што мацi гэтага дурня, якая занадта добра помнiць свае непрыемнасцi з прадстаўнiкамi правапарадку, напэўна ж будзе раiць сыну ўпотай згаварыцца з маёй сям'ёй i прадаць мой сакрэт як мага даражэй... I шкада, i агiдна было мне глядзець на Рабэра: моцна яго зацiснулi гэтыя два кiты! Адзiн з iх - Альфрэд - неблагi хлопец, як кажуць. Думае толькi пра сваю выгаду, далей свайго носа нiчога не бачыць (што, зрэшты, iдзе яму на карысць). А вось другi - сынок мой Хюбэр!.. У гэтага ёсць i празорлiвасць, i асцярожнасць, i вострыя iклы, i выключная ўладарнасць над людзьмi (рыса, канешне, атрыманая ад мяне). Рабэр тут, вядома, бездапаможны... Я сачыў за iмi з-за калоны так, як глядзiш часам на барацьбу павука i мухi, калi ўжо загадзя ведаеш, што зараз ад аднаго ўдару загiне i павук i муха. Рабэр усё нiжэй i нiжэй схiляў сваю галаву. А пачынаў ён, мусiць, бадзёра: 'Усё дзелiм папалам!' Гэты звярок, бачыце, убiў сабе ў галаву, што сiла на яго баку... Эх, дурань!.. Ды з таго моманту, як ты падаў свой голас, цябе адразу раскусiлi, i не табе цяпер ставiць умовы... I толькi я, сведка гэтай барацьбы, бачыў яе абсалютную безнадзейнасць i непатрэбнасць! Я адчуваў сябе як усемагутны Бог! Я збiраўся знiшчыць гэтых гнюсных насякомых, растаптаць гэтых мярзотных гадзюк, i цiхенька смяяўся.

Прайшло яшчэ хвiлiн дзесяць, i Рабэр зусiм анямеў. Затое ўвесь час гаварыў Хюбэр, - вiдаць, аддаваў распараджэннi, а малады чалавек пакорлiва слухаў i ўгодлiва кiваў галавой. Ён усё больш горбiўся: спiна была ўжо зусiм круглая. Альфрэд развалiўся ў саламяным крэсле, закiнуў нагу на нагу i зрэдку задаволена адкiдаў назад галаву, i я мог бачыць яго чорную бараду, яго вясёлы тлусты твар.

Нарэшце яны ўсталi i не спяшаючыся пайшлi да выхаду. Я рушыў следам. Панура плёўся Рабэр, нiбы злодзей памiж двума жандарамi. Нязграбнымi чырвонымi рукамi камячыў ён свой паношаны шэры капялюш. I ў той самы момант, калi я падумаў, што больш тут ужо нiхто мяне нiчым не здзiвiць, я ўбачыў, як Хюбэр адстаў ад Альфрэда i Рабэра, апусцiў руку ў крапiльнiцу са 'святой вадой', павярнуўся да алтара i ўрачыста перахрысцiўся.

Больш мне не было куды спяшацца. Навошта турбавацца, сачыць за iмi далей? Цяпер я ведаў, што сёння ўвечары або заўтра ранiцай Рабэр прымчыцца да мяне, скажа, што ён з усiм згодны, i будзе прасiць хутчэй брацца за наш план. Як жа мне яго сустрэць? Трэба падумаць. Часу ў мяне яшчэ хапае... Я стамiўся i прысеў перадыхнуць. Сынава ханжаства, яго пачварны жэст перад алтаром... 'святая вада...'. Вось што ашаламiла мяне, вось што балюча паранiла мяне i засланiла сабой усё астатняе!..

Маладзенькая, сцiпла апранутая дзяўчына села побач, паклала нейкi клуначак i стала на каленi. Я добра бачыў яе профiль, крыху схiленую наперад шыйку. Погляд яе быў прыкаваны да таго самага алтара, на якi так урачыста хрысцiўся Хюбэр...

Зайшлi два семiнарысты. Адзiн высокi, худы, - ён нечым нагадаў мне абата Ардуэна. Другi быў невялiчкага росту, з пухленькiм дзiцячым тварам. Яны таксама ўкленчылi i застылi. Вочы iх умольна ўпiвалiся ў алтар. А я не мог зразумець, што яны там бачаць. 'Ну што, - думаў я, - нiчога тут асаблiвага няма, акрамя цiшынi, халадку, паху ладану, воску ды каменных сырых сцен...' I зноў мой позiрк спынiўся на твары маладзенькай дзяўчыны. Цяпер вочы яе былi заплюшчаныя. У яе былi доўгiя вейкi, i мне ўспомнiлiся заплюшчаныя вочы нашай Мары, калi яна ляжала ў труне. Я адчуваў, што вось тут, зусiм блiзка, побач са мной, i разам з тым бясконца далёка ад мяне, iснуе невядомы мне свет дабрынi... Iза часта гаварыла мне: 'Ты бачыш усюды благое, адно толькi благое...' Гэта было i праўда, i няпраўда.

XVI

Абедаў я з добрым настроем. Такой раскаванасцi, свабоды, упэўненасцi даўно я не адчуваў. Нiбы здрада Рабэра не толькi не перакрэслiла ўсiх маiх планаў, а, наадварот, паспрыяла iм. У маiм узросце чалавеку, жыццё якога можа абарвацца ў кожную хвiлiну, не варта шукаць прычын перамены свайго настрою: яны фiзiялагiчныя. Мiф аб Праметэю недарэмна сцвярджае, што ўвесь сусветны смутак залежыць ад печанi. Але хто адважыцца прызнаць такую простую, грубую iсцiну? Боль пакiнуў мяне. Я з задавальненнем з'еў смажанае мяса з кроўю. Я радаваўся, што кавалак дастаўся мне вялiкi i не давядзецца трацiць грошы на другiя стравы. А на дэсерт вырашыў узяць сыру - тады i пад'ясi, i танна заплацiш.

Як жа мне быць з Рабэрам? Трэба нешта прыдумаць, але я стамiўся i не магу засяродзiцца. А зрэшты, нашто мне задурваць сабе галаву нейкiмi планамi? Лепш за ўсё - экспромт. Не хацеў я нiчога планаваць i ўсё ж смакаваў, наперад адчуваў тую асалоду, што чакае мяне: хiба гэта не ўцеха, хiба гэта не радасць - пагуляць, як кошка, з гэтым дурным мышанём, Рабэрам. А ён жа, вядома, i не здагадваецца, што я дазнаўся пра яго здраду... Жорсткi я цi не? Бадай, жорсткi. Але не болей, чым iншыя, чым дзецi цi жанчыны. Жорсткi - як i ўсе (i тут мне ўспомнiлася маладзенькая дзяўчына з царквы Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ) - як i ўсе тыя, хто не шануе Хрыста.

Я вярнуўся на таксi ў свой пакойчык на вулiцы Брэа i прылёг адпачыць. Студэнты, якiя займалi большасць пакояў у гэтым доме, раз'ехалiся на вакацыi. Было цiха i спакойна. I ўсё ж пакойчык мой з такой беднай мэбляй i не вельмi чыстымi фiранкамi нiяк не назавеш утульным. Ад ложка ў стылi Генрыха II паадклейвалiся маленькiя кавалачкi драўлянай разьбы. Чыясьцi дбайная рука сабрала iх i паклала ў бронзавы кубачак, што стаяў на камiне. На глянцавiтых шпалерах з муаравым узорам скрозь плямы. Нават пры адчыненым акне пах ад начной прыгожай тумбачкi, аблiцаванай чырвоным мармурам, стаяў у паветры. Стол быў засланы абрусам гарчычнага колеру... Вось такое тут было 'абсталяванне' узор недарэчных, безгустоўных мяшчанскiх прэтэнзiй.

Прачнуўся я ад нейкага шоргання. Расплюшчыў вочы i ўбачыў перад сабой Рабэраву мацi. Яна лiслiва ўсмiхалася. I калi б нават я нiчога не ведаў пра здраду яе сынка, то адна толькi гэтая ўсмешка навяла б мяне на нядобрыя думкi. Празмерная ласкавасць, угодлiвасць - надзейныя прыкметы вераломнага ўчынку. Я, аднак, таксама ўсмiхнуўся i пахвалiўся, што адчуваю сябе многа лепш. Дваццаць гадоў назад у яе быў не такi тоўсты нос. Прыгожы круглы роцiк тады быў запоўнены двума радамi моцных белых зубоў, якiя атрымаў сабе ў спадчыну Рабэр. А сёння яна шырока ўсмiхнулася, i я ўбачыў устаўныя скiвiцы. Яна, мусiць, iшла хутка, спацела, i едкi пах поту перабiваў нават 'водар' ад прыгожай начной тумбачкi. Я папрасiў яе шырэй адчынiць акно. Яна паслухмяна ўстала, падышла да акна i насцеж расчынiла яго. Зноў вярнулася, зноў абдарыла мяне сваёй робленай усмешкай i прашчабятала, што цяпер, калi я паправiўся, Рабэр поўнасцю гатовы да 'той самай справы'. Заўтра, у суботу, хлопчык прыйдзе да мяне апоўднi. Я нагадаў ёй, што ў суботу пасля абеду банкi не працуюць. Тады яна сказала, што Рабэр адпросiцца з работы ў панядзелак. Яго абавязкова адпусцяць, а, зрэшты, можна i не адпрошвацца: няма чаго цяпер баяцца гаспадара.

Яна моцна здзiвiлася, калi я рашуча запярэчыў i сказаў, каб Рабэр не звальняўся з працы яшчэ некалькi тыдняў. Развiтваючыся, яна паабяцала зайсцi да мяне заўтра разам з сынам, але я адказаў, што буду чакаць Рабэра аднаго i хачу пагаварыць з iм сам-насам, каб лепш, глыбей пазнаёмiцца з юнаком i навучыць яго сяму-таму... Бедная дурнiца не магла схаваць сваёй заклапочанасцi: яна, вядома, баялася, каб сын не выдаў сябе. Аднак, калi я гавару сваiм прывычным рашучым голасам i свiдрую субяседнiка сваiм суровым позiркам, нiхто i не адважыцца спрачацца са мною. Вось так, дарагая, сама ж падвучыла сынка пайсцi на змову з маёй сям'ёй!.. Я вельмi добра ведаў гэтага баязлiўца, гэтага недарэку, каб уявiць сабе, як заўтра будзе ён калацiцца перада мной.

Калi назаўтра ранiцай няшчасны Рабэр пераступiў мой парог, я адразу зразумеў, што адпакутаваў ён за гэтую ноч больш, чым я мог меркаваць. Павекi яго пачырванелi, апухлi, - спаць яму, вiдаць, нi хвiлiнкi не давялося. Па-зладзейску бегалi вочкi... Я запрасiў яго сесцi i са спачуваннем сказаў, што мне не падабаецца яго хваравiты выгляд. Словам, я быў з iм лагодны, амаль пяшчотны. З зайздросным адвакацкiм красамоўствам я пачаў маляваць яму карцiны райскага бесклапотнага жыцця, якое адкрывалася перад iм. Я куплю яму ў Сэн-Жэрмэне дом, парк гектараў на дзесяць. Усе пакоi ў доме будуць абстаўлены старадаўняй мэбляй. У парку - сажалка, у ёй - цудоўная рыба. На двары - гараж на чатыры аўтамабiлi. Адна за адной на маладога чалавека сыпалiся ўсё новыя i новыя спакусы. Калi я загаварыў пра аўтамабiль i прапанаваў купiць машыну самай лепшай амерыканскай маркi, трэба было бачыць, якiя пакуты цярпеў гэты чалавек. Хутчэй за ўсё ён паабяцаў не прымаць ад мяне пры жыццi нiводнага франка.

- Больш цябе ўжо нiхто i нiшто не патрывожыць, - дадаў я. - Купчую падпiшаш сам. Я ўжо адклаў i ў панядзелак перадам табе некаторыя каштоўныя паперы, ад якiх ты будзеш мець гадавую рэнту сто тысяч франкаў. З такой сумай можна пакуль што спакойна жыць. А асноўная частка майго капiталу - у Амстэрдаме. На наступным тыднi мы з табой з'ездзiм туды i аформiм усе дакументы... Пачакай, Рабэр, што з табой?..

Ён прамармытаў:

- Не, не трэба... Я нiчога не вазьму ад вас... пакуль вы будзеце жыць... Не хачу я вас абкрадаць... Не хачу... Не трэба...

Ён стаяў, абапёршыся аб шафу, i грыз пазногцi на левай руцэ. Я пранiзваў яго сваiм пiльным позiркам, якога так баялiся ў судзе. Бывала, у некаторых падсудных падкошвалiся ногi ад такога погляду, i яны падалi на рукi жандараў...

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату