па шчацэ, але рудабароды перахапiў агрэсiўную руку.
- Супакойся, заўтра прыйдзеш, i я дам грошы. Ты ж нас ведаеш i любiш. А ён перабраў.
Калматы жывапiсец адышоў на колькi крокаў i гучна сказаў:
- А ў Саскii не было складак тлушчу на спiне.
XXII. РАБАЎНIК
У Рабаўнiка было хобi - джаз. Ён збiраў фiрмовыя кружэлкi, наведваў канцэрты i нават меў свой уласны iнструмент. Калi да яго прыходзiла жаданне, дык Рабаўнiк браў саксафон, уяўляў сябе на белым цеплаходзе, што асветлены рознакаляровымi лямпачкамi плыве па начной Мiсiсiпi, i доўга натхнёна iмправiзаваў. Гадзiнамi Рабаўнiк мог заставацца сам-насам з каштоўным iнструментам i ўсяго толькi дзеля ўласнага задавальнення.
На сольны канцэрт амерыканскага джазмена трубача Рабаўнiк ездзiў у Маскву.
'Раз у жыццi можна пачуць i ўбачыць Бога', - падумалася Рабаўнiку, калi ён браў квiток на самалёт.
Пасля канцэрта Рабаўнiк палiў на ганку фiлармонii. Побач з iм палiлi дзве маладыя пiянiсткi.
- Ён - Бог! - цiха гаварыла адна. - Я ж не разумела джаз... А тут раптоўна для мяне адкрыўся новы свет. Трынаццаць гадоў я займалася музыкай, i кожны настаўнiк лiчыў за свой абавязак нагаварыць рознай дрэнi пра джаз. Але калi слухаеш Бога, усе настаўнiкi робяцца лiлiпутамi...
'Сапраўды, а чаму Бог не можа быць неграм? Чаму абавязкова добры стары дзед з доўгай барадою, а не тоўсты трубач?' - падумалася Рабаўнiку, i ён сказаў уголас:
- Цалкам з вамi згодны. Ён - Бог! I я не жартую.
Пiянiсткi пераглянулiся, i тая, што казала пра Бога, знiзаўшы вострымi плячыма, спыталася:
- А, зрэшты, хто вы такi?
- Я? - Рабаўнiк зразумеў, што цалкам не падрыхтаваны да размовы, i ледзь не назваў сваё сапраўднае iмя, - Раман, я - рэстарацыйны саксафанiст з Гомеля. Правiнцыял, якi мае толькi адну загану, люблю джаз...
Пiянiсткi, было вiдаць па тварах, страцiлi цiкаўнасць да асобы правiнцыяла, але на развiтанне адна з iх, што была ў зялёнай сукнi, вырашыла ўсё ж паставiць чорны крыж на выпадковым знаёмстве.
- Скажыце, а ў Гомелi ўсiм супрацоўнiкам рэстарацый выдаюць ангельскiя гарнiтуры цi толькi тым, што крадуць мяса?
Рабаўнiк зазлаваў, але выгляду не падаў:
- Прабачце за нясцiпласць, але на мне фiнскi гарнiтур, а не ангельскi. Мяса я, на жаль, не магу красцi, бо яно размяркоўваецца памiж кухарамi. Я краду, даруй мне Божа, толькi каньяк, i калi вы не супраць, дык у гатэлi 'Расея' ў мяне засталася апошняя крадзеная бутэлька, якую можна выпiць за джазмена.
- А яшчэ аднаго аматара джаза з Гомеля ў вас няма? - спыталася пiянiстка ў чырвонай сукнi.
- З сабой няма, ён застаўся распрацоўваць тэму 'Радыеактыўны блюз'.
- Тады паехалi ў 'Расею'. Удзвюх мы як-небудзь з вамi справiмся.
'Паглядзiм', - падумаў помслiвы Рабаўнiк.
Досыць доўгае стаянне на таксовым прыпынку дазволiла яму перайграць сiтуацыю, i ў вынiку трыо аматараў джаза апынулася ў рэстарацыi 'Прага'. Пасля выпiтага каньяку пiянiсткi ледзь не ўгаварылi Рабаўнiка выйсцi на эстраду, пазычыць саксафон i сыграць 'Радыеактыўны блюз'.
- Калi будзеце так даставаць, дык я прадам свой фiнскi пiнжак, але ўгавару лабухаў iграць тры разы запар 'Сабачы вальс', i ад канцэрта чорнага Бога не застанецца нi знаку, нi следу.
'Сабачы вальс' пiянiсткi слухаць не захацелi, затое пагадзiлiся ўзяць на вынас каньяк i шампанскае ды пагуляць па начной Маскве. Прагулянка, як i разлiчваў Рабаўнiк, скончылася танцамi на кватэры ў адной з пiянiстак. Танцавалi дзяўчаты выдатна.
'Трынаццаць гадоў адзаймайся музыкай, i пачуццё рытму выпрацуецца, хочаш ты таго цi не хочаш', - зазначыў для сябе Рабаўнiк.
Незаўважна для дзяўчат ён растоўк на кухнi дзве пiгулькi сонных лекаў i высыпаў у келiх пiянiсткi, што была ў чырвонай сукнi. Тая выпiла разам з усiмi за чорнага Бога i нават не заўважыла, што смак напою змянiўся. Рабаўнiк запрасiў яе на доўгi павольны танец.
- Спа-а-аць, - пiянiстка пазяхнула.
- Пайшлi, я правяду, - ён пацягнуў яе за руку.
- Не трэба, я сама, - сказала яна, але паслухмяна пайшла за Рабаўнiком у спачывальню.
- Рабi што заўгодна, толькi хутчэй. Я проста памiраю, так хачу спаць.
Па ўсiм Рабаўнiк зазначыў, што пачуццё рытму ў пiянiсткi не знiкае нават пасля каньяку, шампанскага i сонных лекаў.
Другая пiянiстка цiхамiрна спала, седзячы ў глыбокiм фатэлi.
Рабаўнiк падрыхтаваў на кухнi новы келiх з каньяком i сонным. План у яго быў даволi просты, але, каб здзейснiць, давялося аднаўляць сваю мужчынскую здатнасць з дапамогаю самага звычайнага масiравання. Калi чэлес меў станоўчы выгляд, Рабаўнiк пабудзiў пiянiстку, што заснула ў фатэлi. Яны нават не клалiся на кiлiм, Рабаўнiк здзяйсняў свой план, укленчыўшы каля фатэля.
Па ўсiм пiянiстка засталася задаволеная. Рабаўнiк прапанаваў выпiць, i яна праглынула сонны напой. Ён не пашкадаваў пяшчоты, каб дзяўчына хутчэй заснула.
Рабаўнiк запэўнiўся, што пiянiсткi спяць, прыняў душ, памыў посуд, старанна працёр усе паверхнi, дзе маглi застацца адбiткi ягоных музычных пальцаў, i пачаў педантычнае, але хуткае абследаванне кватэры. Ён пакiнуў абрабаванае жытло толькi тады, калi ў кiшэнях фiнскага гарнiтура ляжала каштоўнасцяў тысяч на дваццаць пяць. У гатэль 'Расея' Рабаўнiк не паехаў, бо спынiўся ён у гатэлi 'Украiна'. Адтуль, вядома ж, разлiчыўшыся, ён даехаў на таксоўцы ў аэрапорт i праз колькi гадзiн быў у родным Менску.
Праз месяц Рабаўнiк даволi выгодна прадаў саксафон i калекцыю фiрмовых кружэлак, бо канчаткова пераканаўся, што з-за хобi - любовi да джаза - можна атрымаць дысквалiфiкацыю ў сваёй асноўнай гульнi - кватэрных рабаваннях.
Рабаўнiк клаў у кiшэню грошы за iнструмент, i яму падумалася, што Бог усё ж больш падобны да белабародага дзеда, чымся да потнага амерыканскага негра з трубою.
XXIII. МАНЕКЕНШЧЫЦА
- Ну, не плач, не плач, - сяброўка суцяшала Манекеншчыцу. Тая размазвала хустачкай сапсаваны слязьмi макiяж i нiяк не магла супакоiцца.
- Я ж думала, што ён сапраўды мяне любiць. А ён...
- Гад ён, - уставiла сяброўка.
- Ён не гад, ён добры... А сягоння, я нават не ведаю, што на яго найшло. Я з падарункам... У яго - дзень нараджэння. Я прынесла шалiк доўгi белы шаўковы... Ведаеш, як прыгожа глядзяцца на высокiх мужчынах доўгiя шалiкi? Уяўляеш, у яго ёсць чорнае палiто, вось да яго i купляўся гэты шалiк. Проста вымольвала ў Доме мадэляў, ледзь не ўкленчыла. Мне ж так хацелася, каб у Мiколенькi быў такi падарунак, каб яму было прыемна... А ён выгнаў мяне i шалiк кiнуў у твар. Ненавiджу яго!
- Шалiк? - здзiвiлася сяброўка.
- Пры чым тут шалiк? Яго хто нi навяжа, адразу робiцца падобны да гомасексуалiста. Мiколеньку я ненавiджу. Ён мне ўсё жыццё перакруцiў, каб яго самога ў пятлю скруцiла. У мяне быў муж, памятаеш? Абы-што, але муж. З-за Мiколенькi мы развялiся. Ну, ды Бог з iм. Потым мне падалося, што Мiколенька - нiкчэмнасць, сквапны дробны хлус. Я папрасiла пазычыць мне 200 рублёў, а ён апусцiў вочкi i сказаў, што ў яго iх няма. Як жа ж, няма! Я i завяла сабе немца. Памятаеш, таго тоўстага iнжынера? Выдатны быў немец. I якая ж я была дурнiца, калi з-за Мiколенькi пакiнула iнжынера з маркамi. Я паверыла ў словы пра каханне, iдыётка. А сягоння прыйшла з падарункам, бо Мiколенька паабяцаў нарэшце пазнаёмiць мяне са сваiмi бацькамi. А замест бацькоў ён мне паказаў часопiс...
- Часопiс? - сяброўка здзiвiлася.
- Памятаеш вокладку: я аголеная трымаю ў руках кавалак паўпразрыстага шкла? Твару не вiдаць. А ўсё астатняе... Каму якая справа? Гэта ж мая праца, слушна? Чаму ўсiм зайздросна, што ў мяне прыгожае цела? I таму яго трэба хаваць у саўкоўскiх анучах?..
- Дый не павiнна ты хаваць сваё цела, - пераканана сказала непрыгожая сяброўка.
- А, можа, Мiколенька думае, што я была б супраць, каб i яму прапанавалi сфатаграфавацца на вокладку? Ды нi ў якiм разе, фатаграфуйся, колькi заўгодна... Толькi нiхто не прапануе. На твары ж не напiсана, што дзед пакiнуў паўмiльёна ў спадчыну? А Мiколенька ўпэўнены, што ўсё гэта вiдавочна, што, маючы грошы, можна здзекавацца з каго заўгодна. Ён упэўнены, што мне падабаецца займацца сексам у ягонай смярдзючай машыне. Ну, я разумею, была б сапраўдная машына, дзе можна было б легчы. А ў гэтай,