асаблiва паважае такiя гутаркi.
- Адчапiся ты з царамi сваiмi... Трутнi яны, крывасмокi на нашым целе.
- Як буржуi?
- Ну, вось... Цар над усiмi буржуямi буржуй, вось хто такi цар...
Не шкодзiла б яшчэ каго распытаць пра цара, але няма ў каго. Не ў папа ж таго ў школе. Можа выйсцi горай Адама i Евы...
А неўзабаве давялося Мiколку з царом пазнаёмiцца, ды яшчэ як! Так пазнаў цара, што потым i другiм не раiў.
Аднае ранiцы панеслiся па вагонах чуткi, што заўтра цар будзе па чыгунцы ехаць. I сапраўды, яшчэ ўвечары ў вагон да Мiколкi ўвалiлiся салдаты i пара жандараў. I так па ўсiх вагонах пасёлка. Бацьку i дзеду далi спецыяльныя бляшкi, каб павесiлi на грудзi замест прапускоў. Гэта каб кожны бачыў, што яны служаць на дарозе, i не затрымлiваў на пуцях. I вельмi строга загадалi, каб не хадзiлi, аднак, без патрэбы па пуцях i каб нi кроку не рабiлi на станцыю. Ды загадалi яшчэ навокал вагона жоўтага пяску насыпаць. А мацi цэлы экзамен учынiлi, загадалi ёй вагон звонку адмыць i новымi хусткамi дзверы i вокны завесiць, каб не бачыў цар лахманоў гэтых тухлых, не псаваў бы настрою. I каб самi ля вокнаў не стаялi, iначай 'страляць будзем'.
- Ды глядзi, галадранца гэтага за дзверы не выпушчай, убача цар - у Сiбiр тады запяком! - гэта ўжо ў дачыненнi да Мiколкi.
'Вiдаць, пабойваецца мяне цар, калi зiрнуць на мяне баiцца...' падумаў Мiколка, але змоўк, не сказаў нiчога.
I як прачнуўся Мiколка, так i пiльнаваўся акна, а цi скора царскi цягнiк пойдзе. Бачыў ён, як завiхалiся на пуцях рабочыя, якiх падганялi жандары. Рабочыя падчышчалi i падмяталi пуцi, замыкалi стрэлкi i наглуха забiвалi iх кастылямi. Гэта для таго, каб царскi цягнiк не павярнуў на другую дарогу i каб нiхто не мог павярнуць стрэлку не туды, куды трэба. I ўвесь таварны i пасажырскi рух спынiўся. Таварныя цягнiкi стаялi ў тупiках, а пасажырскi як стаў на трэцiм пуцi, так i не пайшоў далей. А ўсiх пасажыраў выгналi з вагонаў i пазаганялi на станцыю. Вiдаць, таксама, каб цар не ўбачыў...
Мiколка назiраў за пераездам цераз чыгунку. Там таксама iшла работа. Салдаты i жандары не давалi нiкому пераязджаць цераз чыгунку i заганялi ўсiх - i конных i пешых - далей ад чыгункi ў лагчыну. Наогул, у гэты дзень было багата работы жандарам i салдатам. I колькi ж iх нагналi! Паабапал усёй дарогi было поўна iх, усё ганялiся за людзьмi, адганялi iх ад чыгункi.
Вось урэшце паказаўся i цягнiк. Ён хутка прайшоў праз станцыю. Усе вокны былi завешаны фiранкамi. I як нi прыглядаўся Мiколка, ён нiчога не ўбачыў. I толькi ён сабраўся ўжо выйсцi з вагона, калi прайшоў цягнiк, як яго за руку схапiў салдат.
- Ты куды, падшывалец, назад!
Аказалася, што прайшоў толькi цягнiк з царскiмi генераламi i слугамi i хадзiць па пуцях яшчэ не дазвалялася. Праз якiя паўгадзiны паказаўся i царскi цягнiк. Вялi яго аж два паравозы, i на пярэднiм быў вялiкi двухгаловы арол. Усё роўна як той, што быў намаляваны на Мiколкавым вагоне над надпiсам: '40 человек, 8 лошадей'. Але гэты арол быў надзвычай вялiкi i блiскучы, аж загледзеўся на яго Мiколка, на якую хвiлiну i пра цара забыўся. Вагоны ў цягнiку былi надзвычай прыгожыя, усё з шырокiмi вокнамi, блiскучымi, як люстэркi. Цягнiк iшоў вельмi марудна на стрэлках, нiбы воз якi з малаком цi з гаршкамi. Мiколка пiльна прыглядаўся да акон, каб угледзець цара цi хаця царанят. Але дзе ты ўбачыш на такой адлегласцi. А цягнiк усё iшоў цiха, паволi. I тады, не доўга думаючы, кiнуўся Мiколка маланкай да цягнiка, каб спрытней разгледзець усё. Ён ужо наблiжаўся да вагонаў, як за iм пабеглi аж два жандары i крычалi так, што не чутна было стуку вагонаў:
- Стой! Стой! Страляць будзем...
Мiколка бачыў, як заварушылiся фiранкi на вокнах вагонаў i нечыя палахлiвыя твары схавалiся за iмi. I, каб не папасцiся ў лапы жандараў, Мiколка як дуж сiгануў на падножку вагона i кiнуўся далей, у тамбур.
'Пад'еду, - думаў, - за станцыю, а там i саскочу ля семафора...'
Толькi ён падумаў гэта, як яго i схапiлi за рукi ў вагоне двое салдат-вартавых, што стаялi непрыкмечаныя iм каля выхаду. А нейкi сiвы-сiвы, увесь у золаце, у медалях, у звёздах ды ў блiшчастых эпалетах, наставiў на Мiколку пiсталет i, трасучыся i адступаючы назад, крычаў не сваiм голасам:
- Стой! Стой! Рукi ўгару!
А дзе ты падымеш гэтыя рукi, калi iх сцiснулi так, што косцi занылi.
- Не варушыся, застралю! - не сунiмаўся стары. - Звязаць злачынца, абшукаць, адабраць зброю!
Моцна скруцiлi Мiколку рукi назад, аж уелiся рамянi ў цела. Павалiлi Мiколку на падлогу, абшукваць пачалi. Але што ты там знойдзеш у Мiколкавых кiшэнях. Высыпалася з iх штук з дваццаць розных гузiкаў, дзве невялiчкiя гайкi, пара цвiкоў, кавалачак каляровага шкла, драбок цукру, што ўзяў у дзеда, ды кавалак 'зайцавага хлеба'.
Сiвы генерал, а можа, мiнiстр - не было асаблiва часу Мiколку даведацца дасканала пра ўсё, - трымаючы над Мiколкам пiсталет, другой рукой у пальчатцы асцярожна дакрануўся да гузiкаў, да цвiкоў. Ён нiбы баяўся, што гэтыя гузiкi ўзарвуцца адразу i разнясуць на мэтлахi ўвесь царскi цягнiк.
- Што гэта? - грозна спытаў ён Мiколку, паказваючы на гузiкi.
- Гузiкi... Вось гэта пара ад штаноў дзеда Астапа, а гэта...
- Маўчаць! - i так грозна крыкнуў сiвы, што ў Мiколкi i дух заняло. А гэта што? - i сiвы асцярожна дакрануўся пальцам да хлеба.
- 'Зайцаў хлеб'... - ледзь прашаптаў ад страху Мiколка, адчуваючы сябе нi жывым нi мёртвым пад грозным пiсталетам.
- Панюхаць! - скамандаваў салдатам сiвы.
Тыя добра панюхалi па чарзе, паклалi назад i грымнулi ў адказ, як па камандзе:
- Хлеб, ваша сiяцельства!
Сiвы недаверлiва паглядзеў на хлеб, дакрануўся да яго яшчэ раз пальцам i, наморшчыўшы нос, загадаў:
- Пакласцi ўсё назад у кiшэнi злачынца. А яго прывесцi ка мне на допыт...
I вось стаiць Мiколка перад генералам, а можа, перад мiнiстрам, i ўспамiнае дзеда. Эх! Хутчэй бы да яго, да бацькi, да мацi. А цягнiк iдзе. Толькi чуваць, як пастукваюць колы: цiк-так-так, цiк-так-так... Праз завешанае акно нiчога не было вiдаць. Абапал Мiколкi стаяць два салдаты, трымаюць яго за рукi. Генерал пытае сурова:
- Дык чаго ж ты скочыў у вагон?
- Убачыць хацеў... - выпалiў адразу Мiколка. Ён ужо смеласцi пачаў набiрацца, узгадаўшы, як храбра лавiў ён рака ў дзедавай барадзе. Дый баяцца ён кiнуў гэтага сiвога, якi, бачыш ты, не разумее, што такое гузiкi i што такое 'зайцаў хлеб'. Дый баiцца, вiдаць, яго гэты сiвы. Не стаў бы звязваць Мiколку, пiсталетам яму пагражаць.
- Каго ж ты ўбачыць хацеў?
- Цара! З царом хацеў пазнаёмiцца...
- Ах жа ты рыштант! - аж пачырванеў тут ад злосцi сiвы i ад злосцi той бараду сваю торгаў. - Ладна, я пакажу табе цара, добра пакажу, каб нiколi не забыўся ты на гэта знаёмства...
На суседняй станцыi, дзе спынiўся на хвiлiну цягнiк - паравоз дровы браў, - з'явiлася ў вагон цэлая група жандараў i ўзяла з сабою Мiколку. На станцыi яны доўга распытвалi яго: хто ён, адкуль, чый сын. Доўга званiлi па тэлефоне на Мiколкаву станцыю i ўрэшце запыталi:
- Дык хочаш цара ўбачыць?
- Не трэба цяпер мне вашага цара, мне б дзеда хутчэй цi бацьку...
- Не... Чаму ж... мы пакажам... Загадана паказаць табе як след.
I так паказалi цара Мiколку, што ён i цяпер не любiць асаблiва ўспамiнаць аб гэтым. I плачу было тут, i слёз, i рову. Так спаласавалi хлопца папругамi, што месца жывога не пакiнулi. А адзiн усё банькай ад папругi стараўся.
Ледзь жывым вярнулi Мiколку на родную яму станцыю, куды накiравалi яго таварным цягнiком, даручыўшы галоўнаму кандуктару. А на роднай станцыi ён патрапiў яшчэ ў рукi свайго жандара. Той наверх усыпаў, прыгаворваючы: