кiнакамера няўдала зняла дэкарацыю доўгай вулiцы - гэтую песеньку спявалi на ёй мужчына, якi высунуўся з акна, жанчына, якая прадавала гароднiну з каляскi, хлопец, якi абдымаў дзяўчыну ля сцяны. Яна ўскалмацiла рукой валасы. Раптам у яе ўспамiны i клопаты, у кампанiю Джанет i К.С.Сейвары, Корал i Рычарда Цынера, на iмгненне ўлезла румяная фiзiяномiя нейкага маладога чалавека з добрымi прамянiстымi вачыма ў акулярах у рагавой аправе.
- Мне здаецца, мэм, у вас нейкiя непрыемнасцi з гэтым чалавекам. Я быў бы рады, калi б змог вам дапамагчы.
Раз'юшаная мiс Уорэн павярнулася да юнака.
- Яшчэ адзiн на маю галаву, - сказала яна i рушыла да тэлефоннай будкi.
Амерыканец дапамог ёй пазбавiцца ад кранальных, сентыментальных успамiнаў, засталiся толькi злосць i прага помсты. 'Ён лiчыць, што яму цяпер нiчога не пагражае, ён ад мяне адчапiўся, i я нiчога не магу з iм зрабiць, калi ён пацярпеў няўдачу', - думала яна. Але да таго часу, калi ў будцы зазванiў тэлефон, яна зноў супакоiлася. Няхай Джанет флiртуе з Сейвары, а Корал з сваiм жыдам - Мейбл Уорэн пакуль што не да iх. Калi трэба выбiраць памiж каханнем да жанчыны i нянавiсцю да мужчыны, для яе iснавала толькi адно: з яе кахання можна пакпiць, але нiхто яшчэ нiколi не здзекаваўся з яе нянавiсцi.
2
Корал Маскер збянтэжана разглядвала меню.
- Выберыце за мяне, - папрасiла яна i ўзрадавалася, калi ён заказаў вiно. 'Яно аблегчыць мне сённяшнюю ноч', - падумала яна. - Мне падабаецца ваш пярсцёнак.
Агнi Вены пранеслiся мiма ў акне, знiкаючы ў цемрадзi ночы, афiцыянт перагнуўся цераз столiк i апусцiў штору.
- Яно каштавала мне пяцьдзесят фунтаў, - сказаў Майет. Ён вярнуўся ў родную стыхiю i пачуваў сябе ў ёй як дома, яго болей не бянтэжыла недарэчнасць паводзiн людзей. Карта вiн у яго руцэ, складзеная сурвэтка на талерцы, мяккiя крокi афiцыянтаў, якiя сноўдалi мiма яго крэсла, - усё гэтае надавала яму ўпэўненасцi. Усмiхнуўшыся, ён паварушыў рукой, i гранi каменя зазiхацелi на столi i на келiхах. - А сапраўдная цана яго ўдвая большая.
- Раскажыце мне пра яе, - сказаў мiстэр К.С.Сейвары. - Дзiўная асоба. Выпiвае?
- Яна так да мяне прывязалася.
- Нiчога дзiўнага. - Нахiлiўшыся наперад i разломваючы хлеб, ён асцярожна спытаў: - Не магу нiяк зразумець, чым такiя жанчыны займаюцца?
- Не, не буду болей пiць гэтага пiва. Мой страўнiк яго не прымае. Спытай, цi няма ў iх 'Гiнеса'. З асалодай выпiла б зараз шклянку 'Гiнеса'.
- Вядома, у вас у Германii адраджаецца вялiкi спорт, - казаў мiстэр Оўпi. - Выхоўваецца цудоўны тып маладых мужчын. Аднак гэта нельга параўнаць з крыкетам. Вазьмiце, да прыкладу, Хобса i Сатклiфа...
Цалуюцца. Яны ўвесь час цалуюцца.
Але ж я не ведаю iх тарабарскай мовы, Эймi.
- Кожны раз вы нагадваеце, колькi кожная рэч каштуе. Вам вядома, пэўна, колькi каштую я? - Ад разгубленасцi i страху яна зрабiлася з'едлiвая. Вядома ўжо дакладна. Дзесяць фунтаў за бiлет.
- Я ж усё ўжо растлумачыў наконт бiлета.
- А калi б на маiм месцы была вунь тая дзяўчына?
Майет павярнуўся i паглядзеў на элегантную, стройную маладую жанчыну ў футры, яе мяккi прамянiсты погляд на хвiлiнку затрымаўся на iм, ацанiў i адхiлiў яго.
- Вы лепей, - вымавiў ён яўна няшчырым тонам, iзноў iмкнучыся злавiць погляд той маладой жанчыны i прачытаць свой прыгавор. 'Гэта праўда, пераконваў ён сябе, - бо калi Корал у гуморы, яна вельмi цудоўная, а незнаёмай дзяўчыне цяжка нават i даць такое вызначэнне. З ёй я б i слова не сказаў, - думаў ён. - Не змог бы размаўляць гэтаксама лёгка, як з Корал, не ведаў бы, куды рукi падзець, увесь час памятаў бы пра сваю нацыянальнасць'. У парыве ўдзячнасцi ён павярнуўся да Корал: - Вы такая да мяне добрая. - Ён нахiлiўся над талеркай з супам, булачкамi, графiнчыкам з воцатам. - Вы i далей будзеце такая добрая да мяне?
- Асаблiва сёння ўначы.
- Чаму толькi сёння? Калi прыедзем у Канстанцiнопаль, чаму б вам, чаму б нам... - ён завагаўся. Нешта ў ёй бянтэжыла яго: заставалася заўсёды нейкая нязведаная выспа ў акiяне iх сяброўскiх адносiн.
- Жыць разам з вамi там?
- А чаму не?
Розум яе супрацiўляўся яго прапанове, але яна так здзiвiла яе, што ёй давялося засяродзiць усю сваю ўвагу на навакольным свеце: цягнiк, якi крыху гойдаўся, мужчыны, жанчыны - яны, здаецца, ядуць i пьюць, седзячы памiж апушчанымi шторамi, - абрыўкi чужых размоў.
- Так, вось i ўсё. Цалавалiся. Толькi цалавалiся.
- Хобс i Зудглiф?
Усе довады былi на карысць яго прапановы. Замест таго каб прамерзлай вяртацца на свiтанку ў бруднае жыллё мясцовай гаспадынi - тая нават не зможа зразумець яе просьбу даць ёй грэлку цi кубак гарбаты i пачне прапаноўваць нейкi невядомы заменнiк аспiрыну, каб не балела галава, якая расколваецца ад стомы, - замест усяго гэтага вяртацца ў раскошную кватэру, дзе блiскучыя краны i заўсёды ёсць гарачая вада, дзе мяккi ложак, пакрыты квяцiстым шаўковым пакрывалам - за ўсе гэтыя выгоды варта перацярпець любы зубны боль, любыя непрыемнасцi. 'Аднак пра такое жыццё можна толькi марыць, - думала яна, - i сёння ўначы, калi ён даведаецца, якая я халодная, напалоханая i нязвыклая да ўсяго такога, ён мяне болей не захоча'.
- Пачакайце яшчэ крышку. Можа, я вам болей не спатрэблюся.
- Не, вы мне заўсёды патрэбны.
- Пачакайце да снедання. Спытайце ў мяне за снеданнем. Цi наогул не пытайцеся болей нiколi.
- Не, не крыкет, не крыкет, - сказаў Ёзеф Грунлiх, выцiраючы вусы. - Мы ў Германii вучымся бегаць.
Незвычайнасць такой заявы выклiкала ў мiстэра Оўпi ўсмешку.
- А самi вы калi-небудзь бегалi?
- У маладосцi я быў выдатны бягун. Нiхто не бегаў лепей за мяне. Нiхто не мог мяне злавiць.
- 'Д'ябал'.
- Не трэба лаяцца, Джым.
- Гэта зусiм не лаянка. Гэта такая марка пiва. У iм меней газаў. А тое, што ты раней пiла, называецца 'Дункель'.
- Мне вельмi прыемна, што вам спадабалася.
- Гэтая маленькая служанка. Не магу ўспомнiць яе iмя, але яна проста цудоўная.
- Прыходзьце яшчэ. Пагаворым трохi пасля абеду.
- А вы не будзеце займацца глупствам, мiстэр Сейвары?
- Я абавязкова ў вас спытаюся.
- Не кiдайцеся пустымi абяцанкамi. Не трэба. Пагаворым пра што-небудзь iншае. Раскажыце, чым вы будзеце займацца ў Канстанцiнопалi?
- Толькi справамi. Складанымi. Калi наступны раз будзеце есцi 'пярэстага сабаку', успомнiце пра мяне. Разынкi. Я - разынка, - дадаў ён з пацешнай гордасцю.
- Значыцца, я буду называць вас 'пярэстым сабакам'. Не магу ж я называць вас Карлтанам. Гучыць нiбы мянушка.
- Ведаеце што, пачастуйцеся ягадкай. Я заўсёды нашу з сабой крыху разынак. Вазьмiце адну. Смачная, праўда?
- Сакавiтая.
- Гэта нашай фiрмы - 'Майет, Майет i Пейдж'. А цяпер вазьмiце адгэтуль. Што вы пра яе скажаце?
- Паглядзi вунь туды, у першы клас, Эймi. Бачыш яе? Грэбуе нашай кампанiяй. Надта ўжо задзiрае нос угору.
- Тая, што з жыдам? Усё зразумела.
- Вядома, я стаўлюся з вялiкай павагай да рымска- каталiцкай царквы, гаварыў мiстэр Оўпi. - Я не фанатык. Як прыклад добрай арганiзацыi...
- Вось што?
- Я нiчога не магу зразумець.
- Сакавiтая.
- Не, не, гэта зусiм не сакавiтая.
- Я нешта не тое сказала?
- Гэта разынка фiрмы Стэйна. Танная разынка нiзкай якасцi. З вiнаграднiку, якi расце на ценявым баку ўзгоркаў. Таму такая сухая. Паспытайце яшчэ вось гэтую. Хiба вы не адчуваеце рознiцы?
- Сапраўды, яна зусiм сухая. Але ж тая была сакавiтая. Яны ў вас, пэўна, пераблыталiся.
- Не можа такога быць. Я асабiста выбiраў узорныя экземпляры. Дзiўна. Надта дзiўна.
Раптам у