- Ну, што ён сказаў?
Мужычок адказаў:
- Па-першае, сказаў ён, што вiно схавана пад падушкаю.
- Гэта было б нядрэнна! - ускрыкнуў млынар; пайшоў ён туды i знайшоў вiно.
- Ну, кажы далей! - сказаў млынар.
Мужычок прымусiў крумкача зноў закаркаць i сказаць.
- Па-другое, ён гаворыць, што смажанiна стаiць у печцы.
- Гэта было б дарэчы! - ускрыкнуў млынар; пайшоў ён туды i знайшоў смажанiну.
Мужычок прымусiў крумкача яшчэ прадказваць i абвясцiў:
- Па-трэцяе, ён гаворыць, што салата ляжыць на ложку.
- Гэта таксама было б нядрэнна! - ускрыкнуў млынар; пайшоў ён туды i знайшоў салату.
Яшчэ раз прыцiснуў Мужычок крумкача, ды так, што той запiшчэў i закаркаў. I абвясцiў Мужычок:
- А па-чацвёртае, сказаў ён, што пiрагi ляжаць пад ложкам.
- Гэта было б някепска! - ускрыкнуў млынар, палез пад ложак i знайшоў там пiрагi.
Селi яны абодва за стол, а млынарыха да смерцi перапалохалася, легла ў ложак i ўсе ключы пахавала. Схацелася млынару даведацца i пра пятае, а Мужычок кажа:
- Давай спачатку паядзiм усе чатыры, а пятае - яно будзе, бадай што, горшым.
Вось паелi яны, сталi таргавацца, колькi павiнен даць млынар за пятае прадказанне, i сыйшлiся яны на трохстах талерах. Вось прыцiснуў Мужычок яшчэ раз крумкачову галаву - той адразу i закаркаў на ўсё горла. Пытаецца млынар:
- Што ж ён сказаў?
А Мужычок адказвае:
- Ён сказаў, што ў шафе ў сенцах схаваўся чорт.
Млынар кажа:
- Ну, чорта трэба будзе адтуль выгнаць, - адчынiў дзверы ў сенцы, i вось давялося жонцы аддаць мужу ключ.
I Мужычок адчынiў шафу. I выскачыў стрымгалоў адтуль гэты самы поп. А млынар гаворыць:
- Бачыў я сваiмi вачамi чорнага чалавека - гэта i быў чорт.
Мужычок на другую ранiцу, толькi стала свiтаць, захапiў свае трыста талераў i дай бог ногi. Вярнуўся Мужычок дамоў i прывёў мала-памалу сваю гаспадарку ў парадак, пабудаваў сабе прыгожую хату, i сяляне сталi пра яго гаварыць:
- А Мужычок жа, напэўна, пабываў там, дзе падае дождж залаты i дзе грошы проста лапатамi грабуць.
I паклiкалi Мужычка да старасты, каб сказаў ён, адкуль у яго з'явiлася такое багацце. I адказаў ён:
- Быў я ў горадзе i прадаў каровiну шкуру за трыста талераў.
Пачулi гэта сяляне, схацелася i iм таксама атрымаць такiя ж грошы. Прыбеглi яны дамоў, усiх кароў сваiх пазарэзвалi, шкуры паздзiралi, каб прадаць iх у горадзе ды барыш узяць, як мага большы. А стараста i кажа:
- Мая работнiца няхай iдзе ў горад першая.
Прыйшла тая да купца ў горад, i даў ён ёй усяго тры талеры за шкуру; а калi з'явiлiся i iншыя, даў ён iм i таго менш i сказаў:
- Ды куды ж мне ўсе гэтыя шкуры i дзяваць ужо?
Раззлавалiся сяляне, што Мужычок iх гэтак спрытна падмануў, i вырашылi яму адпомсцiць: падалi скаргу старасту, што ўвёў ён iх, маўляў, у зман. I нi ў чым невiнаваты Мужычок быў адзiнагалосна асуджаны да пакарання смерцю; i павiнны былi яго спусцiць у прадзiраўленай бочцы ў рэчку.
Прывялi Мужычка i паклiкалi папа, каб прачытаў ён па iм памiнальную. А ўсiм астатнiм загадана было разысцiся. Як пабачыў Мужычок папа, пазнаў у iм таго самага, што быў у гасцях у млынарыхi. Вось i кажа ён яму:
- Я вызвалiў вас з шафы, а вы вызвальце мяне з бочкi.
А якраз на той час пастух гнаў авечак, а пра таго пастуха ён ведаў, што даўно яму хацелася стаць старастам. I вось закрычаў ён на ўсё горла:
- Не, я не згодны! Нават калi б увесь свет таго пажадаў, дык i тады б я не пагадзiўся.
Пачуў гэта пастух, падышоў i пытаецца:
- Што з табою? На што ты не пагаджаешся?
А Мужычок адказвае:
- Ды вось хочуць яны зрабiць мяне старастам, калi сяду я ў гэтую бочку, але я не згодны.
Тады пастух i гаворыць:
- Калi толькi гэта i патрэбна, каб стаць старастам, я зараз сяду ў бочку.
А Мужычок кажа:
- Калi згодны ты сесцi, дык i старастам будзеш.
Пастух пагадзiўся, сеў у бочку, i Мужычок донца ў бочцы забiў, а сам падышоў да статку i пагнаў яго замест пастуха. А поп пайшоў да сваiх прыхаджанiнаў i сказаў, што памiнальную ён ужо прачытаў. I прыйшлi сяляне i скацiлi бочку ў рэчку. Толькi пачала бочка кацiцца, а пастух з яе як закрычыць:
- Так, я ахвотна старастам буду!
Падумалi яны, што гэта крычыць Мужычок, i кажуць:
- I мы думаем тое ж самае; але ты спачатку агледзься, што робiцца там, унiзе, - i скацiлi яны бочку ў рэчку.
Сталi затым сяляне па хатах разыходзiцца; прыйшлi ў вёску, бачаць - i Мужычок таксама вяртаецца, гонiць статак авечак, бы нiчога i не было. Здзiвiлiся сяляне i пытаюцца:
- Мужычок, адкуль гэта ты ўзяўся? Хiба што ты з вады вылез?
- Ну так, - адказаў iм Мужычок, - я спусцiўся глыбока-глыбока i трапiў на самае дно; выбiў з бочкi донца, вылез, а там унiзе такiя цудоўныя лугi, i пасвiцца на iх шмат ягнят, - вось i ўзяў я сабе цэлы статак.
Пытаюцца сяляне:
- А цi многа яшчэ iх там засталося?
- О, многа! - адказаў Мужычок. - Куды болей, чым вам трэба.
Дамовiлiся тады памiж сабою сяляне, што i яны таксама б не супраць авечак раздабыць - кожны па цэламу статку.
А стараста i кажа:
- Я пайду першы.
Вось прыйшлi яны ўсе разам да рэчкi, а па сiняму небу якраз на той час хадзiлi аблачынкi, тыя, што называюць баранчыкамi; яны адлюстроўвалiся ў вадзе. I вось закрычалi сяляне:
- Колькi ж авечак бачна на дне!
Прабiўся стараста наперад i гаворыць:
- Я першы кiнуся на дно, трэба ж паглядзець ды агледзецца; калi ўсё будзе як трэба, я вас паклiчу.
I вось кiнуўся ён у ваду, 'шабулдых' - адгукнулася на вадзе. А сяляне падумалi, што крычыць ён 'Iдзiце', - i вось яны ўсiм гуртам кiнулiся ўслед за iм у ваду.
I вымерла ўся вёска, i застаўся адзiн Мужычок наследнiкам усяго iхняга дабра i зрабiўся чалавекам багатым.
ПТУШКА ГРЫФ
Жыў ды быў некалi кароль, а дзе ён уладарыў i як яго звалi, гэтага я не ведаю. Сыноў кароль не меў, а была ў яго адна адзiная дачка, якая заўсёды хварэла, i нiводзiн з дактароў не мог яе вылечыць. Але каралю было прадказана, што дачка ягоная акрыяе, калi з'есць яблычак. I ён абвясцiў па ўсёй сваёй краiне, што хто прынясе ягонай дачцы такi яблычак, якi верне ёй здароўе, той з ёю i ажэнiцца i каралеўства атрымае ў спадчыну.
Прачуў пра гэта i адзiн селянiн, якi меў трох сыноў. I сказаў ён да старэйшага:
- Iдзi ў склеп, набяры поўны кошык найпрыгажэйшых яблыкаў з чырвонымi шчокамi ды аднясi iх у каралеўскi палац. Можа, каралеўна i акрыяе, пакаштаваўшы iх, i ты ажэнiшся з ёю ды за караля станеш.
Хлопец згадзiўся на гэта i падаўся ў дарогу пешшу. Прайшоў ён колькi часу, аж сустрэўся яму на дарозе маленькi чалавечак ды пытаецца ў яго, што нясе ён у кошыку. А Ульрых - так звалi хлопца - i адказвае:
- Жабiныя кумпячкi.