Але я лiчыў яе баязлiўкай i сказаў ёй пра гэта - а зараз яна ляжала папярок ложка i ўважлiва пазiрала на мяне, быццам не ведала, што я забiў яе.

- I гэта ўсё? - спыталася яна.

Пакой быў чырвоны ад сонца. Валасы Хэры палымнелi. Яна паглядзела на сваю руку, нiбыта хацела зразумець, чаму я так доўга яе разглядваю, пасля прыцiснулася халаднаватай гладкай шчакой да маёй далонi.

- Хэры, - хрыпла прамовiў я, - не можа быць...

- Перастань!

Вочы яе былi заплюшчаны, павекi ўздрыгвалi, чорныя вейкi датыкалiся да шчок.

- Дзе мы, Хэры?

- У нас.

- А дзе гэта?

На iмгненне яна расплюшчыла адно вока i адразу ж зноў заплюшчыла, паказытала вейкамi маю далонь.

- Крыс!

- Што?

- Мне так добра.

Я сядзеў над ёй не кратаючыся. Падняў галаву i ўбачыў у люстэрку над рукамыйнiкам частку ложка, рассыпаныя валасы Хэры i свае голыя каленi. Я падсунуў нагой нейкi напалову абгарэлы прадмет, адзiн з тых, што валялiся на падлозе, падняў яго, прыклаў вострым канцом да нагi, там, дзе ружавеўся паўкруглы сiметрычны шрам, i ўваткнуў у цела. Боль быў рэзкi. Я пазiраў на буйныя кроплi крывi, якiя сцякалi па назе i бязгучна падалi на падлогу.

Усё дарэмна. Страшныя думкi, якiя круцiлiся ў галаве, набывалi ўсё больш пэўныя абрысы, я ўжо не паўтараў: 'Гэта сон', я даўно перастаў верыць у яго, зараз я думаў: 'Трэба абараняцца'. Я паглядаў на спiну Хэры, на лiнiю бядра, на босыя ногi, якiя звiсалi з ложка. Я выцягнуў руку i асцярожна пакратаў яе ружовую пятку, правёў пальцам па падэшве.

Яна была далiкатная, як у немаўляцi.

Зараз я быў перакананы: гэта не Хэры, я амаль што безаглядна верыў у гэта - нават яна сама не ведае аб тым.

Яе босая ступня здрыганулася ў маёй далонi, цёмныя губы Хэры трэслiся ад бязгучнага смеху.

- Перастань... - прашаптала яна.

Я цiхенька вызвалiў руку з-пад яе шчакi, устаў i пачаў спешна апранацца. Хэры сядзела на ложку i пазiрала на мяне.

- Дзе твае рэчы? - спытаўся я i адразу ж пашкадаваў пра гэта.

- Мае рэчы?

- Няўжо ў цябе толькi адна сукенка?

Зараз гэта была ўжо гульня. Я iмкнуўся трымацца будзённа, свабодна, быццам мы рассталiся толькi ўчора, не, быццам мы наогул нiколi не разлучалiся. Хэры ўстала, знаёмым лёгкiм i моцным рухам паправiла сукенку. Мае словы заiнтрыгавалi Хэры, але яна прамаўчала. Толькi цяпер яна ўважлiва ўсё агледзела i, вiдаць, здзiўленая павярнулася да мяне.

- Не ведаю, - прамовiла яна бездапаможна, - магчыма, у шафе?.. - дадала Хэры i адчынiла дзверы.

- Не, там толькi камбiнезоны, - адказаў я.

Я знайшоў каля рукамыйнiка электрабрытву i пачаў галiцца. Стараўся не стаць плячыма да дзяўчыны, кiм бы яна нi была.

Хэры хадзiла па кабiне, зазiрала ва ўсе куткi, углядалася ў iлюмiнатар, нарэшце падышла да мяне i прамовiла:

- Крыс, у мяне такое адчуванне, быццам нешта здарылася.

I змоўкла. Я выключыў брытву i чакаў.

- Быццам я нешта забылася... быццам шмат што забылася. Ведаю... памятаю толькi цябе... i... i нiчога больш.

Я слухаў яе, стараючыся нiяк не выявiць сябе.

- Я была... хворая?

- Ну... можна сказаць i так. Нейкi час ты хварэла.

- Ага, вось, значыць, у чым справа.

Хэры адразу супакоiлася. Я не магу перадаць мой стан: калi яна маўчала, хадзiла, сядзела, усмiхалася, перакананасць, што перада мной Хэры, была мацнейшая за гнятлiвую трывогу. Пасля мне зноў пачало здавацца, што гэта не Хэры, а толькi яе спрошчаны вобраз, заснаваны на некалькiх характэрных словах, рухах, жэстах. Яна наблiзiлася да мяне амаль ушчыльную, уперлася кулачкамi ў мае грудзi i спыталася:

- Як у нас з табой? Добра цi дрэнна?

- Цудоўна, - адказаў я.

Яна ледзь прыкметна ўсмiхнулася.

- Калi ты так гаворыш, значыць, дрэнна.

- Што ты, Хэры! Ведаеш, дарагая, мне трэба зараз выйсцi, - хуценька прамовiў я. - Пачакай мяне, добра? А мо ты галодная? - дадаў я i раптам сам захацеў есцi.

- Галодная? Не. - Яна пакруцiла галавой, яе валасы рассыпалiся па плячах. - Мне чакаць цябе? Доўга?

- З гадзiну... - пачаў я.

- Я пайду з табой, - перабiла Хэры.

- Табе нельга iсцi са мной, мне трэба працаваць.

- Я пайду з табой.

Гэта была зусiм iншая Хэры: тая ў падобных выпадках нiколi не настойвала. Нiколi.

- Дзiцятка маё, гэта немажлiва...

Яна пазiрала на мяне знiзу, пасля ўзяла за руку. Я правёў далонню па яе руцэ, плячо было пругкае i цёплае. Зусiм не жадаючы, я лашчыў яе. Уся мая iстота прагнула яе, я хацеў яе насуперак розуму, насуперак усiм аргументам, насуперак страху.

З усяе сiлы стараючыся захаваць спакой, я паўтарыў:

- Хэры, гэта немагчыма, ты павiнна застацца.

- Не.

Як гэта прагучала!

- Чаму?

- Н-не... ведаю.

Яна азiрнулася i зноў падняла вочы на мяне.

- Я не магу... - прамовiла яна цiха.

- Чаму?!

- Не ведаю. Не магу. Мне здаецца... Мне здаецца...

Яна з цяжкасцю шукала адказу, а калi знайшла, то i для яе самой ён прагучаў нечакана:

- Мне здаецца, што я павiнна бачыць цябе... заўсёды.

Спакойная iнтанацыя хавала не пачуццi, а нешта зусiм iншае. Я гэта адчуў. Знешне ўсё заставалася па- ранейшаму: я абдымаў яе, гледзячы ў вочы, але пацiху пачаў заломваць ёй рукi за спiну, нерашучыя рухi сталi ўпэўненымi - я знайшоў сваю мэту. Вачыма я ўжо шукаў, чым можна звязаць яе.

Яе локцi, адведзеныя мною назад, стукнулiся i адначасова напружылiся з такой сiлай, якая звяла на нiшто мае намаганнi. Я змагаўся мо хвiлiну. Яна стаяла, выгнуўшыся назад, ледзь не краналася падлогi. У такiм становiшчы нават атлет не здолеў бы супрацiўляцца. А яна, няпэўна ўсмiхаючыся, вызвалiлася з маiх абдымкаў, выпрасталася i апусцiла рукi. Твар яе нават не здрыгануўся.

Яе вочы сачылi за мной гэтак жа спакойна, з цiкаўнасцю, як i напачатку, калi я прачнуўся. Яна, вiдаць, нават не заўважыла маiх адчайных высiлкаў, выклiканых прылiвам страху. Зараз яна стаяла абыякавая, засяроджаная, крыху здзiўленая, нiбыта нечага чакаючы.

Мае рукi апусцiлiся. Я пакiнуў яе пасярод пакоя i падышоў да палiцы ля рукамыйнiка. З адчуваннем, што трапiў у неверагодную пастку, я шукаў выйсця, мяркуючы зрабiць усё, што патрабавала сiтуацыя. Калi б

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату