- Гэта табе за замах на свяшчэнную асобу гасудара-iмператара. Гэта за гузiкi ад штаноў дзеда Астапа, якiмi абразiў ты яго сiяцельства, вялiкага князя... Гэта табе за вялiкiя непрыемнасцi мне, што парушыў ты, супастат, наладжаны мною парадак на станцыi...

Хацеў Мiколка ў зубы даць жандару, усё намацваў свае гайкi ў кiшэнi. Але не хапала сiлы, так быў збiты. Ледзь жывога вярнулi яго ў вагон да дзеда, да мацi, да бацькi. Ахнулi яны, жахнулiся. Раздзелi Мiколку, цёплай вадой пабоi змачылi. Дзед прыгледзеўся, збялеў аж:

- Глядзiце-ка, па ўсяму целу нiбы царскiя арлы павыбiвалi, няйначай хто казённай банькай стараўся...

А назаўтра дзед, узброiўшыся сукаватым кiем, пайшоў на станцыю i, напаткаўшы жандара, збiў яго на горкае яблыка. Патрушчыў i шаблю i пiсталет паламаў. I хоць уся станцыя i ўсё дэпо падтрымалi голасна дзеда пры гэтай баталii, аднак на другi дзень арыштавалi дзеда i пасадзiлi ў турму. Праўда, праз месяц якi выпусцiлi дзеда, з прычыны яго старасцi, на волю, але са службы ў дэпо прагналi як 'небяспечнага злачынца'. Дзед спрабаваў пахвалiцца крыху, што таму выпусцiлi яго з турмы, што ён герой, што ў яго два медалi за турэцкую вайну. Бацька слухаў гэтую пахвальбу ды папракаў дзеда:

- Кiнуў бы ты, стары, свае турэцкiя байкi. Герой! Не нам з табой пакуль што ў героях хадзiць, i медалi веку ў цябе ўварвалi... Аддаў бы лепш малому на цацкi, чымся вешаць гэтыя бразджолкi на грудзi...

Маўчаў дзед, не адказваў нiчога. Але, вiдаць, згаджаўся з сынам. I, вiдаць, галоўная прычына гэтай згоды была ў царскiх арлах, што павыбiвалi жандары на Мiколкавым целе.

Так пазнаёмiўся Мiколка з царом.

Так пазнаў яго.

Цяжкiя гадзiны

Некаторым можа паказацца, што Мiколку заўсёды жылося весела i бесклапотна: то ракаў ён ловiць, то з дзедам на паляванне ходзiць, то ласуецца 'зайцавым хлебам', то ўрэшце з 'iмператарскiм вялiчаствам' знаёмiцца, самога Мiкалая Другога хоча за руку пацiснуць. Але гэта толькi так здаецца.

Мала было вясёлага ў Мiколкавым жыццi. Усю зiму мерзлi ў халодным i цесным вагоне, марачы аб цёплых летнiх днях. У дадатак да холаду даймаў i голад, асаблiва калi пачалася вайна. А тут i бяда насцiгла Мiколкаву сям'ю. Неяк аднае ночы ўвалiлася ў вагон цэлая група жандараў. Пабудзiлi ўсiх. Шукалi нечага, нават дзеда паднялi з падлогi i ператрэслi мяшок з саломай, на якiм спаў дзед.

Дзед стаяў пануры, злосны, з жандарамi лаяўся:

- Што вы шукаеце тут, чаго не палажылi?

Адзiн з iх, той самы, якога пабiў некалi дзед на станцыi, штурхануў яго ў грудзi:

- Адыдзi, стары пёс!

Дзед не мог сцярпець такой знявагi i адразу захадзiўся ля свае скрынкi, усё мармычучы сабе пад нос:

- Я табе пакажу, хто пёс... Я стары царскi служака, я царскiя ўзнагароды маю... я...

- Кiнь, стары, свае штукi... Ведаю, хочаш ты свае медалi паказаць iм... - спынiў дзеда бацька. - Непатрэбны iм твае царскiя бляшанкi... у iх вунь у самiх поўныя грудзi бляшанак гэтых. Адна толькi рознiца, што ты сваёй крывёй медалi набыў, а яны набываюць медалi нашай крывёй... Глядзi вось за ўнукам добра, дзед, гадуй яго.

Нiчога не знайшлi жандары, але бацьку забралi, не спыталi Мiколку. А за што? Цi бацька ўкраў што, цi забiў каго? Здаецца ж, нiчога такога з бацькам не здарылася. А вось узялi i ў турму пасадзiлi, як апошняга злодзея.

А на другi дзень ранiцай з'явiўся той самы станцыённы жандар i, раскрыўшы дзверы, закамандаваў:

- Ану, выкiдвайцеся з вагона, каб i паху вашага тут не было!

Мацi спачатку нiчога не зразумела, запытала толькi:

- Як гэта выкiдвайцеся?

- А так! - сказаў абыякава жандар i, ухапiўшы вiсеўшае на сцяне дзедава палiто, выкiнуў яго з вагона.

- А як жа жыць? - спытала яшчэ раз мацi, нiчога не разумеючы з таго, што гаварыў жандар. Той нiчога не адказваў, а толькi выкiдваў па чарзе невялiкiя набыткi Мiколкавай сям'i. Дзед узяўся быў за адломленую ножку тапчана, каб кiнуцца на жандара, але Мiколка заўважыў, як адсцёгвае жандар кабуру рэвальвера, i кiнуўся к дзеду, павiс у яго на руцэ, крычучы на ўвесь вагон:

- Не трэба, дзеду, не трэба... Гэты сабака i забiць можа цябе...

- Вон, шчанюк! - i жандар, схапiўшы Мiколку за плечы, адштурхнуў яго за дзверы.

Мацi сядзела ў вагоне, безуважная да ўсяго. Толькi слёзы кацiлiся адна за адной ды словы адны i тыя чулiся з яе вуснаў:

- Як жа нам далей жыць? Што ж гэта за бяда такая...

- А гэта ўжо не мая справа... Мне-то што! - пасмейваўся жандар i не кiдаў сваёй работы.

Да вагона пазбiралiся людзi: жанчыны з вагоннага пасёлка, некаторыя рабочыя з дэпо. Спачатку гаварылi цiха памiж сабой, сумна кiвалi галовамi, спачувалi Мiколкавай сям'i. Потым пачалi гаварыць гучней i гучней, i хутка каля вагона чулiся ўжо крыкi, пагрозы, гучная лаянка, некаторыя спрабавалi ўгаворваць жандара:

- Што ты робiш, чалавеча, на зiму людзей выганяючы на холад? Сягоння iх, а заўтра нас выганяць будзеш?

- Адыдзi, а то ўраз i цябе арыштую... - агрызаўся жандар, накладаючы пячатку на дзверы пустога вагона.

- Знайшлi ў кiм совесць шукаць! Цi была яна калi ў сабакi... гаварылi адны. А другiя ўжо грозна наступалi на жандара. Яны былi гатовы ўзяць яго, разарваць на кавалкi, умяшаць у брудную прамазучаную зямлю.

Тады падняўся дзед, якi сядзеў увесь час на разбiтым тапчане i сумна пазiраў на народ. Дзед рашуча ступiў уперад, загаварыў:

- Кiньце, людцы, гэтага сабаку... Не ў iм жа справа... Не выганiць ён мяне сягоння, дык заўтра iх дваццаць знойдзецца, усё роўна выкураць. А вы толькi непрыемнасцi можаце набыць сабе. Ёсць вышэй за iх людзi, яны разумеюць чалавечую справядлiвасць. Калi сына забралi гэтыя сабакi, дык гэта ж непаразуменне. Тыя, што вышэй, тыя ўсё разбяруць, тыя ўбачаць, хто правы i хто вiнаваты... А вы разыходзьцеся, людцы, па хатах.

Дзед верыў яшчэ ў нейкую вышэйшую справядлiвасць, верыў крыху ў цара.

- Не можа быць, каб ён дапускаў такiя непарадкi, калi чалавека за нiвошта садзяць у турму.

Прадаўшы сёе-тое з манаткаў i надзеўшы свае медалi, ездзiў ён да вышэйшага жандарскага начальства хадайнiчаць аб сыне. Але прыехаў вельмi пахмуры i расчараваны. Здзеў медалi свае, Мiколку кiнуў:

- На, унучак, хавай са сваiмi гузiкамi - блiскучыя цацкi будуць...

I, дастаўшы з кiшэнi паперу, чытаў яе Мiколкавай мацеры. То быў прысуд над бацькам Мiколкi. Па 'загаду яго iмператарскай вялiкасцi' быў засуджаны Мiколкаў бацька на дзесяць год катаргi.

- 'Яго iмператарскай вялiкасцi'... - мармытаў пацiху дзед. - Погань гэта, а не вялiкасць... А я думаў...

Шмат аб чым перадумаў дзед. Жылi цяпер у невялiчкiм хлеўчуку, складзеным са старых шпал. Гэты хляўчук аддаў iм пад жыллё адзiн стрэлачнiк. Дзед хадзiў кудысьцi на работу, цi то пiлаваць, цi то складаць дровы. Мацi хадзiла таксама на падзённую работу: то мыла чужую бялiзну, то падлогi, то прыбiрала двары ў багатых дамах. Часта пытаўся Мiколка, за што ж пасадзiлi бацьку. Але нiхто не мог адказаць яму дакладна i падрабязна. Ведаў толькi, што бацька яго палiтычны злачынца, а ў чым гэтае злачынства, нiяк не мог ён толкам дабраць. Хiба ж злачынства ў тым, што ён кiраваў забастоўкай i хацеў, каб рабочым плацiлi болей, каб iм лепш жылося? Якое ж у гэтым злачынства, хiба за гэта трэба людзей садзiць за краты?

Худое жыццё настала для Мiколкi. Некаму было i 'зайцавым хлебам' пачаставаць. Часта яшчэ, учуўшы знаёмы гудок паравоза, кiдаўся спрасонку Мiколка да мацi:

- Стаў самавар, мама, бацька едзе!

Але ставiць самавар не было патрэбы, i мацi ўгаворвала Мiколку:

- Спi, сынок, спi... Бацькаў цягнiк яшчэ далёка, далёка.

Днi цягнулiся за днямi, шэрыя, нудныя, халодныя. Толькi i было шчасця, калi прыходзiлi некаторыя рабочыя, суцяшалi мацi i дзеда:

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату