Голас зрабiўся болей ветлiвым.

- Так, так. Наконт снедання. Мяркую, што ў вас там няма вялiкага выбару... На станцыi... як след прапалiце ў печы... што-небудзь гарачае... я еду машынай, прывязу халодную закусь i вiно. - Завiсла паўза. - Так памятайце, вы адказваеце за ўсё.

- За такую супрацьзаконную акцыю... - пачаў быў маёр Петкавiч.

- Не, не, не, - сказаў голас. - Я, вядома, меў на ўвазе снеданне.

- У Белградзе ўсё спакойна? - нацягнена спытаў маёр.

- Моцна спяць, - адказаў голас.

- Магу я задаць яшчэ адно пытанне? Алё, алё, алё, - паўтарыў раздражнёным тонам маёр Петкавiч i потым з грукатам кiнуў трубку. - Дзе той салдат? Хадземце са мной.

Iзноў разам з Нiнiчам i сабакам ён акунуўся ў холад, перасек пуцi, прайшоў праз каравулку i зачынiў з трэскам за сабой дзверы пакоя. Потым вельмi хутка накiдаў некалькi запiсак i загадаў Нiнiчу аднесцi iх па прызначэннi. Ён так спяшаўся i быў такi раздражнёны, што дзве забыўся запячатаць. Нiнiч, вядома, iх прачытаў - вечарам жонка будзе ганарыцца сваiм мужам. Адна запiска была адрасавана начальнiку мытнi, але яна была запячатаная, другая - капiтану ў казарму з загадам неадкладна падвоiць ахову станцыi i выдаць кожнаму салдату па дваццаць абоймаў патронаў. Нiнiчу зрабiлася нiякавата: цi не азначала гэта, што пачалася вайна, што наступаюць балгары? Цi чырвоныя? Ён нагадаў падзеi ў Белградзе i вельмi ўстрывожыўся. Зрэшты, чырвоныя - гэта ж нашы людзi, яны беднякi, у iх ёсць жонкi i дзецi. Апошняя запiска была аддасавана повару ў казарму - гэта была падрабязная iнструкцыя пра сняданак на траiх, якi трэба падаць у кабiнет маёра ў гадзiну трыццаць. 'Майце на ўвазе, гэта на вашу асабiстую адказнасць', - так заканчвалася запiска.

Калi Нiнiч выйшаў з кабiнета, маёр Петкавiч iзноў пачаў чытаць стары нямецкi падручнiк па стратэгii i кармiць сабаку кавалачкамi кiлбасы.

2

Корал Маскер заснула задоўга да таго, як цягнiк прыйшоў у Будапешт. Калi Майет пачаў асцярожна выцягваць сваю здранцвелую руку з-пад яе галавы, яна прачнулася. Была шэрая, як мёртвы зыб свiнцовага мора, ранiца. Потым жвава злезла з палiцы i пачала апранацца, кожны рух усё болей аддаляў яе ад утомных падзей мiнулай ночы. Ад хвалявання i спешкi ёй не адразу ўдавалася знаходзiць патрэбныя рэчы. Апранаючыся, яна весела напявала: 'Як мне пашчасцiла, як пашанцавала!' Рывок цягнiка адкiнуў яе да акна, але яна хуценька толькi кiнула позiрк на пахмурнае ранiшняе неба. Тут i там спакваля гаслi агнi, але было яшчэ недастаткова вiдно, каб распазнаваць асобныя будынкi. Асветлены лiхтарамi мост цераз Дунай зiхацеў, нiбыта спражачка ад падвязкi. 'Куды мне трэба, я iду i сваю песеньку пяю'. Недзе на беразе ракi свяцiўся белы дом. Яго можна было прыняць за ствол дрэва ў фруктовым садзе, калi б не два светлыя агеньчыкi ў пакоях на нiжнiм паверсе. Пакуль яна сачыла за iмi, агеньчыкi патухлi. 'Пэўна, засядзелiся за святочным сталом. Цiкава, што там зараз адбываецца?' - падумала яна i ўсмiхнулася, адчуваючы сябе далучанай да ўсяго дзёрзкага, адважнага, маладога. 'Усё, што трывожыць цябе - мяне зусiм не трывожыць. Лета змяняе вясну - ты бачыш усмешку маю'. Цяпер яна ўжо надзела на сябе ўсё, апроч туфель, i павярнулася да ложка i да Майета.

Ён спаў неспакойна, падбароддзе ў яго было няголенае, адзенне скамячанае, i Корал з цяжкасцю магла паверыць, што ён мае дачыненне да хвалявання i болю мiнулай ночы. Гэта быў зараз зусiм чужы чалавек, якi ўварваўся ў яе жыццё, i ён мог лёгка адмовiцца ад тых слоў, якiя нашэптваў ёй у начной цемры. Ён наабяцаў ёй так многа. Але яна сябе пераконвала: такi падарунак лёсу наўрад цi яшчэ выпадзе на яе долю. Iзноў прыходзiлi ў голаў словы пажылых i спрактыкаваных кабет: 'Яны табе перад гэтым наабяцаюць поўны мех'. I адмысловы маральны кодэкс яе класа перасцерагаў: 'Ты не павiнна напамiнаць яму пра яго абяцаннi'. Але яна ўсё-такi падышла i пяшчотна прыгладзiла яго валасы, каб яны хоць крышачку зрабiлiся падобныя на тыя, якiя ў марах абрамлялi твар яе каханага. Калi Корал дакранулася да яго лба, ён расплюшчыў вочы, i яна смела сустрэла яго погляд: яна вельмi баялася ўбачыць у iм адчужанасць - раптам ён яе не пазнае i ўжо паспеў забыцца на тое, хто яна i што яны рабiлi разам. Яна падбадзёрвала сябе прымаўкай: 'Святое месца не пустуе', - аднак яе радасна здзiвiла тое, што яму не спатрэбiлася нiякiх намаганняў, каб успомнiць усё.

- Так, нам абавязкова трэба запрасiць скрыпача.

Яна з палёгкай запляскала ў далонi:

- I не забудзься пра доктара.

Корал прысела ўскрай палiцы i ўсунула ногi ў туфлi. 'Я такая шчаслiвая'. Ён усё памятае, ён збiраецца стрымаць свае абяцаннi. Яна зноў пачала спяваць: 'Пры сонечным святле я жыву, пры месячным святле я люблю. Жыву я надзвычай цудоўна'.

Кандуктар iшоў па калiдоры i грукаў у дзверы купэ:

- Будапешт! Будапешт!

Усе агнi пазлiвалiся разам. Над другiм берагам ракi гарэлi тры зоркi, быццам iх згубiла зацягнутае хмарамi неба.

- Што гэта? Вунь там. Зараз праедзем. Хутчэй.

- Гэта замак, - сказаў ён.

- Будапешт.

Ёзеф Грунлiх, якi драмаў у сваiм кутку, адразу прачнуўся i падышоў да акна. Мiма, памiж высокiмi шэрымi будынкамi, прамiльгнула вада. Агнi, якiя гарэлi на верхнiх паверхах, раптам знiклi за аркай вакзала. Потым цягнiк праслiзнуў пад дах вялiзнай гулкай залы i спынiўся. З вагона тут жа выскачыў нагружаны багажом мiстэр Оўпi, жвавы, спрытны i дабрадушны: ён шпурнуў на платформу два чамаданы, мяшок з прыладамi для гольфа, тэнiсную ракетку ў чахле. Ёзеф усмiхнуўся i выпнуў грудзi: постаць мiстэра Оўпi нагадала яму пра яго злачынства. Мiма прайшоў чалавек у форме турысцкага агенцтва Кука, суправаджаючы высокую маркотную кабету i яе мужа. Яны, спатыкаючыся, iшлi за iм па пятах, разгубленыя i напалоханыя свiстком паравоза i крыкамi на незнаёмых мовах. Ёзеф падумаў, што яму варта выйсцi з цягнiка. I адразу, паколькi справа датычылася бяспекi, думкi яго перасталi быць iранiчныя цi напышлiвыя; дробненькiя акуратныя колцы ў яго мазгу закруцiлiся i, нiбыта кантрольны апарат у банку, пачалi з бездакорнай дакладнасцю рэгiстраваць дэбет i крэдыт. У цягнiку ён адчуваў сябе практычна зняволеным: палiцыя магла яго арыштаваць на любой станцыi, таму, чым хутчэй ён будзе на волi, тым лепей. Як аўстрыец, ён без асаблiвых перашкод пройдзе праверку ў Будапешце. Калi ён паедзе да Канстанцiнопаля, дык тройчы падвергнецца рызыцы аглядаў на мытнi. Механiзм у яго мазгу зноў правяраў лiчбы, дадаваў, улiчваў i прыйшоў да высновы, што трэба аддаць перавагу дэбету. Палiцыя ў Будапешце квалiфiкаваная i спрактыкаваная, у балканскiх краiнах яна прадажная - там няма чаго баяцца мытнi. Да таго ж, ён там будзе далей ад месца злачынства. У Стамбуле ў яго ёсць сябры. Ёзеф Грунлiх вырашыў ехаць далей. Прыняўшы гэта рашэнне, ён iзноў паглыбiўся ў сон пераможцы: у галаве ў яго мiтусiлiся iмгненна выхапленыя рэвальверы, нечыя галасы гаварылi пра яго: 'Гэта Ёзеф. Ужо пяць гадоў ён нiводнага разу не быў зняволены. Гэта ён забiў Кольбера ў Вене'.

- Будапешт.

Доктар Цынер на хвiлiну-другую прыпынiў сваю пiсанiну. Гэта маленькая паўза была данiнай павагi да горада, дзе нарадзiўся яго бацька. Пакiнуўшы Венгрыю маладым чалавекам, бацька пасялiўся ў Далмацыi. У Венгрыi ён працаваў на зямлi, якая яму не належала. У Сплiце i, нарэшце, у Белградзе ён навучыўся шавецкаму рамяству i пачаў працаваць на сябе. Аднак усё-такi тое ранейшае, яшчэ больш паднявольнае iснаванне i атрыманая ў спадчыну ад бацькi кроў венгерскага селянiна дазволiлi доктару Цынеру адчуць дыханне шырокай цывiлiзацыi, водгукi якой даносiлiся ў цёмныя, смярдзючыя балканскiя завулкi. Ён быў нiбы афiнскi раб, якi зрабiўся вольным чалавекам у нецывiлiзаванай краiне: той сумаваў па статуях, паэзii, фiласофii, - адным словам, па культуры, да якой сам не меў дачынення. Станцыя пачала адплываць ад доктара Цынера, мiма праносiлiся назвы на мове, якой бацька яго не навучыў: 'Rеstоrасiоj', 'Рostо', 'Infоrmоj'*. Зусiм блiзка ад вагона мiльганула афiша 'Теаtzoj Каj Аmuzеjоj'**, i ён машынальна запомнiў незнаёмыя назвы тэатраў i кабарэ, якiя адчыняцца якраз тады, калi цягнiк будзе падыходзiць да Белграда: 'Опера', 'Ройял Орфеум', 'Табарэн' i 'Жардэн дэ Пары'. Ён згадаў, як бацька разважаў у цёмных сутарэннях за майстэрняй: 'У Будзе жывуць весела'. Яго бацька гэтак жа трохi павесялiўся ў цэнтры горада, ён без зайздрасцi назiраў, прыцiснуўшыся тварам да вiтрыны рэстарана, якiя падаюць там дзiвосныя стравы, бачыў скрыпачоў, якiя пераходзiлi ад столiка да столiка, i прастадушна радаваўся з усiмi. Цынера злавала, што бацька яго задавальняўся малым.

* Рэстаран, пошта, бюро даведак (скаж. эсперанта).

** Тэатры i кабарэ (скаж. эсперанта).

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату