Яна адказвае, што ў печы - поўны чыгун. Хочаш пi, хочаш мыйся.

Я такi папарыў свае ногi, пасля налiў кубачак вады, дастаў з рукзака буханку хлеба i чую, што мяне нiбыта голкамi нешта коле. Узнiмаю вочы ўгору, а там, на палатках, дзецi гэтай гаспадынi, чацвёра. Ведаючы, як у iх кепска справа з харчаваннем, я запытаўся:

- А цi няма ў вас яшчэ кубачкаў?

Гаспадыня мая здзiвiлася:

- А што вы з iмi будзеце рабiць? Кубачкi ёсць, зразумела.

Паставiла яна яшчэ пяць кубачкаў. Налiў я ў iх гарачай вады, парэзаў на шэсць кавалкаў сваю буханку хлеба i на кожную лусту паклаў падушачак.

- Справа ў тым, дарагая гаспадыня, што я чалавек сямейны. У нас заведзена так, каб усе садзiлiся за стол разам, а нiхто адзiн аднаму ў рот не заглядваў.

Яна пачала пярэчыць, што мне яшчэ дзень iсцi. Я адказаў, маўляў, мне лягчэй стане iсцi, калi на сэрцы будзе лёгка...

Пакуль мы з ёй размаўлялi, дзецi самi пазлазiлi, селi ля стала, i мы ўсе разам павячэралi.

Ранiцой, аддзякаваўшы ёй за начлег, пайшоў я ў свой апошнi перагон i ўжо цёмна-цёмна з'явiўся дадому...

I смех, i грэх...

Заўтра - Пятро, як дзяды нашы казалi. Нават i ў Сiбiры настала лета. Мы пазаносiлi на вышкi розныя накрыўкi, iмi накрывалi лехi гурковыя, таматы ды наогул усю гароднiну, якая не мае дружбы з замаразкамi. Але па старой звычцы кожны вечар, кладучыся спаць, я выходзiў на ганак i глядзеў, колькi градусаў на надворным тармометры.

Пайшоў i ў той вечар, адзiнаццатага лiпеня. На тэрмометры было два з паловай градусы цяпла. Калi я сказаў пра гэта жонцы, яна не паверыла i дала раду:

- Пасвяцi электрычным лiхтарыкам, трэба ведаць вельмi дакладна.

Пры электрычным святле - усё роўна два з паловай градусы. У маленстве я чытаў апавяданне аднаго фiнскага пiсьменнiка, як стары, сiвы i ў дадатак сляпы дзядуля выйшаў ранiцай на панадворак, памацаў рукой зямлю i пасля гэтага закрычаў у роспачы: 'Дзеткi, уставайце! Уся наша праца загiнула!'. Каб пасля бяды не галасiць дарэмна, не мацаць ранiцай прымарожаную гароднiну, мая гаспадыня дала параду:

- Пастаў будзiльнiк на першую гадзiну ночы. Тады пабачым. Калi знiзiцца яшчэ, пойдзем накрываць.

Зрабiўшы так, я паскiдваў, на ўсякi выпадак, усе накрыўкi з вышак, сабраў у адно месца старыя газеты i пасля таго заснуў. Неўзабаве зазванiў гадзiннiк. Я да градуснiка: паўтара градуса марозу. Значыцца, перад свiтаннем будуць усе шэсць. Не бавячы часу, мы занялiся ратаваць сваю працу. У нас была яшчэ аўчарка, дык яна, паддаўшыся нашаму настрою, больш паловы накрывак перацягала ў гарод. Накрываць мы накрываем, а нашы суседзi спяць, нiчога не чуюць. Падбег я да аднаго акна, стукнуў:

- Мароз, накрывайце гароднiну.

Маладая гаспадыня выскачыла босая, аж гвалт закрычала:

- Зiмна! - Пабегла яна, абулася ды за працу.

Падышоў я да другое хаты, стукнуў таварышу, з якiм разам у майстэрнi адной працавалi:

- Пятро! Мароз! Мы гарод накрываем!

А ён мне адказвае:

- Сусед дарагi! Заўтра мае iмянiны, нiякiх маразоў не павiнна быць. А што вы накрываеце - накрывайце, у вар'яцкiм доме яшчэ весялейшыя фокусы бываюць...

Падзякаваў я за такi прыгожы камплiмент ды зноў на свой гарод. Панакрывалi мы ўсё, нават фасоль i тую газетамi пазасцiлалi. Апрача таго, поўныя бочкi, якiя для палiву стаялi, вадой дапоўнiў. Глянулi на градуснiк - шэсць градусаў марозу.

Ранiцай, як толькi сонейка ўзышло, паднялося, пайшлi мы ўсе накрыўкi скiдаць ды гароднiну вадой з палiвачак палiваць. У нас - не змерзла нiводнага калiва, а ў беднага iмянiннiка нават бульбоўнiк увесь счарнеў.

Днём у майстэрнi смеху было немаведама колькi. А гэты самы Пятро мне прэтэнзiю даў:

- Чаму вы мяне не ўгаварылi? Я тады, можа б, устаў i таксама пазакрываў сваю гароднiну.

Саратаўскi беларус

Прыехалi мы з жонкай у Беларусь. У адну маленькую вёсачку, дзе нiколi ў жыццi не былi, нiкога з людзей да таго не бачылi i не ведалi. Вёсачка дужа прыемная, прыгожая. Нават вулiца i тая асаблiвая, не падобная да iншых: зялёная, спарышнiкам уся зарасла, як зялёным дываном пакрыта. А з бакоў, апрача садоў i кветнiкаў, рабiнамi абсаджана. Ходзiм мы на возера купацца, ходзiм у лес грыбы збiраем, на памежках некаторыя лекавыя раслiны бяром ды сушым: святаяннiк, насенне трыпутнiку, мяту. Адначасна, калi бывае ў людзей вольны час, слухаем, як яны гавораць, якая ў iх сама вымова, якi лексiчны запас. Iдучы вулiчкай, да нас на лаўку перад домам садзяцца калi, хоць на кароткi час, суседзi, пытаюцца, расказваюць...

А насупраць дома нашай гаспадынi жыла адна вельмi слаўная сям'я. Мацi працавала на мясцовай пошце, бацька - рабочы. Дачушка старэйшая адвучылася ў восьмым, перайшла ў дзевяты клас. Мала таго, што прыгожая i разумная, але гэта была на дзiва для нас з жонкаю працавiтая дзяўчына. Яна адна даглядала ўсю хатнюю гаспадарку, гатавала есцi для ўсёй сям'i, рыхтавала пойла ды корм для жывёлы, прачкарыла, знаходзiла i час чытаць кнiгi. А школьныя адзнакi ў яе ўсе былi выдатныя. Гэтыя акалiчнасцi выклiкалi ў нас вялiкую сiмпатыю да гэтае сям'i i не меншую павагу. Калi аднойчы да нас падышоў пагаманiць крыху сам бацька, мы з вялiкiм задавальненнем паслухалi яго, падтрымалi размову з iм. Гаварыў ён па-беларуску прыгожа, нават, я сказаў бы, з лiтаратурным ухiлам. Вымова ў яго была чыстая, натуральная: казаў 'дзякую', а не 'д'зякую', як некаторыя ў горадзе, 'сяджу', а не 'сяд'жу'.

Аднойчы ён у мяне запытаўся, з якога раёна Беларусi я паходжу.

- З Пастаўскага, але даўно-даўно выехаў адтуль. А вы?

- Я з Саратаўшчыны...

У мяне нават думкi такой не з'явiлася, што гэта з той Саратаўшчыны, якая на Волзе. Я парашыў, што пасля вайны якi-небудзь наш раён перайменавалi ў Саратаўскi. Але запытаўся:

- Даруйце, але дзе ж ён, той Саратаўскi раён, як ён называўся раней?

Мой субяседнiк засмяяўся ды i пытаецца:

- Няўжо вы не ведаеце, дзе знаходзiцца Саратаўшчына? Вы жартуеце, зразумела...

- Як?! - яшчэ больш здзiвiўся я. - Дык вы з Волгi, з той самай Саратаўшчыны?!

- Але, але. А чаму вы дзiвiцеся?

- Мяне дзiвiць, што вы гаворыце па-беларуску так, нiбыта тут нарадзiлiся.

- Нiчога дзiўнага! Калi я ажанiўся, а мая жонка - тутэйшая, - то надумаў тут i застацца. А жыць з людзьмi, сустракаючыся з iмi штодня, i не ведаць iх мовы - я лiчу недастойным людской годнасцi. Апрача таго, гэта значыла б прызнацца ў сваёй бяздарнасцi. Цi цяжка вывучыць яшчэ адну мову! Мая дачушка вывучыла чатыры, уладае iмi як мае быць. Трэба ж i мне не вельмi адстаць ад яе. Хiба я няправiльна разважаю?

- Вы разважаеце дужа правiльна, па-ленiнску.

'А Маня дурная!'

Аднойчы сядзеў я на лавачцы каля дома з суседскай дзяўчынкай Маняй. Падышоў да мяне, павiтаўся i сеў побач таксама суседскi хлопчык Шлёмка, такога ж узросту, як i Маня.

Я люблю размаўляць з малымi. Цiкава, як яны глядзяць на жыццё, на вакольны свет. I гэтым разам пагаварылi аб тым-сiм. Тут хлопчык i кажа:

- А гэта Маня дурная!

Я здзiвiўся i пакрыўдзiўся.

- Што ты вярзеш? Ты б такiя адзнакi са школы прыносiў, як яна. У яе ж адны пяцёрiкi...

- Ха! Што яе пяцёркi! Я залез у iхнi сад, узлез на самую лепшую яблыню i латашу сабе яблыкi, поўную пазуху напакаваў. Прыходзiць яна. Прайшла каля самай яблынi, мяне не ўбачыла, узяла з-пад суседняга дрэва нейкi ападыш ды i пайшла з саду... Дзе ж яе розум?!

Я праз малы час пытаюся ў Манi, цi праўда гэта, што Шлёмка кажа.

- Праўда, дзядзечка! Я пайшла да яблынi адмыслова, гэта ж мая самая любiмая. Кожную ранiцу хаджу да яе. Аж бачу, на дрэве сядзiць ён. У iх свайго саду няма. Няхай, думала так, няхай паласуецца... Узяла зусiм не патрэбны мне яблык i пайшла прэч з саду, каб не засмуцiць, не здэтанаваць яго...

Хованкi

Недалёка ад Сянна, на беразе таго ж возера, пры якiм стаiць i Сянно, ёсць невялiчкая, утульная вёсачка Свабоднае. Давялося нам неяк пражыць там з паўлета. Што, апрача прыроды, спадабалася нам у

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату