бярозавага дзёгцю пафарбаваныя... Едзем, едзем. У адным месцы сасновы сук нiзка нахiлiўся над намi. Папрыгiналi галовы, а адзiн малады хапiўся рукамi, каб падняць яго крыху, адвесцi ад дзяўчат. У гэты момант - трактар даў поўны ход, вырваў за сабой цялежку, а хлопец i застаўся вiсець на суку. Саскочыць - праўда, нiбыта мякка, але ж унiзе гразь. Калi не ўтопiцца, падаючы з вышынi, дык увесь гразёй зальецца. I брызент нiякi не падкладзеш: гразь суцэльная. Пабралi сякеры, нассякалi лапак, накiдалi з бакоў на дарогу. На тыя лапкi саскочыў. Заблоцiўся, зразумела, але ж не так, як бы без лапак было. А самае галоўнае час iдзе. Трэцiя суткi. Дзень на другую палову пераходзiць, а мы ад'ехалiся роўна нiчога. I вось трапiлi на такое месца, што нi ўзад, нi ўперад. Наша цялежка загрузла па самыя барты. Стасiльны трактар не можа даць рады. Нават адчапiўся ад нас, каб не засесцi самому, i ад'ехаўся на лепшае месца. Раптам чуем, тарахцiць недзе ззаду яшчэ трактар. Пад'ехаў блiжэй. Калёсны, слабы, але ж дзве вялiзныя бочкi партвейну вязе, значыць, сiлу нейкую мае. Ад'ехаўся i ён на лепшае месца, паставiў свой партвейн, пасля разам тузганулi нашу цялежку i вывалаклi з гэтага прадоння, адвезлi метраў за сотню, на больш прыдатнае месца. Там трактарысты нашыя i - з калёснага занялiся падкручваць гайкi, бо яны, некаторыя, зусiм аслаблi.
Пасажыры павыходзiлi на абочыны: хоць ногi крыху адыдуць, адпачнуць ад такой язды. Тым часам следам за намi на парцы коней ехала пошта ў лёгенькай карыфашцы. Нiчога не ведаючы, паштавiк заехаў на тое месца, дзе тапiлася нашая цялежка i выцiснула сабой такую вялiзную ямiну. Левы конь адразу пагрузiўся ў тую ямiну, у гразь. Засталася над гразёй адна толькi галава. Паштавiк адразу выпраг другога каня, вывеў яго на абочыну i стаў думаць горкую думу: нiхто ж нiколi не дасць веры, каб на дарозе, хоць бы i таежнай, конь утапiўся. Значыцца, паштавiк нейкую памылку вялiкую зрабiў... У гэты час нашыя трактарысты запусцiлi маторы. Пачуўшы iх, паштавiк сеў конна на выратаванага каня, прыехаў на нашую стаянку, злез i ўкленчыў проста ў гразь:
- Ратуйце, людцы! Конь утапiўся на дарозе!
Хто ж тут скажа - 'справа не мая'? Пабралi рыдлёўкi, сякеры, вяроўкi, пайшлi да таго каня. А ён, бедны, калi пабачыў людзей, як пачаў iрзаць, як пачаў iрзаць - не спыняецца. А карцiна якая жудасная: ляжыць на гразi адна галава i ржэ, нават грывы не вiдно. Прыйшлi людзi, абступiлi вакол таго бедалагу. Хто рыдлёўкай гразь адлiвае, хто лапкi сячэ, хто жэрдачкi падносiць. Намасцiлi з бакоў дзве гацi невялiчкiя, прашмаргнулi вяроўкi ды ўсiм натоўпам i выцягнулi таго каня. Падзякаваў паштавiк ратавальнiкам, спрог зноў конi ў карыфашачку ды следам за намi.
Трэцiя суткi канчалiся. Ноч. Распалiлi агонь, павячэралi, паспалi - хто як мог, каму як было лепш. На чацвёртыя суткi прашу я паштавiка:
- Вазьмi мяне з яблынькамi, давязi да паселiшча. Баюся я, каб мае яблынькi не прапалi.
А ён мне адказвае:
- Ты бачыш, што мой выратаваны конь толькi для лiку ў запражцы iдзе, увесь час дрыжыць, як у трасцы якой.
- Ды я не прашуся, каб ты мяне вёз. Я пайду пехатой. Ты мае яблынькi толькi вазьмi, прывяжы ззаду.
Прывязаў. Увечары чацвёртых сутак прывёз я iх дадому i пасадзiў адразу. Некалькi штук даў у падарунак тром маiм сябрам, з якiмi разам працаваў. Не ведаю, як дрэвы жылi цi жывуць у iх. А на маёй колiшняй сядзiбе прынялiся добра. Мне прыслалi фота, на якiм яблынька проста абсыпана яблыкамi ад зямлi i да самага невысокага верху.
Колькi людзей памагло, каб гэтыя яблынькi даехалi да свайго месца!
. . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Цяпер замест той таежнай пракладзена добрая дарога, шаша. Аўтобусы 'Iкарус' iдуць па той дарозе, на якую мы патрацiлi чацвёра сутак, дзве гадзiны. А хто хоча, ад Канска да Бiрусы можа праляцець рэйсавым самалётам за паўгадзiны. Думаю, што новыя насельнiкi таго паселiшча пачнуць цяпер гадаваць i вiнаград нават...
Як начаваў у Байкане
Давялося мне зiмою iсцi ў тайгу. Перад тым двое сутак мяла мяцелiца. Усе сцяжынкi, усе дарогi занесла снегам, намяло на адкрытых мясцiнах вялiкiя гурбы. I такой дарогi мне дзесяць мiль. Выйшаў я з горада рана. Пры мне толькi адна буханка хлеба, але вялiкая, кiлаграмы на чатыры, i пачак цукерак-падушачак. Апрануты я цёпла: павалаканы паўкажушок, зiмовая шапка, валёнкi.
Iду, як цалiк пракладваю, баразну ў снезе сабою ару. Зiрну назад - так баразна i застаецца. Нiхто, зразумела, не едзе. Кожны чакае, калi клiн трактарам працягнуць - правалакуць, прачысцяць шлях.
Пасля абеду прыйшоў я ў Апана-Ключы. Спынiўся ў знаёмых, перакусiў. Старая гаспадыня пакiдае начаваць.
- Дарогi няма. Дужа натомiцеся.
Адказваю, што я сёння абавязкова павiнен трапiць у вёску Байкан. Калi я там заначую, дык заўтра вечарам буду дома. А калi заначую тут, тады мне трэба будзе ў тайзе начаваць. Ну што ж яна больш скажа: сваю гасцiннасць выказала, а ты - як хочаш i як знаеш... Ад гэтага сяла дарога пайшла нiбыта ў нiзiну, адхонам. Снегу намяло куды больш, чым да сяла. Баразну разгортваю яшчэ глыбейшую. Iду...
Прытамiўся, пiць хочацца. Вазьму жменьку снегу, скамячу ды ў рот. Растане, праглыну - зноў пiць хочацца.
З'явiлiся ўжо вялiзныя купы дрэў - падыходжу да самай тайгi. Сцямнелася. Толькi святла - ад снегу. А я iду...
I бачу леваруч - агеньчыкi зазiхацелi. Я ўсцешыўся: хоць прыцемна, але ж дайшоў да сваёй сённяшняй мэты! Спынiўся, глянуў. Нешта не тое мне прыдалося: агеньчыкi вёскi з'яўляюцца раптоўна проста перад дарогай, калi спусцiшся ў роў ды з яго выберашся. А тут агеньчыкi менавiта леваруч, там, дзе стаяў вадзяны млын. Самае ж галоўнае, што яны пераходзяць з месца на месца, як жывыя. 'Э! Дык жа гэта воўчае вяселле! Проста на iхнi пiр трапляю'.
Пастаяў я, пастаяў - аж агеньчыкi пасунулiся на Апана-Ключы полем. А вецер у мой бок, ваўкi нюхам мяне i не выкрылi. Пайшло тое вяселле сваiм шляхам. А я iду сваiм... Дайшоў да таго рова, спусцiўся, зноў узняўся. Вось ён i Байкан. Агнi гараць ва ўсiх вокнах, але ад газнiц. Электрычнасцi ў iх тады не было. А самае галоўнае, ведаў я пра гэта добра, сёлетнi год для людзей быў дужа цяжкi: рана стукнуў мароз, памерзла ўся чыста бульба. Якiя атожылкi нараслi, ды добрага плёну не далi. Жыта было павымакала, а рэшту градам пабiла. Нейкая карысць i падтрымка была ад аднаго-адзiнага гароху. Ды яшчэ ад тайгi - грыбоў бралi, ягад... А ў звязку з такiмi акалiчнасцямi народ быў сярдзiты. Свае са сваiмi сварылiся. Старая беларуская прыказка кажа, што калi на гумне не малоцiцца, тады ў хаце калоцяцца. А гэтая вёска была на дзевяноста дзевяць працэнтаў заселена беларусамi, якiя выехалi сюды яшчэ перад рэвалюцыяй.
Падыходжу я да 'дагаварной хаты', у якую павiнны прымаць на начлег. Стукаю ў акно.
- Хто там?
- Начаваць да вас!
- Заўтра ў мяне свята, я мыю падлогу, нiкога не пушчаю.
- А дзе ж мне начаваць?
- Дзе хочаш! Бывай здароў!
Калi не хочуць размаўляць у той хаце, гаспадынi якой плацiлi грошы, дык што ж мне маглi сказаць у суседнiх!
I надумаў я iсцi ўсю ноч да свайго жытла. Прыблiзна на сярэдзiне вёскi якраз паварот на тайгу. Падыходжу я да гэтага павароту i бачу каля яго хату. Хата вялiкая, тыпова сiбiрская, але нейкая дужа заняпалая. На ёй не тое каб страхi, але i крокваў нават няма. А так i комiн стаiць, i вокны зашклёныя. Дай, думаю, яшчэ раз паспрабую. Стукаю ў акенца. Жаночы голас пытаецца:
- Што вам трэба?
Я тлумачу. Жанчына адказвае:
- У мяне дужа бедная хата. Iдзiце куды ў лепшую.
Зноў тлумачу:
- Я шукаю не багацця, а дзе б мне ноч перасядзець. Гэта ж мароз - градусаў сорак...
- Заходзьце, калi ласка! Толькi не крыўдуйце...
Адчынiла яна дзверы. Зайшоў. Якая б хата нi была, а пасля такога марозу рай! Мiж iншым, у хаце чыста, падлога аж зiхацiць, нашоркана венiкам з пясочкам.
Павiтаўся я. Распрануўся ды пытаюся:
- Цi няма ў вас трохi гатаванай вады, хоць кубачак.