секунду памаўчаў. - I тую дзяўчыну.
- Якую дзяўчыну?
- Пляменнiцу тваёй знаёмай.
Аднак яго красамоўства крыху згасла, калi ён падумаў, што такая дама нiколi не прыме яго запрашэнне: яна не з вар'етэ. Яму зрабiлася сорамна за сваю няўдзячнасць. 'Пра яе нельга сказаць, што яна мiленькая, падатная цi праставатая, яна прыгажуня, з такой жанчынай я хацеў бы ажанiцца. - I на нейкае iмгненне ён з горыччу падумаў: - Але такая жанчына не для мяне'. Потым да яго вярнуўся добры настрой.
- Я найму скрыпача, - пахвалiўся ён, - хай iграе нам за вячэрай.
- Ты не адважышся запрасiць iх, - сказала яна з блiскучымi вачыма.
- Адважуся. Яны ўжо нiколi не адмовяцца ад такой вячэры. Я закажу самае лепшае вiно, якое толькi тут ёсць, - сказаў ён, хутка падлiчыўшы кошт вiна i гонячы ад сябе думкi, што ў цягнiку самыя лепшыя вiны робяцца дрэннымi. Вячэра будзе каштаваць па два фунты на кожную асобу.
Яна задаволена запляскала ў далонi.
- Ты нiколi не адважышся сказаць iм, з якой нагоды гэтая вячэра.
- Я паведамлю iм, што запрасiў iх выпiць за маю каханую.
Потым Корал доўга ляжала спакойна, думаючы пра гэтае слова 'каханая' i звязаны з iм камфорт, пра трывалае становiшча, пра амаль прыстойнае жыццё. Потым яна пахiтала галавой:
- Я проста не магу ў гэта паверыць!
Аднак свiст пары i грукат колаў, якiя пачалi рухацца, заглушыў гэтыя словы, напоўненыя сумненнем.
Тым часам, як буферы памiж вагонамi з грукатам сутыкалiся i зялёнае святло семафора павольна паплыло назад, Ёзеф Грунлiх гаварыў сабе: 'Я прэзiдэнт рэспублiкi'. Ён прачнуўся ў той самы момант, калi джэнтэльмен у фраку збiраўся паднесцi яму залаты ключ, якiм адмыкаўся сейф з капiталамi новага горада. Ён канчаткова прачнуўся, зразумеў, дзе знаходзiцца, i згадаў увесь свой сон. Паклаўшы рукi на круглыя каленi, ён усмiхнуўся. 'Прэзiдэнт рэспублiкi - зусiм няблага, а чаму б i не? Я б нагаварыў там цэлы мех. За адзiн дзень ашукаў i Кольбера, i гэтага доктара. Ён даў мне пяць ангельскiх фунтаў, бо ў мяне галава добра варыць, i я адразу здагадаўся, што ён за птушка, як толькi ён сказаў: 'Тайны агент палiцыi'. Спрытнюга - вось хто я, Ёзеф Грунлiх. 'Зiрнiце туды, гер Кольбер'. Выхоплiваю рэвальвер, цэлюся, страляю - i ўсё ў адну секунду. Дый паспеў яшчэ i змыцца. Ёзефа злавiць немагчыма. Што там спытаў гэты святар? - Ёзеф засмяяўся вантробным смехам. 'Вы ў Германii ў крыкет гуляеце?' А я адказаў: 'Не, нас там вучаць бегаць. У свой час я быў выдатны бягун'. Я за словам у кiшэню не палезу, а ён так i не зразумеў жарту - згадаў нейкiх Собса i Худлiха. Але ўсё-такi прыемнага было мала, калi доктар убачыў, што чамадан не на месцы, - падумаў Ёзеф. - Я схапiўся за шнурок. Калi б ён паспрабаваў паклiкаць кандуктара, я стрэлiў бы яму ў жывот, ён не паспеў бы i слова вымавiць'.
Ёзеф iзноў радасна ўсмiхнуўся, адчуваючы, як рэвальвер злёгку трэцца аб сiняк на ўнутраным баку нагi. 'Я выпусцiў бы яму кiшкi'.
Частка чацвертая
СУБОЦIЦА
1
Лямпачка тэлеграфнага апарата ў канторы начальнiка станцыi Субоцiца замiгцела: кропкi i працяжнiкi парассыпалiся па пустым пакоi. Лукiч, чыноўнiк, якi сядзеў у куточку багажнага аддзялення, чуў iх праз адчыненыя дзверы i праклiнаў гэтыя надакучлiвыя гукi. Вядома, трэба было пайсцi туды, але ён ленаваўся скрануцца з месца.
- У такi час нiчога важнага быць не можа, - растлумачыў ён прыёмшчыку багажу i Нiнiчу, маладому салдату ў шэрай форме.
Ленiч тасаваў калоду карт якраз у той момант, калi гадзiннiк прабiў сем. За акном сонца ледзь асвятляла брудны, паўрасталы снег, паблiсквалi мокрыя рэйкi. Нiнiч пацягваў з келiха ракiю, ад моцнай слiвавай гарэлкi на вочы нагарнулiся слёзы. Ён быў яшчэ зусiм малады.
Лукiч усё тасаваў карты.
- Цiкава, што гэта там перадаюць, як ты думаеш? - спытаў прыёмшчык багажу.
Лукiч пахiтаў цёмнавалосай ускудлачанай галавой:
- Дакладна сказаць, вядома, нельга. Нiчога цiкавага, як звычайна. Хай сабе працуе - гэта ёй карысна.
Прыёмшчык захiхiкаў. Нiнiч узняў цёмныя вочы, у якiх нiчога не было, апроч прастадушнасцi, i спытаў:
- А хто гэта яна?
Яму здалося, што тэлеграфны апарат раптам загаварыў уладным жаночым голасам.
- Эх вы, салдаты, - сказаў прыёмшчык багажу. - Не ведаеце i паловы таго, што адбываецца наўкол.
- Гэта праўда, - сказаў Нiнiч. - Мы гадзiнамi стаiм на пасту з прымкнутымi штыхамi. А можа, вайна зноў пачынаецца, га? Мы ўвесь час ходзiм ад казармы да станцыi. Нам няма калi заўважыць, што робiцца наўкол.
'Кропка, кропка, кропка, працяжнiк...' - адстукваў тэлеграф. Лукiч падзялiў калоду на тры роўныя кучкi. Часам карты склейвалiся, i тады ён слiнiў пальцы. Потым паклаў перад сабой усе тры кучкi.
- Гэта, пэўна, жонка начальнiка станцыi, - растлумачыў ён. - Калi яна едзе на тыдзень, дык пасылае яму тэлеграмы кожны дзень у самы нязручны час. Позна ўвечары цi на свiтанку. Поўныя цялячых пяшчот. Часам нават у вершах: 'Шчаслiвы будзь у разлуцы, галубок, твая галубка шле табе любоў'. Цi: 'Твая палова заўсягды з табой. Не забывай мяне, каханы мой'.
- Навошта гэта ёй? - спытаў Нiнiч.
- Баiцца, што ён ляжыць у ложку з якой-небудзь служанкай. Думае, што ён пачне каяцца, калi атрымае ад яе тэлеграму ў самы нязручны момант.
Прыёмшчык захiхiкаў.
- Вядома, самае смешнае, што ён нават i не глядзiць на служанак. У яго зусiм iншыя схiльнасцi - трэба было б ёй ведаць гэта.
- Вашы стаўкi, панове, - сказаў Лукiч. Ён пiльна сачыў за iмi, калi яны клалi медныя манеты на дзве з трох кучак. Потым пачаў здаваць карты, беручы iх з кожнай кучкi па чарзе. У трэцяй, на якую не паклалi грошай, аказаўся званковы валет. Лукiч перастаў здаваць карты i паклаў манеты сабе ў кiшэню.
- Выйграе банк, - аб'явiў ён i перадаў карты Нiнiчу.
Гэта была зусiм простая гульня.
Прыёмшчык патушыў акурак i, пакуль Нiнiч тасаваў карты, запалiў другую цыгарэту.
- З экспрэса ёсць якiя навiны?
- У Белградзе ўсё цiха, - сказаў Лукiч.
- А тэлефон працуе?
- А вось з iм справы дрэнь. - Тэлеграф перастаў гудзець. I Лукiч уздыхнуў з палёгкай. - Ну, вось i гэты нарэшце супакоiўся.
Салдат раптам перастаў тасаваць карты i няўпэўнена вымавiў:
- Добра, што мяне не было ў Белградзе.
- Змаганне, хлопча мой, - весела сказаў прыёмшчык.
- Яно дык, можа, i так, але ўсё-такi гэта нашы людзi, праўда? - нясмела запярэчыў Нiнiч. - Iншая справа, калi б гэта былi балгары.
- Цi ты заб'еш, цi цябе заб'юць, - сказаў прыёмшчык. - Ну, што марудзiш - здавай, хлопча мой.
Нiнiч пачаў здаваць. Некалькi разоў ён збiваўся з лiку: пэўна, задумаўся.
- Да таго ж, мы зусiм не ведаем, чаго яны хацелi? Чаго дамагалiся?
- Яны ж чырвоныя, - умяшаўся Лукiч. - Беднякi. Вашы стаўкi, панове, машынальна дадаў ён.
Лукiч паклаў усе выйграныя iм медзякi на тую самую кучку, што i прыёмшчык. Ён пераглянуўся з iм i падмiргнуў яму - той павялiчыў стаўку. Нiнiч быў надта засяроджаны на сваiх няўклюдных думках i не заўважыў, як у час здачы было вiдаць, у якую кучку трапiў валет. Прыёмшчык не змог утрымацца ад смеху.
- Зрэшты, я i сам бядняк, - сказаў Нiнiч.
- Мы зрабiлi стаўку, - нецярплiва перабiў яго Лукiч, i Нiнiч пачаў здаваць.
Вочы ў яго шырока расплюшчылiся, калi ён убачыў, што абодва выйгралi: на iмгненне на яго твары адбiлася цьмянае падазрэнне, ён адлiчыў манеты i падняўся.
- Ты болей гуляць не хочаш? - спытаў Лукiч.
- Час вяртацца ў каравулку.