Доктар узяў яе пад руку i асцярожна павярнуў назад. Яны пайшлi ў другi бок уздоўж цягнiка. Ён усё яшчэ быў пахмурны, так i не закончыў пачатую фразу. Замест гэтага вымавiў iншае:

- Даруйце, мае акуляры зусiм запацелi, хто там наперадзе?

- Некалькi мытнiкаў выйшлi з службовага памяшкання i накiравалiся да нас.

- I болей нiкога? Яны ў зялёнай форме?

- Не, у шэрай.

Доктар спынiўся.

- Ах, вось яно што! - ён узяў яе руку ў сваю, сцiснуў яе далоняй, i Корал адчула ў руцэ канверт. - Хутчэй вяртайцеся ў вагон. Схавайце гэта. Калi будзеце ў Стамбуле, адпраўце яго па пошце. А зараз iдзiце. Хутка, але зрабiце выгляд, што вы не спяшаецеся.

Корал паслухалася яго, не разумеючы, што здарылася. Адышоўшы крокаў на дваццаць, яна параўнялася з людзьмi ў шэрых шынялях i зразўмела - гэта салдаты. Вiнтовак не было вiдно, але па чахлах штыхоў яна здагадалася, што салдаты ўзброеныя. Яны заступiлi ёй дарогу, i яна была падумала, цi не збiраюцца яны яе затрымаць. Яны нешта ўсхвалявана абмяркоўвалi, аднак калi ёй засталося некалькi крокаў да iх, адзiн салдат саступiў убок, каб даць ёй прайсцi. Яна крыху супакоiлася, аднак усё ж была злёгку ўстрывожаная пiсьмом, зацiснутым у яе руцэ. Можа, яе прымусiлi правезцi якую-небудзь кантрабанду? Наркоцiкi? Тут адзiн салдат пайшоў за ёй. Яна чула, як рыпiць мёрзлая гразь пад яго ботамi, i пачала сябе пераконваць: усё гэта дарэмныя страхi, калi б яна была яму патрэбная, ён бы яе аклiкнуў, i яго маўчанне падбадзёрыла яе. Але ўсё-такi яна пайшла шпарчэй. Iх купэ было ў наступным вагоне, i яе каханы зможа па-нямецку растлумачыць гэтаму салдату, хто яна такая. Але Майета ў купэ не было, ён усё яшчэ палiў цыгарэту ў вагоне-рэстаране. З хвiлiнку яна вагалася: 'Дайду да рэстарана i пастукаю ў акно', - аднак аказалася, што нельга было вагацца нават хвiлiну. Нечая рука дакранулася да яе локця, i нечы голас мякка вымавiў некалькi слоў на чужой мове.

Корал абярнулася, збiраючыся пратэставаць, прасiць, гатовая, калi спатрэбiцца, вырвацца i пабегчы да вагона-рэстарана, але яе страх крыху паменшыўся, калi яна глянула ў вялiкiя добрыя вочы салдата. Ён усмiхнуўся, кiўнуў i паказаў на будынкi станцыi.

- Што вам ад мяне трэба? Скажыце па-ангельску.

Ён пахiтаў галавой, iзноў усмiхнуўся i махнуў рукой у бок будынкаў станцыi. Яна ўбачыла, як доктар сустрэўся з салдатамi i разам з iм накiраваўся туды. У гэтым магло i не быць нiчога жахлiвага, ён iшоў паперадзе iх, яны не вялi яго пад канвоем. Салдат кiўнуў, усмiхнуўся i з вялiкай цяжкасцю выгаварыў тры словы па-ангельску:

- Усё зусiм добры, - вымавiў ён i паказаў на будынкi.

- Можна мне толькi папярэдзiць свайго сябра? - папрасiла яна.

Ён пакруцiў галавой, усмiхнуўся, узяў яе пад руку i беражлiва павёў прэч ад цягнiка.

Чакальная зала была парожняя, калi не лiчыць доктара. Усярэдзiне залы шугаў у печы агонь. Акно было аздоблена ўзорамi, намаляванымi марозам. Корал увесь час памятала пра зацiснутае ў руцэ пiсьмо. Салдат асцярожна i далiкатна ўвёў яе ў залу i прычынiў дзверы, не замкнуўшы iх.

- Што iм ад мяне трэба? - спытала яна. - Мне нельга спазнiцца на цягнiк.

- Не бойцеся, - адказаў доктар. - Я iм усё растлумачу, i яны адпусцяць вас праз пяць хвiлiн. Калi вас захочуць абшукаць, не супрацiўляйцеся. Пiсьмо ў вас адабралi?

- Не.

- Лепей аддайце яго мне. Я не хачу ўблытваць вас у непрыемнасцi.

Яна працягнула яму руку, i якраз у гэты момант дзверы адчынiлiся, увайшоў салдат, усмiхнуўся, падбадзёрваючы яе, i адабраў у яе пiсьмо. Доктар Цынер звярнуўся да яго, i салдат хутка адказаў яму нешта: у яго былi прастадушныя i маркотныя вочы. Калi ён iзноў выйшаў, доктар Цынер сказаў:

- Яму самому ўсё гэта не па душы. Ён атрымаў загад назiраць за намi праз замочную шчылiну.

Корал Маскер села на драўляную лаву i выпрастала ногi да печы.

- Вы зусiм спакойная.

- А якi сэнс хвалявацца? Яны ўсё роўна нiчога не разумеюць. Мой сябра хутка пачне мяне шукаць.

- Гэта праўда, - з палёгкай вымавiў ён. I, счакаўшы крыху, дадаў: - Вы, пэўна, здзiўляецеся, чаму я не прашу прабачэння за прычыненую вам непрыемнасць... Бачыце, ёсць нешта такое, што я лiчу больш важным, чым любая непрыемнасць. Баюся, што вы мяне не зразумееце.

- Куды ўжо мне? - сказала яна з горкiм гумарам, згадаўшы мiнулую ноч. У марозным паветры пачуўся доўгi свiсток, i яна са страхам схамянулася. - Гэта не наш цягнiк? Мне нiяк нельга спазнiцца.

Доктар Цынер падышоў да акна. Ён ачысцiў далоняй запацелую ўнутраную паверхню шыбы i паглядзеў скрозь марозныя ўзоры.

- Не, гэта падае сiгнал паравоз на другiм пуцi. Пэўна, паравозы мяняюць. На гэта пойдзе шмат часу. Не бойцеся.

- Ах, я нiчога не баюся, - сказала яна, iзноў сеўшы на мулкую лаву. Мой сябар хутка тут з'явiцца. Тады ўжо будзе iх чарга баяцца. Ён жа, ведаеце, вельмi багаты чалавек.

- Вось як?

- Так, i паважаны. Ён узначальвае фiрму. Яны маюць справу з разынкамi. - Яна засмяялася. - Ён прасiў мяне ўспамiнаць пра яго, калi я буду есцi пудзiнг з разынкамi.

- Вось як?

- Але. Ён мне падабаецца. Ён такi добры да мяне. Зусiм не падобны на iншых жыдоў. Яны наогул добрыя, але ён... як бы сказаць вам... Ён сцiплы i сарамлiвы.

- Вiдаць, ён вельмi шчаслiвы чалавек.

Дзверы адчынiлiся, i два салдаты ўпiхнулi ў залу нейкага мужчыну. Доктар Цынер шпарка прайшоў наперад, паставiў нагу ў праём дзвярэй i цiха загаварыў з салдатамi. Адзiн салдат нешта адказаў яму, а другi пхнуў яго назад у залу i замкнуў дзверы на ключ.

- Я спытаўся ў iх, чаму нас тут затрымалi. Растлумачыў, што вам трэба паспець на цягнiк. Адзiн сказаў: нiчога важнага, афiцэр хоча задаць вам некалькi пытанняў. Цягнiк пойдзе не раней, чым праз паўгадзiны.

- Дзякуй.

- А я? - шалёна ўсклiкнуў мужчына, якi толькi што прыбыў. - А я?

- Наконт вас я нiчога не ведаю, гер Грунлiх.

- Усё гэтыя мытнiкi. Яны прыйшлi i пачалi мяне абшукваць. Забралi рэвальвер. Пытаюцца: 'Чаму вы не зрабiлi дэкларацыi, што ў вас рэвальвер?' Я кажу: 'Нiхто не пагодзiцца падарожнiчаць па сваёй волi па вашай краiне без рэвальвера'.

Корал Маскер засмяялася. Ёзеф Грунлiх злосна глянуў на яе, потым абцягнуў пакамячаную камiзэльку, зiрнуў на гадзiннiк i прысеў. Паклаўшы рукi на тоўстыя каленi, ён зрабiўся маўклiвы i задуменны.

'Ён, пэўна, дапалiў ужо сваю цыгарэту, - думала Корал. - Вярнуўся ў купэ, хапiўся, што мяне няма. Вiдаць, пачакаў хвiлiн дзесяць, а потым спытаў у каго-небудзь з салдат на станцыi, цi не ведае ён, дзе я. Праз некалькi хвiлiн ён мяне знойдзе'. Яе сэрца скаланулася, калi ключ павярнуўся ў замку, яна была здзiўлена, што ён так хутка напаў на яе след, - але ў залу ўвайшоў не Майет, а мiтуслiвы светлавалосы афiцэр. Ён аддаў праз плячо нейкi загад двое салдат увайшлi за iм i сталi каля дзвярэй.

- Але што тут здарылася? - спытала Корал у доктара Цынера. - Яны думаюць, што мы вязём кантрабанду?

Яна не разумела, пра што гэтыя iншаземцы гавораць памiж сабой, i раптам ём зрабiлася страшна, яна разгубiлася, усвядомiўшы, што, нават калi б гэтыя людзi i захацелi ёй дапамагчы, яны не разумеюць яе, не ведаюць, чаго яна хоча.

- Скажыце iм, што мне трэба ехаць гэтым цягнiком. Папрасiце iх паведамiць майму сябру, - сказала яна доктару Цынеру.

Не слухаючы яе, ён нерухома стаяў каля печы, засунуўшы рукi ў кiшэнi, i адказваў на пытаннi афiцэра. Яна павярнулася да немца, якi, седзячы ў кутку, утаропiўся ў наскi сваiх чаравiкаў.

- Скажыце вы iм, што я нi ў чым не вiнаватая, калi ласка.

Той на iмгненне падняў вочы i з нянавiсцю паглядзеў на яе. Нарэшце доктар Цынер сказаў ёй:

- Я спрабаваў растлумачыць iм, што вы нiчога не ведаеце пра тую запiску, якую я перадаў вам, але яны кажуць, што павiнны яшчэ затрымаць вас, пакуль начальнiк палiцыi не задасць вам пытаннi.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату