- Наш прадстаўнiк... Што вы сказалi?
- Сказала, што я вас кахаю.
Анёл цiшынi адляцеў, а экспрэс, запоўнены бадзёрымi галасамi, грукатам колаў, брынканнем талерак, размовамi, бразганнем шклянак, праносiўся мiма доўгiх радоў хвой i зiхатлiвага Дуная. У кабiне машынiста стрэлка манометра паказвала, як павялiчваецца цiск пары, машынiст павярнуў ручку рэгулятара, i хуткасць цягнiка адразу павялiчылася на пяць мiль у гадзiну.
3
Корал Маскер на хвiлiнку затрымалася, стоячы на жалезных лiстах пераходу з вагона-рэстарана ў вагоны другога класа. Трасенне цягнiка дзейнiчала ёй на нервы, яе нудзiла, яна не магла сябе прымусiць пайсцi i забраць сакваяж з купэ, дзе былi мiстэр Пiтэрс з сваёй жонкай Эймi. Забыўшыся на грукат металу, на стук буфераў, яна ў думках падымалася па лесвiцы ў сваю кватэру, захутаная ў футра. На стале ў гасцёўнi - кошык руж з аранжарэi i картка 'Ад Карла, з любоўю' - яна вырашыла называць яго так. Нельга ж казаць: 'Я кахаю цябе, Карлтан', а вось вымавiць 'Я горача люблю, я проста закахалася ў цябе, Карл' - зусiм iншая справа. Яна гучна засмяялася i запляскала ў далонi, раптоўна зразумеўшы, што каханне - справа няпростая i вось з чаго яно складаецца: з пачуцця ўдзячнасцi, падарункаў, звыклых жартаў, кватэры, служанкi, - а яшчэ: няма патрэбы зарабляць сабе на пражытак.
Яна пабегла па калiдоры, стукаючыся то аб адну сцяну, то аб другую i не зважаючы на гэта. 'Прыйду ў тэатр, спазнiўшыся на тры днi, i спытаю: 'Магу я бачыць мiстэра Сiднея Дана?' Але швейцар - ён, вядома ж, будзе турак толькi буркне нешта скрозь кашэчыя вусы, таму давядзецца самой прабiрацца па калiдорах у грымёрныя, пераступаць цераз раскiданыя паўсюль пажарныя шлангi. Я ўсуну галаву ў агульную грымёрку, скажу: 'Воng jоur'* i спытаю: 'Дзе Сiд?' Ён, магчыма, будзе рэпецiраваць на авансцэне, тут я i выгляну з-за кулiсаў, ён убачыць мяне i спытае: 'Хто вы такая?' - працягваючы адбiваць такт, а 'Дзяўчынкi Дана' ўсё скочуць, скочуць, скочуць. 'Корал Маскер'. - 'Чорт пабяры, вы спазнiлiся на тры днi, што гэта такое?' А я скажу: 'Я проста завiтала да вас, каб папярэдзiць, што я звальняюся'. Аднак ад грукату цягнiка яе словы, вымаўленыя з удаванай храбрасцю, прагучалi як баязлiвае хныканне.
* Добры дзень (ламаная фр.).
- Прабачце, - звярнулася яна да мiстэра Пiтэрса - ён трохi пераеў за абедам i цяпер драмаў у кутку, выцягнуўшы ногi ўпоперак купэ i замiнаючы ёй.
- Прабачце, - паўтарыла яна. Мiстэр Пiтэрс прачнуўся i папрасiў прабачэння.
- Вярнулiся да нас? Правiльна зрабiлi!
- Не, я прыйшла па сакваяж.
Эймi Пiтэрс, скурчыўшыся на сядзеннi, з мятнай таблеткай у роце, ублыталася ў iх размову з нечаканай злосцю:
- Не гавары з ёй, Герберт. Хай забiрае свае транты. Строiць з сябе немаведама каго - бач, мы ёй не кампанiя.
- Я толькi хачу ўзяць свой сакваяж. Чаго вы на мяне накiнулiся? Я i слова не сказала.
- Не хвалюйся з-за дробязей, Эймi, - сказаў мiстэр Пiтэрс. - Гэта не наша справа, як паводзiць сябе гэтая маладая дама. Вазьмi яшчэ адну таблетку. Гэта ўсё яе страўнiк. У яе нястраўнасць, - растлумачыў ён Корал.
- Скажаш: 'маладая дама'. Распуснiца - вось хто яна такая.
Корал ужо выцягнула сакваяж з-пад сядзення, але тут жа з сiлай апусцiла яго на ногi мiстэра Пiтэрса. Яна ўперла рукi ў бокi i павярнулася да жанчыны, адчуваючы сябе вопытнай, упэўненай у сябе i рашучай: iх сварка нагадала ёй мацi - як тая, узяўшыся ў бокi, усчыняла сварку з суседкай, якая ўпiкала яе за шашнi з кватарантам. У гэты момант Корал ператварылася ў сваю мацi: лёгка, нiбы сукенку, яна скiнула з сябе тое, чаму навучыла яе жыццё штучную вытанчанасць тэатральнага свету i асцярожную манеру размаўляць.
- Паглядзi на сябе: хто ты такая? - Яна ведала сапраўдную цану гэтым людзям: крамнiкi ў адпачынку, едуць у Будапешт з турысцкай групай агенцтва 'Кука' - гэта ж крыху далей, чым Остэндэ, дома яны потым будуць выхваляцца, якiя яны заўзятыя падарожнiкi, паказваць усiм яркiя наклейкi танных гатэляў на сваiх чамаданах. Раней i на яе гэта зрабiла б уражанне, але цяпер яна ўжо навучылася не надаваць значэння такiм рэчам, не дазваляць сабе абводзiць вакол пальца, быць пранiклiвай. - З кiм гэта ты так гаворыш? Я не якая там ваша прадаўшчыца. Не з тых, каго вы прымаеце з задняга ходу.
- Ну, даволi ўжо, - сказаў мiстэр Пiтэрс, крануты за жывое яе здагадлiвасцю. - Няма прычыны сварыцца.
- Ах, няма! А вы чулi, як яна мяне абразiла? Пэўна, бачыла, як вы ладзiлiся да мяне.
- Ну, вядома ж, ён табе не пара. Лёгкi заробак, вось чаго ты хочаш. Не думай, не вельмi ты нам патрэбная ў гэтым вагоне. Я ведаю, дзе тваё сапраўднае месца!
- Вымi з рота гэтую штучку, калi гаворыш са мной!
- На Орбакл-авеню. Ловiш мужчын проста з цягнiка на Падынгтонскiм вакзале.
Корал зарагатала. Гэта быў тэатральны рогат яе мацi, ён звычайна запрашаў суседзяў прыйсцi i паглядзець на свару. Ад узбуджэння пальцы Корал сцiснулiся на сцёгнах, яна так доўга паводзiла сябе ўзорна, правiльна вымаўляла словы, не выхвалялася сваiмi паклоннiкамi, не гаварыла: 'Вельмi прыемна вас бачыць!' Шмат гадоў няўпэўнена яна кiдалася памiж двума рознымi класамi i нi да таго, нi да другога не прыстала, яна належала толькi таатру. Яна страцiла прыроджаную прастату, але i натуральная вытанчанасць была ёй недаступная. А зараз яна з задавальненнем вярнулася да сваiх вытокаў.
- Не хацела б я быць такiм пудзiлам, нават калi б ты мне заплацiла. Нiчога дзiўнага - з такой храпай у любой жывот забалiць. Зразумела цяпер, чаму твой стары бегае ад цябе да iншых.
- Ну, хопiць ужо, супакойцеся, дамы.
- Аб цябе ён рукi мараць не стане. Брудны жыдок - вось i ўсё, чаго ты вартая.
Корал раптам заплакала, хоць рукi ў яе ўсё яшчэ рвалiся ў бойку, у яе ледзьве хапiла голасу, каб адказаць:
- Не чапай яго.
Аднак словы мiсiс Пiтэрс, нiбыта дымок паветранай рэкламы, што спакваля знiкае ў небе, азмрочылi яе светлыя надзеi.
- Мы добра ведаем: гэта ён - твой палюбоўнiк.
- Дарагая мая, - вымавiў за яе спiнай нечы голас, - не звяртайце на iх увагi.
- А вось яшчэ адзiн твой сябар.
- Хадземце адгэтуль. Ну, i што з таго?
Доктар Цынер узяў Корал пад ручку i пацiху пачаў выводзiць яе з купэ.
- Адны жыды i iншаземцы. Нiякага сораму.
Доктар Цынер забраў яе сакваяж i выставiў яго на калiдор. Калi ён павярнуўся да мiсiс Пiтэрс, на твары яго ўжо не было бездапаможнай разгубленасцi настаўнiка-iншаземца - ён быў поўны адвагi i сарказму, якiя адзначалi журналiсты, калi ён даваў паказаннi супраць Камнеца.
- Ну, i што далей?
Мiсiс Пiтэрс выняла з рота мятную таблетку. Доктар Цынер, сунуўшы рукi ў кiшэнi плашча, пагойдваўся на насках. Было вiдаць, што ён авалодаў становiшчам, але яму не прыходзiла ў галаву, што сказаць, - галава ў яго ўсё яшчэ была поўная гучных фраз, рыторыкi сацыялiстаў. Сутыкнуўшыся з любым насiллем, ён рабiўся рэзкi, але цяпер не знаходзiў патрэбных слоў, хоць яны, гэтыя словы, несумненна, iснавалi ў глыбiнi яго свядомасцi, гэтыя пякучыя словы, з'едлiвыя i едкiя, як дым.
- Ну, i што з таго?
Да мiсiс Пiтэрс пачала вяртацца яе адвага.
- Ты чаго суеш нос не ў сваю справу? Толькi гэтага нам не ставала! Спачатку адна ашалела, а цяпер i гэты лезе. Герберт, скажы сваё слова.
Аднак загаварыў доктар Цынер. Словы яго, вымаўленыя з моцным акцэнтам, гучалi важка i пераканаўча, яны прымусiлi мiсiс Пiтэрс змоўкнуць, хоць i не пераканалi яе.
- Я доктар.
Ён сказаў iм, што дарэмна спадзявацца на тое, што ў iх ёсць сумленне. Ноччу дзяўчына страцiла прытомнасць, як урач ён параiў ёй перайсцi ў спальны вагон. Падазронасць ганьбiць толькi тых, хто яе выказвае. Потым ён выйшаў да Корал Маскер на калiдор. З купэ iх не было вiдно, але адтуль можна было добра чуць голас мiсiс Пiтэрс: