На палiраванай паверхнi снарада мiгцелi i пералiвалiся водблiскi агнёў касмадрома. Я не чуў нiякiх гукаў - унутры было цiха, толькi шырока расстаўленыя апоры стартавага стала, на якiх стаяла ракета, страцiлi дакладнасць абрысаў. Яны вiбравалi, як струны, - я нават спалохаўся, што ўсё можа развалiцца. Дрыготкiмi рукамi зацiснуў апошнюю шрубу, кiнуў ключ i саскочыў з трапа. Паволi адступаючы, я ўбачыў, як амартызатары, разлiчаныя толькi на пастаянны цiск, падскокваюць у сваiх гнёздах. Мне здалося, што стальная абшыўка мяняе свой колер. Як звар'яцел'ы, я падбег да пульта дыстанцыйнага кiравання, абедзвюма рукамi штурхануў угору рубiльнiк пуску рэактара i ўключэння сувязi; тады з рэпрадуктара, якi быў спалучаны з ракетай, пачуўся не то пiск, не то скавытанне, зусiм не падобнае на чалавечы голас, i ўсё-ткi я разабраў: 'Крыс! Крыс! Крыс!!!'

Зрэшты, гучала гэта не вельмi выразна. Кроў лiлася з разбiтых костачак, так хаатычна i прымусова стараўся я запусцiць снарад. Блакiтны водблiск упаў на сцены стартавага стала; з адлюстравальнiка газаў павалiлi клубы дыму, якiя ператварылiся ў сноп асляпляльных iскраў; усе гукi накрыў высокi працяжны гул. Ракета ўзнялася на трох струменях полымя, якiя адразу ж злiлiся ў адзiн вогненны слуп, i, пакiдаючы за сабой дрыготкае марыва, вылецела праз шлюзавую адтулiну, якая адразу ж зачынiлася. Аўтаматычныя вентылятары пачалi падаваць свежае паветра ў залу, дзе яшчэ вiхурыўся едкi дым. Я на ўсё гэта не звяртаў увагi. Рукамi трымаўся за пульт, твар гарэў ад апёку, валасы абгарэлi ад цеплавога выпраменьвання; я сутаргава хапаў паветра, якое пахла гарэлым i азонам. Хоць пад час старту я iнстынктыўна заплюшчыў вочы, рэактыўны струмень асляпiў мяне. Даволi доўга перад вачыма стаялi чорныя, чырвоныя i залатыя кругi. Паступова яны растварылiся. Дым, пыл, туман знiкалi ў трубах вентылятараў, якiя цяжка стагналi. Перш за ўсё я ўбачыў зялёны экран радара. Я пачаў шукаць ракету з дапамогай радыёлакатара. Калi нарэшце злавiў, яна была ўжо за межамi атмасферы. Нiколi ў жыццi я не запускаў снарад так паспешна, усляпую, не ведаючы, якое паскарэнне яму надаць, куды наогул яго скiраваць. Я падумаў, што прасцей за ўсё вывесцi ракету на арбiту вакол Салярыс з радыусам каля тысячы кiламетраў. Тады я здолеў бы выключыць рухавiкi. Калi яны будуць працаваць, можа адбыцца катастрофа, вынiкi якой цяжка ўявiць. Тысячакiламетровая арбiта - як я пераканаўся з таблiцы - была стацыянарная. Але i яна, калi гаварыць праўду, нiчога не гарантавала. Проста я не мог прыдумаць нiчога iншага. У мяне не хапiла адвагi ўключыць радыёсувязь, якую я выключыў адразу пасля старту. Я зрабiў бы ўсё, абы толькi не чуць гэтага страшнага голасу, у якiм ужо не засталося нiчога чалавечага. Усе маскi былi сарваны - у гэтым можна прызнацца, - i пад выявай Хэры адкрылася iншая, сапраўдная выява, такая, што шаленства стала ўяўляцца сапраўдным збавеннем.

Была роўна гадзiна, калi я пайшоў з касмадрома.

'МАЛЫ АПОКРЫФ'

Скура на маiх руках i твары была абпаленая. Я ўспомнiў, што калi шукаў снатворнае для Хэры (калi б у мяне была сiла, я пасмяяўся б над сваёй наiўнасцю), то заўважыў у аптэчцы бутэлечку з маззю ад апёкаў, i пайшоў да сябе. Адчынiў дзверы i ў чырвоным святле захаду ўбачыў, што ў крэсле, ля якога Хэры стаяла нядаўна на каленях, нехта сядзiць. На нейкую долю секунды мяне апанаваў страх, я запанiкаваў i адскочыў, гатовы ўцякаць. Той, хто сядзеў, падняў галаву. Гэта быў Снаўт. Заклаўшы нагу за нагу, спiнай да мяне (на iм былi тыя ж шарачковыя штаны з плямамi ад рэактываў), ён праглядаў нейкiя паперы. Яны ляжалi на столiку побач. Пасля адклаў паперы i пачаў змрочна разглядаць мяне з-пад апушчаных на кончык носа акуляраў.

Не кажучы нi слова, я падышоў да рукамыйнiка, дастаў з аптэчкi мазь i пачаў мазаць ёю лоб i шчокi, там, дзе былi сама моцныя апёкi. На шчасце, я паспеў тады зажмурыцца, i вочы мае ацалелi. Некалькi вялiкiх пухiроў на вiсках i шчоках я прапароў стэрыльнай iголкай i шпрыцам высмактаў з iх вадкасць. Пасля наклеiў на твар дзве марлевыя накладкi з маззю. Снаўт па-ранейшаму назiраў за мной. Мне было ўсё адно. Твар мой гарэў усё мацней. Я закончыў свае працэдуры i сеў у другое крэсла, зняўшы з яго сукенку Хэры. Гэта была сама звычайная сукенка, толькi без усялякiх зашпiлек.

Снаўт, склаўшы рукi на касцiстым калене, крытычна сачыў за маiмi рухамi.

- Ну што, пагаворым? - прамовiў ён, калi я сеў.

Я прамаўчаў, прыцiскаючы марлю, якая спаўзала са шчакi.

- Былi госцi, праўда?

- Праўда, - адказаў я суха.

Я не меў нiякай ахвоты падладжвацца пад яго тон.

- I пазбавiўся ад iх? Ну, ну, iмпэтна ты за гэта ўзяўся.

Снаўт памацаў лоб, на якiм лушчылася скура. Праз яе свяцiлася маладая ружовая скурка. I тады я ўсё зразумеў. Чаму я вырашыў, што гэта загар? На Салярыс жа нiхто не загарае...

- Але пачаў ты вельмi сцiпла, - працягваў Снаўт, не звяртаючы ўвагi на маё хваляванне. - Магчымыя наркотыкi, яды, амерыканская барацьба, хiба не так?

- Што ты хочаш? Давай пагаворым сур'ёзна. Калi ты хочаш блазнаваць, лепей iдзi.

- Часам мiжволi даводзiцца блазнаваць, - адказаў ён i падняў на мяне прымружаныя вочы. - Ты ж не будзеш запэўнiваць, што не карыстаўся нi вяроўкай, нi малатком? А чарнiлiцу ты выпадкам не кiдаў, як Лютэр? Не? О, - скрывiўся ён, - тады ты проста малайчына! I рукамыйнiк цэлы, ты нават не спрабаваў расквасiць галаву, i ў пакоi ўсё цэлае. Ты проста раз, два, i гатова пасадзiў, запусцiў на арбiту, i квiты?!

Снаўт зiрнуў на гадзiннiк.

- Значыць, гадзiны дзве, а мо i тры ў нас ёсць, - закончыў ён, непрыемна ўсмiхаючыся. Пасля працягваў: - Так, значыць, ты лiчыш, што я свiння?

- Сапраўдная свiння, - сказаў я цвёрда.

- Ага, а ты паверыў бы, калi б я табе расказаў? Паверыў бы хоць аднаму майму слову?

Я не адказаў.

- Спачатку гэта адбылося з Гiбарыянам, - працягваў Снаўт з той жа непрыемнай усмешкай. - Ён замкнуўся ў сваёй кабiне i гаварыў з намi толькi праз дзверы. Ты ведаеш, што мы вырашылi?

Я ведаў, але прамаўчаў.

- Ну вядома. Мы думалi, што ён звар'яцеў. Ён расказаў нам трохi праз дзверы, але не ўсё. Магчыма, ты нават здагадваешся, чаму ён не сказаў, хто ў яго. Так, ты ўжо ведаеш: suum cuique*. Але Гiбарыян быў сапраўдны даследнiк. Ён запатрабаваў, каб мы далi яму шанц.

* Suum cuiquе (лац.) - кожнаму сваё.

- Якi шанц?

- Ён спрабаваў усё класiфiкаваць, разабрацца, зразумець, працаваў ноччу. Ведаеш, што ён рабiў? Вядома, ведаеш!

- Разлiкi. У шуфлядзе. На радыёстанцыi. Гэта яго?

- Так. Але тады я пра гэта нiчога не ведаў.

- Колькi гэта працягвалася?

- Гасцяванне? Мо з тыдзень. Мы вялi размовы праз дзверы. Што там тварылася! Мы думалi, у яго галюцынацыi, псiхамоўнае ўзбуджэнне. Я даваў яму скапаламiн.

- Як гэта... яму?

- Так. Ён браў, але не сабе. Эксперыментаваў. Так гэта i працягвалася.

- А вы?..

- Мы? На трэцi дзень мы вырашылi трапiць да яго, узламаць дзверы, калi iнакш не атрымаецца. Думалi, што яго трэба лячыць.

- Дык вось чаму! - вырвалася ў мяне.

- Так.

- I там... у той шафе...

- Так, мой ты хлопча. Так. Ён не ведаў, што тым часам i нас наведалi госцi. I мы ўжо не маглi займацца iм. Ён пра гэта не ведаў. Зараз мы да такiх гiсторый... прывыклi.

Ён расказваў пра гэта так цiха, што я хутчэй здагадаўся, чым пачуў апошнiя словы.

- Пачакай, я не разумею... - прамовiў я. - Вы ж павiнны былi чуць. Ты сам казаў, што вы падслухоўвалi. Вы павiнны былi чуць два галасы... а таму...

- Не. Мы чулi толькi яго голас, а калi ўзнiкаў нейкi дзiўны шум, мы думалi, што гэта ён...

- Толькi яго голас?.. Але... чаму?

- Не ведаю. У мяне, праўда, ёсць на гэты конт свая версiя, але я лiчу, што не варта спяшацца. Хоць яна штокольвечы i высвятляе, але выйсця не дае. Так. Ты, вiдаць, яшчэ ўчора нешта прыкмецiў, iначай палiчыў бы нас абодвух за вар'ятаў.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату