Лем Станислав
Здарэнне (на белорусском языке)
Станiслаў Лем
Здарэнне
Пераклаў Максiм Валошка
Анэль не вярнуўся а чацвёртай, але нiхто таго нiбыта i не заўважыў. Каля пяцi пачаў церушыцца змрок, i Пiркс, не так заклапочаны, як здзiўлены, хацеў спытаць у Круля, што гэта можа азначаць. Аднак устрымаўся - ён не быў кiраўнiком групы, i такое пытанне, хоць i справядлiвае i цалкам бяскрыўднае, магло выклiкаць сапраўды ланцуговую рэакцыю ўзаемных дакораў. Ён добра ведаў падобныя сiтуацыi, бо паўтаралася гэта не раз, асаблiва калi калектыў быў такi вось выпадковы, як гэты. Тры чалавекi i зусiм розных прафесiй - у самым сэрцы гор на нiкому не патрэбнай планеце выконвалi заданне, якое, бадай, усе, як i ён сам, лiчылi бязглуздым. Iх прывезлi сюды на малым старым гравiстаце, якi мусiў тут i застацца, бо варты быў ужо толькi на злом; разам даставiлi i разборны алюмiнiевы барак, крышку прыбораў i радыёстанцыю, настолькi зношаную, што больш было з ёй клопату, чым карысцi. За сем тыдняў яны павiнны былi зрабiць 'агульную рэкагнасцыроўку', нiбы гэта было мажлiва. Пiркс не стаў бы гэтым займацца, разумеючы, што справа iдзе толькi пра павелiчэнне радыуса даследаванняў разведвальнай групы ды яшчэ пра адну лiчбу ў рапартах, якiмi нашпiгоўвалi iнфармацыйныя машыны на Базе, што магло мець нейкае значэнне хiба што пры дзяльбе сродкаў, людзей i магутнасцей на наступны год. Вось дзеля таго, каб на стужках памяцi з'явiлася гэта разбiтая на дзiрачкi лiчба, яны сядзелi амаль пяцьдзесят дзён у пустынным месцы, якое пры iншых абставiнах, мажлiва, i было б зваблiвым, хоць бы як мясцовасць, прыдатная пад альпiнiзм. Аднак альпiнiсцкiя раскошы былi сурова забаронены, i сама большае, што мог дазволiць сабе Пiркс, гэта падчас сейсмiчных i трыянгуляцыйных замераў маляваць у сваiм уяўленнi першыя трасы альпiнiстаў.
Планета не мела нават сваёй назвы, акрамя як Ёта дроб 116, дроб 47 Праксiмы Вадалея. З усiх тых, якiя Пiркс калi-небудзь бачыў, яна была найбольш падобная на Зямлю: з малым, жоўтым сонцам, салёным акiянам, бурачкова-зялёным ад працавiтых водарасцяў, што насычалi атмасферу кiслародам, i вялiкiм, трохлапым кантынентам, пакрытым першабытнай раслiннасцю. Планета была б прыдатная пад каланiзацыю, калi б не тая акалiчнасць, што сонца яе было тыпу новаадкрытай разнавiднасцi УП, няўстойлiвае, з нераўнамерным выпраменьваннем, а паколькi астрафiзiкi наклалi сваё вета, то хоць чарговая ўспышка на Новай магла адбыцца толькi праз сто мiльёнаў гадоў, розныя планы асваення гэтай зямлi запаветнай даводзiлася закрэслiць.
