пяць сыноў i тры дачкi, якiм усiм хочацца ням-ням, а ў Лёйце так усяго мала, хлеба няма, пiва таксама няма, i таму ён цяпер хацеў бы мець яшчэ й кiрху ў Боэлi, будзе прапаведаваць карацей, пiша ён, два разы па дзесяць запаведзяў было б дастаткова, калi б дарога не такая доўгая, а на сымболе веры i sacramenta ён, так бы мовiць, падхалтурваў бы дадаткова да асноўнай казанi. Аполуднi Айцэну сапраўдная пакута; як бы ўсмакавала курачка, што яму прапануецца, далiкатна запечаная, прыемна духмяная, калi ён думае, што яго чакае наперадзе: гэта першы раз, калi ён афiцыйна прадстаўлены на прагонцы пад шпiцрутэнамi, а ў яго ж душы струны танчэйшыя, чым у большасьцi, ён чалавек мiру й вучэбнага кабiнета, а не гарласты, цьвёрдаступны палявы прапаведнiк; але нiяк немагчыма адмовiць герцагу, калi Лёйхтэнтрагер, яго асабiсты добры прыяцель i сябар, аж так вельмi прыблiжаны да Iх мосьцi.

Так усоўваецца ён, як што ўжо блiзiцца трэцяя гадзiна пасьля полудня, у сваю чорную хабiту зь белым каўняром; бярэ з сабой i срэбраны крыжык, каб злачынец, перш чым вырупiцца ў цяжкую дарогу, мог пацалаваць яго, хоць няма пэўнасьцi, што жыд захоча рабiць гэта. I прыйшоўшы на рыначны пляц, там ужо вялiкi натоўп; такое ўражаньне, быццам стлумiўся цэлы горд Шлезьвiг перад крывавым месцам, - дзецi, мужчыны й старыя, з жанкамi, каб пацешыцца з ваеннай гульнi, якая павiнна там адбыцца. Сцягнутыя ўжо й жаўнеры, выбраныя паводле росту, каб удары шпiцрутэнамi таксама клалiся ў правiльным парадку, каб ня было так, што даўгалыгi злачынец мецьме супрацiўнiкам нiжэйшага; толькi хлопчыкi тамбурысты, якiя павiнны будуць сыпаць пошчак падчас працэдуры, у сваiх стракатых куртах, як зласьлiвыя гномы, снуюць, скачуць, мацней падцягваюць скуру на барабанах, каб гучаньне было добрае. I жаўнеры, заўважае Айцэн, у кароткiх мундзiрах, пры ўсёй скураной сваёй збруi, але бяз зброi; iнакш многiя зь iх, магчыма, захацелi б, падазраючы, што й iх чакае такая самая доля, як i асуджанага, павярнуць мячы i ўтварыць фронт супроць сваiх капралаў i афiцэраў i супроць гера супэрiнтэндэнта. А над усiм гэтым вiсiць неба, шэрае як сьвiнец, з хуткаплыннымi хмарамi, якiя ледзь не напаўзаюць на дахi дамоў i не спавяшчаюць нiчога добрага.

Тым часам гер прафуз палка, якi ўсiм камандуе, бачыць гера супэрiнтэндэнта й падыходзiць разам з суб-прафузамi, да яго, вiтае ветлiвымi словамi й запрашае на чарку пасьля выкананьня абавязку.

- Яна вам спатрэбiцца, сьвяты гер доктар, - кажа ён зь лёккiм 'хо-хо' i 'ха-ха', - выгляд у вас ня дужа здаровы.

А суб-прафуз з такiм самым 'хо-хо' i 'ха-ха' ляпае Айцэна па плячы, аж у таго ледзь каленi не падсядаюць. Пасьля чаго прафуз дае знак, i афiцэры й капралы становяць сваiх людзей у два рады, адзiн рад у трыста футаў даўжынёю, тварам да такога смага другога; мамiж iмi праход, вулiца, шэсьць крокаў ушыркi, i жаўнеры на невялiкай адлегласьцi адзiн ад аднаго, але так, каб кожны мог добра замахнуцца.

- Iдзiце за мною, сьвяты гер доктар, - кажа прафуз, - гер суб-прафуз стаiць у тым канцы 'вулiцы' i пасылае да нас хлопца, каб вы, калi ён дойдзе да нас яшчэ жывы, маглi сказаць яму ваша 'пахвалёны будзь'.

Прынесьлi дубцоў, сьвежа нарэзаных зь вербаў унiзе каля рэчкi Шляй i акораных, чатыры кашы зь пяцьцюдзесяцьцю дубцамi, кожны дубец даўжынёю ў чатыры з палавiнаю футы й таўшчынёю зь вялiкi палец мужчыны. Прафуз асабiста дастае з каша то адзiн дубец, то другi й прабуе яго, прасьвiстваючы iм у паветры па драўляным слупе, наверсе якога лунае герцагскi трыкалёр, чырвона-бела-блакiтны штандар, каб ён мог чуць, як сьвiшчуць дубцы, i бачыць, як яны будуць шморгаць па целе няшчаснага грэшнiка, калi ён пабяжыць па вулiцы.

На вежы сабора прабiла тры гадзiны, i шум i галасьня на пляцы ўлеглiся i спакваля ацiхлi зусiм. Адтуль, дзе Гаторпская вулiца ўлiваецца ў рыначны пляц, паказаўся эскорт, дванаццаць конных з аголенымi шаблямi, пасярдзiне iх на возе з драбiнамi з кучарам-гiцлем, злачынец, стоячы на поўны рост са зьвязанымi рукамi, бледны як сьмерць, але зь цьвёрдым позiркам паўзьверх застылага ў чаканьнi натоўпу. Так i едуць яны сярод людзей, праз натоўп, якi толькi неахвотна расступаецца перад конямi, аж туды да чалавечай 'вулiцы', якую ён павiнен прайсьцi восем разоў, чатыры разы туды, чатыры разы назад i за кожным разам атрымаць дзьвесьце шпiцрутэнаў па сьпiне, кожны ўдар лiчаны й разьмераны, бо за кожнымi двума жаўнерамi стаiць капрал, якi сочыць, каб па слабасьцi альбо са спагады ня сьвiснуў слабы ўдар. Два слугi прафуза сьпiхваюць лiхамысьнiка з воза, i вось ужо яны стаяць адзiн супроць аднаго, гер супэрiнтэндэнт i Агасфэр, Агасфэр толькi ў кашулi й портках, i неяк раптам Айцэну не стае сiлы зiрнуць таму ў вочы, ён апускае галаву, i тут бачыць босыя скалечаныя ногi з тоўстымi закарэлымi ступакамi, якiмi яны зрабiлiся ў жыда за паўтары тысячы гадоў вандраваньняў, i яму на душы так, быццам ён павiнен упасьцi на каленi перад асуджаным i цалаваць яму ногi, але тут прафуз штурхае яго ў бок i кажа:

- Малiцеся, сьвяты гер доктар, малiцеся!

I Айцэн ломкiм голасам пытаецца ў Агасфэра, цi ня хоча ён паспавядацца й атрымаць дараваньне, i хоць той стаiць моўчкi, Айцэн лiчыць яго маўчаньне за згоду й пачынае:

- Усемагутны Божа, Айцец мiлажальны, я бедны, гаротны, грэшны чалавек прызнаю табе ўсе мае грахi й лiхадзействы, якiя я ўчынiў помыслам, словам i ўчынкам, чым прагнявiў цябе й заслужыў у цябе кару прысна i навекi вякоў.

Але з гэтага месца далей гаварыць ня можа, бо раптам яму прыходзiць у галаву, што ён, бадай, больш молiцца за сваю шчаснасьць, чым за шчаснасьць лiхамысьнiка, i падымае вочы ўгору да неба ў надзеi, што суцяшэньне прыйдзе адтуль, але позiрк яго падае на твар Агасфэра, няўмольны й поўны цьвёрдасьцi й насьмешкi, i зноў яго забiрае злосьць на жыда, якi заўсёды рабiў яму насуперак i прагнаў нашага Госпада Хрыста ад сваiх дзьвярэй, калi той толькi хацеў трошкi адпачыць ад крыжа, i ён пасьпешна завяршае, толькi дзеля таго, каб выканаць прафузаў наказ, i камячыць тэкст, як Бог дзеля сваёй мiласэрнсьцi й дзеля бязьвiнных горкiх пакутаў i сьмерцi свайго любаснага сына Iсуса Хрыста да нас, бедных грэшных людзей, хоча быць лiтасьцiвым i мiлажальным i дараваць нам усiм нашыя грахi й даць нам моцнасьцi духу дзеля нашага паляпшэньня. Аман.

Пасьля чаго прафуз абвяшчае, што годзе пабожных слоў, i што ваенная юстыцыя i прагны да вiдовiшчаў люд хочуць таксама дастацца да свайго права. Два слугi становяць Агасфэра якраз на пачатку 'вулiцы' тварам у яе, i прафуз камандуе, i голас яго гучыць далёка:

- Гатова да прабегу вулiцы - марш!

Агасфэр бачыць перад сабою бясконцую 'вулiцу', справа жаўнеры, зьлева жаўнеры, вочы, вочы, вочы, два муры з вачамi, i ўсе глядзяць на яго, i паднятыя для ўдару дубцы, якiя далей здаюцца ўсё больш кароткiмi, пакуль усё, вулiца й жаўнеры й прылады, ня ўлiваецца ў адну чорную пропадзь, якая праглыне яго. Спачатку ён адчувае кожны ўдар так, быццам дубец апаясвае яго, i кожнага разу яму займае дух, i ён адчувае, як набухае й лопаецца скура й выступае кроў, густая i гарачая. Пасьля боль зьлiваецца ў хвалi, якiя пракочваюцца па iм i душаць, пакуль ён ня ўскрыквае, як зьвер, крык разьдзiрае горла, вочы лезуць з вачанiц, мяса на сьпiне лопаецца й рвецца, а канца вулiцы ўсё яшчэ няма. Мiласэрнасьцi, шэпча ён, i ведае, што нiхто яго ня чуе, а калi б i пачуў, не ўмiлажалiўся б, i хiстаючыся тупае далей, i зноў удары, зноў посьвiст дубцоў, кляск, якi ўжо ён чуе, быццам гэта не ягоная сьпiна, якая прымае ўдары, не свае мускулы, якiя разрываюцца валакно за валакном.

Вось, нарэшце, дайшоў. I ўсё яшчэ жыве. Ён дыхае з хрыпам, сэрца ў грудзях дзiка б'ецца, боль вакол яго ўсяго як палiто з жару. Але тут ужо паказваецца гер суб-прафуз i хапае яго пяцярнёй, паварочвае й высьпяткам пасылае назад у вулiцу. Ён спытыкаецца, падскоквае. Што ён яшчэ можа бачыць каменьне пад нагамi, зьдзiўляе яго самога, можа чуць глухое вiраваньне барабанаў, думаць можа, столькi крывi, колькi ж крывi ў чалавеку. Яго сьпiна суцэльнае чырвонае месiва: кашуля, скура, чырвонае мяса; скора аголяцца косьцi, ясна. Пасьля, калi падымае галаву, каб разгледзецца ў страшнай дарозе, ён бачыць Айцэна, чорнага й малюсенькага ў аддаленьнi, але ён робiцца ўсё большы й большы, з кожным крокам падрастае, з кожным ударам, рысы твару робяцца больш пазнавальныя, востры нос, сьцяты рот, маленькiя блiскучыя вочы. I калi ён падыходзiць да яго, апускаецца яшчэ апошнi ўдар на ягоныя плечы, ён падае на каленi перад iм i просiць, кусаючы губы:

- Дайце мне адпачыць крыху каля вас, бо я ў ранах i змогся да сьмерцi.

Словы гэтыя Айцэн ведае добра, i раптам яму зноў робiцца страшна i ўжо нiчога iншага ня хоча, як толькi адпусьцiць жыда з вачэй, з жыцьця, i ён выкрыквае:

- А што вы сказалi, калi наш Гасподзь Iсус прыйшоў да вас з крыжам на сьпiне й папрасiў у вас таго самага.

- Я, - кажа Агасфэр, спрабуючы ўсьмiхнуцца, - любiў рабi.

Айцэн крывiць твар; гнеў Госпада адолеў яго за такую жыдаву крамолу:

- Прэч, сказаў ты, i прагнаў нашага Госпада Iсуса ад тваiх дзьвярэй, i ён пракляў цябе...

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×