кiнулася яму на шыю, пачала абдымаць i цалаваць яго, а тады зняла з грудзей дарагiя каралi, - а былi яны з чырвонага золата, - i павесiла збавiцелю на шыю. I пайшоў ён тады вызваляць другую каралеўну. Яе таксама ахоўваў дракон, гэты меў сем галоў. Вызвалiў паляўнiчы другую прыгажуню, а пасля i трэцюю таксама, тую пiльнаваў чатырохгаловы дракон. I пачалi ўсе каралеўны распытваць смелага хлапца, бясконца абдымаць i цалаваць яго. Пасля хлапец пазванiў у званочак, званiў датуль, пакуль яго не пачулi. I пасадзiў ён трох каралеўнаў у кош i загадаў усiх iх цягнуць наверх. Прыйшла чарга i яму наверх падымацца, i тут ён успомнiў словы падземнага чалавечка, што сябры надумалi нешта благое супраць яго. Узяў хлапец тады вялiкi камень, што ляжаў на дне калодзежа, i паклаў яго ў кош; але калi кош падняўся да сярэдзiны, злыя паляўнiчыя абрэзалi вяроўку, i ўпаў кош з каменем на дно калодзежа, наверсе падумалi, што малодшы паляўнiчы разбiўся, i сябры збеглi з трыма каралеўнамi, атрымаўшы ў iх абяцанне, што тыя скажуць бацьку, быццам вызвалiлi iх гэтыя два паляўнiчыя. Прыйшлi яны да караля i пачалi прасiць аддаць iм дачок у жонкi.
А тым часам малады паляўнiчы блукаў, сумны, па трох падземных пакоях i нявесела думаў, што тут давядзецца яму памерцi. Раптам бачыць ён - вiсiць на сцяне жалейка, i сказаў ён: 'Навошта ты вiсiш тут на сцяне, каму тут весялiцца?' Глянуў ён на ссечаныя галовы драконаў i прамовiў: 'I вы таксама нiчым не можаце памагчы'. Хадзiў ён пакоямi так доўга, што ўвесь земляны дол утаптаў. Нарэшце наведалi яго галаву iншыя думкi, i ён зняў са сцяны жалейку i пачаў на ёй iграць; раптам з'явiлася мноства падземных чалавечкаў, i з кожным гукам жалейкi iх прыбывала ўсё больш i больш; гэтак ён iграў, пакуль увесь пакой не запоўнiлi тыя чалавечкi. Пачалi яны яго распытваць, што ён хоча, i ён адказаў: 'Хачу зноў вярнуцца на зямлю, на белы свет паглядзець'. Падхапiлi яго тады падземныя чалавечкi, кожны ўчапiўся за адну валасiну на яго галаве, i так яны паляўнiчага за валасы наверх з калодзежа выцягнулi.
Неўзабаве хлапец апынуўся на зямлi, а тады шчаслiва дабраўся да каралеўскага палаца, а там акурат мелася вяселле адбывацца адной з каралеўнаў, i ён накiраваўся ў пакой, дзе быў кароль са сваiмi трыма дачкамi. Убачыўшы яго, прыгажунi ў непрытомнасцi асунулiся на падлогу. Раззлаваўся кароль, загадаў пасадзiць паляўнiчага ў цямнiцу, думаючы, што ён нейкi злы чараўнiк. Але калi каралеўны ачунялi, пачалi прасiць бацьку, каб вызвалiў хлапца з цямнiцы. Кароль у iх спытаў тады, чаго гэта яны гэтак просяць за яго, i яны адказалi, што не асмельваюцца прызнацца. Тады ён загадаў, каб яны расказалi пра ўсё печцы, а сам выйшаў з пакоя i прытаiўся за дзвярыма, каб падслухаць, так i даведаўся пра ўсё. Загадаў тады ён тых двух паляўнiчых павесiць, а трэцяму аддаць малодшую дачку ў жонкi.
I абуў я на вяселле шкляныя чаравiчкi, ды спатыкнуўся выпадкова аб камень, i - дзынь! - няма чаравiчкаў!
СЕМ КРУМКАЧОЎ
У аднаго чалавека было сем сыноў i нiводнай дачкi. А яму вельмi хацелася мець дачку. Вось, урэшце, жонка падала добрую надзею, i ў iх нарадзiлася дзяўчынка. Вялiкая радасць хутка змянiлася трывогай: дзiцё аказалася кволым, маленькiм. Вырашылi хрысцiць раней часу.
Паслаў бацька аднаго з хлопчыкаў да крынiцы прынесцi вады для хрышчэння. За iм пабеглi i астатнiя шасцёра. Кожнаму хацелася набраць вады для сястрычкi. Але здарылася бяда: збан упаў у калодзеж. Што рабiць? Як вярнуцца дамоў?
Бацька чакаў, чакаў сыноў, цярпенне лопнула, ён дый кажа:
- Вiдаць, хлопчыкi зноў загулялiся, а пра справу забылiся.
Ён баяўся, што дзяўчынка можа памерцi нехрышчонай i са злосцi крыкнуў:
- А каб усе вы ў крумкачоў абярнулiся!
Толькi ён вымавiў гэтыя словы, раптам чуе над галавой шум крылаў. Зiрнуў уверх, бачыць - кружаць над iм сем чорных што вугаль крумкачоў.
Зразумелi бацька i мацi сваё несуцешнае гора. Як пазбавiцца ад яго? Як вярнуць сыноў дамоў?
Адзiнай iх радасцю стала любая дачушка. Яна неўзабаве падрасла, падужэла. З кожным днём рабiлася ўсё больш прыгожай.
Доўгi час сястра не ведала, што ў яе былi браты. Бацькi пра гэта маўчалi. А прагаварылiся людзi: маўляў, дзяўчынка вiнаватая ў няшчасцi сваiх братоў.
Засмучаная дзяўчынка аднойчы спытала ў бацькi-мацi:
- Цi праўда, што ў мяне былi браты? Дзе яны цяпер?
Праўду не схаваеш, давялося расказаць дачцэ ўсё, што здарылася пасля яе нараджэння. Задумалася яна: як вызвалiць братоў?
I вось аднойчы сабралася яна потайкi ў дальнюю дарогу, каб знайсцi i вызвалiць сваiх братоў. Узяла з сабой на памяць пра бацьку-мацi адзiн iх пярсцёнак. Ды яшчэ буханачку хлеба, на выпадак калi прагаладаецца, i зэдлiчак, каб адпачыць, калi стомiцца.
Пайшла яна далёка-далёка, аж на самы край свету. Вось перад ёй само сонца. Але яно было такое спякотнае i страшнае, што дзяўчынка кiнулася ад яго наўцёкi.
Апынулася каля месяца. Але ён быў халодны, хмурны, злосны. Як убачыў падарожнiцу, прахрыпеў:
- Чую, чую мяса чалавечае.
Дзяўчынка ўцякла i ад месяца. Прыйшла да зорак. Яны былi ласкавыя i добрыя. Сядзела кожная з зорак на асобнай лавачцы. Паднялася ранiшняя зорка, дала ёй кастылёк i сказала:
- Твае браты зняволены ў Шкляной гары. Гэты кастылёк дапаможа табе.
Узяла дзяўчынка чароўную адмычку, загарнула ў хустачку, рушыла ў дарогу. Iшла яна доўга-доўга. Ды вось перад ёй - Шкляная гара. На ўваходзе - вялiзная брама на замку. Пачала яна разгортваць хустачку, каб узяць кастылёк. Зiрк - а яго няма. Згубiла падарунак добрых зорак.
Трэба ж неяк ратаваць братоў. Узяла сястрыца нож, адрэзала сабе мезенец, сунула яго ў замок i лёгка адкрыла браму. Уваходзiць яна, а насустрач карлiк.
- Дзяўчынка, ты што тут шукаеш?
- Шукаю братоў сваiх, сем крумкачоў.
- Iх няма дома. Давядзецца пачакаць.
Карлiк пачаў рыхтаваць ежу для птушак. Дзяўчынка ўзяла дый пакаштавала з кожнай талерачкi i адпiла па глыточку з кожнага кубачка. А ў апошнi, сёмы, кубачак апусцiла пярсцёнак, якi ўзяла з сабой у дарогу.
Раптам чуе ў паветры шум крылаў i свiст. Карлiк кажа:
- Гэта ляцяць дамоў крумкачы.
Вось прыляцелi яны, пачалi есцi-пiць. I кажуць крумкач крумкачу:
- Хто гэта еў з маёй талерачкi? Хто гэта пiў з майго кубачка? Чалавечымi вуснамi пахне...
Дапiў сёмы крумкач да дна свой кубак, а там - пярсцёнак. Зiрнуў на яго, пазнаў пярсцёнак бацькi-мацi i кажа:
- Дай Бог, каб наша сястрыца тут з'явiлася, тады мы вызвалiмся ад чараў.
А дзяўчынка стаяла за дзвярыма. Пачула яна пажаданне, увайшла да братоў. I тут - о цуд! - крумкачы сталi зноў людзьмi. Цалавалiся яны, весялiлiся i разам дамоў вярнулiся.
РАНЕЦ, ШАПАЧКА I РАЖОК
Жылi калiсьцi тры браты. Пачалi яны ўсё бяднець i бяднець i нарэшце так згалелi, што давялося iм зусiм галадаць, - не было ў iх нават i скiбкi хлеба на пражытак. Вось яны i кажуць:
- Так жыць больш нельга; ужо лепш мы пойдзем па свеце шчасця шукаць.
Выбралiся яны ў шлях i прайшлi ўжо далёка, багата дарог i сцежак пратэпалi, але шчасця нiдзе так i не знайшлi. Вось трапiлi яны адзiн раз у дрымучы лес, а пасярод яго стаяла гара, падышлi блiжэй, бачаць - а гара ж уся са срэбра. I кажа старэйшы:
- Ну вось я i знайшоў сваё шчасце жаданае, а большага я не хачу. - Набраў ён срэбра столькi, колькi мог панесцi, павярнуў назад i дамоў прытупаў.
А двое iншых кажуць:
- Ад шчасця мы хочам большага, чым адно толькi срэбра, - i яны не ўзялi яго i рушылi далей.
Iшлi яны некалькi дзён i прыйшлi да гары, была яна ўся залатая. Спынiўся другi брат, падумаў i не ведаў, як яму быць.
- Што мне рабiць? - кажа ён. - Цi ўзяць мне золата, каб на ўсё жыццё хапiла, цi далей iсцi?
Нарэшце ён рашыўся i напакаваў усе кiшэнi золатам, развiтаўся са сваiм братам i дамоў вярнуўся.
А трэцi сказаў:
- Што мне срэбра ды золата! Не хачу я адмаўляцца ад свайго шчасця, - можа, выпадзе мне на долю што-небудзь лепшае.