- Да пабачэння, - сказала дзяўчына.
Мейбл Уорэн, сочачы за ёй поглядам спрактыкаванай назiральнiцы, заўважыла, як яе спадарожнiк уцягнуў галаву ў плечы, нiбыта прысаромлены звычайны зладзюжка, якi, прыўзняўшыся з лавы падсудных, нясмела пратэстуе супраць несправядлiвага прыгавору i робiць гэта хутчэй па звычцы, чым ад сапраўднага ўсведамлення несправядлiвасцi. Неспрактыкаваны назiральнiк мог бы па iх тварах падумаць, што гэтая пара пасварылася, але Мейбл Уорэн разбiралася ў гэтым лепей.
- Я ўбачу вас яшчэ? - спытаў жыд, i дзяўчына адказала:
- Калi захочаце мяне ўбачыць, вы добра ведаеце, дзе мяне знайсцi.
- Да пабачэння. У мяне ёсць свае справы, Джанет, - сказала Мейбл Уорэн, i яна пайшла следам за дзяўчынай з вагона-рэстарана цераз хiсткi пераход памiж вагонамi, якi гойдаўся з боку на бок, спатыкаючыся i трымаючыся рукой за сцены. Занятая распрацоўкай блiскучай аперацыi, яна ўжо не зважала на галаўны боль. Калi яна гаварыла, што ў яе ёсць свае справы, яна не манiла, у яе ўжо выспела блiскучая iдэя, i яе галава зараз была падобная на залiтую святлом залу ў гуле зачараванага натоўпу. Усё сышлося як трэба - гэта яна добра ўсведамляла, i адразу пачала прыкiдваць, якое месца ў газеце могуць даць ёй у Лондане: раней яна нiколi не друкавалася на першай паласе. У iх ёсць матэрыялы пра канферэнцыю па ўсеагульным раззбраеннi, арышт пэра за растрату i жанiцьба баранета на дзяўчыне з амерыканскага вар'етэ. Нiводзiн з гэтых матэрыялаў не належаў да разраду надзвычайных: перад тым як адправiцца на вакзал, яна прагледзела тэлеграфную стужку агенцтва 'Навiны'. 'Канферэнцыю па агульным раззбраеннi i дзяўчыну з вар'етэ паставяць на заднюю паласу, калi няма паведамлення пра вайну цi пра смерць караля, мой матэрыял будзе галоўны на першай паласе', - думала яна. Не зводзячы вачэй з дзяўчыны, якая iшла наперадзе, яна ўявiла сабе доктара Цынера, стомленага, у пашарпанай, старамоднай вопратцы, з высокiм каўнерам i вузкiм туга завязаным гальштукам, - ён сядзiць у кутку свайго купэ, абхапiўшы рукамi каленi, а яна меле лухту яму наконт Белграда. 'Доктар Цынер жыве', - прыкiдвала яна, прыдумваючы загалоўкi. - Не, гэта не падыдзе, ужо мiнула пяць гадоў, i не ўсе памятаюць яго прозвiшча. 'Чалавек-загадка вяртаецца'... 'Як доктар Цынер пазбег смерцi'... 'Толькi ў нашай газеце'...
- Мiлая дзяўчына! - задыхаючыся, паклiкала яна, ухапiўшыся за парэнчы, - было вiдаць, што яе палохае чарговы пераход: грукатанне металу i скрыгат буфераў.
Голасу яе не было чуваць, таму яна мусiла была зноў паўтарыць свой зварот, гукнуўшы дзяўчыну на ўвесь голас. Гэты гучны вокрык не пасаваў да ролi, якую яна ўзяла на сябе: пажылая жанчына, у якой перахапiла дыханне. Дзяўчына азiрнулася i падышла да яе. На яе прастадушным тварыку, бледным i засмучаным, можна было лёгка прачытаць усе яе пачуццi.
- Што здарылася? Вам блага? Вы захварэлi?
Мiс Уорэн не зварухнулася з месца. Стоячы на другiм канцы пакладзеных адзiн на адзiн сталёвых лiстоў, яна напружана абдумвала, як паводзiць сябе з дзяўчынай.
- Ох, дарагая, як мне прыемна, што вы ангелька. Мне так блага. Я не магу перайсцi да вас. Ведаю, што я баязлiвая старая дурнiца, - ёй было агiдна, што неабходнасць вымагала яе нагадаць свой сапраўдны ўзрост, - калi б вы падалi мне руку дапамогi?
'На такую гульню мне не хапае доўгiх валасоў - выглядала б болей па-жаноцку, - думала яна, - шкада, што пальцы жоўтыя. Дзякуй богу, ад мяне ўжо не нясе джынам'.
Дзяўчына зрабiла крок ёй насустрач.
- Вядома, дапамагу. Вам не трэба баяцца. Вазьмiцеся за маю руку.
Мiс Уорэн учапiлася за руку дзяўчыны сваiмi моцнымi пальцамi, нiбыта сцiскаючы шыю нейкага злога сабакi.
Калi яны дайшлi да наступнага калiдора, яна зноў загаварыла. Шум цягнiка крыху сцiшыўся, i яна магла панiзiць голас да хрыплага шэпту.
- Калi б у цягнiку знайшоўся доктар, мая дарагая. Я так блага сябе пачуваю.
- Але ж тут ёсць доктар. Яго завуць Джон. Ноччу я самлела, i ён дапамог мне.
- Я так баюся дактароў, дарагая, - сказала мiс Уорэн, радуючыся ў душы: вельмi пашанцавала, што дзяўчына ведае Цынера. - Спярша давайце крышачку пагаворым: мне трэба супакоiцца. Як вас завуць, мiлачка?
- Корал Маскер.
- Можаце называць мяне Мейбл. Мейбл Уорэн. У мяне ёсць пляменнiца, вельмi падобная да вас. Я працую ў Кёльне, карэспандэнтам у адной газеце. Абавязкова прыязджайце наведаць мяне як-небудзь. Цудоўная кватэрка. Вы зараз у адпачынку?
- Я танцую. Еду ў Канстанцiнопаль. Там захварэла адна дзяўчына ў ангельскiм шоў.
Трымаючы руку дзяўчыны ў сваёй, усхваляваная да глыбiнi сэрца, Мейбл Уорэн раптам адчула неадольнае жаданне праявiць сваю шчодрасць самым абсурдным спосабам. Чаму б не адмовiцца ад надзеi захаваць пры сабе Джанет Пардаў i не прапанаваць гэтай дзяўчыне скасаваць кантракт i заняць месца Джанет у якасцi платнай кампаньёнкi?
- Вы такая прыгожанькая, - уголас сказала яна.
- Прыгожанькая, - паўтарыла Корал Маскер. Яна нават не ўсмiхнулася нiшто не магло пахiснуць яе недаверу. - Вы што, кпiце з мяне?
- Мая дарагая, вы такая добрая i мiлая.
- Вось тут вы сапраўды маеце рацыю, - загаварыла Корал Маскер крыху вульгарным тонам, i гэта на iмгненне азмрочыла мары Мейбл Уорэн. Дзяўчына гаварыла ўмольна: - Хопiць ужо гаварыць мне пра маю дабрыню. Лепей скажыце iзноў, што я прыгожанькая.
Мейбл Уорэн пагадзiлася з вялiкай ахвотай:
- Мiлачка мая, вы проста цудоўная. - Велiзарнае здзiўленне, з якiм дзяўчына выслухала яе, было кранальнае: слова 'цнота' мiльганула ў разбэшчанай гарадскiм жыццём свядомасцi Мейбл Уорэн. - Вам нiхто ў жыццi не казаў гэтага? - нецярплiва i недаверлiва спытала Мейбл Уорэн з маленнем у голасе. - Нават ваш малады сябар у вагоне-рэстаране?
- Я знаёмая з iм вельмi мала.
- Думаю, вы дастаткова разважлiвая, мая дарагая. Жыдам давяраць нельга.
- Вы лiчыце, што ён падумаў тое самае? - павольна сказала Корал Маскер. - Што ён мне не спадабаўся, бо ён жыд?
- Яны ўжо прызвычаiлiся да гэтага, дарагая.
- У такiм разе я пайду i скажу яму, што ён мне падабаецца, што мне заўсёды падабалiся жыды.
Мейбл Уорэн злосна працадзiла скрозь зубы шэптам непрыстойную лаянку.
- Што вы сказалi?
- Вы ж не кiнеце мяне ў такiм стане, пакуль не знойдзеце доктара? Паслухайце, маё купэ ў самым канцы цягнiка, я еду з пляменнiцай. Я пайду туды, а вы пашукайце доктара.
Яна прасачыла, як Корал Маскер знiкла, i праслiзнула ў туалет. Паравоз раптоўна спынiўся, а потым даў заднi ход. Глянуўшы ў акно, мiс Уорэн пазнала шпiлi Вюрцбурга, мост цераз Майн. Паравоз заганяў пад навес вагоны трэцяга класа, манеўруючы ўзад i ўперад памiж сiгнальнымi будкамi i запаснымi пуцямi. Мiс Уорэн пакiнула дзверы прыадчыненымi, каб назiраць за калiдорам. Калi з'явiлiся Корал Маскер i доктар Цынер, яна зачынiла дзверы i пачакала, пакуль iх крокi не зацiхлi. Iм было яшчэ доўга iсцi па калiдорах, i, калi яна паспяшаецца, часу ёй хопiць. I выслiзнула з туалета. Перш чым яна паспела зачынiць дзверы, цягнiк таргануўся i рушыў, i дзверы з бразгатам зачынiлiся, але нi Корал Маскер, нi доктар Цынер не абярнулiся.
Мейбл Уорэн нязграбна пабегла па калiдоры, iмклiвы ход цягнiка кiдаў яе ад адной сцяны да другой, яна ўдарыла руку i калена. Пасажыры, якiя вярталiся са снедання, прыцiскалiся да вокнаў, каб прапусцiць яе, некаторыя лаялiся па-нямецку, ведаючы, што яна ангелька, i думалi, што яна iх не разумее. Яна злосна ўсмiхалася iм услед, паказваючы вялiзныя пярэднiя зубы, i бегла далей. Патрэбнае купэ знайсцi было лёгка - яна пазнала плашч, якi вiсеў у кутку, i мяккi паношаны брыль. На сядзеннi ляжала ранiшняя газета: доктар Цынер, пэўна, купiў яе некалькi хвiлiн таму на вакзале ў Вюрцбургу. За той кароткi час, пакуль яна даганяла Корал Маскер, яна прадумала кожны свой ход: пасажыр, якi ехаў у тым самым купэ, снедае ў рэстаране, доктар Цынер шукае яе на другiм канцы цягнiка, i яго не будзе, прынамсi, некалькi хвiлiн.
За гэты час яна павiнна шмат што разведаць, каб прымусiць яго загаварыць.
Спачатку плашч. У кiшэнях нiчога не было, акрамя пачка запалак i цыгарэт 'Голд Флейк'. Яна ўзяла