добры дзеля таго, каб людзi былi людзьмi, але што тычыцца хлеба, масла i пiва, дык прагрэс горш заразы, тут трэба ўводзiць тэхнiку халерна паволi, у старых броварах варылi пiва ў медзi, пад катламi палiлi смалякамi i полымя йшло праз тую медзь i карамэлiзавала пiва, вось жа памяць у мяне! ёсьць чаму радавацца, або хлеб, рабiлi яго з жыта, якое ляжала ў клунi да лiстапада, пакуль усё з тых каласкоў не перайшло ў зярняткi, i толькi тады яго абмалочвалi, вось быў хлеб! пахнуў за кiлямэтар, калi пяклi гэты Божы дар, а чым быў чарсьцвейшы, тым лепшы, таму кайзэр ахвотней езьдзiў карэтай чымся аўтам i ахвотней пiў вiно, памёр зрэшты ў прыбiральнi, але ён то ўмеў захапляцца эўрапейскiм рэнэсансам разам са Шратавай, я стаяў у Майдлiнку на варце i бачыў кайзэра, Шратава стаяла на драбiне i абрывала сьлiвы, а кайзэр як Гётэ зiркаў ёй пад спаднiцу, калi трымаў драбiну дзеля ейнай бясьпекi, нават i Батыста прызнае, што зарукай шлюбнага шчасьця ёсьць дароднае цела, кайзэр любiў хадзiць у кайзроку, такiм жакеце, што выглядаў як цалкам закрыты фрак, такi ўжо быў шляхоты род тая кайзэрава сям'я, але няшчасьцi iх даймалi такiя самыя, што i iншыя сем'i, сынок, каронны герцаг, мусiў ажанiцца з бэльгiйскай прынцэсай Стэфанiяй, а насалоду меў зь цела Вэцэры, тае прыгажунi з вялiзнымi грудзьмi й вачамi, ну i ўсё скончылася павальнай стралянiнай, Даша, фэльчарка, якая ўвесь час мела прабелы ў палавой гiгiене, сказала мне, калi я распавядаў ёй пра трагедыю ў кайзэраўскай сям'i, авохцi! калi б мы былi муж i жонка, а вы хадзiлi б да iншае, дык я вас таксама застрэлiла б, так мне сказала, бо ў сьвеце пануе трагедыя i раманiсты ўвесь час маюць пра што пiсаць, iду я аднаго разу каля чыгункi, а тут едзе чыгуначнiк на ровары, саскоквае зь яго i кажа мне, Ярыку, скажы папраўдзе, быў учора той гол цi не было? а я яму кажу, не было, i той чыгуначнiк паехаў далей на адным понажы i пакуль перакiнуць ногу, аглядаўся i крычаў, дзякую, праўда пераможа, моцны характар у цябе! так крычаў, бо шмат хто блытаў мяне з футбольнымi судзьдзямi або й фiльмовымi акторамi, хоць я й нiколi ў футбол не гуляў, хiба што дзеля жарту, Моцарт i Гётэ, яны таксама ў футбол не гулялi, i кайзэр не, яму цiкавей было паехаць у Iшль i ганяцца за сарнамi, хадзiў ён у такiх нагавiцах, як дзецi, нагавiцах з пад'ёмным мастом, любiў людзей i еў сьвiнiну, за ўсё сваё панаваньне зрабiў толькi адну грашовую рэформу i загадаў павесiць Шлосарка i Гуга Шэнка, а маёй маме падараваў дваццаць пяць залатых, бо калi мама мясiла капусту, то мела на нагах белыя шкарпэткi, якраз тады былi манэўры, якiмi кiраваў кайзэраў дзядзька Альбрэхт, той, што вышчараў зубы i кватараваў з кайзэрам у аднаго такога Колажа, якога за гэтую кватэру кайзэр потым павысiў у шляхецкi стан, а той барон Колаж за гэтае павышэньне паставiў перад сваiм домам помнiк, я ехаў з мамай па карчы, жаўнеры вялi конi i елi кансэрвы, а мы наладавалi дзьве тачкi дроў i яшчэ паехалi па дзьве плахты травы для нашай каровы, было гэта гадкае падла, але мела пятнаццаць цялят, уся вулiца хадзiла да нас па малако, а калi тая карова памерла, уся вулiца плакала, але засталося ад яе цялятка, мы ўзялi яго ў сьвятлiцу i паiлi з пляшкi, дык кожнага ранку цялятка прыходзiла i лiзала нас, а мой брат Адольф казаў, што яно прыходзiць нас пагалiць, а калi з таго цяляцi вырасла карова, гаспадар Зпурны сказаў, што так прыгожай жывёлiны ён яшчэ ня бачыў, толькi што тая карова не магла глядзець нi на цягнiк, нi на ровар, таму мы чаплялi ёй навочнiкi, Царква тысячу гадоў змагалася з чэскiм народам, каб заглушыць у iм жарсьцi, але як тут ёй даць рады цэламу народу, той робiць хутчэй паводле кнiжкi спадара Батысты пра зарукi шлюбнага шчасьця, як толькi мужык убачыць прыглядную бабу, дык адразу мурашкi йдуць па iм i такi мужык адразу пачынае мазгаваць, як яе завалачы ў пасьцель, гэта, як кажа паэт Бонды, прага зьмянiць жаночую позу з вэртыкальнай на гарызантальную, i ён, хоць i паэт, з тае гарызантальнае позы мае цяперака двое дзяцей, якiх мусiць няўпынна вазiць з сабою ў возiку, мая мама была сьвятая жанчына, выхоўвала нас сама, у тыя часы яна была ўдарнiцай па ўборцы буракоў, калi выпала суша, палiвала iх з ручайка, буракi ў яе былi як цэбры, але нiхто ня мог параўнацца з Ганакамi, гэтыя мярзотнiкi выходзiлi задам, калi акучвалi буракi, каб не пакiнуць на полi нi сьледу, а яшчэ майстрам высокiх ураджаяў быў Мытны, што служыў капралам ва ўланах, з барадою як у прарока Iльлi, летам засоўваў тое валосьсе сабе ў нагавiцы, а зiмою насiў як шалiк, шчыраваў чалавек, увесь час сядзеў у лесе, а потым толькi памолiцца i зноў бяжыць за бабамi ў поле, ганяўся i за каровамi, бабаў падганяў добрым прыкладам i пугай, з такога спадар прэзыдэнт i сёньня меў бы карысьць, калi б iх было тысяч зь дзьвесьце, пры гаспадарцы ён меў карчму, але ягоная жонка замест налiваць гасьцям, налiвала сабе, дык ён, як што быў выхаваны па-каталiцку, бiў яе i бiў, пакуль не дабiў, паводле Старога Запавету конi i каровы ў яго былi начышчаныя да бляску, да таго куфэрак грошай i кнiжачкi ў ашчаднай касе, адна баба на прозьвiшча Шумплiца, каб не насiць выаранай бульбы, засыпвала яе босай нагою, але стары Мытны гэта ўбачыў i адсьцябаў яе пугаю, ажно яна абамлела, вечарам ён папраўляў мутрахлясты абутак i чытаў асьветнiцкую кнiжку, пакуль сеяць, адмочваў пшанiцу ў сiнiм купарвасе, любiў калоць парасятаў i да юшкi дадаваў пернасьцi ажно аднекуль з Афрыкi, яванская карыца, панна, лепшая за цэйлёнскую, такая лагодная карыца добрая для гарачага вiна i пiражкоў з павiдлам, але ўсё-ткi ў Аўстрыi людзi былi страшэнна адсталыя, адзiн мужычок матычыў поле i адматычыў сабе палец, бо думаў, што гэта вусень, настаўнiк Латал лупцаваў вучняў i бiў iх галавою аб дошку, бо вучнi кепска навучалiся рысавальнай геамэтрыi, а пробашч Збожыл хапаў хлопцаў за карак i трос iх як трусоў, бо не маглi зразумець, што ласка ёсьць божай натурай i звышнатуральнай заслугай, таму наш пробашч мусiў няўпынна малiцца, каб ня быць такiм злосным, бо здаралася яму часам адставiць келiх i заляпiць поўху мiнiстранту, а потым далей служыць iмшу, такая была тая аўстрыйская дысцыплiна, якая мела слабасьць да парадаў i колераў, арцыбiскуп насiў фiялетавы капялюш i фiялетавую сутану, генэрал Лукас меў залаты каўнер i тры зоркi на падкладцы з чырвонага шоўку, адзiн салдат ужо тады сказаў: насраць на вайну! i ўжо адразу вiсеў на дрэве зь перабiтымi нагамi, Сына Чалавечага прадалi за трыццаць срэбнiкаў, а султан купляў прыгажуняў за сто тысяч i больш, цела Сьвятога Пятра павесiлi на крыжы галавою ўнiз, а папа, ягоны наступнiк, сёньня шпацыруе па Лятэране i Ватыкане, абходзiць тысячы пакояў, дык яму паставiлi турыстычныя паказальнiкi, каб не заблудзiўся, з кардыналамi ён размаўляе ня столькi пра дзейную любоў да блiзкага, колькi пра валюты i каталiцкiя базы, гэта, скажу вам, панна, ёсьць тыя ваконцы на сьвет, тыя голы, пункты i сэкунды, нябожчык Штраўс трымаўся прынцыпу, каб сьветам кiравалi файныя мэлёдыi, каб улагодзiлiся пачуцьцi, той эўрапейскi рэнэсанс, за якi змагалiся Тэмiстокл i Мiльтыяд, Сакрат, Гётэ i Моцарцiк, каб не гаварыць, калi нам якая прыгажуня абрыдла, панна, пацалуй мяне ў ногу i adieu, тое ўлагоджваньне палягае на тым, каб напiсаць музыку або вершык на разьвiтаньне i паслаць з букетам ружаў, пасьля, панна, рамантычнаму чалавеку i сны сьняцца лагаднейшыя, мець дрыст у сьне значыць бываць у сьвецкай кампанii, жонку пры сьмерцi бачыць у сьне значыць, як знарок, спаўненьне самых запаветных мараў, у нас адзiн пячнiцкi чаляднiк расплакаўся, калi прывучвалi яго да забавы зь дзеўкай на бiльярдзе, iншым разам дзеўкi з бару выдатна дапамаглi, быў такi адзiн слабы на розум i калi на яго гэта находзiла, ён крычаў, мама, мама, паглядзi, што мне зрабiлася! дык мама хапала сто кронаў i бегла па красуню з бару, але ейны сынок падаў з тае красунi i мама яму ў тым пасабляла, каб на нейкi час займець перадышку, пакуль ейны бедны сынок зноў не пачне крычаць, мама, мама, паглядзi, што мне зрабiлася! але я заўсёды трымаў форму як Конар Толнэс, вось гэтымi чарадзейнымi ручкамi я рабiў кантэскi, чаравiчкi для прынцэсаў, акторак i лепшых красуняў, драўляны абцасiк, прыбiты масянжовымi штыфцiкамi, работа чыстая i мiлая Богу, срэбнае шаўро i жоўтае шаўро, i канарэечнае, а каб падноскi былi белыя, я купляў гумiдрабант, так што за Аўстрыi шавецтва было работай хутчэй хiмiчнай, чымся рамяством, сёньня гэта йдзе на канвэеры, хоць i быў я ўсяго шавец, але насiў манокль i кiёк з срэбнай галушкай, было так, што тады кожны хацеў выглядаць як кампазытар або паэт, а сёньня наадварот, кожны пiсьменьнiк фатаграфуецца як галадранец, аднаго разу, панна, я бачыў амэрыканскага пiсьменьнiка, ну нешта жахлiвае, той сам тып што й граф Зэлiкоўскi, вядомы сваёй грубасьцю, а той мастак, што маляваў тую галубiцу, на фатаграфii выглядае як жабрак з Марыяцэлу, сёньня мастакi зачэсваюцца данiзу, як за Аўстрыi дажывотнiкi або дахадзягi ў прытулках цi шпiталях, а вось за аўстрыйскiм часам, калi хто закончыў двухклясовую школу, даваў сабе завiваць валасы i хадзiў зачасаны як паненка, каб дзяўчаты думалi, што ён пiша вершы, а калi хто за Аўстрыi меў тры клясы гiмназii, дык не выходзiў зачаста на сонца, тым часам як сёньня загараюць нават прэзыдэнты, за Аўстрыi дык i работнiкi фатаграфавалiся з локцем лёгка ўсьпертым на столiк i позiркам скiраваным у далячынь, як Эдысан, а сёньня фатаграфуюцца нават як колюць дровы, вось так, у той час ужывалi шмат бадану, прыправы з кiтайскага дрэва, знакамiтай для лiкёраў i печыва, ах, тыя даўнiя часы мелi слабасьць да жабракоў, але з другога боку i да парадаў, вугорская мука была пад колер пяску, а на мяхох пазначалi яе трыма чырвонымi сэрцамi, амэрыканская двойка мела на мяхох тры скрыжаваныя каласкi i канадыйца з касою, эрцгерцаг Ойген, камандзiр дойчмайстраў i кавалер Апостальскага Ордэну, найбольшая жывёлiна ў сям'i Габсбургаў, меў два мэтры дваццаць цэнтымэтраў росту, так што калi ягоны ад'ютант падаваў яму плашч, дык валок яго па зямлi, калi стары Грулешак латаў у нас мяхi, ён чытаў за работай любоўны раман, а ксёндз Збожыл чытаў з амбону пастырскае пасланьне аб чытаньнi немаральных кнiжак i часопiсаў, а стары Грэпл, той што вазiў радно ў Оламоўц, ставiў ногi ў халодную ваду, каб не заснуць, бо ня меў будзiльнiка, зiмою хадзiў у лес вазiць дровы i