Пiркс часам шкадаваў, што дазволiў сябе ўгаварыць на гэту экспедыцыю, але не было тое шкадаванне цалкам шчырае. Так альбо iнакш, а ён мусiў бы тырчаць на Базе тры месяцы, бо трапiць у Сонечную сiстэму раней было немагчыма; ён меў перспектыву адседжвацца ў клiматызаваных падземных садах Базы i да дурноты ў галаве глядзець тэлеперадачы (былi гэтыя забавы дзесяцiгадовай даўнiны), таму ён ахвотна згадзiўся на прапанову начальнiка, якi рады быў, што можа ўслужыць Крулю - не было нiводнага свабоднага чалавека, а iнструкцыя забараняе пасылаць у экспедыцыю толькi дваiх. Такiм чынам Пiркс звалiўся касмографу нiбы з неба. Зрэшты, Круль не выявiў захаплення нi адразу, нi пазней; спачатку Пiркс думаў нават, што той ацэньвае яго ўчынак як 'вялiкапанскi капрыз', калi ён з камандзiра карабля згадзiўся стаць звычайным разведчыкам; падобна было, што Круль адчуваў затоеную крыўду. Але гэта не была крыўда, проста Круль, адмераўшы ўжо палову жыцця (яму перавалiла за сорак), стаў зласлiвы, нiбы яго нiчым iншым, акрамя палыну, нiколi не кармiлi. А паколькi ў такiм iзаляваным ад свету калектыве нiчога нельга схаваць i людзi з усiмi сваiмi заганамi i вартасцямi робяцца адразу празрыстымi, як шкло, Пiркс хутка зразумеў, адкуль бралася тая задзiрыстасць у характары Круля, увогуле вытрыманага, нават цвёрдага чалавека, бо ён меў ужо звыш дзесяцi гадоў пазазямной службы. Проста Круль стаў не тым, кiм хацеў, а тым, кiм мусiў стаць, бо для выпеставанай у марах работы не падыходзiў. А ў тым, што калiсьцi ён хацеў быць не касмографам, а iнтэлектронiкам, Пiркс пераканаўся пазней, назiраючы, якiм катэгарычным станавiўся Круль у размовах з Масенам, як толькi гаворка заходзiла пра iнтэлектронныя тэмы ('iнтэлектральныя' - казаў Круль у адпаведасцi з прафесiйным жаргонам).
Масену не хапала, на жаль, паблажлiвасцi, а мажлiва, проста матывы Круля яго зусiм не цiкавiлi, ва ўсякiм разе, калi той настойваў часам на нейкiм памылковым рашэннi, Масена не абмяжоўваўся толькi пярэчаннем, а з алоўкам у руцэ раскладваў Круля на лапаткi з дапамогай бездакорных матэматычных разлiкаў i дабiваў Круля з такiм задавальненнем, нiбы стараўся даказаць не сваю праўду, а тое, што Круль - самаўпэўнены асёл. Але гэта было не так. Круль быў не самаўпэўнены, а толькi занадта ўражлiвы, як i кожны, хто мае больш амбiцый, чым здольнасцей.
Пiркс, якi быў мiжвольным сведкам такой размовы - зрэшты, цяжка было iм не быць, бо яны ўтрох жылi на сарака квадратных метрах, а гукаiзаляцыя перагародак была чыстай фiкцыяй, - ведаў, чым гэта скончыцца. I сапраўды: Круль, якi не смеў паказаць Масене, як моцна падзейнiчала на яго паражэнне, усю сваю непрыязнасць перанёс на Пiркса, зрэшты, у даволi своеасаблiвай форме. Круль пе растаў размаўляць з Пiрксам, акрамя выпадкаў, калi гэта было неабходна.
Толькi адзiн Масена застаўся пасля гэтага блiзкi яму - бо i сапраўды з гэтым чорнавалосым i светлавокiм халерыкам можна было пасябраваць - але Пiрксу заўсёды было нялёгка з халерыкамi, бо глыбока ў душы ён не надта iм давяраў. З Масенам вечна штосьцi здаралася: ён патрабаваў заглядваць сабе ў горла, заяўляў, што будзе змена надвор'я, бо ў яго косцi ломiць (нiякiх змен не адбывалася, але ён працягваў iх прадказваць), даводзiў, што мучыцца ад бяссоннiцы i штовечар дэманстратыўна шукаў таблеткi, якiх, бадай, нiколi не глытаў - проста клаў iх на ўсякi выпадак побач з ложкам, а ранiцай кляўся Пiрксу, якi вельмi позна чытаў i добра чуў яго храпенне, што нават вока не заплюшчыў (у што, здаецца, i сам свята верыў). Калi не браць гэтага пад увагу, то быў ён выдатны спецыялiст i блiскучы матэматык, меў талент арганiзатара, яму даручалi бягучае праграмаванне аўтаматычнай, а больш дакладна, бязлюднай разведкi. Адну такую праграму ён прыхапiў з сабой для распрацоўкi ў 'вольную часiну', а Круль пакутаваў, бо Масена выконваў тое, што яму даводзiлася, вельмi хутка i якасна, так што ў яго i сапраўды заставалася шмат вольнага часу, а таму не было падстаў для абвiнавачвання, нiбыта ён не выконвае як след сваiх абавязкаў. Масена падыходзiў iм яшчэ i таму, што - як гэта нi парадаксальна - у iх планеталагiчнай мiкраэкспедыцыi не было нiводнага сапраўднага планетолага, бо i Круль таксама iм не з'яўляўся. Дзiўна ўсё ж, як няўдала могуць скласцiся адносiны трох нармальных, звычайных людзей у такой скалiстай пустынi, якой было Паўднёвае плато Ёты Вадалея. I нават без спецыяльных намаганняў з чыйго-небудзь боку.
Была ў гэтым калектыве яшчэ адна асоба, хоць i не чалавек - ужо названы вышэй Анэль, або Аўтамат Нелiнейны, адна з найноўшых мадэляў, якiя выпускалiся на Зямлi для даследаванняў з высокай ступенню самастойнасцi. Масена быў з iмi - у якасцi кiбернетыка - выключна як данiна старой традыцыi, бо рэгламент патрабаваў, каб там, дзе ёсць аўтамат, абавязкова быў яшчэ нехта, хто мог бы ў выпадку неабходнасцi яго адрамантаваць. Рэгламенту было ўжо добры дзесятак гадоў - як вядома, iнструкцыi мяняюцца не так часта, - але Анэль, як не раз казаў сам Масена, мог бы пры патрэбе адрамантаваць нават яго самога. I не толькi таму, што быў абсалютна безадмоўны, але i таму, што меў сама неабходныя медыцынскiя веды. Пiркс ужо даўно заўважыў, што часта чалавека лепш зразумець па яго адносiнах да робатаў, чым да iншых людзей. Яго пакаленне жыло ў свеце, неад'емную частку якога складалi не толькi касмiчныя караблi, але i аўтаматы, аднак сфера аўтаматыкi была пазначана нейкiм асаблiвым адценнем iрацыяналiзму. Некаторым лягчэй было палюбiць звычайную машыну, скажам, уласны аўтамабiль, чым машыну разумную, якая думае. Перыяд шырокага эксперыментавання канструктараў ужо наблiжаўся да свайго фiнiшу - прынамсi, здавалася, што гэта так. Стваралiся аўтаматы толькi двух тыпаў: вузка спецыяльныя i ўнiверсальныя. Толькi невялiкай групе ўнiверсальных надавалi формы, падобныя на цела чалавека, i то толькi таму, што з усiх апрабаваных канструкцый запазычаная ў прыроды аказалася найбольш бездакорнай у цяжкiх умовах планетнай бездаражы.
Iнжынеры былi не ў вялiкiм захапленнi, калi iх дзiця пачало праяўляць такую самастойнасць, якая мiжволi наводзiла на думку пра духоўнае жыццё. У прынцыпе лiчылася, што аўтаматы мысляць, але 'не маюць iндывiдуальнасцi'. Сапраўды, нiхто не чуў пра аўтамат, якi гневаўся б, натхняўся, смяяўся альбо плакаў; усе яны былi надзвычай ураўнаважаныя, як гэтага хацелi канструктары. Аднак паколькi iх мазгi стваралi не на мантажным канвееры, а ў працэсе паступовага вырошчвання монакрышталёў, дзе мае месца статыстычны роскiд, якi не паддаецца кiраванню, то нават мiкраскапiчныя зрухi малекул выклiкалi такiя вынiковыя адхiленнi, што практычна не iснавала двух зусiм аднолькавых аўтаматаў. I ўсё ж, значыць, iндывiдуальнасцi? Не, адказваў кiбернетык, вынiк iмавернага працэсу; гэтак думаў сабе Пiркс, як i кожны, хто меў да iх дачыненне, хто цэлымi гадамi мог адчуваць побач з сабой iх маўклiвую, заўсёды мэтанакiраваную, заўсёды лагiчную дзейнасць. Вядома, усе яны былi падобныя адзiн на аднаго больш, чым людзi, але ж i яны