падобны да тых iльвоў i тыграў, якiя лiзалi ногi юным пакутнiкам на арэне Калiзея. Праз некалькi дзён - ранiцай чатырнаццатага жнiўня, - Мары сказала мне (ведаеш, як гэта робяць дзецi):

- Татачка, паабяцай мне, што зробiш тое, што я цябе папрашу... Не, ты спачатку паабяцай, а потым я табе скажу...

I яна сказала мне, што заўтра ты будзеш спяваць на месе ў царкве, i ўсiм было б вельмi прыемна, каб я прыйшоў цябе паслухаць.

- Ты ж паабяцаў! Паабяцаў! - паўтарала яна, цалуючы мяне.

Мой пацалунак яна прыняла за знак згоды. Увесь дом ведаў пра гэтую падзею. 'Гаспадар заўтра пойдзе ў царкву. Проста не верыцца... Яго ж нагi там нiколi не было', - дзiвiлiся слугi.

Страшэнная злосць апанавала мяне ў час вячэры, i стрымаць сябе мне не ўдалося. Хюбэр нешта папытаўся пра справу Дрэйфуса. Сваiм адказам ты ўвяла мяне ў люты гнеў. Я плюнуў, выйшаў з-за стала i больш не паказваўся. Назаўтра, калi яшчэ ўсе спалi, я паехаў у Бардо i прабыў цэлы дзень у душным бязлюдным горадзе.

Дзiўна, што пасля гэтага я ўсё ж такi вярнуўся ў Калез. Чаму я праводзiў адпачынак разам з вамi? Я ж мог падарожнiчаць... Прычын, вядома, можна навыдумляць якiх хочаш. А па праўдзе сказаць, я баяўся выдаткаў. Не мог я зразумець, як гэта можна кiнуць гаспадарку, справы, паехаць у падарожжа, змарнаваць процьму грошай... Якая ж гэта радасць - раз'язджаць па свеце, ведаючы, што дома столькi клопату... I таму кожны раз я вяртаўся да сваёй кармушкi. Ёсць у мяне свой стол, свой дом i нашто мне бегаць па рэстаранах? Дух эканомii, ашчаднасцi - гэта мамiн запавет, i iм я ўсё жыццё даражыў.

Дык вось, я вярнуўся дадому такi разбiты, што нават Мары не магла мяне ўцешыць. I з таго часу я змянiў тактыку: цяпер я не проста нападаў на тваю веру, а чапляўся за кожны зручны выпадак, каб паказаць, што ты жывеш зусiм не так, як таго патрабуе вера. I хоць ты была добрай хрысцiянкай, рабiць гэта мне было няцяжка. Думаю, спрачацца са мной на гэты конт ты не будзеш. Пра тое, што памагчы блiжняму - гэта першы абавязак хрысцiянiна, - ты не ведала, а калi ведала, то даўно забылася. Пад словам 'мiласэрнасць' ты разумела сякiя-такiя абавязкi ў дачыненнi да бедных i добрасумленна выконвала iх дзеля свайго ж выратавання i вечнага жыцця ў лоне божым. Мушу агаварыцца, што цяпер ты моцна змянiлася. Цяпер ты клапоцiшся пра беднякоў, сама даглядаеш хворых на рак. Але ў тыя часы адной рукой ты кiдала падачку якому-небудзь бедняку, а другой выцiскала ўсе сокi з такiх самых, як ён. Гаспадыня дома, ты 'па- гаспадарску' ставiлася да слуг: рабiць прымушала як мага больш, а плацiць старалася як найменш. А помнiш тую старэнькую бабульку, што кожную ранiцу прывозiла нам агароднiну? Калi б ты яе ўбачыла на цвiнтары, ты падала б ёй мiласцiну. А так ты лiчыла справай гонару патаргавацца з ёю за кожны качан капусты, каб абакрасцi i без таго бедны яе заробак.

Калi слуга цi парабак сцiпла намякаў табе, што яму варта было б накiнуць некалькi франкаў за добрую работу, ты спачатку здзiўлялася, а потым давала волю свайму гневу. У цябе быў сапраўдны талент пераконваць гэтых безабаронных людзей, што ў iх усё ёсць i больш iм нiчога не трэба. З тваiх вуснаў так i сыпалiся прывiлеi, якiмi карыстаўся просьбiт: 'Я вам даю жытло, бочку вiна, хлеб i да хлеба, палову свiннi, якую вы выкармiлi маёю бульбай... У вас ёсць сад, агарод...' Бедалагi аж рот разяўлялi: вунь, аказваецца, якiя яны багацеi... Ты любiла паўтараць, што твая пакаёўка нi ў чым не мае патрэбы, а свае сорак франкаў штомесяц носiць ў ашчадную касу.

- Вы паглядзiце! Сукенкi на ёй - мае. Бялiзна - мая. Абутак - мой. Нашто ёй тыя грошы?! Ёй i сорак франкаў няма куды дзяваць. А дасi больш - будзе гасцiнцы ў вёску сваякам пасылаць...

Буду справядлiвы, Iза: калi хто са слуг хварэў, ты руплiва даглядала яго i да пасцелi прыходзiла, i лякарствы давала, i сякiя-такiя ласункi прыносiла. Словам, у бядзе ты iх не пакiдала. Гэта праўда. А ў адказ гэтыя людзi, якiя не надта паважаюць слабахарактарных гаспадароў, шанавалi i часам нават любiлi цябе.

Аднак ты нiколi не прызнавалася, што твае погляды на жыццё, выхаваныя бацькамi i эпохай, не заўсёды стасавалiся з Евангеллем. На гэтым я цябе, бывала, падлоўлiваў: 'Паслухай, Iза! А здаецца мне, Хрыстос на гэты конт гаварыў вось што...' Ты адразу нямела i шалела ад злосцi, што я дазваляю сабе такое пры дзецях. Потым ты спрабавала апраўдвацца: 'Нельга ж усё разумець лiтаральна...' Вось тады то я ўжо даваў сабе волю: я засыпаў цябе прыкладамi, якiя даказвалi, што святасць у тым i ёсць, каб дакладна прытрымлiвацца духу i лiтары Евангелля. Калi ж ты, на сваё няшчасце, пярэчыла мне, што ты не святая, я канчаткова дабiваў, цябе словамi з Евангелля: 'Будзьце дасканалымi, як дасканалы тварэц ваш нябесны'.

Прызнайся, бедная мая Iза, што я па-свойму хацеў табе дабра, быў патрэбным, карысным табе, i, калi ты сёння даглядаеш хворых на рак, то гэтым яны абавязаны крыху i мне. Бо раней твая 'любоў да блiзкага' датычылася толькi тваiх дзяцей. Iм ты аддавала ўсю сваю дабрату i пяшчоту. Дзецi... Дзецi... Дзецi... Больш ты нiкога не бачыла... I не толькi мяне, мужа свайго, але i ўсяго свету. Ты нават Богу малiлася толькi за здароўе i будучыню тваiх дзяцей. I за гэта я любiў уесцi цябе: 'Iза, а цi не лепш было б сапраўднаму хрысцiянiну жадаць, каб Бог паслаў яго дзецям бяду, беднасць, хваробы?' Ты рэзка абрывала мяне: 'Не хачу я з табой гаварыць! Сам не ведаеш, што мелеш...'

Але, на тваю бяду, са мной быў настаўнiк нашых дзяцей, дваццацiтрохгадовы семiнарыст, абат Ардуэн. У нашых спрэчках я браў яго ў сведкi i без нiякай лiтасцi ставiў маладога чалавека ў цяжкае становiшча, бо звяртаўся да яго толькi тады, калi сам быў упэўнены, што праўда на маiм баку, а Ардуэн у пытаннях веры быў шчыры i не ўмеў хаваць сваiх думак. Калi пачалася справа Дрэйфуса, у мяне з'явiлася яшчэ больш падстаў нацкоўваць на цябе бедалагу абата. 'Падумаць толькi: праз нейкага там жыда перастройваць усю армiю, падрываць яе моц, прэстыж!' - абуралася ты. Я хапаўся за гэтыя словы, нiбыта не згаджаўся з табой, i не супакойваўся да таго часу, пакуль не ўмешваўся абат Ардуэн. А ён-то ўжо ведаў, што гаварыць: 'Нават у iмя выратавання радзiмы сапраўдны хрысцiянiн не можа дапусцiць, каб засудзiлi невiнаватага'.

Зрэшты, я надта i не стараўся перамянiць твае адносiны да справы Дрэйфуса, пра якую ты ведала толькi з карыкатур, што змяшчалi на сваiх старонках добранадзейныя газеты. Да цябе, безумоўна, далучылiся i дзецi. I нават тады, калi, здавалася, я ўзяў верх у спрэчцы пра Дрэйфуса, вы ўсё роўна засталiся пры сваёй думцы, лiчылi, што мне ўдалося гэта дзякуючы маёй хiтрасцi. I вось вы дайшлi да таго, што згаварылiся маўчаць пры мне. Варта было мне толькi ўвайсцi, як разам змаўкалi ўсе размовы, - што, дарэчы, здараецца i цяпер. Але часам вы не ведалi, што я затаiўся ў кустах i падслухоўваю, а калi я нечакана выходзiў, вам не было куды дзявацца i вы мусiлi прымаць бой.

- Гэта святы чалавек, - гаварыла ты пра абата Ардуэна, - але яшчэ зусiм дзiця: нiяк не можа ўцямiць, што на свеце ёсць лiха. Мой муж гуляе сабе з iм, як кот з мышкай, таму i трымае яго ў доме... Бач, i на бязбожнасць забыўся...

Праўду кажучы, я згадзiўся наняць гэтага духоўнага настаўнiка толькi таму, што нiхто не захацеў бы цэлае лета займацца з дзецьмi за сто пяцьдзесят франкаў. Спачатку я лiчыў гэтага сарамлiвага, цыбатага юнака нiкчэмнай iстотай i не звяртаў на яго нiякай увагi. Ён даваў урокi дзецям, вадзiў iх на прагулкi, мала еў i ўвесь час маўчаў. Пасля вачэры ён адразу iшоў у свой пакойчык. Калi часам дома нiкога не было, ён спрабаваў iграць на пiянiна. У музыцы я не разбiраюся, але, як ты казала, 'слухаць яго было прыемна'.

Ты, канешне, памятаеш той выпадак з Ардуэнам, хоць, напэўна, i не здагадваешся, што iменна з-за яго памiж мною i гэтым маладым чалавекам завязалася нiтачка ўзаемнай сiмпатыi. Аднойчы дзецi прыбеглi i сказалi мне, што да нас iдзе святар. Я, як звычайна, адразу пашыбаваў у вiнаграднiк i схаваўся там. Але ты прыслала па мяне Хюбэра: у святара была нейкая пiльная патрэба. Праклiнаючы ўсё на свеце, я рушыў да дома. Не ведаю чаму, але я вельмi баяўся гэтага пажылога чалавека. Ён сказаў мне, што прыйшоў пакаяцца перад нашай сям'ёй. Калiсьцi ён нам рэкамендаваў абата Ардуэна як цудоўнага маладога чалавека, семiнарыста - выдатнiка i вопытнага духоўнага настаўнiка. Тады святар нам сказаў, што пасвячэнне Ардуэна ў сан крыху затрымлiваецца з-за яго здароўя. I вось наш святар толькi што даведаўся, што гэтая затрымка з'яўляецца дысцыплiнарным спагнаннем. Абат Ардуэн пры ўсёй сваёй дабрачыннасцi вельмi любiць музыку, i аднаго разу нехта з семiнарыстаў спакусiў яго пайсцi ў тэатр на канцэрт. З гэтай прычыны малады чалавек не начаваў у семiнарыi. Хоць ён быў у цывiльным, яго пазналi ў тэатры i данеслi дырэктару семiнарыi. Як знарок у той вечар у праграме ўдзельнiчала выканаўца арыi Таiс*, мадам Жаржэта Лебрэн. Калi яна выйшла на сцэну з голымi нагамi, у кароткай грэчаскай тунiцы, перахопленай пад грудзьмi сярэбраным поясам ('Кажуць, больш на ёй нiчога не было'), па зале пракацiлася спалоханае: 'А-ах!' Нейкi стары чалавек з ложы гнеўна запратэставаў: 'Ну, гэта ўжо занадта! Да чаго дакацiлiся?! Куды мы трапiлi?!' Вось на якiм канцэрце давялося пабыць абату Ардуэну i яго сябру. Адзiн злачынец быў адразу выключаны з семiнарыi. Ардуэну даравалi за яго выдатныя поспехi ў вучобе, але начальства пастанавiла затрымаць на два гады яго

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату