- Гэта найлепшы матэрыял, якi я калi-небудзь здабывала. Я была сведка, як пяць гадоў таму ён выходзiў з судовай залы, а тым часам Хартэп сачыў за iм з ордэрам на яго арышт у кiшэнi. Кэмбел з газеты 'Ньюс' адразу ж кiнуўся за iм, аднак на вулiцы згубiў яго. Дадому ён болей не прыходзiў, i з таго часу пра яго болей нiчога не чулi. Усе лiчылi, што яго забiлi, аднак я нiколi не магла зразумець аднаго: калi яго хацелi забiць, дык навошта было выпiсваць ордэр на арышт.

- Уявi сабе, - без усякай цiкавасцi сказала Джанет Пардаў, - што ён адмовiцца гаварыць з табой.

Мiс Уорэн разламала булачку.

- У мяне яшчэ нiколi не было няўдач.

- Ты сама прыдумаеш што-небудзь за яго?

- Не той выпадак. Гэта падыдзе Сейвары, а не яму. Я прымушу яго даць мне iнтэрв'ю, - сказала яна злосна. - Любым спосабам. Пакуль мы едзем да Вены. У мяне ёсць амаль дванаццаць гадзiн. - I дадала ў роздуме: - Кажа, што ён школьны настаўнiк. Хто ведае? Выдатная будзе карэспандэнцыя. А куды ён едзе? Сказаў, што выходзiць у Вене. Калi праўда, то я выйду разам з iм. Калi спатрэбiцца, паеду з iм у Канстанцiнопаль. Але ў гэта я не веру. Ён едзе дамоў.

- У турму?

- На суд. Хутчэй за ўсё ён давярае тым людзям. Яго заўсёды любiлi ў трушчобах. Але ён дурань, калi лiчыць, што яго там памятаюць. Пяць гадоў! Так доўга нiхто не памятае.

- Дарагая, як сумна ты на ўсё глядзiш.

Мейбл Уорэн з цяжкасцю прыходзiла ў сябе i вяртала цвярозы погляд на рэчы: кава плёскалася ў яе кубку, столiк крыху пагойдваўся, насупраць сядзела Джанет Пардаў. У такiх выпадках Джанет Пардаў звычайна незадаволена капылiла губкi, насуплiвалася, спрачалася i злавалася, але цяпер яна ўпотай паглядала на жыда, якi сядзеў за столiкам з дзяўчынай, на думку Ўорэн, праставатай, але вясёлай i прываблiвай. 'А што да жыда, дык адзiная яго добрая якасць - маладосць i грошы, аднак гэтага хапае, каб прыцягнуць увагу Джанет', - з горыччу падумала Мейбл Уорэн, разумеючы, што гэта праўда.

- Ты ж ведаеш, што гэта - праўда, - сказала яна, усведамляючы, што гнеў яе марны. Шырокай, агрубелай рукой яна разламала яшчэ адну булачку. Яе хваляванне ўзмацнялася па меры таго, як яна ўсведамляла ўсю жахлiвасць сваiх здагадак. - Ты пра мяне забудзеш праз тыдзень.

- Ну, вядома ж, не, дарагая. Паслухай, я табе ўсiм абавязана.

Словы гэтыя не супакоiлi Мейбл Уорэн. 'Калi кахаеш па-сапраўднаму, думала яна, - не думаеш, чым ты абавязана'. Свет, як лiчыла яна, падзяляецца на тых, хто жыве розумам, i тых, хто жыве пачуццямi. Першыя бяруць у разлiк купленыя iм сукенкi, аплачаныя рахункi, але сукенкi з часам выходзяць з моды, а вецер падхоплiвае рахункi са стала i зносiць iх прэч, i ў любым выпадку доўг будзе аплачаны пацалункам цi iншай якой ласкай. Аднак тыя, хто жыве розумам, пра ўсё забываюць, а тыя, хто жыве пачуццямi, помняць усё, яны не бяруць i не пазычаюць, яны плацяць нянавiсцю цi любоўю. 'Я адна з iх, думала мiс Уорэн, вочы яе напоўнiлiся слязьмi, а булачка засела ў горле. - Я адна з тых, хто кахае i помнiць заўсёды, хто захоўвае вернасць мiнуламу i носiць жалобныя гарнiтуры i жалобныя павязкi на рукаве. Я нiчога не забываю'. Яе погляд слiзгануў па дзяўчыне, што сядзела побач з тым мужчынам, - так стомлены матацыклiст з неадольным жаданнем пазiрае на просценькi гатэль з пунсовымi фiранкамi на вокнах i марыць пра таннае пiва, а потым iзноў едзе далей да шыкоўнага гатэля з музыкай i пальмамi. 'Я загавару з ёю, яна зграбная, - падумала яна. - Зрэшты, нельга ж усё жыццё пражыць з грудным, падобным на музыку голасам, з статнай, як пальма, фiгурай. Вернасць зусiм не тое самае, што ўспамiны: можна забыць i заставацца верным, а можна памятаць i парушыць вернасць'.

'Я кахаю Джанет Пардаў, я заўсёды буду кахаць Джанет Пардаў', спрачалася яна сама з сабою. Джанет адкрыла ёй, што такое каханне, у самы першы вечар iх сустрэчы ў кiнатэатры на Кайзер-Вiльгельм-штрасе, i ўсё-такi, усё-такi... Абедзве яны тады адчулi агiду да акцёра, якi выконваў галоўную ролю. Здарылася так, што Мейбл Уорэн гучным голасам па-ангельску выказала свае пачуццi ў напружанай цiшынi цёмнай залы: 'Мне агiдныя такiя распусныя мужчыны!' - i пачула словы згоды, вымаўленыя нiзкiм, музычным голасам. Аднак нават тады Джанет Пардаў пажадала даглядзець фiльм да канца, да апошнiх абдымкаў, да фiнальнай завуалiяванай распусты. Мейбл Уорэн угаворвала яе пайсцi i дзе-небудзь выпiць, але Джанет Пардаў сказала, што хоча даглядзець кiнахронiку, i яны абедзве засталiся. Здаецца, у самы першы вечар выявiўся характар Джанет - потым з гэтым яе характарам давялося сутыкацца заўсёды: непазбежна даводзiлася пагаджацца з ёю ва ўсiм. Так было да ўчарашняга вечара, калi яна вырашыла вызвалiцца ад Мейбл Уорэн.

- Не выношу жыдоў, - злосна вымавiла Мейбл Уорэн, нават не стараючыся панiзiць голас.

I Джанет Пардаў, глянуўшы на Мейбл Уорэн вялiкiмi прамянiстымi вачыма, пагадзiлася:

- Гэтаксама i я, дарагая.

З раптоўным адчаем Мейбл Уорэн звярнулася да яе:

- Джанет, калi мяне не будзе побач, цi будзеш ты памятаць, як мы кахалi адна адну? Ты ж не дазволiш нiводнаму мужчыну дакрануцца да цябе?

Ёй было б прыемна пачуць пярэчаннi, атрымаць магчымасць паспрачацца, прыводзiць доказы, нейкiм чынам накласцi пячатку на гэтую няўлоўную душу, аднак адзiнае, чаго яна дачакалася, была згода, выказаная абыякавым тонам:

- Ну, вядома ж, дарагая. Хiба я магу?

Калi б Мейбл Уорэн абярнулася да люстры, убачыла б там сваё рэальнае аблiчча, якое вярнула б ёй разважлiвасць i цвярозы розум. 'Ну, гэта не па мне, - разважала яна, - трэба знайсцi задавальненне ў чым- небудзь прыгожым'. Няма нiчога добрага ў тым, каб думаць пра сябе, пра свае жорсткiя валасы, пра чырвоныя павекi, пра мужчынскi немiлагучны голас. Любы мужчына, нават самы звычайны жыд, быў ёй сапраўдным супернiкам. Калi яна знiкне з яе жыцця, прыгажуня Джанет Пардаў спакваля ператворыцца ў пустое месца, амаль не будзе iснаваць, хоць i будзе па iнерцыi спаць, есцi, выклiкаць захапленне. Аднак хутка яна зноў будзе сядзець у камфартабельным крэсле, крышыць пальцамi падсмажаны хлеб i казаць: 'Ну, вядома, вы маеце рацыю. Я заўсёды адчувала гэта'. Кубак задрыжаў у руцэ Мейбл Уорэн, кава пералiлася цераз край i запэцкала ёй спаднiцу, на якой ужо былi плямы ад тлушчу i пiва. 'Якая рознiца, - цынiчна падумала яна, - чым займаецца Джанет, калi я пра гэта не ведаю. Якая рознiца, калi яна дазволiць якому- небудзь мужчыне зацягнуць сябе ў ложак, калi яна зноў вернецца да мяне'. Але апошняя думка прымусiла яе скалануцца ад душэўнага болю. 'Наўрад цi Джанет вернецца да старой, непрыгожай, прыдуркаватай бабы, - разважала яна. - Джанет будзе расказваць яму пра мяне, пра два гады, праведзеныя са мною, пра тыя днi, калi мы былi шчаслiвыя, пра тое, якiя я ўчыняла ёй сцэны, нават пра вершы, якiя я ёй прысвячала. А ён будзе насмiхацца, i яна будзе насмiхацца, i, смеючыся, яны лягуць у ложак. Лепей мне цвёрда вырашыць, што гэта канец, што яна нiколi не вернецца да мяне пасля адпачынку. Я ж нават не ведаю дакладна, цi сапраўды яна збiраецца наведаць дзядзьку. Ну, хопiць ужо, свет на ёй клiнам не сышоўся, - думала мiс Уорэн, крышачы булачку i з адчаем паглядаючы на свае недагледжаныя, нязграбныя рукi. - Вось, напрыклад, гэтая дзяўчынка, яна такая ж бедная, якой была Джанет у той вечар у кiнатэатры; яна такая ж чароўная, як Джанет, - проста асалода гадзiнамi сядзець i назiраць за кожным рухам цудоўнага цела Джанет: Джанет робiць прычоску, Джанет пераапранае сукенку, Джанет нацягвае панчохi, Джанет змешвае кактэйль. Але, магчыма, у гэтай дзяўчынкi значна болей розуму, хай сабе пасрэднага, але вострага'.

- Дарагая, ты што, утрэскалася ў гэтае дзяўчо? - весела спытала Джанет.

Цягнiк гайдануўся, i з грукатам уварваўся ў тунель, i вырваўся з яго, заглушыўшы адказ Мейбл Уорэн, схапiўшы яго, як сярдзiтая рука выхоплiвае лiст паперы, раздзiрае яго i выкiдвае шматкi, i толькi на адным з iх можна прачытаць слова 'Назаўсёды', - таму нiхто, апроч Мейбл Уорэн, не зможа здагадацца, што яна сказала на самой справе: цi прысягнула захаваць вернасць назаўсёды, цi заявiла, што нiхто не зможа заставацца верным назаўсёды аднаму чалавеку. I калi цягнiк iзноў выйшаў на сонечнае святло, заблiшчалi кафейнiкi, забялелi настольнiкi i сурвэткi, за вокнамi былi вiдаць палi, на якiх пасвiлiся каровы, а потым густы ельнiк, - мiс Уорэн забылася, што яна хацела сказаць, бо ўвага яе была ўжо на чалавеку, якi ўваходзiў у рэстаран. Яна пазнала ў iм суседа Цынера. У гэты момант дзяўчына паднялася. Яна i яе спадарожнiк гаварылi так рэдка, што мiс Уорэн не магла зразумець, цi знаёмыя яны адно з адным наогул. Яна спадзявалася, што яны не ведаюць адно аднаго, бо ў галаве яе ўзнiк план, якi дасць ёй не толькi загаварыць з дзяўчынаю, але i дапаможа ёй раз i назаўсёды прыкаваць Цынера да першай паласы газеты атрымаецца выдатнае распяцце.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату