Усе з палёгкай уздыхнулi ўслед.

- Не кажы, што звер! Глядзi, якi правiльны кiрунак узяў. Цяпер пойдзе з лесу ў лес, а там - у вялiкую пушчу. Нiякi вораг яго не здагонiць...

Найлепшымi пажаданнямi праводзiлi мае аднавяскоўцы ляснога земляка ў ягонае выгнанне...

Акоп за токам

Паснедаўшы, тата кажа маме:

- Ты тут упраўляйся, як здумаеш, а мы з Уладзiкам пойдзем за токам акоп капаць. Нават лясны звер, лось, пайшоў ад вайны ратавацца. На зямлi няма ратунку, мабыць, i не будзе.

Пабралi мы рыдлёўкi. Бацька хутка вызначыў пляцоўку: метраў пяць ушыркi, метраў сем даўжынёй.

Капаем. Зямля за токам - суцэльны глей. Добра, што праходзiў дождж. Ды i к восенi час. Грунт стаў нейкi вохкi. А тут вайна падганяе. Не, не, ды здрыганецца зямля ад гарматных выбухаў. Агню, праўда, не вiдно, бо сонца ж свецiць. Капаем мы, капаем удвух. Абодва цягучыя. I выкапалi мы ўжо метры два ў глыбiню..

Прыходзiць да нас сусед.

- Мiкалайка, браток! Што ж ты гэта замыслiў? Навошта ж ты хлопца малога мардуеш? Няўжо ты думаеш ад вайны схавацца? Каму што суджана, той сваё i атрымае: хоць у акопе, хоць на печы.

Бацьку надта абрыдла слухаць такое, ён i адказвае:

- Суседзе! Не хочаш капаць самастойна, не хочаш памагчы мне, не капай i не памагай. Толькi глядзi, сюды ратавацца не прыходзь, бо ў нас месца мала будзе i для сваёй сям'i... Iдзi, браток, дадому i там чытай свае пацеры...

А мы капаем i капаем. Нават у хату палуднаваць не хадзiлi. Мама прынесла сюды, к яме.

Елi, запiвалi раўгеняй, квасам такiм, ды зноў капаць.

I вось яшчэ за гадзiну якую да захаду сонца мы скончылi капаць. А былi ў таты назапашаны дылi сухiя. Нацягалi мы iх у два рады замест столi i страхi, саломай заслалi ды зверху - зямлёй... Зрабiлi акуратна i ўваход. А тым часам снарады пачалi рвацца на нашым полi. Першая ахвяра: адбiла палову хаты, пабiла печ i забiла самога гаспадара ў нашай вёсцы. Хутчэй перанеслi мы коўдры, падушкi, такi-сякi посуд, хлеб, муку, вядры са два вады, а пасля i малых перавялi ў гэты акоп. Запалiлi газоўку. Стала так, што i жыць неяк можна. Мама пачала малiцца перад iконай, якую прынесла з хаты.

Раптам чуем стукат-грукат каля нашага сховiшча i нiбыта знаёмы голас:

- А Мiкалайка, а браток! Няўжо ты пакiнеш мяне з малымi дзеткамi на пагiбель, няўжо не прымеш у сховiшча сваё?

- Хто гэта? - пытаецца бацька. Нават не паверыў ён, што гэта той самы сусед Хведар, якi некалькi гадзiн таму назад з'едлiва кпiў з нашае работы, не кiнуў нi аднае рыдлёўкi зямлi на гэтым месцы...

Што ж цяпер будзеш рабiць?

- Залазьце!

I стала нас усiх у гэтым сховiшчы трынаццаць душ. Тым часам сцямнела, i агнi вакол сталi зыркiя, выразныя. А выбухi тыя - раз за разам. I чуем зноў, што ў канцы нашага гарода, пад плотам нехта па- жыдоўску богу молiцца. Бацька высунуў галаву, паслухаў - Мiхол, манькаўскi карчмар, са сваёй дачушкай Рахiлькай! Выявiлася, снарад трапiў у карчму, зруйнаваў i запалiў яе. У агнi загiнула Мiхолава жонка i ўсе дзецi. Застаўся нейкiм дзiвам ён з Рахiлькай. Прынялi i iх у сваё сховiшча.

Стала нас усiх пятнаццаць душ. Так мы i жылi ў яме колькi дзён, пакуль на нашым полi ды за лесам грымоты стаялi. Гатаваць страву было нельга. Мацi разводзiла ў вядры вады муку. Гэтую балтушку i пiлi.

Як мая мацi мелася канчаць вайну

У нашу вёску прыехаў першы конны нямецкi дазор. Праехалi моўчкi, з доўгiмi пiкамi, у касках са штычкамi ды яшчэ з накладачкамi на канцах штычкоў праз усю нашу вёску. Не кажучы нашым людзям нi 'дзень добры', нi 'бывайце здаровы', яны спынiлiся ля канцавой хаты. Пазлазiлi з коней. Нерассядланых папрывязвалi да плота. Чатыры коннiкi зайшлi ў хату i пачалi палуднаваць. Пяты, старэйшага веку, узлез на саламяную страху хаты, лёг на яе i пачаў праз бiнокль азiраць вялiкае паўкружжа: ад манькаўскай дарогi аж да калееўскага поля. Нашы людзi паглядзелi, паглядзелi на iх з-за вуглоў ды i паразыходзiлiся ў розныя бакi: то ж восень, трэба канчаць прыбiраць усё з поля.

Iдучы вулiцай, затрымаўся мiжвольна ля канцавой хаты i я. Мяне цiкавiлi i нямецкiя конi, i нямецкiя пiкi i, зразумела, самi немцы.

Нямецкi салдат, якi ляжаў на страсе, крыкнуў мне:

- Хадзi сюды!

Нямецкую мову я крыху вывучаў i прымiтыўныя сказы i звароты ведаў. Я ўсё ж запытаўся:

- А што вам трэба?

- Хадзi сюды, не бойся, - паўтарыў ён.

Палез я на страху.

- Кладзiся побач! - скамандаваў ён мне i, не здымаючы са сваёй шыi раменьчыка, падсунуў мне бiнокль.

Бiнокль быў цудоўны. Трэба думаць, што яны прадавалi для расейскай армii не такiя бiноклi, бо праз тыя я глядзеў раней i таго не бачыў. Праз гэты бiнокль я пабачыў, здаецца, кожную лiсцiнку на ўзлессi... 'О-ё-ёй! падумалася мне, - маючы такi бiнокль, можна са сваёй печы бачыць, колькi ў лесе за ноч грыбоў нарасло...'

Тым часам немец адкруцiў вечка сваёй паходнай пляшкi i пачаў налiваць у яго нейкi руды, цёмны напiтак. А я ж чытаў у прыгоднiцкiх раманах, што ўсе пiраты, заваёўнiкi насiлi пры сабе пякельны ром, якi абпальваў вантробы ў тых лайдакоў, калi яны пiлi яго. Мне i падумалася, што ён хоча пачаставаць мяне тым пiрацкiм ромам.

Я адразу на ягонае запрашэнне выпiць адказаў:

- Дзякую! Я не хачу пiць.

- Пi! Гэта - кава, добрая кава.

- Мы не спажываем каву, - пачаў я адмаўляцца зноў.

- Ну, я ж частую цябе, пi!

Тады мне прыйшлося ўзяць, выпiць i падзякаваць яму, хоць сапраўды ў нашай сям'i каву не пiлi, уважаючы больш гарбату з чабору, лiповага цвету або яшчэ якiх iншых зёлак. Гутарка ў нас дужа не разгортвалася, бо ў мяне быў абмежаваны запас слоў, а яшчэ ж - я насцярожана трымаўся, не забываючыся, што побач са мною ляжыць прадстаўнiк варожай армii. Тут жа ён дастаў з кiшэнi свайго мундзiра кнiжачку, а з яе - некалькi фота.

- Гэта я, - паказвае ён на цывiльнага селянiна, гэта - мая жонка, гэта мае сыны, гэта - дачушка... - I ў гэты момант у яго пакацiлiся слёзы... - Я тут ляжу на гнiлой саломе, а сям'я там. Што яны без мяне зробяць? Багатаму, пану, дадуць палонных, батракоў. У iх будзе ўсё спарадкавана. А хто спарадкуе, хто пазвозiць снапы маёй сям'i, з майго поля?.. - I ўздыхнуў цяжка-цяжка.

А быў у нашай вёсцы адзiн селянiн, па прозвiшчу Казачок. Ягоная сядзiба стаяла насупраць нашай, толькi пасля пажару ён пабудаваў новую хату метраў за паўсотнi ад вулiцы, заняўшы былое падхацiшча агародам.

I вось калi я ляжаў на страсе побач таго дазорцы, прыйшоў нейкi сусед i пачаў з вулiцы клiкаць Казачка, а той не чуе. Гойкаў, гойкаў сусед - 'Казачок, Казачок', а пасля ўзяў ды з усёй сiлы:

- Ка-а-а-зак, ты што, аглух? Хадзi сюды!

Пачуўшы слова 'казак', немец кулём скацiўся са страхi, прачынiў дзверы ў хату, крыкнуў 'казакен', а сам за пiку, на каня ды ходу. Сябры ягоныя следам за iм. Мiж iншым, iхнi нямецкi бог iм-такi дапамог: праз якую гадзiну ў нашы Агароднiкi прыджгаў эскадрон данскiх казакоў. Яны займалi нашу вёску веерам, ад поля - усю адразу, пералятаючы праз платы, як птушкi якiя. Так што той дазорца нямецкi, напэўна, не даехаў бы да сваiх дзетак, да свайго ўласнага поля...

Калi я ўвечары, пры вячэры, расказаў сваiм пра гутарку з немцам, мая мацi сказала:

- А ты думаеш, што iхнiя салдаты не такiя людзi, як нашыя? Яны ж i працуюць, i гаспадаркай займаюцца. А тыя правiцелi не падзеляць якое лiха, ды ваяваць. Латва iм ваяваць, чужыя галовы падстаўляць. А трэба так: пасварылiся цары-каралi? Калi ласка! Выходзьце на нашы Стажкi, станьце адзiн супраць аднаго ды i ваюйце, колькi вам згодна. Запэўняю, што пасля першай бойкi яны страцiлi б апетыт да вайны...

На жаль, мая нябожчыца мацi не мела ўлады, каб ажыццявiць свой разумны план. Я таксама думаю, што пасля першай бойкi тыя правiцелi заключылi б вечны мiр...

На спаленым цягнiку па навуку

Я калiсьцi напiсаў вершаваную казку пад назваю 'Дзiвосныя прыгоды'. У гэтай казцы, мiж iншым, расказваецца, што мой герой, якога гусi насiлi на сваiм крыллi над усёй Беларуссю, усё ж такi зноў апынуўся

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату