трапныя яны былi цi не, з'яўлялiся ў яго надзвычай лёгка, мiмаволi. Вiдно было, што выпiўка для гэтага чалавека - справа звыклая i што тут ён умее паказаць сябе.

- Жонка мая не п'е, - ужо ў каторы раз паўтараў ён Ярмолаву. - Зусiм не п'е. Так што вы яе i не прасiце. Артыстка i не п'е. Дзiўна? Праўда, яна былая артыстка. Ну, i дзякуй богу! Я сказаў так: або жонка, або артыстка! Правiльна я сказаў, таварыш Ярмолаў? Адмiрал Ярмолаў?

'Адмiрал' без крыўды ўсмiхнуўся i хацеў нешта сказаць Валодзю, але Зiна так паглядзела на яго, што ён не рашыўся ўступаць у размову. Зiна i сама ўвесь час маўчала, бадай-што мала i слухала, аб чым гаварыў муж. Яна старанна кармiла свежай смятанкай Людачку. Скажы Валодзю адно слова, ён табе дваццаць. Скажы яму ласкава, ён табе адкажа груба i жорстка. Гэта, вiдаць, добра разумела Зiна, таму i сама маўчала i прасiла, каб Ярмолаў нiчога насупроць не гаварыў. Калi не раззадорваць гэтага чалавека, не падлiваць масла ў агонь, то ён пагаворыць, потым пасвiшча крыху ды ляжа спаць. Зачапiся ж з iм, - усю ноч прагаворыць.

Дапiўшы гарэлку i назваўшы Ярмолава яшчэ разоў дзесяць то адмiралам, то генералам, Валодзя сапраўды неўзабаве палез у ботах на верхнюю полку, i як толькi паклаў на падушку галаву, дык адразу i захроп. Зiна пачала прыбiраць са стала, а Ярмолаў выйшаў, каб не перашкаджаць ёй. Калi ён вярнуўся, то заўважыў, што Валодзя ляжаў ужо разуты, вялiзныя ступнi з шырокiмi пяткамi звiсалi пальцамi ўнiз з полкi. Гэта, вядома. Зiна разула яго. Ярмолаў уявiў, як для гэтага яна, напэўна, падстаўляла да полкi лесвiчку, як спяшалася, каб зрабiць гэта да яго прыходу, i яму стала шкада жанчыну. Вiдаць, не першы раз яна разувала свайго мужа...

Людачка сядзела на полцы адна i гуляла з новай цацкай. У яе руках гэтая цацка грымела i крыху заглушала храпенне Валодзi. Зiна спачатку быццам не адважвалася глянуць на Ярмолава: яна больш, як трэба, корпалася ў клунках, затым узялася выцiраць мокрай паперай столiк, збiраць крошкi хлеба пад столiкам, у тым месцы, дзе сядзеў Валодзя. I толькi калi побач з ёй упала, нiбы разарвалася, бразготка, жанчына глянула з усмешкай спачатку на дзяўчынку, а потым на Ярмолава.

- Спадабалася ёй цацка, - замiлавана сказала яна. - Сваю старую ўжо некуды закiнула.

Мацi пагрымела цацкай, села ля дзяўчынкi i, калi тая зноў стала забаўляцца сама, начала гаварыць далей:

- Бывала, у нас, у хоры... Часта, вельмi часта я ўспамiнаю наш хор. Голас жанчыны гучаў глуха, з глыбокiмi перадышкамi, вочы то пачыналi iскрыцца вясёлай радасцю, то раптам патухалi i прыкрывалiся крышку вiльготнымi вейкамi. - Была ў нас там замужняя адна, таксама салiстка. Мая сяброўка. Дзяўчынка ў яе была. От як мая Людачка цяпер. Бывала, збяромся ў выхадны дзень да гэтае мае сяброўкi... Чалавек дзесяць нас прыйдзе. I кожная прынясе якую-небудзь цацку дзяўчынцы. Як наскладаем, дык - цэлая гара цацак. Дзяўчынка радуецца, iдзе да кожнай з нас на рукi, а мацi яшчэ больш радуецца. Потым муж яе бярэ акардэон... Рабочы ён, просты чалавек, але вельмi любiў музыку. Акампанiруе нам, а мы спяваем, развучваем што-небудзь новае. Дзяўчынка заўсёды слухае, здаецца, што нават i вочкамi не маргае...

- I Людачка, я думаю, любiць слухаць, як мама спявае, - цiха заўважыў Ярмолаў. - Дзецi наогул любяць песнi.

- Я цяпер не спяваю, - сумна сказала жанчына.

- А мы з Людачкай папросiм, каб вы заспявалi нам што-небудзь. Мы таксама вельмi любiм песнi. Праўда, Людачка?

Дзяўчынка зашамацела цацкай.

- У мяне ўжо, мабыць, i голасу няма, - сказала Зiна. - Мне толькi часта ў сне снiцца, што я спяваю...

Выспаўшыся, Валодзя зноў пайшоў гуляць у карты, а Ярмолаў доўга стаяў на калiдоры, слухаў хрыплае радыё, размовы i песнi тых пасажыраў, якiя не надта любiлi ехаць у цвярозым выглядзе, мiжвольна заглядваў у цёмнае акно i бачыў там свой лоб, вядома, больш бледны, як у люстэрку, i амаль зусiм гладкi. Праводзiў рукою па лбу i адчуваў на iм маршчыны, неглыбокiя яшчэ, але частыя. I ўвесь твар выглядаў у акне залiшне маладым. Значыць, не трэба верыць ценю. Пачынаў апаноўваць сум. На хвiлiну Ярмолаву здалося, што ён можа пазайздросцiць Валодзю. Той не сумуе ў дарозе, бадай-што i нiдзе ён не сумуе. I цяпер з купэ даносiлiся яго вясёлыя ўсклiкi, амаль бесперапынная гаворка i бязладныя посвiсты.

Ярмолаў узлез на верхнюю полку, лёг i заплюшчыў вочы. Ён спрабаваў заснуць, а сон чамусьцi не прыходзiў.

Праз адчыненыя дзверы купэ час ад часу даносiлася далёкае ад якой-небудзь меладычнасцi пасвiстванне. Кожны раз пры гэтым пасвiстваннi Зiна прыпаднiмала галаву, нервова азiралася i накрывала Люду. Дзяўчынка спала дрэнна, увесь час варочалася, ссоўвала з сябе прасцiну. А мацi, вiдаць, зусiм не магла заснуць. Гэта мiжволi непакоiла Ярмолава. Жанчына ўжо другую ноч не спiць. Збiралася ў дарогу - таксама не спала. Сам Валодзя аб гэтым гаварыў. Ды цi толькi гэтыя ночы былi ў яе бяссоннымi? Уяўлялася, што кожную ноч Зiна спiць вось так, як цяпер. Гэты неспакой, нервовыя азiраннi наўрад цi толькi сёння з'явiлiся.

На свiтаннi праваднiца цiхенька пастукала ў дзверы. Ярмолаў адразу пачуў, бо спаў вельмi нямоцна. З трывогай заўважыў, што пачула гэта i Зiна: яна ледзь прыкметна паварушыла рукой, якою абнiмала Людачку. Дзiця, мабыць, толькi нядаўна i заснула. Ноччу Людачка плакала. Можа, ад духаты, а можа, i жывоцiк ад чаго-небудзь балеў. Ярмолаў доўга чуў гэты плач, у яго балела ад гэтага на душы, а потым сон усё ж змарыў, - на нейкi час усё адышло. Затым зноў прачнуўся, таму што прыйшоў з гульнi Валодзя i ўключыў святло.

- Пяцьдзесят дурняў iм даў! - сказаў ён Зiне, калi тая прыўзнялася на пасцелi. Сказаў i палез на верхнюю полку.

Ярмолаву трэба было хутка выходзiць. Ён пачаў цiхенька i асцярожна збiрацца, каб нiкога не разбудзiць. Абуўся, выняў з-пад полкi чамадан. Аднак, калi ўзяўся за ручку дзвярэй, Зiна нечакана ўстала.

- Вы ўжо сходзiце? - папраўляючы валасы, прашаптала яна.

- Я разбудзiў вас? - занепакоiўся Ярмолаў. - Прабачце, Зiна. Мне i хацелася развiтацца з вамi, i баяўся перабiць вам сон.

- А я амаль што i не спала, - даверлiва загаварыла жанчына. - Нешта Людачцы нездаровiцца. Толькi яшчэ горш змучылася за ноч i бок стаў балець, пералежала. Усё на адным баку ляжу.

- А мая ўжо станцыя вось тут, блiзка, - нiбы з жалем сказаў Ярмолаў. Трэба сыходзiць. Будзьце здаровенькi! Шкада, што мы ўжо, мабыць, нiколi не ўбачымся... Але вы, Зiначка, павiнны спяваць! Спявайце абавязкова!..

- Жадаю вам шчаслiва вярнуцца ў Менск, - з кранаючай шчырасцю прашаптала Зiна i падала Ярмолаву цёплую, крыху пералежаную за ноч руку. - Вельмi прашу вас, калi ўбачыце там Макара Iванавiча, перадайце яму прывiтанне ад мяне. Маё дзявочае прозвiшча - Вiшнеўская.

- Добра, - паабяцаў Ярмолаў, - абавязкова перадам. Будзьце здаровы.

На цемнаватым пероне ён адышоўся крыху ўбок, паставiў чамадан i стаў чакаць адыходу цягнiка. Адразу пазнаў сваё акно, хоць яно нiчым не вылучалася. Было яно яшчэ цемнаватым, невыразным, як i ўсе астатнiя. Прыгледзеўшыся, ужо можна было заўважыць белыя фiранкi, але толькi прыгледзеўшыся. Вельмi б радасна было, каб гэтыя фiранкi хаця б крышачку, хаця б на адзiн момант заварушылiся.

Аднак што ж зробiш? Не заварушылiся фiранкi. Неўзабаве пачуўся кароткi гудок i адзiн за другiм пачалi ляскаць буферы. Праплыло акно перад вачамi Ярмолава... Блiзкае, незабыўнае акно, нiбыта было яно ў роднай хаце. Услед праплыў белы надпiс на сiне-блакiтным, як i неба ў гэты час, фоне: 'Жорсткi'. А затым - нумар дванаццаць. Не пакiдала ўяўляцца Зiна ў хвiлiну развiтання: ласкавая, шчырая, трошкi сумная. Пра яе хацелася думаць...

'Будзе яна яшчэ спяваць цi не?' Гэтае пытанне не давала Ярмолаву спакою нават i тады, калi ён выйшаў з маленькага стандартнага вакзала i накiраваўся ў вайсковы гарадок.

1956 г.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату