сабе сейф, але ўсе сейфы разабралi бежанцы з Парыжа*. Нарэшце дырэктар Лiёнскага банка паведамiў мне, што адзiн яго клiент вяртаецца ў Парыж i, магчыма, згодзiцца прадаць мне свой сейф. Калi мне сказалi прозвiшча гэтага клiента, я зразумеў, што гэта бацька Люка. Мушу цябе засмуцiць: ён зусiм не быў падобны да той пачвары, якую ты сама сабе намалявала. Самы звычайны чалавек. Узрост - трыццаць восем гадоў, выгляд стомлены. I напэўна ж баяўся, каб не забралi ў войска. Цяжка ў iм было пазнаць таго маладога чалавека, якога бачыў я чатырнаццаць гадоў таму назад на пахаваннi Марынеты. Тады ж я меў з iм дзелавую размову. Ён гаварыў са мной шчыра, адкрыта. Аказваецца, у яго была сужыцелька-жанчына, мусiць, не вельмi добрая, бо ён не хацеў, каб Люк быў разам з iмi. I, жадаючы сыну дабра, ён аддаў яго тваёй мацi. Бедная мая Iза, калi б толькi ты i дзецi ведалi, што я прапанаваў гэтаму чалавеку ў той дзень! Цяпер гэта можна сказаць. Я хацеў, каб ён пакiнуў гэты сейф сабе на сваё прозвiшча, а мне даў даверанасць. Тады ўсё маё багацце можна было б захоўваць у гэтым сейфе. Там быў бы i дакумент, якi сведчыў бы, што ўсё гэта належыць Люку. Пакуль я жывы, бацька Люка не меў бы доступу да сейфа, а пасля маёй смерцi ён станавiўся яго поўным гаспадаром, пра што, безумоўна, вы нiчога не ведалi б...
* У вераснi 1914 г. многiя парыжане пакiнулi сталiцу, баючыся наступлення нямецкiх войск.
Зразумела, што такiм чынам я аддаў бы ў рукi гэтага чалавека сябе i сваё багацце. Вось да чаго вы мяне давялi! Вось як я вас ненавiдзеў! I што ты думаеш?! Ён не захацеў пайсцi на такую здзелку. Не пасмеў. Загаварыў пра свой гонар.
А як магло здарыцца, што я адважыўся на такое вар'яцтва? На той час дзецям было ўжо пад трыццаць гадоў. Яны мелi свае сем'i. I Жэнеўева, i Хюбэр былi тваiмi надзейнымi супольнiкамi. Вы дзейнiчалi спадцiшка, а ворагам вашым быў я. Iза, але ж i з дзецьмi, асаблiва з Жэнеўевай, у цябе вялiкай згоды не было. Ты яе папракала, што яна заўсёды пакiдае цябе адну, нi ў чым не раiцца з табой, усё робiць па- свойму. Тым не менш вы адразу забывалiся пра свае спрэчкi, калi справа заходзiла пра мяне. Зрэшты, усё рабiлася цiшком, а выключэннем былi толькi ўрачыстыя падзеi ў нашым жыццi. Помню, якiя разгарэлiся баталii, калi давялося жанiць Хюбэра i выдаваць замуж Жэнеўеву. Я не хацеў даваць пасагу, а толькi рэнту. Я адмовiўся тады даць звесткi пра сваю маёмасць, з чаго яна складаецца, дзе захоўваецца. Я стойка трымаўся i зламаў вас. Мне дапамагла не толькi нянавiсць да ўсiх вас, але i любоў, любоў да маленькага Люка. А бацькi маёй будучай нявесткi i будучага зяця згадзiлiся на ўсё, бо цвёрда ведалi, што ў маiх руках незлiчонае багацце.
Але маўчанне маё трывожыла вас. Вам так не цярпелася выведаць мой сакрэт. Жэнеўева, бывала, хацела купiць мяне сваёй ласкай. Якая прасцячка! Я ўжо здалёк чуў яе цяжкiя крокi i часта ёй гаварыў: 'Благаславiце мяне, хутка я памру'. Я жартаваў, i мне прыемна было глядзець, як нервуецца яна, як сквапна блiшчаць яе вочы. Потым Жэнеўева пераказвала табе гэтыя словы. I ўся сям'я аж стагнала ад радасцi i нецярпення. А я тым часам думаў, як пакiнуць вам толькi тое, што немагчыма ўтаiць. Я думаў пра маленькага Люка i збiраўся нават закласцi зямлю...
I ўсё ж праз год пасля смерцi Мары я папаўся на ваш кручок. Я захварэў. Некаторыя прыкметы былi такiя самыя, як i ў той хваробы, што загубiла нашу дачушку. О! Як я не люблю лячыцца! Не пераношу дактароў, лекаў! Глядзець не магу, як вакол мяне топчуцца, разглядаюць, спачуваюць! Але ты не адступiлася ад мяне, пакуль я не згадзiўся легчы ў пасцель i выклiкаць Арназана.
Што ж, няма слоў, ты шчыра клапацiлася пра мяне. Часам, калi ты ў мяне пыталася, як я адчуваю сябе, мне нават здавалася, што ў тваiм голасе гучалi ноткi трывогi. Ты мацала мой лоб з такой самай пяшчотай, як i хворым дзецям. Ты загадала, каб перанеслi твой ложак да мяне ў пакой. Калi ноччу я пачынаў варушыцца, ты ўставала i памагала мне напiцца. 'Яна даражыць мною! - думаў я. - Хто б мог падумаць? - Напэўна, таму, што 'зарабляю добрыя грошы...' Не, грошы самi па сабе радасцi ёй не даюць... А можа, яна баiцца, што пасля маёй смерцi дзецям будзе горш? Вось тут больш праўды...' Але я не адгадаў.
Пасля таго як Арназан агледзеў мяне, ты выйшла з iм на ганак i ад хвалявання гучна загаварыла:
- Доктар, прашу вас, гаварыце ўсiм, што Мары памерла ад брушнога тыфу. А то, ведаеце, у мяне два браты памерлi ад сухотаў, i цяпер па горадзе папаўзлi плёткi, нiбыта i ў Мары была гэтая хвароба. Чужыя языкi такiя злыя, доктар! Я так баюся, каб i мужава хвароба не нарабiла бяды Хюбэру i Жэнеўеве! Калi муж сапраўды цяжка хворы, зноў пойдзе погаласка. Я так перапалохалася i ўсё думала пра нашых дзетак! Вы ж ведаеце, прафесар, ён у маладосцi, яшчэ перад нашым вяселлем, таксама хварэў на лёгкiя. I пра гэта ўсе дачулiся. У нас жа ўсё пра кожнага ведаюць. I так ужо любяць смакаваць чужыя непрыемнасцi! Нават калi б муж памёр ад якой-небудзь iнфекцыйнай хваробы, нiхто б у гэта не паверыў, як не вераць, што i Мары сышла на вечны спакой ад тыфу. I за што ж такая бяда на маiх дзяцей?! Я месца сабе не знаходзiла: не хоча лячыцца i што хочаш яму рабi! Як быццам гэта датычыцца толькi яго аднаго. Такi ўжо чалавек: нiколi нi пра кога не думае! Нават пра сваiх дзяцей! Не, не, доктар, вам цяжка паверыць, што ёсць на свеце людзi, як мой муж! Вы ж такi самы, як абат Ардуэн, - вы не верыце, што на зямлi ёсць зло.
А я ляжаў у пасцелi i смяяўся. Ты зайшла ў пакой i спыталася:
- Чаго ты рагочаш?
- А так...
- Пра што ты думаеш?
- Нi пра што...
Х
Амаль месяц не браўся я за свае запiскi. Пасля цяжкага прыпадку мусiў я ляжаць у пасцелi пад вашым пiльным наглядам. Як толькi хвароба падкошвае мяне, вы ўсе тут як тут. Цэлымi днямi сядзiце ў пакоi i сочыце за мной.
У мiнулую нядзелю завiтаў да мяне Фiлi. Было горача, душна, я ледзьве мог гаварыць, думкi блыталiся, i я задрамаў... Цi доўга я спаў? Не ведаю. Пабудзiў мяне яго пранiзлiвы голас. У прыцемку я бачыў, як ён увесь насцярожыўся. Вочы яго блiшчалi, як у маладога ваўка. На левай руцэ над гадзiннiкам ён насiў яшчэ залаты ланцужок. На худых, яшчэ хлапечых грудзях кашуля была расшпiлена... I зноў я задрамаў... Прачнуўся ад скрыпу ягоных чаравiкаў. Я прыплюшчыў вочы i пачаў сачыць. Фiлi абмацваў мой пiнжак, дзе ва ўнутранай кiшэнi ляжаў мой кашалёк. Сэрца маё затахкала, але я прымусiў сябе не варушыцца. Няўжо ён нешта западозрыў? Вярнуўся на сваё месца...
Я зрабiў выгляд, што толькi-толькi прачнуўся, i папытаўся, цi доўга я спаў.
- Ды не, што вы, дзядуля! Мо дзве-тры хвiлiны.
На мяне напаў той страх, якi ахоплiвае адзiнокiх старых людзей, калi iх высочвае якi-небудзь малады спрытнюга. Няўжо я звар'яцеў? Мне здалося, што гэты ўнучак мог забiць мяне! Недарэмна ж Хюбэр сказаў неяк, што ад Фiлi можна ўсяго чакаць...
Вось бачыш, Iза, якое было маё шчасце... А калi ты будзеш чытаць пра ўсё гэта, позна ўжо будзе мяне шкадаваць. Але мне добра на душы ад адной надзеi, што ты ўсё ж такi паспачуваеш мне трохi. Не веру я ў тваё вечнае пекла з кiпучай смалою. Затое добра ведаю, што значыць быць праклятым на зямлi. Куды нi пойдзе такi чалавек - заўсёды перад iм сумная дарога! Не ўмее ён жыць на зямлi, - не ў тым сэнсе, як гэта разумееце вы, свецкiя людзi, а ў самым глыбокiм... Iза, я пакутую. Дзьме гарачы паўднёвы вецер. Мне душна, мяне мучыць смага, а ў мяне толькi цёплая нясмачная вада з умывальнiка. У мяне ёсць мiльёны, а шклянкi чыстай халоднай вады няма!
Калi я магу яшчэ цярпець гэтага Фiлi, то толькi таму, што ён нагадвае мне другога юнака - нашага Люка, якому цяпер было б ужо за трыццаць. Я нiколi не перакрэслiваў тваёй хрысцiянскай дабрачыннасцi i добра бачыў, што гэты хлопчык дапамагаў табе яе развiваць. Яго ты не любiла, бо нiчога не знайшлося ў iм ад Фандадэжаў. А гэта ж быў сын Марынеты, тваёй сястры!.. Не любiла ты гэтага чарнавокага хлопчыка з прыгожым высокiм лобам i завiткамi на скронях - 'як у гiшпанцаў', - казаў Хюбэр. Вучыўся ён дрэнна, але табе да гэтага справы не было: 'Досыць з мяне таго, што я няньчуся з iм кожнае лета'.
Не, не цягнула яго да кнiг. У нашых ваколiцах, дзе, здаецца, даўно ўжо перастралялi ўсю дзiчыну, ён амаль штодня знаходзiў здабычу. Калi раз на год на нашых палетках з'яўляўся заяц, Люк абавязкова высочваў яго i прыносiў у маёнтак. Як цяпер бачу: iдзе ён па доўгай алеi i радасна паказвае забiтага зайца, трымаючы яго за доўгiя вушы... Я заўсёды чуў, як на золку ён выходзiў з дому. Я адчыняў акно i чуў яго бадзёры голас:
- Пайду пагляджу, як там мае вуды.
Ён заўсёды глядзеў мне проста ў вочы i спакойна вытрымлiваў мой позiрк. I ён зусiм не баяўся мяне.
Часам я ад'язджаў на некалькi дзён, а калi вяртаўся не папярэдзiўшы вас, то да мяне адразу даносiўся пах цыгар, на падлозе ў гасцiнай я не бачыў дывана i знаходзiў усе прыкметы перапыненага банкету. Толькi, бывала, я за дзверы Жэнеўева i Хюбэр запрашалi сваiх сяброў i наладжвалi баль, хоць я строга забаранiў гэта рабiць. А ты, Iза, патурала iм: 'Няхай ужо, трэба ж неяк падтрымлiваць адносiны. Дый