пытацца? Коўдра дык коўдра, на кухнi дык й-ййк.. Iкаўка напала. Пайшлi дап'ём.

На кухнi Госць выпiў з гаспадаровай шклянкi, паклаў у кiшэню пачак цыгарэт, развiтаўся i сышоў.

Гаспадар прынёс з кладоўкi коўдру i падушку з прасцiнамi, сябры нечаканага Госця пачалi ўладкоўвацца на ноч, а ён вярнуўся да каханкi. Тая прахапiлася ад сну, села на ложку i запыталася:

- Сышлi?

- Цiшэй ты! Леглi на кухнi.

- Утраiх?

- Удваiх, адзiн сышоў.

- А гэтых няўжо ты не мог выгнаць?

- Ды цiшэй гавары, - асцярог гаспадар. - Не мог я iх выгнаць.

- Тады будзем спаць, - каханка павярнулася тварам да сцяны.

Мужчына паклаў руку на жаночыя грудзi. Яму хацелася цеплынi i пяшчоты. Жанчына адкiнула мужчынскую руку ад сваiх грудзей.

- Ты не хочаш?

- Будзем спаць.

- А чаму ты не хочаш? Ну, перапынiлi нас, з кiм не бывае...

- Непрыемна, калi побач чужыя людзi...

- Ну, хочаш, я пайду зараз i праганю iх.

- Не трэба, давай спаць.

Мужчына зноў паклаў руку на жаночыя грудзi. Яму нясцерпна хацелася пяшчоты. Жанчына ўзяла мужчынскую руку i павольна перасунула яе з грудзей сабе на жывот, потым нiжэй у самае гарачае месца.

Ранiцай каханка пабудзiла гаспадара. Яна паспела апрануцца i стаяла каля ложка ў куртцы i ботах.

- Ты сыходзiш? - гаспадар соладка пазяхнуў.

- Мяне чакаюць на працы, - каханка нахiлiлася i пацалавала гаспадара ў няголеную шчаку.

Той iзноў пазяхнуў, павярнуўся тварам да сцяны i апынуўся ў недагледжаным сне. Прачнуўся ён з-за таго, што моцна грукнулi ўваходныя дзверы.

'Сышлi. Нарэшце. Божа, якi кайф! Можна i ўстаць'.

Гаспадар пайшоў на кухню, каб паставiць iмбрык. Там на разасланай коўдры ляжала сяброўка начнога Госця i з неапiсальным здзiўленнем пазiрала на аголенага засмучонага гаспадара, якi спачатку засмуцiўся, а толькi потым скемiў, чым так уразiў жанчыну.

- Прабач, - нарэшце сказаў ён i прыкрыў рукой сваё самае мужчынскае месца. - Я ж думаў, усе сышлi, i хацеў толькi iмбрык на плiту паставiць.

- Нiчога страшнага, я зараз устану i пастаўлю...

Гаспадар вярнуўся ў пакой i, калi пачаў апранацца, дык адчуў, што яму iзноў захацелася жаночае пяшчоты. Пакуль мужчына апранаўся, дык жанчына паспела прыбраць на кухнi i паставiць iмбрык.

- А я ложак не паспеў заслаць, - сказаў гаспадар, як пабачыў прыбраную кухню.

- Ты зараз iдзеш на працу? - спыталася жанчына.

- Не пайду, затэлефаную i вазьму бiблiятэчны дзень.

- А ў мяне самы звычайны адгул.

'Загул, - падумаў гаспадар, - самы звычайны загул. I трэба, каб ён працягнуўся'. Ён разлiў кiпень па кубках.

- Ты, напэўна, не выспалася на падлозе?

- А чаму ты пытаешся?

- Гэта праўда, што твой сябра з мiнiстэрства ўнутраных спраў?

- А якое гэта мае значэнне?

- Калi ў цябе выхадны, дык можаш легчы на мой ложак i паспаць.

- У тваёй прапанове эратычны падтэкст?

- Я не падумаў, але, калi мужчына застаецца з жанчынай, у кожным слове, напэўна, ёсць падтэкст.

- Сапраўды, а чаму не паспаць у выхадны дзень? Занятак не з горшых, сяброўка начнога Госця памыла кубкi.

Мужчына i жанчына леглi ў ложак. Ён паклаў руку ёй на жывот. Яна абняла яго i прытулiлася ўсiм целам. Мужчына гладзiў жаночую спiну. Раптам у вiтальнi падаў голас дзвярны званок. Гаспадар адхiнуў палюбоўнiцу, устаў i на дыбачках прайшоў у вiтальню. Праз дзвярное вочка ён убачыў азызлы твар Госця.

'Колькi можна хадзiць? Нi канца, нi краю. Ну, колькi можна хадзiць i збiваць кайф? Не адчыню, i канец!' - падумаў гаспадар i вярнуўся ў ложак, дзе адчуў, што ўжо не хоча жаночай пяшчоты.

XXVII. НЯБОЖЧЫК

На памiнкi я патрапiў выпадкова. Ну, не зусiм выпадкова, бо ўсё ж ведаў Нябожчыка - колькi разоў сядзелi i выпiвалi за адным сталом. Але i памiнкi былi не зусiм памiнкi, бо сабралiся толькi аднакурснiкi Нябожчыка, нi мацi, нi жонкi, нi каханкi не было за жалобным сталом. Са слоў прысутных я зразумеў наступнае...

За чатыры днi да пахавання Нябожчык, тады яшчэ жывы i вясёлы саракагадовы мужчына, сказаў дома, што едзе ў камандзiроўку, а сам пайшоў да каханкi. Там ён i сканаў. Сэрца спынiлася. Каханка выклiкала 'хуткую дапамогу'. Нябожчыка завезлi ў морг, дзе ва ўлiковай кнiзе зрабiлi запiс наступнага зместу: такi i такi ўзяты па адрасу - горад Менск, вулiца Багдановiча, дом 55, кватэра 200. Потым адрас быў закрэслены i напiсана, што Нябожчыка забралi з дому. А калi 'з дому', дык у моргу нiхто i не хваляваўся, усе былi ўпэўненыя, што сваякi ведаюць пра смерць. Але ж i мацi i жонка нiчога не ведалi. А каханка маўчала. Потым пайшлi чуткi, але ўсе яны разбiвалiся аб тэлефоннае 'ў камандзiроўцы'. Нарэшце адзiн з аднакурснiкаў здагадаўся затэлефанаваць у морг, дзе яму прапанавалi прыехаць i апазнаць Нябожчыка. Ён апазнаў i ўзяў на сябе ўсе пахавальныя клопаты. Гэты аднакурснiк працуе разам са мною, i адпаведна мне давялося сёе- тое яму дапамагчы, ну, напрыклад, я 'дастаў' каньяк, бо цяпер на памiнкi ўсе ходзяць са сваёй бутэлькай. Вось так я апынуўся за жалобным сталом, за якiм даведаўся, што Нябожчыка забралi ў морг з майго дому, бо я жыву якраз на вулiцы Багдановiча ў доме 55 i кватэра 200 знаходзiцца ў суседнiм пад'ездзе.

З памiнак я вярнуўся позна i адразу лёг спаць. Прачнуўся я пасярод ночы, бо пачулася, як нехта гучна назваў маё iмя. Я расплюшчыў вочы i ўтрупянеў. За акном нехта стаяў. Цёмны расплывiсты твар ляжаў на шчыльна завешаных шторах. 'Дзякуй, што прыйшоў памянуць маю душу', - даляцела з-за акна. Каб я жыў, як i раней, на першым паверсе, я падумаў бы, што гэта дурны жарт якiх-небудзь падпiтых знаёмцаў, але я жыву на пятым паверсе... Я ляжаў у ложку i не мог нават варухнуцца, каб запалiць святло. 'Падыдзi да акна', сказаў цень голасам Нябожчыка. Пакуль я ўставаў i iшоў да акна, цень знiк. Я рэзка адкiнуў штору i быў ужо ўпэўнены, што там нiкога няма. Але я ўбачыў, што пад лiхтаром стаiць Нябожчык. На iм быў чорны гарнiтур, белая кашуля i элегантны маленькi гальштук-мятлiк. У мёртвым лiхтарным святле срэбнымi водблiскамi iскрылася сiвая фрызура i падкручаныя цёмныя вусiкi. Нябожчык глядзеў на мяне. Праз хвiлiну ён нахiлiў голаў, маўляў, я з вамi развiтваюся, i рушыў у бок пад'езда, дзе была кватэра 200.

Адзiнае, што я вынес з гэтага здарэння, дык упэўненасць, што на саракавiны мне хадзiць не варта, хай сабе i запрасiлi.

Зямля - пухам.

XXVIII. ТУСОЎШЧЫК

Журналiст, чакай! У мяне ёсць што сказаць для друку. Ты мяне помнiш? Гурт 'Эксгуматар', трэш, мэтал, я на басе. Успомнiў? Гэта я. На сцэне адно, а ў жыццi зусiм iншае. На сцэне - завод, кайф, лом... А ў жыццi - шаноўныя, набывайце фотаздымкi! Брус Лi! Шварцэнегер! Цой! Апошнi здымак, за дзень да смерцi! Рэмба! Нiндзя! Набывайце, кошт - адзiн рубель! Класны занятак для рокера. Лепей не прыдумаеш. Я па сем гадзiн стаю ў сырым падземным пераходзе i гандлюю гэтай поганню, раблю бабкi, зарабляю на гiтару - на музыку. I гэта больш сумленна, чым лабаць у рэстаране, а потым высоўвацца на тусовачным фестывалi. Кабак ёсць кабак, туды толькi ўлезь, i назад дарогi няма. I якi б ты моцны нi быў, а раз-другi злабаеш папсу кабацкую i ў рок ужо не вернешся. Вось так вузлы завязваюцца. А я - рок-н-рольшчык, я люблю па металу загасiць, я за трэш... I не трэба крывiцца. Трэш яшчэ сваё слова скажа, краiна здрыганецца. Ты ж чуў нашы каманды - 'Бастыён', 'Тарнада', 'Радыяцыя'?.. Гэта ж магiла ўсiм астатнiм. Мы прымусiм нас слухаць. Мы ўрэжам так, што ў слабанервовых галовы паадлятаюць. Гэта сёння свята ў папсы, i я гандлюю здымкамi, а заўтра прыйдзе наш дзень. Так i напiшы, журналiст, не памылiшся.

Тусоўшчык прыпалiў цыгарэту.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату