пыталася яна, а я адказваў, панна, я аматар прыгожых паненак, а яна заяўляла, дык з вас неблагая сьвiньня, i кiдала ў мяне пантофлiкам, раз нават выпаў мне гонар паехаць да артылерыйскiх казармаў на Iдунi, генэральскай кабыле, гэта была красуня, гнедая зь белай зорачкай на лобе, як кiназорка, зорка была падобная на прастрэленую дзiрку ў хустачцы, а калi мы так ляцелi галёпам, тая Iдуня i я на ёй верхам, дык чапiлi бабу, баба кульнулася дагары нагамi, я спужаўся, цi Iдуня не павярэдзiла сабе капыта, бо тады генэрал паставiў бы мяне перад вайсковым судом, i мы так ляцелi цераз Оламоўц, Iдуня праскочыла праз браму, я пахiлiў галаву i трымаўся за шыю, i гэта быў мой шанцунак, таму што яна ўляцела адразу ў стайню, потым я пайшоў выпiць шклянку малiнавага соку ў кантыну, тады мелi там гожую дзеўку, звалi яе Цылькай, яна адразу пусьцiлася са мною ў танцы, а кiраўнiчка была раўнiвая, таму адразу: Цылечка, йдзi на кухню! i пачала сама лашчыцца да мяне, а Цылька чысьцiла нажы i паказвала за сьпiнай свае кiраўнiчкi, як бы яе з ахвотай пырнула, а кiраўнiчка мне сказала, жаўнерык, ты выглядаеш тэмпэрамэнтным чалавекам, а я ёй адказаў, што калi б ёй прысьнiлася, што яна ловiць фазана, дык неўзабаве каханьне загасьцюе ў ейным сэрцы, а кiраўнiчка адразу сунула мне сотню эгiпецкiх у кiшэню i папрасiла, каб я працягваў, а Цылька ў кухнi паказвала, як бы яна сваiм нажом падрэзала глотку сваёй кiраўнiчцы, якой я сказаў, што найлепшы сон гэта калi бачыць добра нагрэты пакой, бо гэта значыць каханьне дзьвюх асобаў, а кiраўнiчка круцiлася на крэсьле, а я ёй яшчэ шапнуў, што самы прыемны сон, калi бадаюцца два валы, бо гэта сапраўднае шчасьце ў каханьнi, i тут жа дадаў, што я гэтым паплацiўся, бо схапiў з гэтага брыдкую хворасьць i быў на лекаваньнi ў Брзадынi, кiраўнiчка адразу адсунулася ад мяне i палезла мне ў кiшэню па тыя эгiпецкiя, але я ёй сказаў, хто дае й забiрае, той рана памiрае, а яна прызнала мне рацыю i дала мне на дарогу кiлiшак гарэлкi, i дзякавала, што я ёй загадзя сказаў праўду, бо яна такую немач ужо мела, а я пайшоў ва 'Ўранiю' з адной малачаркай, гралi там жыдоўскую п'еску аб узьнёслых памкненьнях, аб пакутах нейкага Агасфэра, тая малачарка ўвесь час абсьлiньвала мне вушы i пыталася, цi я зь ёю ажанiўся б, чаму не, кажу, але я яшчэ перад войскам, а прытым слабы ў грудзях, i кажу, што маю сны, у якiх мне сьнiцца канарэйка, замкнёная ў клетцы, а гэта паводле Анны Новакавай значыць, што я назаўжды пранiкнуты тугою па свабодзе, а тая малачарка мне шаптала, о так, з вамi мне было б прыемна! а ейныя валасы пахлi малаком i ванiляй, на трэцi дзень пасьля таго я паехаў у Югаславiю да мора, ах, якая там была навальнiца, шаленства прыроды, якое калi ўсьлiзгнецца мужчыну ў нагавiцы, дык ён стае пiсьменьнiкам, хвалi як наш дом, лодкi дык аж на дарогу выкiдвалi, грымелi па камянёх i крышылi скалы, такая марская бура можа перакулiць i вагон, занесьцi ў мора людзей разам з асламi, калi вяртаюцца зь вiнаграднiкаў, робяцца такiя слупы вады як вежы, а мы, жаўнеры, цярпелi бяду i голад, Сьвятая Багародзiца! жэрлi здохлую рыбу i дух у армii ўпаў да таго, што мы хадзiлi жабраваць, на казармах быў залаты надпiс 'Ваярня Караля Юсупа', але паручнiк вышкрабваў кацёл пасьля кукурузы, калi б гэтага паручнiка ўбачыў генэрал Зэлiкоўскi, дык выцяў бы яго прутком, адзiн фарсiсты жыдок падперазаўся лякаваным паскам, даў мне залатоўку, каб я вычысьцiў яму карабiн, i кажа, што йдзе ў горад завязваць мiжнародныя зносiны, потым прыходзiць сяржант Брчул, бамбiза два мэтры i злосны як сабака, i пытаецца, дзе той жыдок, я кажу, што пайшоў да граду, а той сяржант пачынае лаяцца, ебэм тi бога i курэц надробно, i кажа, што Фрайгер фон Вухерэр забаранiў валачыцца па граду, потым лёг на ложак таго жыдка, па поўначы той вярнуўся ўвесь умакрэлы ад дзяўчат, а сяржант Брчул усхапiўся i надаваў яму таўхуноў нагою, ажно той зьвiваўся на зямлi ў выхадным мундзiры, i адразу мусiў iсьцi на варту, а калi я пайшоў зьмянiць яго тае ветраное начы, ён ужо спруцянеў каля камля дрэва ў куце падворышча, павесiўся на той лякаванай дзязе, сёньня пра такiя рэчы ня ведаюць, я распавядаў пра гэта ў Лiбэнi, але кiроўцы сьмяялiся зь мяне i бралiся навыперадкi сваiмi стоадзiнаццаткамi з узгоркў ў Гарларэзах, калi зьяжджалi ўнiз, была субота папоўднi, дантыст вярнуўся па парасон, бо забыўся, i якраз пiхаў ключ у замок свайга кабiнэта, але ў адной стоадзiнаццаткi лопнула рысора i машына наляцела на кабiнэт i адвалiла яго ад таго ключа, а той дантыст тамака стаяў i ўвесь час трымаўся за той ключ, калi б гэта толькi бачыў граф Зэлiкоўскi, генэрал вядомы сваёй грубасьцю, маёр Мiхаховiч, якi выплочваў нам грошы, раскладваў банкноты па стале i прыцiскаў iх каменчыкамi, каб вецер не пазьдзiмаў, ён заадно нас i перасьцерагаў, каб мы не прапiлi тыя грошы адразу, але каб купiлi сабе гузiкi, вазэлiну i нiткi, а ваколiца была прыгожая, рамантыка як у Ерусалiме, тыя дарогi пад гару ўвесь час трэба было папраўляць, людзi жывiлiся аўсянымi блiнамi, вiнаграднiкi цьвёрдыя як бэтон, адна дальматынка, што сядзела ў гаiку й пасьвiла авечкi, гэта было як на малюнку, адразу мяне заатакавала, пане, вы свабодны? а калi я кiўнуў, тут жа прыселася да мяне i пачала мне паказваць, хто ў якой халупе памёр, але мне трэба было йсьцi практыкавацца з новымi гранатамi, выглядала тая граната, панна, як грушка, зь якой замест хвосьцiка тырчыць вяровачка, камандзiр узводу вучыў нас на iмiтацыi, пацягнуць за вяровачку, палiчыць да дванаццацi, а потым шпурнуць, потым пайшоў у прыбiральню, а нейкi спрытнюк падлажыў яму сапраўдную гранату, i калi мы паўтаралi практыкаваньне, дык бабах! узводнаму адарвала руку i тая рука вылецела праз вакно i дала поўху капiтану Тонзэру, якi праяжджаў на канi i казыраў, нешта такое прыдарылася i ўласьнiку летняга кiнатэатру, у якога была жалезная рука, i калi хлопцы сядзелi на дрэве i глядзелi фiльм задарма, дык уласьнiк ставаў на крэсла i лупцаваў iх той жалезнай рукою, ажно ляцелi пасечаныя галiнкi, а калi дома хацеў даць той рукою i сыну, пратэз сарваўся з завесаў, вылецеў праз вакно i зьбiў з ног палiцыянта, якi акурат гастрыў аловак, каб выпiсаць штраф, а вось што мне прыдарылася падчас рапарту, калi чыталi iмёны палеглых i прачыталi маё, нават дата нараджэньня супадала, але ж я жывы! крыкнуў я, паслалi мяне дакладваць i далi мне пятнаццаць дзён арышту за тое, што я адазваўся пры рапарце палеглых, хлопцы казалi, панове, калi б такое пачуць, дык можна было б пайсьцi дахаты i легчы ў пасьцель, а калi скончыцца вайна, можна будзе сьцерцi сваё прозьвiшча з помнiка палеглым, але мне падабалася любавацца сабою ў люстры, мяне ажно страпянула, калi я ўбачыў, як мне падыходзiць мундзiр, як быццам сонейка выйшла на прагулку, калi я йшоў на шпацыр, ясна-блакiтная блюза, чорныя нагавiцы з чырвонымi лямпасамi, лякаваны пасак i нiкеляваны штых, шапка з залатым абадком, а пад той шапкай ня сечка, а таз першаклясных мазгоў, самыя складкi й зьвiлiны як у Эдысана, ах, той Эдысан, што вынайшоў прыладу, каб людзi ня мусiлi хадзiць у тэатар або на канцэрт, а маглi дома паслухаць у пантофлях, гэта той фанограф, нешта, чаго не было раней, сядзеў бедачына тры днi на крэсьле i думаў пра тыя слухаўкi на вушы, ну бо ведаеце, панна, нават найпрыгажэйшая жанчына ня можа дараўняць славутаму мужчыну, у Кракаве адна панi доктарка сказала мне распрануцца i лягла на мяне паслухаць, цi б'ецца маё сэрца, мела халоднае вуха i кажа мне, цо сен пан так руша? а я ёй распавёў пра эўрапейскi рэнэсанс i што сапраўдны мужчына трымцiць як пасоленая жаба, калi бачыць прыгожую жанчыну, таму шмат пiсьменьнiкаў вар'яцее ад мастацтва, бо калi хочуць яго палепшыць, мозг рассыпаецца ў iх як пацяруха, i нiхто ўжо не пазьбiрае яго ў кучу, сымфанiст Iштван абарваў жырандоль ад жалю, а па Эдысана прыйша нарачоная, але ён увесь час раздумваў, пад нагамi меў шкляны столiк, каб яму не замiнала зямное прыцягненьне, а тут прыходзiць прыгожая нарачоная, калi яму пасьля сьмерцi адчынiлi чэрап, таз поўны шэрага мозгу, мне адна варажбiтка вываражыла з картаў, што калi б мяне не перакрыла маленечкая хмарка, я б зьдзейсьнiў вялiкiя рэчы, ня толькi для свайго народу, але i для ўсяго чалавецтва, варажбiтка працягнула да мяне рукi, а я адхiлiўся ў крэсьле-качалцы i вылiў акварыюм, усё гэта я распавядаў той польскай панi доктарцы, а яна лягла на мяне i запыталася, куды пойдзем сёньня вечарам? а я зацытаваў ёй соньнiк Анны Новакавай, чыжыка ў клетцы прысьнiць, тваё распуснае жыцьцё прывядзе цябе да жалюгоднага канца, а доктарка ўзьнялася i кажа, выберце сабе нейкi лепшы сон, добра? дык я ёй сказаў, бачыць у сьне юбiлейную выставу значыць неспатоленую жарсьць, а тая доктарка адказала, што на пачатак гэтага хапiла б, i пусьцiла да мяне турэцкае вочка, рэч у тым, што мужчыны адразу думаюць пра брыдоту, тым часам як я паступаю тактычна, каб можна было ганарыцца перамогай, аднойчы прыйшоў да нас Марыён, iлюзiянiст i гiпнатызэр, якi сам сабе ставiў пячаткi на дазволах на выступы, бо як толькi зьяўляўся ў ведамстве, службоўцы давалi драла, каб iх не загiпнатызаваў, у той час я меўся выступiць на эстрадзе, засьпяваць 'Балалайку' ў мундзiры афiцэра гвардыi, на сцэне былi самыя дзьверы зь дзiркамi для ключоў, а я сьпяваў 'Жанчын прыгожых цалаваў я ўдосталь', на мяне сьвяцiлася фiялетавае сьвятло, калi я сьпяваў, 'Балалайка, грай песьню з усiх найпрыгажэйшую, песьню сэрцу найблiжэйшую, аб тым, што я кахаю', i пабiў усiх высокiм 'до', гэтага нiводзiн гарладзёр з хору ня мог даказаць, кожны мычаў як карова, калi целiцца, тым часам як я, тэнар як Ярынак Посьпiшыл, ачараваў усiх нашых дзяўчат як гiпнатызэр Марыён, калi б вам захацелася, вы б маглi таксама выступiць, адна панна будзе йграць тую вялiкацарыцу, але мусiць мець фальшывы поваб, вы б маглi яе йграць, таму што ня ўсе царыцы былi прыгожыя, я буду йграць папа i буду трымаць у руках тую чару, а пад канец адстрэляць жырандоль, аднак найбольш ахвотна я зайграў бы Барона, iдзецца толькi пра тое, як завесьцi жарабца на сцэну? хiба што абматаць яму капыты анучкамi, каб не паабiваў сходаў, галоўным чынам трэба зьвяртаць увагу, каб той жарабец не спужаўся музыкi i ня зьляцеў на аркестар, парасятнiка зайграў бы Руда Турак, обэрлейтэнант, карак у яго быў, што ў швайцарскага быка, у Каталiцкiм