расказала, што здарылася з ёй у лесе, i пры кожным слове падалi з яе рота чырвонцы, так што хутка ўвесь пакой быў завалены iмi.
- Паглядзiце вы на гэтую фанабэрыю! - ускiпела яе зводная сястра, - проста пад ногi кiдае грошы. - Але ўпотай яна ёй пазайздросцiла, i зажадалася ёй таксама пайсцi ў лес па сунiцы.
Мацi пачала яе адгаворваць:
- Не, мiлая дачушка, на дварэ надта холадна, ты можаш змерзнуць. - Але тая ўсё яе прасiла-малiла, i мацi нарэшце згадзiлася, пашыла ёй шыкоўную скураную, з густой шэрсцю футрачку i дала ёй у дарогу хлеб з маслам i булачкi.
Накiравалася дзяўчына ў лес i пайшла напрасткi да той маленькай хацiнкi. Тры маленькiя чалавечкi, як i тады, вызiрнулi з акенца, але яна з iмi не павiталася i, не зважаючы на iх i не прамовiўшы iм нi слова, уварвалася ў пакой, села каля грубкi i пачала ўплятаць хлеб з маслам ды пiражкi.
- Дай i нам крыху, - усклiкнулi маленькiя чалавечкi.
Але яна ад iх адмахнулася:
- Мне i самой не хопiць, дык чаму мне яшчэ з вамi дзялiцца?
Калi дзяўчына наелася, яны сказалi:
- Вось табе памяло, змяцi чыста перад чорнымi дзвярыма.
- Э, ды мяцiце вы самi! - адказала яна. - Я вам не пакаёўка. - А калi яна адчула, што яны даваць ёй нiчога нават не думаюць, яна пайшла ад iх.
I пачалi раiцца памiж сабой тры маленькiя лесавiкi: 'Што нам ёй такое даць за яе халоднае i злое сэрца, што не хоча нiкому рабiць дабрыню? '
Першы сказаў:
- Я ўзнагароджу яе тым, што будзе яна з кожным днём усё больш пачварная.
Другi прамовiў:
- Я ўзнагароджу яе тым, што пры кожным слове, што яна вымавiць, будзе з яе рота выскокваць лягушка.
А трэцi дадаў:
- А я ўзнагароджу яе тым, што яна памрэ цяжкою смерцю.
Пачала дзяўчына шукаць сунiцы, але не знайшла нi адной ягадзiнкi i вярнулася са злосцi дахаты. Толькi яна паспрабавала расказаць мацi, што здарылася з ёй у лесе, як пачало выскокваць з яе рота пры кожным слове па лягушцы, i ўсе адчулi да яе агiду.
Яшчэ больш неўзлюбiла мачыха сваю падчарыцу i пачала прыдумваць, як бы ёй дапячы, а падчарыца станавiлася з кожным днём усё прыгажэйшая i прыгажэйшая.
Нарэшце прынесла мачыха кацёл, прыладкавала яго на агонь i пачала кiпяцiць у вадзе пражу. Калi тая праварылася, узвалiла яна пражу на плечы беднай дзяўчыне, дала ёй у рукi сякеру i загадала iсцi на рэчку, каб высекчы там палонку i добра прапаласкаць пражу.
Дзяўчына паслухала, пайшла i высекла ў лёдзе палонку. Але калi яна секла лёд, пад'ехала шыкоўная карэта, i сядзеў у ёй кароль. Карэта запынiлася, i кароль запытаў:
- Дзiця маё, ты хто такая i што ты тут робiш?
- Я бедная дзяўчына, мыю пражу.
Кароль яе пашкадаваў i, бачачы, што яна вельмi прыгожая, сказаў:
- Хочаш, паедзем разам са мной?
- Ах, з вялiкай ахвотаю! - адказала яна, узрадаваўшыся, што ёй не трэба будзе вяртацца да мачыхi i яе дачкi.
I села яна ў карэту, i паехала разам з каралём. Прыехалi яны ў замак i адгулялi там пышнае вяселле, i была гэта ёй узнагарода ад маленькiх лясных чалавечкаў.
Праз год нарадзiла маладая каралева сына; i калi мачыха дачулася пра такое вялiкае шчасце, дык прыйшла са сваёю дачкой у замак, быццам жадаючы пабачыцца з ёю. Але якраз у тую часiну кароль кудысьцi адлучыўся i пры ёй не было нiкога; тады схапiла злая жанчына каралеву за валасы, а дачка ўзяла яе за ногi, яны паднялi яе з пасцелi i выкiнулi праз акно ў раку, што цякла каля самага замка. Пасля мачыха паклала ў пасцель сваю брыдкую дачку i накрыла яе ўсю коўдрай.
Вярнуўся кароль, i захацелася яму пагаварыць з жонкай, але старая закрычала:
- Цiшэй, цiшэй, цяпер няможна, яна ляжыць вельмi стомленая, няхай адпачне.
Кароль, не прадчуваючы нiчога благога, прыйшоў толькi назаўтра, i калi ён загаварыў з жонкаю, дык пры кожным слове з яе рота выскоквала лягушка, а раней, як усе ведалi, выпадаў чырвонец. Тады кароль запытаў, што гэта значыць, i старая патлумачыла, што гэта ў яе, маўляў, ад вялiкага поту i што гэта хутка мiнецца.
А ўночы ўбачыў маладзенькi кухар, як падплыла па вадасцёкавай канаўцы нейкая качка i запытала:
- Кароль, як ты жыў?
Гуляеш альбо спачыў?
Але калi ён ёй нiчога не адказаў, качка зноў падала голас:
- А як мае госцi, сядзяць?
Адказаў ёй маладзенькi кухар:
- Не, яны моцна спяць.
Пачала яна тады дапытвацца:
- А як родненькi сыночак?
I адказаў ён:
- Ён спiць сабе ў зыбцы ўсю ночку.
I паўстала тады з качкi каралева, i пайшла ў замак, пакармiла дзiця, пакалыхала яго ў зыбцы, накрыла i зноў паплыла па канаве. Так заяўлялася яна запар дзве ночы, а на трэцюю сказала маладзенькаму кухару:
- Iдзi i скажы каралю, каб ён узяў свой меч i тройчы ўзмахнуў iм нада мной на парозе.
Пабег той i расказаў пра гэта каралю. Прыйшоў кароль i тройчы ўзмахнуў мячом над зданню; i толькi ўзмахнуў трэцi раз, раптам бачыць: стаiць перад iм ягоная жонка, жывая, здаровая i цэлая, як была раней.
I меў кароль вялiкую радасць, але пратрымаў каралеву ў патайным пакоi да нядзелi, калi павiнны былi хрысцiць дзiця. А калi яго ахрысцiлi, кароль запытаў у старой:
- Што трэба зрабiць з чалавекам, якi сцягвае кагосьцi з пасцелi i кiдае яго ў ваду?
- Толькi так, - адказала тая, - пасадзiць такога нягоднiка ў бочку, прабiтую цвiкамi, i пiхнуць яе з гары ў раку.
I сказаў кароль:
- Ты сама сабе зрабiла прысуд.
I ён загадаў прынесцi бочку з цвiкамi, i ўвапхнуць у яе старую з дачкой. Зачынiлi бочку наглуха векам i пiхнулi з гары, i пакацiлася яна проста ў раку.
ГАРШЧОК КАШЫ
Жыла-была адна дзяўчынка.
Пайшла яна ў лес па ягады i сустрэла там бабульку.
- Дзень добры, дзяўчынка, - сказала ёй бабулька, - дай мне ягад, калi ласка.
- На, бабулька, - гаворыць дзяўчынка.
Паела бабулька ягад i сказала:
- Ты мне ягад дала, а я табе таксама нештачка падару. Вось табе гаршчочак. Варта толькi сказаць:
- Раз, два, тры,
Гаршчочак, вары!
i ён пачне варыць смачную, салодкую кашу. А скажаш яму:
- Раз, два, тры,
Больш не вары!
i ён перастане варыць.
- Дзякуй, бабулька, - сказала дзяўчынка, узяла гаршчочак i пайшла дамоў да мацi.
Абрадавалася мацi гэтаму гаршчочку. Ды i як не радавацца? Без працы i клопату заўсёды на абед смачная, салодкая каша будзе.
Вось аднойчы пайшла дзяўчынка з дому, а мацi паставiла гаршчочак перад сабой i гаворыць:
- Раз, два, тры,
Гаршчочак, вары!
Ён i пачаў варыць. Шмат кашы наварыў. Мацi паела ўволю. А гаршчочак усё варыць i варыць кашу. Як яго спынiць?