- А куды вы едзеце? - спытаў Ярмолаў.

- Дадому еду, да сваiх. У мяне адпачынак на трыццаць тры днi.

На пероне з'явiўся Цюльпан у суправаджэннi свае гаспадынi. Следам iшоў Дзiма. Гаспадыня была ў даўжэзным цёплым халаце, Дзiма - у палiто паверх пiжамы. Цюльпан так высока трымаў свой тупы, выгнуты ўгору нос i крочыў так смела i рашуча, што перад iм усе расступалiся. Гаспадарам, вiдаць, падабалася гэта. Жанчына з незалежным i крыху ганарлiвым выглядам на твары нешта ўвесь час гаварыла сабаку, а Дзiма трымаў тоўстыя губы трубкаю i мнагазначна пасвiстваў.

Ярмолаў мiжвольна ўсмiхнуўся. Вiдовiшча гэтае было смешным для ўсiх, але яму кiнулася ў вочы тое, пра што не надта зручна было i гаварыць: выгляд бульдога нейкай рыскай нагадваў у гэтую хвiлiну выгляд свайго гаспадара.

- Хар-рошы сабака! - з прыцiскам сказаў Валодзя. - Шкада, Людачка спiць, паказаў бы ёй цюцю.

Пасажыры сюды-туды снавалi па калiдоры, а дзверы ў купэ, дзе спалi Зiна з Людачкай, былi адчыненымi. Ярмолаў павярнуўся, цiха прычынiў дзверы i зноў стаў побач з Валодзем.

- Цiхiя яны ў вас, спакойныя, - сказаў ён лейтэнанту, ужо без усмешкi паглядваючы ў акно.

- Хто?

- Я пра вашых гавару.

- А... Яны? - Лейтэнант глянуў на зачыненыя дзверы. - Яны спакойныя, а што iм? Хвалявацца асаблiва няма чаго. Калi што, дык адна мая галава балiць.

- Даўно вы разам?

- Не. Яна з дзесяцiгодкi, а я нядаўна з вайсковай школы. Сустрэлiся выпадкова на вакзале... А вы нежанаты?

- Не.

- Ну i правiльна! Маладзец!

Ярмолаў здзiўлена паглядзеў лейтэнанту ў вочы.

- Чаго вы так глядзiце? - без затрымкi працягваў Валодзя. - Маладзец, гавару. Я вам зайздрошчу. Толькi дурнi з гэтым дзелам спяшаюцца.

На станцыi пачуўся званок дзяжурнага, пасажыры на пероне замiтусiлiся, пачалi разбягацца па вагонах.

Ярмолаў наглядаў, як трывожна падбiрала халат i апярэджвала сабаку Валодзева партнёрша па картах, як следам папырхваў губамi Дзiма, нагружаны смажанымi куранятамi, яблыкамi, пляшкамi лiманаду. Хутка гэтая прыкметная для ўсiх тройка з сапеннем, цахканнем i стогнамi працiснулася па калiдоры. Валодзя пайшоў у iхняе купэ, i гульня ў карты ўзнавiлася.

Ярмолаў астаўся ля акна насупраць свайго купэ. Нейкае дваiстае адчуванне з'явiлася ў яго пасля гэтай кароткай размовы з Валодзем. З аднаго боку, трэба было б чалавека паважаць за такую непасрэднасць i даверлiвасць, а з другога хочаш не хочаш, а падумаеш, што гэта не тая непасрэднасць i не тая даверлiвасць. З суседняга купэ чулася яго пасвiстванне, а ўяўлялася, што ён стаiць побач, высокi, падцягнуты, з прыгожымi гуллiвымi вачамi. Стаiць i ўвесь час расказвае пра сваю жонку. Нiхто ўжо i не пытае яго пра гэта, i слухаць ужо становiцца непрыемна, а ён усё расказвае. А Зiна спiць у гэты час i нiчога не чуе. Ёй, мабыць, сняцца прывабныя сны, магчыма, тая першая сустрэча на вакзале... Першае светлае каханне...

'А можа, яна ўжо не спiць?'

Ярмолаў цiхенька бярэцца за дзвярную ручку, заглядвае ў шчылiнку. Сапраўды, не спiць.

- Заходзьце, заходзьце! - гаворыць Зiна. - Чаго ж вы ўвесь час стаiце на калiдоры?

I Ярмолаў заходзiць у купэ, збянтэжана апусцiўшы вочы, садзiцца ля столiка. Яму непрыемна, што ён загаварыў з Валодзем аб такiх справах, пра якiя можна было i не гаварыць. Магчыма, Зiна i тады не спала i ўсё чула. Не так сорамна за свае пытаннi, як за Валодзевы адказы.

- Чаму ж вы не адпачываеце? - нясмела гаворыць Ярмолаў. - Няхай бы паспалi, пакуль малая не турбуе.

- Я паспала крыху. - Зiна ўдзячна ўсмiхаецца, але глядзiць не на Ярмолава, а ў акно. - А лепш сказаць - не паспала, а падрамала.

- Станцыю адну нядаўна праехалi, астаноўка была. Не чулi?..

Ярмолаў заўважыў, як у Зiны здрыганулiся вейкi, калi яна памкнулася глянуць на яго.

- Не чула я, - цiха адказала жанчына i зноў пачала глядзець у акно.

А Ярмолаў цяпер зусiм упэўнiўся, што ўсё яна чула, бо напэўна ж не спала. Больш ён не мог сказаць нi слова. Гэтае няёмкае маўчанне цягнулася некалькi хвiлiн, бо i Зiна, вiдаць, не ведала, пра што гаварыць.

Нарэшце яна спавольна ўзняла вочы на Ярмолава i спытала:

- Вы ў Менску жывяце?

- У Менску, - адказаў Ярмолаў.

- А мы цяпер - далекавата ад Менска. Сумна iншы раз... Да таго хочацца дадому... Не чулi, хор Шыловiча дома цяпер цi на гастролях?

- У Менску Макар Iванавiч, - упэўнена адказаў Ярмолаў. - Што, падабаецца вам гэты хор?

Зiна цяжка ўздыхнула i зноў адвяла вочы ў акно.

- Я спявала ў гэтым хоры, - цiха сказала яна.

Ярмолаў здзiвiўся i сам не заўважыў, як яго залiшне здзiўлены позiрк пачаў лавiць Зiнiны вочы, каб нешта сказаць, нешта выявiць хоць позiркам, бо словы ў гэты момант не знаходзiлiся. Зiна заўважыла гэтае здзiўленне, i ёй стала крыху непрыемна. 'Чаму ён так здзiвiўся? Няўжо я зусiм не падобная на спявачку або спяваць у хоры - вельмi ўжо складаная, мала каму даступная справа?' Потым убачыла, што гэта - добрае, таварыскае здзiўленне i пагляд у чалавека шчыры, даверлiвы. У вачах Ярмолава не мiльгала тая ледзь прыкметная, але вельмi калючая насмешка, якую Зiна часта бачыла ў Валодзi, калi гаворка заходзiла аб хоры, аб яе голасе. Вiдаць было па ўсiм, што з гэтым чалавекам вальней можна гаварыць пра музыку, пра мастацтва, не трэба баяцца, што ён цябе абсмяе або прынiзiць халодным абыякавым позiркам.

- Больш двух год я спявала ў гэтым хоры, - пачала расказваць Зiна. У яе вачах свяцiлася затоеная i вельмi насцярожаная просьба паслухаць i зразумець яе. - Спявала i вучылася ў вячэрняй дзесяцiгодцы. У многiх харавых нумарах я запявала. Калi Макар Iванавiч даведаўся, што я збiраюся пакiнуць хор, выклiкаў да сябе, угаворваў, прасiў пабыць яшчэ хоць некалькi месяцаў, пакуль ён падрыхтуе замену. Не паслухала я Макара Iванавiча, а цяпер мне сорамна нават сустрэцца з iм, глянуць у вочы...

- Чаму ж вы не паслухалi? - спытаў Ярмолаў. - Прабачце, калi не тое пытанне задаю i, можа, крыху нясцiпла ўмешваюся ў вашы справы.

- А што ж тут нясцiплага? - прыязна сказала жанчына. - Я часта i сама сабе задаю такое пытанне. Пакiнула хор таму, што... Як вам сказаць? Сустрэлiся мы з Валодзем, а ён жа не ў Менску служыў. I цяпер не ў Менску. Я не магла не паехаць з iм...

- Калi ў вас ёсць голас i вы любiце музыку... - пачаў Ярмолаў i спынiўся, бо ў гэты час заварушылася i замахала ручкамi Люда.

- Быў у мяне голас, - ледзь не шэптам працягвала Зiна. - Людзi гаварылi, ды i сама я адчувала, калi выходзiла на сцэну. Гэта няцяжка заўважыць па людскiх вачах. А цяпер, вядома, ужо няма таго, што было.

- Там жа ў вас, напэўна, ёсць харавыя гурткi, - заўважыў Ярмолаў, самадзейнасць. А то маглi б вы i адна выступаць у канцэртах.

- Выступiла адзiн раз, - супакоiўшы Люду, сказала Зiна. - Выступiла, дык Валодзя тры днi праходу не даваў. Не любiць ён у мяне музыкi i сам нiколi не спявае. - Зiна сарамлiва засмяялася. - Толькi свiшча часта, ды i то немаведама што. Калi я iншы раз заспяваю што-небудзь сама сабе дома, дык ён або начынае свiстаць, або ўключае радыё. Смешны ён у мяне...

Людачка зноў замахала ручкамi, i цяпер ужо мацеры не ўдалося прыспаць яе. Дзяўчынка ўстала i адразу засмяялася, зморшчыўшы крыху ўспацелы носiк.

- Вясё-о-лая, - пяшчотна заўважыў Ярмолаў.

Мацi ўзяла дзяўчынку да сябе.

- Амаль што нiколi не плача, - радасна сказала яна, - хiба толькi iншы раз ноччу, або калi вельмi ўжо есцi захоча.

I Людачка раптам заплакала.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату