прэч, жандар зьнiмаў унiформу i закасваў рукавы, а ягоны начальнiк падглядваў празь дзiрку ад ключа, як выконваецца тая пастанова аб гiгiене, а потым паставiў таго жандара перад судом i сам хадзiў абмываць тых маладых цыганак, а старыя цыганкi зьдзiўлялiся, чаму ён ня мые i iх? тая жыдоўка, што сядзела на мяжы i чакала першай суботняй зоркi, пачырванела i шапнула мне, што яна таксама не занадта каб чыстая, i я на той мяжы адчуваў сябе зноў пераможцам, iншым разам я хадзiў з дачкою махляра, мала хто мог вадзiць зь ёю знаёмства, мы гулялi разам у дыябалё i калi яна нахiлялася, я заглядваў ёй у дэкальтэ, называлася гэтае махляровае дзiцятка Галенкай, мела такiя гожыя цыцачкi, што доўга яшчэ згадваючы iх я заiкаўся i рабiў правапiсныя памылкi, такiм чынам я захаваў тую самую iлюзiю, што й Госпад Хрыстос, хадзiць з прыгожымi дзеўкамi, але не прыпускаць iх занадта блiзка да сябе i быць вольным, як быў доктар Карафiят, якi дрыжаў ад страху, каб ня стрэць бабы ў кашулi нават у сьне, гэта звалiла б з ног нават i пiсьменьнiка, а тыя ж прывыклi бачыць i не такiя рэчы, бацька тае махляровае дачкi мяне цягнуў на службу, але я ведаў, што ў яго два сыны, фарсуны з маноклямi, адзiн сынок украў грошы з касы i згодна з модай таго часу застрэлiўся з браўнiнга, з браўнiнга стралялiся толькi члены кайзэравай сям'i, а жонка таго другога сынка, Нiна, вялiзазная й гладкая як аксамiт, любiла папiваць лiкёры i калi цягнула ваду са студнi, закруцiлася ёй у галаве i яна туды паляцела, знайшлi яе праз тыдзень, бо думалi, як гэта тады было ў звычцы, што яе выкраў нейкi студэнт, а яна ўжо была набрынялая й агiдная, ах, Сьвятая Багародзiца, гэтае жыцьцё ўсё роўна халерна прыгожае! я не хацеў iсьцi ў прымы ў iхную сям'ю, бо ейны дзядзька быў закаранелы рэлiгiйны фанатык, багамольнiк нашых гор, якi цалаваў зямлю i валiў платы вакол дамоў, бо калi, маўляў, на небе няма платоў, дык i на зямлi iх не павiнна быць, ужо ў тым часе ён быў першапраходцам у заворваньнi межаў мiж людзьмi, няўпынна ставаў на каленi на пляцы i крычаў, што платы мiж людзьмi зьнясе любоў, аднак людзi меркавалi iнакш, таму адразу йшлi дахаты i лягалi з жанкамi на канапе, дык той дзядзька ўрэшце павесiўся на могiлках на крыжы над магiлай свае маткi i ксёндз сварыўся, што яшчэ раз мусiць асьвячаць могiлкi, я дзiвiўся, як у соньнiку Анны Новакавай мог зьявiцца сказ, у сьне ў царкве быць павешаным, хутка станесься саноўнiкам Царквы, калi ж бо самагубца мае быць пахаваны ўначы, у поўнай цiшынi i ў асаблiва далёкiм месцы, або той натарыюсаў штабс-лекар, ягоная жонка была чысты скарб, той самы мадэль, што i вы, панна, калi прыходзiла да нас па малако, казала мне, цi вы не зайшлi б на хвiлiнку да нас, выглядаеце як нябожчык Штраўс у маладых гадох, яе матка паходзiла з замку за Пшэмыславiцамi, замак называўся Глохаў i належаў Бохнэру, а яе бацька, таксама натарыюс, езьдзiў чатырма белымi жарабцамi, а шэсьць стракатых догаў беглi з высалапленымi языкамi за павозкай, сын меў сурдут блакiтны як неба, чорныя нагавiцы з чырвонымi лямпасамi, якое яшчэ войска пакажа такую красу для вачэй, сёньня жаўнеры ходзяць як парабкi, а тады кожны жаўнер быў сьцiснуты ў поясе як панна, а калi прыяжджаў у водпуск, дык дзеўкi сiкалi ў майткi, бо жаўнеры насiлi гарсэты, а такi штабс-лекар меў два рады гузiкаў i залаты каўнер, нiбыта з чыстага золата, каўнер з шаўковай падкладкай наўкруг, генэрал-лекар меў зьмейку на каўняры цэлым у золаце, ну, нешта цудоўнае, адно прырода, калi хоча пахвалiцца, што нешта дакажа, стварае дзеля канкурэнцыi такога зiмародка або папугу, толькi што Аўстрыя апрача гэтага параду i жабракоў мела яшчэ дысцыплiну, якая часта даводзiла жаўнераў да роспачы, таму што зь iх зьдзеквалiся i бiлi, тыя арышты, аковы, канцэнтрацыйны лягер, але той натарыюсавы штабс-лекар быў фанабэрысты як пава, у войска йшоў як красуня на шпацыр, а сталася яму такая бяда, што адзiн жаўнер забiў другога i ўкраў у яго грошы, якiя матка прыслала яму ў войска, а той забойца налiў забiтаму ў рот гарэлкi, а штабс-лекар яшчэ таго няшчасьнiка таўхаў нагою, бо думаў, што ён напiўся на службе, але адзiн спрытнюк убачыў гэта i данёс, дык штабс- лекара замкнулi i ён павесiўся на ручнiку ў каталажцы, а калi яго хавалi дома, дык мацi так рыдала, што ледзь касьцёл не развалiўся, заплацiла каму трэба, то й пахавалi яго на могiлках, хоць павiнны былi пахаваць уначы, у асаблiва глухiм месцы i бяз розгаласу, так яно бывае, панна, на фронце вас пахавалi б невядома дзе, усё роўна як бы згубiць хустачку, Анна Новакава ў сваiм соньнiку пiша, адпяваць нябожчыка гэта на шлюб, а сьнiць вар'ятню, вялiкага шчасьця чакай! во што прыдарылася начальнiку станцыi ў нас, якi гадаваў iндыкi i дрыжэў, каб яму дзяжурны добра пераводзiў стрэлкi, калi йшоў хуткi цягнiк, таму хадзiў сам кантраляваць, а хуткi яму ўехаў у тыя iндыкi, гэта было вiдовiшча, такi хуткi цягне за сабою паперыны й галiнкi, калi iмчыць, дык пацягнуў i пер'е iндыкаў ды iхнiя ашмёткi, на дзяжурнага на наступнай станцыi ўпалi тры сьцягнякi, на начальнiка яшчэ наступнай станцыi пасыпалася пер'е нiбыта зь якой пярыны, хуткi цягнiк гэта ня жарты, калi праяжджае праз станцыю, начальнiку зь Лiбiцы скразьняк за цягнiком вырваў з рук павышэньне i начальнiк ня мог адзець новы мундзiр, пакуль праз два тыднi не знайшлi тое павышэньне пяць станцый далей, адна жанчына йшла па шпалах, каб хутчэй зайсьцi дахаты, несла сьвiную юшку i разьехаў яе цягнiк, махам выцягнуў зь юшкi крупы i апырскаў iмi дзяжурнага на суседняй станцыi, на чыгунцы ёсьць людзi, абходчыкi, якiя апускаюць шлягбаўмы, вакол iхных дамкоў адно голае поле, ноччу нiхто iх ня бачыць, але яны ўсё роўна ваксуюць боты i выбiваюць мундзiры, а потым стаяць ля апушчаных шлягбаўмаў i казыраюць, цягнiк пралятае мiма iх уначы, пылiць на iх i пырскае, нiхто тых абходчыкаў ня бачыць, але яны стаяць на зважай i казыраюць начному хуткаму цягнiку, такiя во людзi засталiся ад колiшняе Аўстрыi, таму Лукас з гарнiзон-iнспэкцыёну ня бiў i не караў, затое Зэлiкоўскi быў сьвiньня, малацiў жаўнераў i загадваў iх прывязваць да дрэва, перш за ўсё капралаў, каб ведалi, як яно мае выглядаць, калi ён едзе на канi, i войска павiнна было расьцягнуцца ў швармлiнiю або вiкльтэлiнiю i зараз потым падвойную тупльшварм i допльрай, i паставiцца чатырохкутнiкам, i раптам рассыпацца, як бы хто стрэлiў у вераб'iную чараду, каб зноў самкнуць шыхт, камарад пры камарадзе, а калi генэрал падыме шаблю вастрыём угору, капралы павiнны ведаць, што гэта значыць, бо ж генэрал ня будзе крычаць да шаснаццацi ротаў войска, так як i дырыгент ня будзе крычаць на музыкантаў, ты ёлупню! ня бачыш там тае фэрматы? ён жа мае палачку не дзеля таго, каб сьвiснуць каму па вушах, але каб дырыгаваць, падаваць знакi, такi маршал, зразумела, мусiць клапацiцца, каб выйграць бiтву i каб не загiнула зашмат людзей, мяне рабiлi фрайтэрам, але я не схацеў, бо тады без упыну пасылаюць чалавека на варту або на патрулi i ўсё высылаюць у вайсковае вучылiшча, на ўскраiне лесу паручнiкi ўсё крэсьляць на дошцы i крычаць, падафiцэры zu mir! а як хто хоча пасцаць, дык мусiць прасiцца, потым едзеце на фронт i ўздоўж шашы пачынаюць зьяўляцца беспамылковыя знакi, амунiцыя, гарматы i параненыя, адзiн жаўнер дастаў ад вады срачкi або дыярэi, добрая ў мяне памяць, панна, што? i той жаўнер сядзеў у рове з папругай на карку, а тут генэрал Зэлiкоўскi саскочыў з каня i верашчыць, што гэта за войска такое засранае! i як вытне таго ваяку шабляй па сьпiне, а потым перада мною зьявiўся фронт, тая сумятня, дзе адзiн аднаго пыраў штыхом праз памылку, сьлепату або слабату, каб толькi далей наперад i наперад, каб вораг не пасьпеў акапацца, нэрвовыя афiцэры, швадроны залiтыя крывёю разам з коньмi, усё палала, дрэвы лёталi ў паветры, санiтары адвозiлi параненых на павозках кудысьцi ў лес, але дзяўчатам нельга было на фронце, яны заставалiся ў Пярэмышлi i Кракаве, пахаваныя па публiчных дамох, там у дзьвярах ёсьць вакенцы, я калiсьцi зазiрнуў, адна зь iх адчынiла i пытаецца, ну што, ваяка? некаторыя за гэта хацелi толькi хлеба, паручнiк Гаворка раiў нам, каб мы лепш заляцалiся да паннаў з прыватных дамоў, такой хопiць купiць цукеркаў, а каханьне як дрот, iду я сабе з настаўнiкавай дачушкай, а яна мне кажа, што хацела б за гэта булачку або абаранак, а я кажу, што нiчога ня маю, адно гэты жаўнерскi хлеб, а яна пацалавала мяне ў руку, а я ёй распавёў за гэта, як аднойчы вартаваў у Сплiце стары вагон, поўны экразыту, таго, што падрывае масты, i што той экразыт выглядае як лепiшча на мухi або як парашок з аптэкi, потым я ёй чытаў з соньнiку, што з паненкай у сьне балакаць значыць рызыкоўную спэкуляцыю, а з жанчынай уначы жартаваць, ня дай зьвесьцi сябе падманлiвай размовай, а ўрэшце я сказаў той настаўнiкавай дачушцы, што паненка ладне выглёнда, а яна мне, што пан тэж, i зычыла мне, каб ужо хутчэй было перамiр'е, а як што я заўсёды быў гжэчны кавалер, пiсалi мне найпрыгажэйшыя жанчыны Эўропы, у Цыгенгальсе я схiлiў да сябе сэрцайка дачкi аднаго фабрыканта, яна мела на сабе жоўтую бялiзну i сiнюю сукенку, я катаў яе лодкай па лясной азярыне i сьпяваў Mein Herz ist ein Bienenhaus, а потым лодка пачала тонуць, дык я выратаваў паненку, бо там было мала вады, яна называлася Анна Герынг i слала мне ружовыя лiсты, цэлае мястэчка ня спала ад цiкаўнасьцi, з кiм я перапiсваюся, аднаго разу яна мне прыслала парфуму 'Маёвы чар', яна пахла як ландыш, а я, каб пазбавiцца ад вайсковай службы, курыў вiрджынскiя цыгары, мочаныя ў шафране, трэба было халерна зважаць, каб ня мець пажоўклых пальцаў, дык я абкусваў iх да крывi, гэта ўсё роўна што абылгаць прыгожую жанчыну, абдурыць словам, нават нябожчык стараста, якi прыйшоў у бар скантраляваць, цi ў баравых прыгажуняў спраўныя лыткi, нават той стараста прызнаў, ну ясна, за грошы дык абы дурань зможа, але так як вы, задарма, гэта геройскi подзьвiг! i я зноў перамог, таму што я браўся за справу такой самай тэхнiкай, што й афiцэры, хлопцы, казаў паручнiк Гаворка, з такой трэба далiкатненька, як быццам вы гастрылi аловак, гэтак на жанчын лепш дзейнiчае, чымсьцi калi б вы на iх выцяглi штых, дык i я зашмат не гаварыў, больш назiраў, якiя ў дзяўчыны злачынныя схiльнасьцi, чакаючы, пакуль сама ня выгаварыцца, што любiць цыгарэты i вiно, а я ёй тады казаў, што я не! а што вы любiце?
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату