- Слухаюся, таварыш прапаршчык! - гукнуў палкоўнiк, канчаткова зразумеўшы, што пузыр над 'Казловiчамi' - гэта затулiнскiя штукi.
Вядомы авантурыст Шцiрлiц, як сьведчаць показкi, у хвiлiны непакою меў звычку поркацца ў штанах, мацаў пры гэтым набрынялыя ад шматгадовага ўстрыманьня ядры i, казелячы вокам на Леванiда Бранявога, з халоднай разважнасьцю прамаўляў:
- А гэта канец...
Пасьля размовы з прапаршчыкам палкоўнiка Бурзачылу таксама апанаваў непакой. Ён пiхнуў рукi ў кiшэнi штаноў, крутнуў, па прыкладу штандартэнфюрэра левую ядрыну, спрабуючы такiм чынам настроiць мазгi на працоўны лад, але мазгi канчаткова растапiлiся, нiякiх канструктыўных iдэй у iх не нараджалася, i палкоўнiк, прамовiўшы штосьцi дарэшты пэсымiстычнае й сугучнае слову 'канец', плюхнуўся ў крэсла.
Сытуацыя вымалёўвалася - горай не прыдумаеш. Баявая авiяцыя стаяла ў ангарах бяз палiва - акурат на мiнулым тыднi ўвесь яе аварыйны запас чатырнаццаць бэнзавозаў - загналi лабусам; мабiльныя зэнiткi яшчэ ў 1991 годзе прадалi армянам, а ўсе шрубалёты ад нядаўнiх часiн перайшлi на балянс Адмiнiстрацыi i за iхнюю арэнду трэба было выкладваць шалёныя грошы.
Зрэшты, пра тое, што бэнзавозы пайшлi ў Жамойць, ведалi, апроч яго, яшчэ два чалавекi: мiнiстар абароны ды маёр Кукарэка з ваенна-паветранай базы ў Мачульнiках. Тавар яны здалi са спакойнай душой: у сераду павiнны былi прыйсьцi эшалоны з авiяцыйнай газай. Фiрма 'Хрэнойл' набыла дзеля свайго офiса будынак штабу Чырвонасьцяжнай ваеннай акругi i цяпер разьлiчвалася натурай. У войску, вядома ж, кралi i не такое. I кожны раз усё iшло цiха-цiхенька. I раптам гэты званок...
'Зьядуць i не падавяцца. Спачатку шэфа, а потым нас з Кукарэкам', падумаў той хвiляй палкоўнiк, пацёр даланёю па драбах, расьцiраючы казытлiвыя кроплi поту i ў душы пажадаў генэралу Затулiну ды ягонаму швагру - старлею Пiдуце, якi мерыўся заняць мiнiстэрскае крэсла, падавiцца хаця б адной сваёй рабрынай.
Хвiлiн пятнаццаць, а мо й болей палкоўнiк сядзеў, раскiнуўшыся ў крэсьле, ачмурэла пазiраў на кiвач старога гадзiньнiка, што стаяў у супрацьлеглым куце габiнэту й ачуўся толькi тады, калi ўнутры масыўнай шафы штосьцi рыпнула, а потым надзiва гучна бомкнула. Гадзiньнiк пачаў адбiваць час: з кожным новым ударам палкоўнiцкая галава пудлiва ўбiвалася ў плечы, пасьля дзевятага ўдару ўбiлася па самыя вушы, а разам зь дзесятым ударам дзьверы габiнэту расчынiлiся i ў пройме дзьвярэй паўстаў маёр Кукарэка. Мундур маёравы быў расшпiлены, фуражка зьехала на вуха, а з прарэху штаноў тырчэў ражок кашулi.
- Чуў? - выдыхнуў Кукарэка не зусiм цьвярозым голасам i да палкоўнiцкага носа даляцеў пах армянскага каньяку.
'Трахаўся, вiдаць, са сваёй тэлефанiсткай. Нават прарэх не зашпiлiў, скацiна', - палкоўнiк сашчапiў пальцы рук на патылiцы, зь непрыхаванай пагардай паглядзеў на кампаньёна.
- Ну што, так i будзеш сядзець? - запытаўся маёр, зьняўшы фуражку й прамакнуўшы рукавом узмакрэлую лысiну. - Аб'ект у шасьцi кэмэ ад Казловiчаў, а яму нi ў галаве, нi ў пяце. Чуеш? Што рабiць будзем?
- А ты што, ня ведаеш? Едзь у Мачульнiкi, падымай свае МiГi... - прамовiў, нарэшце, палкоўнiк з блазнаватай усьмешкай на твары, i Кукарэка пасьля такiх слоў канчаткова працьверазеў.
- Зьдзекваесься? А мо забыўся, куды мы авiягазу сплавiлi? - выгукнуў ацьверазелы маёр, i палкоўнiку, каб суняць балбатуна, давялося папераджальна кашлянуць ды кiўнуць галавой у бок тэлефона ўрадавай сувязi.
Маёр пакасiўся на тэлефонны апарат i ў працяг няскончанай фразы ледзь чутна дадаў:
- Нават з бакаў зьлiлi.
Хвiлiну яны маўчалi, наструнена глядзелi адно другому ў вочы, пасьля чаго маёр, ухапiўшыся рукамi за штрыфелi мундура, нэрвовым крокам прайшоўся ад стала да гадзiньнiка, потым ад гадзiньнiка да стала i, нарэшце, падбег да апэратыўнай мапы.
'Бегае, як той Ленiн у васемнаццатым годзе', - адзначыў пра сябе палкоўнiк, з падступным задавальненьнем пазiраючы на ўсхваляванага маёра. Маёр тым часам уторкнуў нос у раён мяркуемага месцазнаходжаньня аб'екта й заклапочана прамармытаў:
- Падлятае да Гракава.
'Гракаў... Ракаў... Акаў', - шматкроць адбiлася ў палкоўнiцкiх мазгах, i лёгкае хваляваньне халоднай мурашкай казытнула апрэлыя ядры. Пальцы машынальна кранулiся скроняў, гадзiньнiк у куце адбiў палову адзiнаццатай, i ў той жа мiг нейкая страшная сiла падняла палкоўнiка на ногi. Пад'ём быў такiм iмпэтным, што Кукарэка сагнуў ногi ў каленях, чакаючы, што Бурзачыла кiнецца на яго з кулакамi, але той i ня думаў бiцца. Палкоўнiк абцягнуў мундур, стрымана кашлянуў i, скiраваўшы погляд на тэлефон урадавай сувязi, урачыстым голасам прамовiў:
- Хтосьцi вырашыў прамацаць нашу супрацьпаветраную абарону... Дык мы гэтыя мацакi падкарацiм!
Яшчэ iмгненьне, i палкоўнiк, нацубiўшы на вочы фуражку, рушыў да дзьвярэй, а сьледам за iм кiнуўся агаломшаны маёр Кукарэка.
Яны iшлi бясконцым калiдорам - маёр нячутна ступаў па ходнiку, раз- пораз азiраючыся; палкоўнiк iшоў ля сьцяны, грукаючы абцасамi аб падлогу й грукат трывожным рэхам блукаў пад скляпеньнямi. Гэта была хада Камандора.
Маёр тым часам ня толькi азiраўся але й керхаў у жменю - вiдочна, хацеў штосьцi спытаць, ды не рашаўся й загаварыў толькi тады, калi яны павярнулi на лесьвiцу.
- Што, падслухоўваюць? - дрогкiм голасам запытаўся маёр, але спадарожнiк нiчога не адказаў - адно дакорлiва хiтнуў галавою.
Другое маёрава пытаньне было яшчэ больш ляканiчным.
- Палякi? - запытаў маёр, спрабуючы iсьцi ўпоравень са спадарожнiкам i запабежлiва пазiраючы таму ў левае вуха.
- Якiя палякi? - выдыхнуў спадарожнiк, спынiўшыся на пляцоўцы памiж першым i другiм паверхам.
- Ну гэта... кажу... палякi пузыр запусьцiлi? - усё тым жа ўсхвалявана-гугнявым голасам запытаўся маёр, намаляваўшы ў паветры вялiкае кола.
Палкоўнiк дастаў пачак 'Данхiлу', укiнуў у рот цыгарэту, наструнiўся, слухаючы - цi таўчэцца хто на сходах i ў гэты момант маёр, папярэдне ляпнуўшы па кiшэнях, тыцнуў яму пад нос сваю запальнiчку.
- Ты, Кукарэка, як маёрам стаў, дык зусiм здурнеў... - прамовiў палкоўнiк, не адрываючы вачэй ад кампаньёна. - Iм што, больш рабiць не хер, як толькi пузыры пускаць?
Словы гучалi пераканаўча й Кукарэка, стоячы з зацепленай запальнiчкай як са сьвечкай, стоена прашаптаў:
- НАТА?
Палкоўнiк зморана ўздыхнуў: паветра, што вырвалася зь ягонай грудзiны затушыла запальнiчку й данесла да маёравых вушэй шматзначнае пытаньне:
- Старлея Пiдуту ведаеш?
- Швагра... - маёр не дагаварыў: на доле бразнулi дзьверы й кампаньёны мiжволi наструнiлiся. Дзесьцi на першым паверсе загаманiлi, чхнулi, потым мацюкнулiся i неўзабаве ўсё ацiхла.
- Затулiн?.. - зьбялелымi вуснамi прашаптаў Кукарэка, а ягоны суразмоўца, ступiўшы колькi крокаў па сходах, кiнуў цераз плячук фразу, якую любiў казаць падначаленаму ў часiны душэўнага ўздыму:
- Пайшлi, што стаў, як певень пасьля кукарэку...
Дыхтоўныя, абабiтыя масянжовымi паскамi дзьверы з натугаю падалiся i ў вочы пырснула гарачае сонечнае сьвятло. Усё навокал цвыркала, плыло, цьвiло i гаманiла. Цвыркалi вераб'i на даху, плылi аблокi ў небе, цьвiла вiшня ля ўваходу, а за сьпiнаю палкоўнiцкай гаманiў, штохвiлi шморгаючы носам, маёр Кукарэка.
- Я што... я чалавек маленькi... Мне загадалi - я й зьлiў палiва. А куды яно пайшло - ня ведаю й ведаць не жадаю.
Палкоўнiк быў заняты сваiмi думкамi й ня надта слухаў Кукарэку, а калi прыслухаўся, дык пальцы рук ягоных сьцiснулiся ў кулакi, а на шчоках прабiлася нездаровая чырвань.
Маёр Кукарэка - гэты зацяты хапуга, якi краў нават лыжкi ў жаўнерскай ядальнi, меў здольнасьць пераўвасабляцца ў бязьвiнную авечку. Маёра колькi разоў хапалi на гарачым, аднаго разу - калi з палкавога складу зьнiкла чатыры тоны масла - на яго нават завялi крымiнальную справу, аднак - дзiўная рэч! маёр, дзякуючы гэтаму самаму пераўвасабленьню заўсёды выходзiў сухiм з вады, i з пасадаў, а то й з войску выляталi ягоныя падзельнiкi.
Летась палкоўнiк i сам ледзь не зьляцеў з пасады, таму, пачуўшы кукарэкава бляяньне, счырванеў як гiпэртонiк. Ён хацеў адразу заехаць маёру мiж вачэй, ды, угледзеўшы бакавым зрокам двух шарагоўцаў, што