.
Яе цень, тонкi, гнуткi, доўгi, бег перад ёю па мокрай зямлi плошчы.
- Калi на сцяне будзеш, - крыкнуў услед ратнiк, - паглядзi, гэта стагi гараць, цi што?
Ганна мiнула калодзеж, плошча звузiлася, - сабор здаваўся ружовым. Тут ад галоўнай вулiцы павiнен адыходзiць завулак да Раманавай хаты. Ганна ткнулася
туды - спынiлася. Яна больш не была назiральнiкам i стала часткай гэтага свету.
Ууу - загуло наперадзе, нiбы нейкi страшны звер высоўваўся з цемры. Ганна кiнулася ўбок, стукнулася ў плот. Роў цi стогн нарастаў, i Ганна, не могучы больш таiцца, павярнула назад да церама - там быў стражнiк.
З завулка паказаўся страшны абадраны чалавек, адну руку ён прыцiскаў да вачэй, i памiж пальцамi лiлася кроў, У Другой была сукаватая палка, якой ён размахваў, знясiлена выючы - аднастайна, нiбыта спяваў. Ганна пабегла да церама, коўзаючыся па гразi i баючыся крыкнуць, баючыся прыцягнуць да сябе ўвагу. П'яныя, няўпэўненыя, пагрозлiвыя крыкi чалавека з дубiнаю наблiжалiся, да iх прымешваўся мерны грукат, тупат, крык, але не было дзе схавацца, i дзесьцi знiк, як у кашмары, стражнiк каля ганка - ганак быў чорны i пусты, як i сам церам.
Роў даганятага раптам перайшоў у крык - вiск - лямант - i абарваўся. Ветрам падхапiла, ледзь не збiла Ганну з ног - побач пранеслiся ценямi з вогненнымi блiкамi на тварах коннiкi Апакалiпсiса - яцвягi, што акружалi князя Вячку, пярэднiя былi з факеламi, ад якiх пырскамi ляцелi iскры.
Ганна аглянулася - невыразнаю плямаю, амаль не адрознiш, ляжаў забiты. Церам раптам ажыў, асвяцiўся факеламi, выбеглi стражнiкi. Князь саскочыў з каня. Яцвягi не спяшалiся, круцiлiся каля ганка,
- Хто там быў? - спытаўся князь.
- П'яны, - адказаў яцвяг.
- Добра. Не хапала яшчэ, каб па горадзе бегалi забойцы. Ты i ты, паклiчце баярына Рамана. Калi не