гледзячы - i канец паляванню. Бачыш, я пакiдаю цябе тут i толькi дзеля цябе перадам вестачку тваёй Чарадзе, каб ведалi, дзе шукаць сабак. Мне твае ваўкi не радня.
Калi Каа не падабаўся хто-небудзь, ён бываў няветлiвы, як нiхто ў джунглях, за выключэннем, можа, Багiры. Ён паплыў унiз па рацэ i насупраць Скалы Рады ўбачыў Пхао i Акелу, якiя ўслухоўвалiся ў начныя гукi.
- Кшш, ваўкi! - весела аклiкнуў ён iх. - Рудыя сабакi паплывуць унiз па рацэ. Калi не баiцеся, можаце забiваць iх па водмелях.
- Калi яны паплывуць? - спытаў Пхао.
- А дзе маё дзiцяня? - спытаў Акела.
- Паплывуць, калi надумаюцца, - сказаў Каа. - Пачакайце i ўбачыце. А тваё дзiцяня, з якога ты ўзяў Слова i тым самым асудзiў яго на Смерць, тваё дзiцяня са мною, i калi яно яшчэ жывое, дык ты ў гэтым не вiнаваты, сiвы сабака! Чакай сваiх ворагаў тут i радуйся, што мы з дзiцянём на тваiм баку!
Каа зноў памчаўся стралой па рацэ i спынiўся на сярэдзiне цяснiны, пазiраючы ўгору на лiнiю скал. Неўзабаве ён убачыў, як на зорным небе паказалася галава Маўглi; потым у паветры штосьцi прашумела, i, падаючы нагамi ўперад, Маўглi шуснуў у ваду. Праз iмгненне ён ужо адпачываў у зручнай пятлi, падстаўленай Каа.
- Якi гэта скачок уночы! - абыякава сказаў Маўглi. - Я скакаў у два разы далей дзеля пацехi. Толькi вось наверсе кепскае месца: нiзкiя кусты i глыбокiя яры, i ўсё гэта бiтком набiта Маленькiм Народам. Я нагрувасцiў вялiкiя камянi адзiн на другi па краях трох яроў. Я спiхну iх нагою ўнiз, як буду бегчы, i Маленькi Народ, узлаваўшыся, узнiмецца ззаду ў мяне.
- Гэта чалавечая хiтрасць, - сказаў Каа. - Ты мудры, але Маленькi Народ i так заўсёды злуецца.
- Не, на змярканнi ўсё крылатае засынае ненадоўга i тут i ўсюды. Я распачну гульню з сабакамi на змярканнi, бо ўдзень яны лепей бегаюць. Зараз яны гоняцца па крывавым следзе за Ванталам.
- Каршун Чыль не пакiне здохлага буйвала, а Дзiкi Сабака - крывавага следу, - сказаў Каа.
- Дык я павяду iх па новым следзе, - па iхняй жа крывi, калi ўдасца, i прымушу iх наесцiся гразi. Ты застанешся тут, Каа, пакуль я не вярнуся з маiмi сабакамi.
- Так, але што, калi яны заб'юць цябе ў джунглях або Маленькi Народ заб'е цябе раней, чым ты скочыш у раку?
- Калi я памру, - адказаў Маўглi, - тады i прыйдзе час спяваць Песню Смерцi. Добрага палявання, Каа!
Ён адпусцiў шыю ўдава i паплыў унiз па цяснiне, як плыве бервяно ў паводку, падграбаючы да далёкай водмелi i рагочучы ад радасцi. Больш за ўсё на свеце Маўглi любiў 'тузаць Смерць за вусы', як гаварыў ён сам, i даваць джунглям адчуць, што ён тут гаспадар. З дапамогай Балу ён часта апаражняў пчалiныя дуплы i ведаў, што Маленькi Народ не любiць паху дзiкага часнаку. I таму ён нарваў невялiкi пучок часнаку, звязаў яго палоскай кары i пабег па крывавым следзе Ванталы, што вёў на поўдзень ад логава. Час ад часу ён пазiраў на дрэвы, схiлiўшы галаву набок, i пры гэтым пасмейваўся.
'Жабяняткам Маўглi я быў, - сказаў ён сам сабе, - Ваўчанём Маўглi я назваў сябе сам. Цяпер я павiнен зрабiцца Малпай Маўглi, перш чым стану Маўглi Аленем. А ўрэшце я стану Чалавекам Маўглi. Хо!' - I ён правёў вялiкiм пальцам па доўгiм лязе свайго нажа.
След Ванталы, вельмi прыкметны па цёмных плямах крывi, iшоў па лесе сярод тоўстых дрэў, якiя раслi тут блiзка адно ад аднаго, але на паўночны ўсход радзелi ўсё больш i больш. За дзве мiлi ад Пчалiных Скалаў лес канчаўся. Ад апошняга дрэва да нiзкiх кустоў каля Пчалiнай Цяснiны знаходзiлася адкрытае месца, дзе цяжка было б схавацца нават ваўку. Маўглi бег пад дрэвамi, прыкiдваючы на вока адлегласць ад галiны да галiны, iншы раз залазiў уверх па ствале i для пробы пераскокваў з аднаго дрэва на другое, пакуль не дабег да адкрытага месца, на агляд якога ён патрацiў цэлую гадзiну. Потым ён вярнуўся на след Ванталы, у тым жа месцы, дзе пакiнуў яго, залез на дрэва, адна з галiн якога далёка вытыркалася ўперад на вышынi футаў восем ад зямлi, павесiў пучок часнаку на развiлiну, спакойна ўсеўся i пачаў вастрыць нож аб босую падэшву.
Незадоўга да поўдня, калi сонца пачало моцна прыпякаць, Маўглi пачуў тупат ног i ўнюхаў агiдны пах сабачай чарады, якая ўпарта i бязлiтасна гналася за Ванталам.
Калi глядзець зверху, Дзiкi Сабака з Дэкана здаецца ў два разы меншы за ваўка, але Маўглi ведаў, якiя дужыя ў яго лапы i моцныя скiвiцы.
Разглядаючы вострую рудую пысу важака, якi абнюхваў след, ён крыкнуў яму:
- Добрага палявання!
Важак задзёр галаву, а яго спадарожнiкi стоўпiлiся ззаду, дзесяткi i сотнi рудых жывёлiн з падкурчанымi хвастамi, шырокiмi грудзьмi i худым азадкам. Дзiкiя сабакi звычайна вельмi маўклiвыя i няветлiвыя нават у сваiм родным Дэкане.
Пад дрэвам сабралася не менш дзвюх сотняў сабак, але Маўглi бачыў, што важакi прагна абнюхваюць след i стараюцца павесцi ўсю чараду ўперад. Гэтага нельга было дапусцiць, бо яны прыбеглi б да логаваў сярод дня, а Маўглi меў намер пратрымаць iх пад сваiм дрэвам да змяркання.
- З чыйго дазволу вы з'явiлiся сюды? - спытаў Маўглi.
- Усе джунглi - нашы джунглi, - быў адказ, i той, хто гэта сказаў, ашчэрыў белыя зубы.
Маўглi з усмешкай паглядзеў унiз, дасканала пераймаючы рэзкую траскатню Чыкаi, пацука-скакуна са стэпаў Дэкана: гэтым самым ён даваў сабакам зразумець, што лiчыць iх такiмi ж пацукамi. Чарада стоўпiлася вакол дрэва, i важак раз'юшана забрахаў, абазваўшы Маўглi малпай. Замест адказу Маўглi выставiў унiз голую нагу i паварушыў гладкiмi пальцамi якраз над галавой важака. Гэтага было дастаткова, i нават больш чым дастаткова, каб абудзiць тупую лютасць сабак. Тыя, у каго растуць валасы памiж пальцамi, не любяць, каб iм пра гэта напамiналi. Маўглi адхапiў нагу, калi важак падскочыў угору, i сказаў ласкава:
- Сабака, руды сабака! Вымятайся назад да сябе ў Дэкан есцi яшчарак. Iдзi да свайго брата Чыкаi, сабака, сабака, руды сабака! У цябе поўсць памiж пальцамi! - I ён яшчэ раз паварушыў нагою.
- Спусцiся ўнiз, пакуль мы не замарылi цябе голадам, безвалосая малпа! завыла чарада, а гэтага якраз i дамагаўся Маўглi.
Ён лёг, выцягнуўся ўздоўж сука i прытулiўся шчакою да кары, аслабанiў правую руку i хвiлiн пяць выдаваў сабакам усё, што ён пра iх ведае i думае: пра iх самiх, пра iхнiя норавы i звычаi, пра iх сябровак i шчанят.
Няма на свеце мовы больш ядавiтай i калючай, чым тая, на якой гаворыць Народ Джунгляў, калi хоча зняважыць i выказаць пагарду. Падумаўшы крыху, вы i самi зразумееце, чаму гэта так. Маўглi i сам гаварыў Каа, што ў яго назбiралася шмат калючак пад языком, i паступова, павольна, але дакладна ён давёў маўклiвых сабак да таго, што яны забурчалi, потым забрахалi, потым хрыпла завылi, ажно захлiпаючыся. Яны спрабавалi адказваць на яго кпiны, але гэта было ўсё адно, як калi б ваўчаня адказвала раз'юшанаму Каа. Увесь гэты час Маўглi трымаў правую руку сагнутай у локцi, гатовы да дзеяння, а ногi моцна сцiскалi сук. Вялiкi цёмна-руды важак шмат разоў падскакваў у паветра, але Маўглi не спяшаўся, бо баяўся прамахнуцца. Нарэшце, ад лютасцi перасягнуўшы самога сябе, важак падскочыў футаў на сем, на восем угору ад зямлi. Тады рука Маўглi ўскiнулася, як галава змяi, што жыве на дрэвах, схапiла рудога сабаку за каршэнь, i сук затросся i сагнуўся пад яго цяжарам так, што Маўглi ледзь не звалiўся на зямлю. Але ён не разняў рукi i памаленьку ўсцягнуў рудога сабаку, якi павiс, нiбы дохлы шакал, да сябе на сук. Левай рукою Маўглi дастаў нож i, адсекшы руды калматы хвост, шпурнуў важака назад на зямлю.
Толькi гэтага i хацеў Маўглi. Цяпер сабакi не пабягуць па следзе Ванталы, пакуль не прыкончаць Маўглi або пакуль Маўглi не прыкончыць iх. Ён бачыў, як сабакi паселi ў кружок, дрыгаючы сцёгнамi, што азначала намер помсцiць да смерцi, i таму забраўся на развiлiну, што знаходзiлася трохi вышэй, прыхiлiўся зручней спiной да дрэва i заснуў.
Гадзiны праз тры цi чатыры ён прачнуўся i палiчыў сабак. Усе яны былi тут, маўклiвыя, лютыя, бязлiтасныя, з раз'юшанымi вачамi. Сонца ўжо заходзiла. Праз паўгадзiны Маленькi Народ Скалаў павiнен быў закончыць дзённыя турботы, а, як вам вядома, Дзiкiя Сабакi кепска б'юцца ў змроку.
- Мне не патрэбны такiя верныя вартаўнiкi, - сказаў Маўглi, становячыся на суку, - але я гэтага не забуду. Вы сапраўдныя сабакi, толькi, як мне здаецца, занадта ж падобныя адзiн на аднаго. Вось таму я i не аддам пажыральнiку яшчарак яго хваста. Хiба ты не задаволены, руды сабака?
- Я сам выпушчу табе кiшкi! - прахрыпеў важак, кусаючы ад злосцi камель дрэва.
- Не, ты падумай, мудры пацук Дэкана: цяпер народзiцца многа куртатых рудых шчанят з чырвоным