адлiвала зменлiвым святлом. Недзе там, непадалёк, нiбыта славуты самацвет у абшарпаным, брудным футарале, ляжаў старажытны горад - на якi шмат дзiвiлiся, пра якi шмат гаварылi, у якiм здавён вёўся ажыўлены гандаль. Потым скрозь пару паказалася мноства дачных дзялянак, дзе-нiдзе аднастайнасць пейзажу парушалi непрыкметныя вёсачкi, хаты якiх выходзiлi фасадамi на дарогу i былi аздоблены каляровай чарапiцай, аднак фарбы яе былi прыглушаны прыцемкамi. З паравоза выляталi iскры, падобныя на орды пунсовых жучкоў. Яны падалi i тлелi ўскрай чыгункi, апускалiся на дрэвы, кусты, капуснiкi на агародах i ператваралiся ў попел. Дзяўчына на канi праводзiла вачыма цягнiк i ўсмiхнулася, а на беразе ракi, побач з вудай, ляжалi ў абдымках мужчына i жанчына. Потым за вокнамi вагонаў зрабiлася зусiм цёмна, i пасажыры маглi бачыць у шыбах вокнаў толькi цьмянае адлюстраванне сваiх аблiччаў.
- Рrеmiеr Sеrviсе, Рrеmiеt Sеrviсе*, - рэхам пракацiўся голас па калiдоры, але Майет ужо сядзеў у вагоне- рэстаране. Яму дужа хацелася, каб нехта чужы прысеў за яго столiк i ўцягнуў яго ў ветлiвую размову, якая, зусiм магчыма, скончыцца, як заўсёды, чарговым прынiжэннем яго годнасцi. Канстанцiнопаль, канцавы пункт амаль бясконцага падарожжа, наблiжаўся з хуткасцю тэлеграфных слупоў, што праляталi за вокнамi экспрэса. Калi падарожжа скончыцца, для роздуму часу ўжо не застанецца - Майета будзе чакаць аўтамабiль, потым - мiльгаценне мiнарэтаў, брудная лесвiца i, нарэшце, мiстэр Экман, якi падымаецца з крэсла пiсьмовага стала. Мудрагелiстая казуiстыка, лiчбы, кантракты захопяць яго цалкам. Тут, загадзя, у вагоне-рэстаране, на канапе ў купэ, у калiдоры, ён павiнен абдумаць кожнае слова, прарэпецiраваць кожную iнтанацыю. Лепей яму мець справы з ангельцамi цi туркамi, а мiстэр Экман i недзе там, за кулiсамi, загадкавы Стэйн - яго аднаверцы, спрактыкаваныя здагадацца пра сапраўдны сэнс па тоне голасу, па манеры, з якой пальцы субяседнiка трымаюць цыгару.
* Першая змена, першая змена (фр.).
У праходзе паявiлiся афiцыянты - яны разносiлi суп. Майет iзноў сунуў руку ў кiшэню i надкусiў разынку - на гэты раз Стэйна, дробненькую i сухую, але, трэба прызнаць, танную. Бясконцая i непазбежная вайна памiж колькасцю i якасцю вялася ў яго свядомасцi i не прыводзiла нi да якога пэўнага вынiку. У адным ён, зрэшты, быў упэўнены, пакуль знаходзiўся ў сваiм лонданскiм кабiнеце, дзе сустракаўся толькi з прадстаўнiкамi Стэйна i чуў голас Стэйна толькi па мiжгароднiм тэлефоне, хутчэй прывiд яго голасу, з iнтанацый якога ён не мог дакладна высветлiць яго сапраўднае становiшча, - Стэйн быў на вяршынi недасягальных скал. Але ж якiх скал? Усярэдзiне акiяна цi каля ўзбярэжжа? Цi пацярпеў ён поўны крах, цi проста абмежаваны ў сродках? Было б прасцей, калi б прадстаўнiка фiрмы 'Майет, Майет i Пейдж' у Канстанцiнопалi, бясцэннага мiстэра Экмана, не падазравалi ў тайных зносiнах з Стэйнам - ён балансаваў на гранi закона.
Майет апусцiў лыжку ў нясмачны суп-жульен. Яму болей былi даспадобы стравы тлустыя, з рознымi спецыямi, вострыя i спажыўныя. За вокнамi ў цемрадзi нiчога не было вiдаць, толькi зрэдку мiльгалi агеньчыкi невялiкiх станцый цi палыхаў рэзкiм святлом тунель. Пастаянна ў шыбе акна ён бачыў толькi цьмянае адлюстраванне свайго твару i рук, якое, нiбыта дзiвосная рыба, плавала ў зiхатлiвай i вадзе i багавiннi. Яго крыху бянтэжылi гэтыя прывiды, i ён збiраўся ўжо апусцiць фiранку, калi заўважыў за адбiткам свайго твару аблiчча таго самага чалавека ў пацёртым плашчы, якi нядаўна заглядваў у яго купэ. Вопратка мужчыны, пазбаўленая колеру i трываласцi тканiна, усё яшчэ захоўвала адбiтак элегантнасцi, уласцiвай старамодным гарнiтурам: пад расхрыстаным плашчом быў бачны высокi накрухмалены каўнер, зашпiлены на ўсе гузiкi пiнжак. Мужчына цярплiва чакаў, пакуль яму прынясуць абед, таму Майет дазволiў сабе трошкi адпачыць ад мудрагелiстых хiтрыкаў Стэйна i мiстэра Экмана, аднак перш чым афiцыянт дайшоў да незнаёмага, той заснуў. На iмгненне яго твар знiк, калi агнi станцыi ператварылi сцены вагона з люстраў у звычайныя вокны, праз якiя быў бачны натоўп правiнцыялаў з дзецьмi, скрынкамi i скруткамi, якiя чакалi прыходу мясцовага цягнiка. З вяртаннем цемры за акном твар мужчыны, якi апусцiўся ў сон, узнiк iзноў.
Майет забыўся пра яго, заказваючы паўсухое бургундскае - 'Шамбертэн 1923 года', каб запiць цяляцiну, хоць i разумеў, што купляць добрае вiно ў цягнiку - марная трата грошай, бо нiякi букет не вытрымлiваў бесперапыннай трасянiны. Па ўсiм вагоне быў чуцен жаласлiвы звон i бразганне шкла, калi экспрэс на поўнай хуткасцi iмчаў у Кёльн. Смакуючы першы келiх вiна, Майет iзноў вярнуўся ў думках да Стэйна - поўны безнадзейнага адчаю цi мудрагелiстых хiтрыкаў, той чакаў прыезду Майета ў Канстанцiнопалi. Ён зможа прадаць усе свае акцыi за неблагую цану - Майет у гэтым быў упэўнены, аднак пайшлi чуткi, што ў барацьбу ўблытаўся яшчэ адзiн пакупнiк. Якраз тут i ўзнiкла падазрэнне, што мiстэр Экман вядзе двайную гульню, iмкнучыся ўзняць цану насуперак iнтарэсам сваёй фiрмы - за гэта, як меркавалi, Стайн абяцаў яму выплацiць пятнаццаць працэнтаў камiсiйных. Мiстэр Экман паведамляў, што Моўлт прапануе Стэйну фантастычную цану за яго акцыi i за перадачу правоў на фiрму, але Майет яму не верыў. Неяк ён снедаў з маладым Моўлтам i пад час размовы, нiбыта выпадкова, згадаў прозвiшча Стэйна. Моўлт не жыд, у яго няма тонкасцi, ён не знае навукi выкрутасаў i хiтрыкаў: калi ён захоча зманiць, ён гаворыць няпраўду, але мана яго абмежаваная словамi яму невядома, як неспрактыкаваная рука можа лёгка выдаць няпраўду гэтых слоў. Калi ён меў справу з ангельцамi, Майет карыстаўся адным трукам: пачынаючы гаворку на важную тэму, ён звычайна частаваў субяседнiка цыгарай калi чалавек гаварыў няпраўду, то, якi б хуткi нi быў адказ, рука яго заўсёды на iмгненне затрымаецца. Майет добра запомнiў, што сказаў пра яго некалi Джэнтыль: 'Мне не падабаецца гэты жыд. Ён нiколi не глядзiць табе ў вочы'. 'Вы, дурнi, - радаваўся ён сам сабе, - у мяне на вас назапашаны яшчэ не такiя трукi'. Цяпер ён, зрэшты, быў перакананы, што Моўлт гаварыў праўду, няпраўду казаў Стэйн цi мiстэр Экман.
Ён налiў сабе яшчэ келiх вiна. 'Дзiўна, - падумаў ён, - што якраз я, падарожнiчаючы з хуткасцю шэсцьдзесят мiль у гадзiну, адпачываю, а не мiстэр Экман, у якога ўжо закончаны працоўны дзень - ён зараз зачыняе пiсьмовы стол, бярэ з вешалкi брыль, спускаедца па лесвiцы, звыкла пакусваючы вострымi зубамi кончык тэлеграмы, атрыманай ад фiрмы: 'Мiстэр Карлтан Майет прыбывае Стамбул чатырнаццатага. Арганiзуйце сустрэчу Стэйнам'. У цягнiку, як бы хутка ён нi iмчаў, пасажыры мусяць адпачываць, памiж шклянымi сценамi дарэмна марна трацiць эмоцыi, можна спакойна займацца разумовай дзейнасцю, не баючыся, што цябе перапыняць. Свецкае жыццё б'е зараз Экмана i Стэйна з усiх бакоў: прыходзяць тэлеграмы, розныя людзi перабiваюць плынь iх думак размовамi, жанчыны наладжваюць абеды i вечарынкi. Але ў iмклiвым экспрэсе, якi грукоча i бразгае, шум такi роўны, упарадкаваны, што ён эквiвалентны цiшынi, рух такi працяглы i бесперапынны, што спакваля розум пачынае ўспрымаць яго як абсалютную нерухомасць. Толькi за вокнамi цягнiка было магчыма актыўнае дзеянне, а цягнiк забяспечвае яму спакойны роздум над планамi на гэтыя тры днi, а ў канцы гэтага тэрмiну яму будзе зусiм ясна, як павоцзiць сябе са Стэйнам i з мiстэрам Экманам.
Пакончыўшы з марожаным i дэсертам, аплацiўшы рахунак, ён затрымаўся каля стала, каб запалiць цыгару, i апынуўся твар у твар з незнаёмым. Ён iзноў убачыў, як той засынае памiж першай i другой стравамi - памiж недаедзенай цяляцiнай аu Таlleyrаnd* i пудзiнгам з марожаным, якi толькi што падалi яму на стол, - хутчэй за ўсё, у яго быў поўны ўпадак сiлы.
* Па-талейранску (фр.).
Пад пiльным позiркам Майета незнаёмы раптоўна прачнуўся.
- Ну, што тут такое? - спытаў ён.
Майет мусiў быў папрасiць прабачэння:
- У мяне не было намеру вас будзiць.
Мужчына падазрона паглядзеў на яго, i штосьцi ў гэтым раптоўным пераходзе ад сну да больш звыклай насцярожанасцi, штосьцi ў яго старанна прыбраным гарнiтуры, пад пацёртым плашчом, кранула душу Майета. Ён успомнiў пра iх нядаўнюю сустрэчу:
- Спадзяюся, вы знайшлi сваё купэ?
- Знайшоў.
- Здаецца мне, вы абралi не лепшае месца на адпачынак, - вырвалася ў Майета. - У мяне ў сакваяжы ёсць аспiрын. Магу даць вам некалькi таблетак.
Мужчына рэзка абарваў яго:
- У мяне ёсць усё, што трэба. Я доктар.
Па прывычцы Майет уважлiва глянуў на яго рукi, тонкiя, з выступаючымi костачкамi. Ён iзноў папрасiў прабачэння, з падкрэсленай прынiжанасцю схiлiўшы перад iм галаву:
- Прабачце, што я патурбаваў вас. Вы выглядаеце хворым. Можа, я што-небудзь магу зрабiць вам?
- Не. Нiчога мне не трэба. Нiчога.