прысягаю; па-другое: фальшывыя дактрыны ўсiх тых, што ўхiляюцца ад iсьцiнаў вышэйназваных сьвятых пiсаньняў, сымболя веры, confessiones i Catechismi, асаблiва ж iлжэвучэньнi богаадступных цьвiнглiянаў, кальвiнiстаў, фанатыкаў тайнасьцяў i перахрышчэнцаў, якiя адмаўляюць неабходнасьць i сiлу сьвятога хрышчэньня й прысутнасьцi Хрыста пры выдзяленьнi й прыманьнi ягоных сапраўдных дзейсных цела й крывi ў сьвятой эўхарыстыi й якiя такiм чынам разбураюць адзiнства веры й ўводзяць у аблуду простых людзей, я абавязуюся з сапраўдным дбаньнем ненавiдзець, асуджаць i праклiнаць.
Гэта, радасна думае ён, ёсьць мова, якую яшчэ яго настаўнiк, добры доктар Марцiнус, так магутна скарыстаў i яна, як удар плёткай, для леных сэрцаў i прыдатная, каб навучаць гераў pastores, як сёньняшнiх, так i будучых, баяцца; таму абавязвае й гэтых прысягнуць таксама, што яны будуць ахоўваць давераныя iм парафii ад такiх аблудаў i не пацерпяць, каб хоць адзiн хто з даверанага статку прыляпiўся да богамярзотнага гурту цi сэкты.
I калi цяпер, руплiва ўсё гэта запiсаўшы, ён перачытвае ўсё яшчэ раз, здагадваецца раптам, якую сiлу дасьць гэтая прысяга яму як судзьдзю, якi вырашае, каму належаць да праведнiкаў, а каму да лiхамысьнiкаў; i каб гэта таксама занатаваць дакладна, дадае яшчэ адно ўказаньне сьвецкiм уладам што да падтрымкi духоўннага пастуха, i пiша, дробненькiмi лiтарамi, бо ўжо й месца мала на аркушы: У заключэньне я прысягаю, што буду ў поўнай вернасьцi й паслушэнстве хрысьцiянскаму загаду й мандату Яго сьветласьцi князя герцага Адальфа, нашага лiтасьцiвага валадара, i буду кiравацца разам зь Сьвятым Пiсаньнем i Аўгсбургскiм веравызнаньнем толькi хрысьцiянскiмi царкоўнымi парадкамi княства Шлезьвiг-Гольштэйн. I ў якасьцi маргiналii ўнiзе на полi лiста надрапаў: На ўсё гэта прысягаю бяз усякага фальшу й хiтрыны з добрым сумленьнем, i хай дапаможа мне Бог. Аман.
Герцаг, высокапастаўленай асобе якога тайны радца Лёйхтэнтрагер складае новую прысягу, у вышэйшай меры задаволены ёю i распараджаецца без адкладу абвясьцiць яе ў герцагстве Шлезьвiг i ўсюды, куды сягае яго валоданьне, i гер тайны радца тонка ўсьмiхаецца й кажа свайму прыяцелю Паўлю, што будаўнiцтву царства божага ў Шлезьвiгу пад дабрадайнай дыктатурай яго супэрiнтэндэнта больш нiчога на дарозе не стаiць. I як што выяўляецца фактычна, што геры pastores i такiя, якiя iмкнуцца да пасады, усе разам прысягнуць новай прысягай, надрукаваныя formularia з пячаткай i подпiсам трэба тэрмiнова адаслаць назад супэрiнтэндэнту, каб вернасьць i вера былi зарэгiстраваныя афiцыйна. I толькi пры гэтым сапраўды пачнецца здаровае супернiцтва сярод духавенства: хто верне больш заблудных авечак у статак альбо хто хутчэй дасьць належным органам патрэбнае ўведамленьне пра таго, хто яшчэ трывае ў богамярзотных вучэньнях, каб начальствы маглi прыняць строгiя меры ў адпаведнасьцi з законам. Асаблiва ў Эйдэрштэдшэне, дзе ў вялiкiм мностве асялiлiся нiдэрландцы, бо дома яны перасьледавалiся б папiстамi, наладжваецца вясёлае паляваньне; была й ёсьць старая iсьцiна, што, як лiсы й ваўкi хвалююць быдла ў хляве, так i чужынцы прыносяць у дом неспакой; i праслухоўваюцца ўсюды заезды й рынкi й нават дамы, цi не вядуцца там мудроныя гамонкi, цi не завялiся там кнiжкi Давiда Ёрыса альбо Мэна Сiманса й iм падобных пярэхрыстаў-ератыкоў i iлжэпрарокаў, цi не праводзяцца там тайныя зборнi iншадумцаў; i гер пастар старанна ўсё натуе й пiша даклад, хто па добрай волi хрысьцiць сваiх дзетак, а хто не, як часта той цi iншы ходзiць у кiрху, як слухае там казанi, цi рэгулярна прычашчаецца ад цела Хрыстовага. Але сярод людзей шырацца страхi, бо колькi таго часу прайшло, а ўжо ўсплываюць жывыя ўспамiны пра тое, як палiлi на попел пярэхрыстаў-ератыкоў, некаторых нават прывязвалi да слупоў i падсмажвалi альбо рвалi распаленымi абцугамi, а каторых душылi й расьсякалi альбо вешалi на дрэвах, альбо кiдалi ў глыбокiя ямы да пацукоў i нечысьцi, дзе ў iх адгнiвалi ногi.
Дзе рупнасьць з аднаго боку й страх з другога, там ня можа ня быць посьпеху. Як трусы ўвосень, так у Шлезьвiгу будуць выкураны зь iх нораў мэнанiты й давiд'ёрыты; геры пастары й пробашчы дакладваюць тут пра аднаго, там пра другога й пра самых зацятых спрэчнiкаў сярод iх, сьвятар Мумзэн з Ольдэнворта й ягоны cоnfrаter Молер зь Цёнiнга выганяюць кожны тузiнамi тых, якiя ня хочуць прызнаваць, што чорт сядзiць ужо ў толькi што народжаных i таму iх трэба хрысьцiць як мага хутчэй; яны ў адзiн голас заявiлi, што праз добрыя ўгаворы й застрашэньне вечным пракляцьцем яны вярнулi многiх грэшнiкаў да правiльнай веры, а рэшта зацiнаецца ў д'ябалькiх iлжэвучэньнях, i тут трэба, каб самы моцны з нас, сам гер супэрiнтэндэнт прыйшоў парахавацца зь iмi.
Гэта, прызнае Айцэн, знак неба. Будзе дадзены добры прыклад, будзе й духоўны суд, вядома, зь сiлай сьвецкiх начальстваў на заднiм плане, але цяпер справа гэтая будзе праходзiць iнакш, чым колiшняя дыспутацыя з жыдамi, тут ўжо нiякi Агасфэр ня стане ўпоперак, тут адразу, прыпаўзуць ератыкi да крыжа цi не, а справа будзе боская, i будзе знак усiм у герцагстве й далёка за яго межамi, што ёсьць тут нехта, менавiта ён, супэрiнтэндэнт Паўлюс фон Айцэн, якi захiсьне Лютэрава слова такiм, якiм яго прапаведаваў добры доктар, аслонiць яго ад любых ухiлаў i цкаваньняў.
Калi ён дакладвае план свайму прыяцелю, тайнаму герцагскаму радцу Ёганэсу Лёйхтэнтрагеру, той пачэсвае гарбок, той як заўсёды лёгенька ўсьмiхаецца, крыху мо больш коса, i кажа, што гэта была б капiтальная штука - зладзiць такi працэс, уключаючы абвiнавачваньне, допыт i асуджэньне вiнаватых, гэта быў бы йстотны ўклад у стварэньне таго парадку, якi патрэбен для працьвiтаньня дзяржавы, i ён сам перагаворыць з высакародным i шматшаноўным Каспарам Гоерам, шталерам i прэфэктам герцага ў Эйдэрштэдшэне, каб ён ўсё падрыхтаваў, каб слуханьне магло адбыцца неўзабаве ў горадзе Цёнiнгу, дзе, дарэчы, падаюць вельмi смачных крабаў i выдатнае пiва.
З Шлезьвiга да Цёнiнга вядзе прыгожая, хоць i калдобiстая дарога, i сонца сьвецiць на павясноваму чыстым небе, i Айцэну, хоць ужо й ператрэсла ў карэце ўсе вантробы, але вельмi премна на душы, як толькi можа быць прыемна чалавеку, на чыiм баку разам з адзiна правiльным i шчасьцедайным вучэньнем яшчэ й палiцыя. I герцагаў шталер i прэфэкт, шматшаноўны й высакародны Каспар Гоер, якi чакае яго ў двары Цёнiнгскага замачка, таксама чалавек, зь якiм можна зварыць кашу, хоць геру шталеру менш за ўсё абыходзiць, як хрысьцяць i прычашчаюць дзяцей, але калi ўжо яго начальнiк, герцаг, здаецца, аднаго разу паверыў, што чалавечае шчасьце й дабрабыт дзяржавы залежаць ад падобнага роду царкоўных штучак, i паколькi ён, Каспар Гоер, хацеў бы ў будучым спакойна спажываць сваiх вугроў i смажаную сьвiнiну, да таго ж i шкляначку добрага вiна цi хоць бы й пiва, дык ён загадаў увязьнiць у Цёнiнгскай вежы Клаўса Петэра Катэса й Клаўса Шыпера й Дзiрыха Петэрса й Сiверта Петэрса, гэтаксама як i Вопа Карнэлiуса й Мартэна Петэрса й Карнэлiуса Сiверса, большасьць iх з Ольдэнворта, астатнiя з Тотэнбюля i Гардзiнга, i дзеля асьцярогi на ўсякi раз канфiскаваў iхняе быдла й барахло, каб, калi яны будуць асуджаны, было нешта, на што герцаг мог бы накласьцi руку.
Усё гэта й тое, што ён, шталер i прэфэкт Iх герцагскай мосьцi, уласнай пэрсонай будзе сядзець на судзе над ератыкамi, Айцэн дазнаецца ад шматшаноўнага й высакароднага Каспара Гоера падчас iхняга шпацыру да гаванi, а было iх двох гераў салiднага ўзросту, у поўным суладзьдзi памiж сабою i зь сьветам, дзе яны глядзелi, як рыбакi выцягвалi на бераг улоў, - прыгожыя тоўстыя рыбiны ўсiх вiдаў i цэлая плойма розных сьлiмакоў i крабаў, якiя, добранька пачышчаныя i вылушчаныя, пад адпаведна моцным соўсам - чыстае разьядзеньне.
Прыемны настрой трымаецца яшчэ й на ранiцу, калi Айцэн выпраўляецца ў штатгальтарства, дзе павiнен засядаць суд; занач ён глыбока i ўсмак выспаўся, часткова ад вiна й вострай вадзiцы, сервiраванай яму шматшаноўным Каспарам Гоерам, а часткова i галоўным чынам таму, што яго добрае й чыстае сумленьне гэта лепш за ўсякiя мяккiя падушкi. Не, ён не ненавiдзiць усiх гэтых Катэ й Шыпераў i Петэрсаў, i як там яны яшчэ завуцца, хутчэй за ўсё, калi толькi яны акажуць згоду вярнуцца на дарогу правiльнай веры, а ён глядзiць на iх вачыма пастуха, якi знайшоў сваiх згубленых авечак на небясьпечным схiле, ён ставiцца да iх зь любоўю, але ж i з клопатам i спагадай, бо вось жа яны ў два рады пад аховай узброеных шталеравых галаварэзаў-палiцыянтаў, а справа й зьлева ад iх, адкiнуўшыся на зручных крэслах, pastores Мумзен i Молер i iншыя духоўныя геры, якiя прыйшлi, каб павучыцца ў свайго супэрiнтэндэнта абыходжаньню зь ератыкамi. Абвiнавачаныя, праўда, выглядаюць менш умiратворана: цёмная вежа прыбледнiла iм твары, здаецца, яны нават мерзнуць, пацiраюць сабе локцi, нацёртыя занадта кароткай вяроўкай.
Шматшаноўны шталер i прэфэкт на сваiм судзьдзёўскiм крэсьле нахiляецца да Айцэна, якi ў якасьцi iнквiзытара сядзiць леваруч i крыху нiжэй пад iм, i шэпча яму, што, калi дойдзе да допыту, хай ён, калi хоча, крыху падцiсьнецца з розным там духоўна-апытальным хламам, бо шталерыха на абед зафундавала выдатныя смакошчы, вэнджаная ласасiна найперш, такая далiкатная, што сама на языку растае, а пасьля фаршыраваная качка зь зелянiнай. Пасьля чаго, на што ён гучным голасам указвае судоваму пiсару, загадвае агалошваць iмёны абвiнавачаных, цi на месцы кожны, i цi ўласнай асобай, пасьля прачытаць абвiнавачаньне. У рэдагаваньнi яго Айцэн браў актыўны ўдзел, як яно й вiдаць з тэксту, якi кiшыць рознымi