- Так, - кажуць, - навучылiся.

- Чаму ж вы, дзецi, навучылiся?

- Я, - кажа малодшы сын, - галiць навучыўся.

- Я, кажа сярэднi сын, - каваць навучыўся.

- А я, - сказаў старэйшы сын, - фехтаваць навучыўся.

- Ну i добра, - кажа бацька. - Хацеў бы я паглядзець, цi спрытна ўмееце вы галiць, каваць i фехтаваць.

А ў гэты час бег полем заяц.

- Эх! - закрычаў малодшы сын, якi галiць навучыўся. - Ты мне якраз i патрэбен!

Схапiў ён тазiк i мыла, узбiў памазком пену, а потым дагнаў зайца, на бягу намылiў яму пыску i пагалiў абедзве шчакi.

Ды як чыста пагалiў! Нi разу не парэзаў i нiводнага валаска не пакiнуў.

- Добрая работа, - сказаў бацька. - Спрытна голiш!

I толькi ён гэта прамовiў, як на дарозе паказалася карэта.

- Ану, - кажа сярэднi сын, якi каваць навучыўся, - паглядзi, бацька, i на маё ўмельства!

Пабег сярэднi сын за карэтай, дагнаў яе, адарваў у каня на ўсiм скаку ўсе чатыры падковы i тут жа на ўсiм скаку падкаваў яго iзноў.

- Выдатная работа! - сказаў бацька. Не горшая, чым у твайго брата.

Тут загаварыў старэйшы сын:

- Дазволь, бацька, i мне паказаць сваё ўмельства!

- Што ж, - кажа бацька, - пакажы.

А якраз у гэты час пайшоў дождж.

Узяў старэйшы сын сваю шпагу ды як пачаў круцiць ёю ў сябе над галавой! Так хутка верцiць, што нi адна кропля на яго не трапляе. Дождж лiе ўсё мацней i мацней. Хвошча як з вядра, а старэйшы сын толькi круцiць шпагай i стаiць сухi, быццам пад дахам. Усе кроплi дажджавыя шпагай адбiвае!

Убачыў гэта бацька, здзiвiўся i сказаў дзецям:

- Усе вы слаўныя майстры - не ведаю я, каму з вас дом пакiнуць. Жывiце ўсе разам.

Пагадзiлiся з iм сыны ды так з таго часу разам i жывуць.

МУЖЫЧОК

Была адна вёска, дзе жылi спрэс адны сяляне-багацеi; i быў адзiн толькi сярод iх бядняк, звалi яго Мужычком. Не было ў яго нiколi каровы, ды i грошай, каб яе купiць, таксама не было; а яму i жонцы яго надта ж хацелася мець яе! Вось i кажа ён аднойчы:

- Паслухай, жонка, мне прыйшла ў галаву добрая думка: кум жа наш цясляр, хай зробiць ён нам з дрэва цялушачку ды пафарбуе яе бураю фарбаю, каб была яна падобнай да цялят; з часам яна падрасце, вось i будзе ў нас карова.

Жонцы яго гэта таксама спадабалася. I змайстраваў iм кум-цясляр цялушачку, i выстругаў яе, як след; фарбаю пафарбаваў як i патрабавалася, ды зрабiў яшчэ так, што i галаву яна нахiляла, быццам пасвiцца.

Вось на другую ранiцу пагналi кароў у поле, а Мужычок паклiкаў да сябе пастуха i кажа:

- Бачыш, ёсць цяпер у мяне цялушачка, ды яна яшчэ малая, яе трэба несцi на руках.

Сказаў пастух:

- Што ж, добра, - узяў ён яе на рукi, вынес на пашу i паставiў на травiцу.

Цялушачка ўсё стаiць, быццам траву скубе, а пастух i гаворыць: 'Хутка яна стане сама бегаць; глядзi, яна ўжо i есцi ўмее'.

Вечарам сабраўся ён гнаць статак дамоў i кажа цялушцы:

- Калi можаш стаяць i ўжо ўмееш есцi як след, дык павiнна сама i хадзiць, - не стану я цягнуць цябе дамоў на руках.

А Мужычок стаiць ля варот, чакае сваю цялушачку. Вось гонiць пастух кароў па вёсцы, а цялушачкi i няма. Пытаецца Мужычок пра яе ў пастуха. А пастух адказвае:

- Яна на лузе ўсё пасвiцца ды пасвiцца, нiяк iсцi не хоча.

Тады Мужычок кажа:

- Як жа гэта так, ты павiнен быў скацiну да мяне прыгнаць.

I вярнулiся яны разам з пастухом на луг; але нехта цялушачку, вiдаць, украў, яны там яе не знайшлi. Вось пастух i гаворыць:

- Яна некуды забегла.

А Мужычок яму ў адказ:

- Як бы не так! - i павёў пастуха да старасты; а той i прысудзiў, што павiнен пастух за сваё нядбанне даць Мужычку заместа цялушачкi, якая прапала, карову.

Вось i атрымаў Мужычок са сваёю жонкаю карову, якую iм так даўно хацелася мець. Яны вельмi ўзрадавалiся, але корму ж у iх не было i карову iм не было чым кармiць, i вось давялося яе зарэзаць. Мяса яны засалiлi, i Мужычок пайшоў у горад, каб прадаць там шкуру, а на ўтаргаваныя грошы купiць сабе новую цялушачку. Праходзiў ён мiма млына; бачыць - сядзiць там крумкач са зламаным крылом. Пашкадаваў ён яго, узяў i загарнуў яго ў шкуру. Але надвор'е стала дрэнным, узняўся вецер, i дождж пачаў лiць, што з вядра, - далей iсцi было цяжка.

Ён вярнуўся на млын i папрасiў даць яму прытулак. Млынарыха была дома адна i гаворыць Мужычку:

- Што ж, кладзiся на салому, - i дала яму кавалак хлеба з сырам.

Мужычок паеў i лёг спаць, а шкуру паклаў каля сябе. Жанчына падумала: 'Ён стамiўся i, напэўна, ужо спiць'. А тут прыходзiць у госцi поп. Млынарыха сустрэла яго ласкава i кажа:

- Мужа майго зараз дома няма, давай разам перакусiм.

Мужычок стаў прыслухоўвацца, i, калi гаворка зайшла аб пачастунку, ён пакрыўдаваў, што давялося яму здавольвацца адным толькi хлебам ды сырам. А млынарыха прынесла ежу i наставiла ўсякай усячыны - i варанага, i смажанага, салату, пiрагi i вiно.

Толькi яны селi за стол i пачалi есцi, як нехта пагрукаўся ў дзверы. Млынарыха гаворыць:

- Ах, Божа мой, гэта, вiдаць, мой муж.

Хуценька сунула яна смажанiну ў печку, вiно - пад падушку, салату - на ложак, пiрагi - пад ложак, а папа ў шафу схавала, што ў сенцах стаяла. Затым адчынiла яна дзверы мужу i кажа:

- Дзякуй Богу, што ты вярнуўся! Вось ужо надвор'е, быццам канец свету настаў!

Пабачыў млынар Мужычка на саломе i пытаецца:

- А гэтаму чаго тут трэба?

- Ах, - адказала жонка, - ды вось небарака трапiў у буру i дождж, ну i папрасiўся пераначаваць. Дала я яму кавалак хлеба з сырам i дазволiла легчы на саломе.

Муж гаворыць:

- Няхай сабе спiць, толькi дай жа ты мне чаго-небудзь паесцi.

А жонка кажа:

- Няма ў мяне нiчога, акрамя хлеба ды сыру.

- Я i тым буду задаволены, - адказаў муж, - давай, хаця б, хлеба з сырам.

Зiрнуў ён на Мужычка i кажа:

- Гэй ты, iдзi ды паеш з намi яшчэ раз!

Мужычок не прымусiў сябе доўга прасiць, падняўся i стаў есцi. Пабачыў млынар, што ляжыць на зямлi каровiна шкура i ў яе крумкач загорнуты, вось ён i пытаецца:

- Што гэта ў цябе там такое?

А Мужычок i гаворыць:

- Ды там у мяне прадказальнiк схаваны.

- Можа, ён i мне што-небудзь прадкажа? - запытаўся млынар.

- Магчыма, - адказаў яму Мужычок, - але ён прадказвае толькi чатыры разы, а на пяты ўсё ў сабе хавае.

Млынара гэта зацiкавiла, i ён пачаў прасiць:

- Дык загадай ты яму што-небудзь прадказаць.

Прыцiснуў Мужычок крумкачову галаву, той адразу i крыкнуў i закаркаў: 'кар-кар'. Млынар спытаў:

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату