- Такiя ночы створаны на пакуту адзiнокiм людзям. А колькi закаханых у гэты момант туляцца адно да аднаго, каб падарыць шчасце, пяшчоту, радасць, надзею!..

На вейках у яе я добра бачыў слёзы. Кругом усё замерла, знямела... Жыло толькi яе трапяткое дыханне... О, Марынета!.. Што ад цябе засталося?.. Трыццаць гадоў як ты ў магiле... А я так добра помню водар тваiх валасоў у тую ноч!.. Хто ведае, можа, для таго, каб поўнасцю паверыць, што чалавек, яго цела некалi ўваскрэсне, трэба перамагчы ў сабе плоцкiя ўцехi?.. Ну, а хто злоўжывае iмi - панясе кару: ён не толькi не зможа паверыць у сваё ўваскрэсенне, але i ўявiць яго сабе...

Я ўзяў яе за руку, нiбы хацеў суцешыць маленькае дзiця, а яна па-дзiцячы прытулiлася галоўкай да майго пляча. Я прыняў гэты дар, як зямля прымае персiк, што падае з дрэва. Большасць людзей не выбiраюць сабе спадарожнiкаў, як не выбiраюць сабе суседзяў дрэвы... Стаяць сабе адно каля аднаго, а пераплятаюцца толькi таму, што яны разраслiся...

Але ў тую хвiлiну я зрабiў подласць - я падумаў пра цябе, Iза, i захацеў адпомсцiць табе: выкарыстаць сiмпатыi, слабасць Марынеты i прымусiць цябе пакутаваць! Гэтая думка ахапiла мяне толькi на адно iмгненне, але ўсё ж яна ўзнiкла, я рыхтаваў злачынства!.. Няўпэўненым крокам мы рушылi туды, дзе было менш святла, да гранатавага гаю... Але лёс захацеў так, каб у гэты момант на алеi пачулiся крокi. Па гэтай алеi звычайна хадзiў у царкву абат Ардуэн... Хутчэй за ўсё гэта быў ён. Мне ўспомнiлiся яго словы: 'Вы добры чалавек'. О, калi б мог ён прачытаць мае думкi ў гэты момант! Мне стала сорамна. Можа, гэта мяне i ўратавала...

Я вывеў Марынету на святло i пасадзiў на лаўку. Выцер ёй вочы i пяшчотна загаварыў... Вось так я суцяшаў i нашу дачку, нашу маленькую Мары, калi яна, бывала, бяжыць па лiпавай алеi, спатыкнецца, упадзе, а я яе падыму i лашчу... Я прытварыўся, што не заўважыў нi хвалявання Марынеты, нi яе слёз, нi яе забыцця...

IX

Назаўтра ранiцай яна не паехала катацца на канi. А мне трэба было ў Бардо. (Нягледзячы на водпуск, два разы на тыдзень я бываў там, бо не хацеў перапыняць сваiх кансультацый.)

Я зрабiў усе свае справы ў горадзе, прыехаў на вакзал i сеў на цягнiк. Побач, на суседняй платформе стаяў Паўднёвы экспрэс. Якое ж было маё здзiўленне, калi ў акне вагона, на якiм было напiсана 'Б'ярыц', я ўбачыў Марынету. На ёй не было нiякага жалобнага ўбору, вопратка - па апошнiм слове моды... Я ўспомнiў, што нейкая сяброўка даўно ўжо запрашала яе прыехаць у Сэн-Жан-дэ-Люз. Марынета гартала часопiс i не ўбачыла маiх знакаў, якiя я ёй падаваў. Вечарам ты амаль не звярнула ўвагi на мой расказ пра сустрэчу з Марынетай i палiчыла гэта дзiцячай выхадкай тваёй сястры. Да таго ж аказалася, што ранiцай адразу пасля майго ад'езду Марынета атрымала тэлеграму ад сваёй сяброўкi. Ты нават здзiвiлася, што я пра гэта нiчога не ведаў. Можа, ты западозрыла, што мы дамовiлiся тайна сустрэцца ў Бардо? Зрэшты, табе было не да Марынеты. Ужо некалькi дзён не ўставала з пасцелi наша маленькая Мары вось што цябе непакоiла. Аддаю табе належнае: калi хто-небудзь з тваiх дзяцей хварэў, усё на свеце пераставала для цябе iснаваць.

Не хацеў бы я спыняцца на тым, што здарылася праз некалькi дзён. Трыццаць гадоў прайшло, а душа плача, балiць, як успомню пра гэта... Я ведаю, у чым ты мяне абвiнавацiла. Ты нават пасмела мне проста ў вочы сказаць, што я не захацеў выклiкаць доктара з Вардо. Несумненна, калi б мы запрасiлi прафесара Арназана, ён вызначыў бы, што ў Мары брушны тыф, а не грып, як усе мы думалi. Але пастарайся ўспомнiць: адзiн толькi раз ты спыталася ў мяне: 'Можа, паклiкаць Арназана?' Я адказаў: 'Доктар Абру запэўнiвае, што ў суседняй вёсцы ў яго набярэцца больш як дваццаць хворых на такi самы грып...' I ты супакоiлася. Чаму ж ты потым пачала гаварыць, што на другi дзень прасiла-малiла мяне паслаць тэлеграму Арназану? Калi б так яно i было, я помнiў бы пра гэта. Праўда, я столькi перадумаў пра ўсё гэта, што цяпер ужо i сам заблытаўся. Дапусцiм, што я скупы, - згодзен... Але ж не да такой ступенi, каб дрыжаць над кожным франкам, калi размова iдзе пра здароўе Мары. Не, не магло такога быць... Тым больш што прафесар Арназан гатовы кожнага лячыць не за грошы, а з павагi да Бога i да людзей. I калi мы не звярнулiся да яго, то толькi таму, што былi ўпэўнены, што ў Мары самы звычайны грып, якi 'абвастрыўся расстройствам кiшэчнiка'. Гэты невук Абру прымушаў бедную Мары есцi, каб яна не аслабела. Гэта ён яе i забiў, ён, а не я! Не настойвала ты, не патрабавала, не прасiла, каб выклiкалi Арназана. Ты хлусiш! Не нясу я нiякай адказнасцi за смерць Мары! Як павярнуўся ў цябе язык сказаць мне такое? А ты ж у гэта верыш, заўсёды верыла...

Тое страшнае лета!.. Мы нiдзе не маглi дастаць лёду. Цэлымi днямi я стаяў над Мары, выцiраў мокрым ручнiком яе потны тварык, адганяў мух. Арназан прыехаў тады, калi ўжо было позна. Лячэнне змянiлi, але нiякiя лекi не маглi ўжо яе ўратаваць. Няшчаснае дзiцятка, мусiць, трызнiла i ўсё шаптала: 'Для таты! Для таты!' А памятаеш яе немы крык: 'Балi-iць! Балi-iць! Божа, я ж яшчэ зусiм маленькая... - I раптам спахапiлася: - Не, я яшчэ пацярплю, я магу...' Абат Ардуэн паiў яе 'святою вадой', якую прывезлi з Лурда. У болю i адчаi схiлялiся нашы галовы над схуднелым, знясiленым цельцам... А калi ўсё было скончана, ты абвiнавацiла мяне ў бяздушнасцi i нячуласцi.

А хочаш ведаць, што тварылася ў мяне на душы? Дзiўная рэч, - ты, набожная жанчына, нiяк не магла адарвацца ад мёртвага цела дачкi. Цябе прасiлi, угаворвалi паесцi, адпачыць, паберагчы сiлы... Даводзiлася сiлком выводзiць цябе з пакоя. А ты ўсё рвалася да нябожчыцы, цалавала яе халодныя шчочкi, лобiк, гладзiла яшчэ жывыя яе валасы. Часам ты падала на каленi, нiбы збiралася малiцца, - але, не, ты хацела толькi прытулiцца да акамянелых, ледзяных ручак.

Абат Ардуэн падымаў цябе, гаварыў пра дзяцей, на якiх трэба быць падобным, каб увайсцi ў царства нябеснае да Бога: 'Яна жывая, яна бачыць вас, яна чакае вас...' Ты толькi кiвала галавой. Словы гэтыя не даходзiлi да цябе. I вера твая не магла табе дапамагчы. Ты думала толькi пра гэтае мёртвае цела, якое было часцiнкай тваёй плоцi... Цела Мары... Хутка яго закапаюць у зямлю... А я, бязбожнiк, гледзячы на труп сваёй дачкi, зразумеў усё страшнае значэнне слова 'прах'. Мяне апанавала пачуццё незваротнай страты, вечнай разлукi... Яе тут ужо не было. А гэта зусiм не яна. 'Вы шукаеце Мары? - Тут яе больш няма...'

Пазней ты папракала мяне, што я хутка пра яе забыўся. Не ведаеш ты, што абарвалася ўва мне, калi я падышоў да труны развiтацца i апошнi раз пацалаваў Мары. Гэта ж была ўжо не яна!.. Ты праклiнала мяне за тое, што я не хадзiў з табой кожны дзень на могiлкi. 'Нагi яго там не бывае, - паўтарала ты. - I гэта бацька! Як яму не брыдка! А, здаецца, адну толькi Мары ён i любiў. Камень, а не сэрца ў гэтага чалавека!'

Марынета прыязджала на пахаванне, але праз тры днi зноў паехала ад нас. Гора асляпiла цябе, i ты не бачыла новай бяды. Ад'езд сястры як быццам прынёс табе палёгку. А праз два месяцы мы даведалiся пра яе заручыны з нейкiм лiтаратарам цi журналiстам з Б'ярыца. Умешвацца ўжо было позна. Гэтага дараваць ты не магла. У табе заклекатала нянавiсць да Марынеты. Ты не пажадала бачыць яе мужа, хоць гэта быў самы звычайны малады чалавек, якiх шмат на белым свеце. Адзiным яго злачынствам было тое, што ён пазбавiў нашых дзяцей багатай спадчыны, якой, дарэчы, i сам не пакарыстаўся, таму што большая яе частка пайшла пляменнiкам барона Фiлiпо.

Разважлiвасцi табе заўсёды не хапала. Вось i на гэты раз ты лаяла на чым свет стаiць 'злачынцу'. Павер, нiколi ў жыццi не сустракаў я чалавека больш несправядлiвага, чым ты. На споведзi ты, пэўна, каешся ў сваiх маленькiх грашках, а не бачыш таго, што кожны твой учынак, усё тваё жыццё - грубае парушэнне евангельскiх запаведзяў. Калi трэба знiшчыць ненавiснага табе чалавека, ты i вокам не маргнеш i нагаворыш на яго ўсяго, што толькi не прыйдзе табе ў галаву. Тут ты не спынiшся нi перад праўдай, нi перад хлуснёю. Ты нiколi ў вочы не бачыла мужа сваёй сястры, ведаць не ведала яго, а з поўнай упэўненасцю ўсiм трубiла: 'Ведаеце, Марынета паехала ў Б'ярыц i стала ахвярай гэтага нягоднiка. Прайдзiсвет, з тых, што бадзяюцца па свеце i арудуюць у атэлях...'

Калi няшчасная Марынета памерла ад родаў (ах, не хачу я судзiць цябе так жорстка, як ты мяне пасля смерцi Мары!), - мала сказаць, што ты спакойна перанесла гiбель сваёй сястры, ты, здавалася, нават радавалася: 'Ну, што я гаварыла? Iнакш гэта i не магло скончыцца. Сама пайшла на пагiбель!..' Ну, а табе, вядома, няма ў чым сябе папракаць: абавязак ты выканала поўнасцю: 'Сястра ведала, што дзверы ў бацькоўскi дом для яе не былi зачыненыя, мы чакалi яе, варта ёй было толькi знак падаць...' Ва ўсякiм разе, ты шчыра магла сабе сказаць: 'Не я на гэта яе падштурхнула'. Не так проста, аказваецца, было табе вытрымаць сваю цвёрдасць. 'Але што зробiш, - апраўдвалася ты, - у жыццi бываюць выпадкi, калi трэба прымусiць сваё сэрца маўчаць'.

Не, не буду я цябе дакараць. Я гатоў нават прызнаць, што ты з дабрынёй i пяшчотай ставiлася да сына Марынеты, яе маленькага Люка. На лета ты забiрала хлопчыка да сябе, а зiмой ездзiла да яго, - ён вучыўся ў пансiёне недалёка ад Баёна. Ты гаварыла: 'Я выконваю свой абавязак, раз яго бацька не хоча клапацiцца пра хлопчыка...'

Я нiколi табе не расказваў, што ў вераснi 1914 года бачыў у Бардо бацьку нашага Люка. Я хацеў купiць

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату