сядзелi на лаве, аддзьмуўся, перакiнуў з аднаго кутка вуснаў у другi прытухлую цыгарку i гэтым самым утаймаваў свае нэрвы.
- Кулямёт ёсьць? - запытаўся палкоўнiк, папераменку пазiраючы то на маёравы ўазiк, то на двух схуднелых шарагоўцаў, якiя сядзелi ў цяньку i штосьцi жэрлi.
- Якi кулямёт? - не зразумеў маёр.
- Буйнакалiбэрны, йоп... - вылаяўся палкоўнiк, нэрвова смактануўшы амаль што затухлую цыгарку.
- Ёсьць... у Мачульнiках... - Кукарэка шморгнуў носам i два разы запар спатыкнуўся на роўным асвальце.
- У Мачу-у-ульнiках, - перадражнiў палкоўнiк. Засяродзiўшы вочы на канцы цыгарэты, ён яшчэ пару разоў смактануў i палез у кiшэнь за сярнiчкамi. - Да Мачульнiкаў сорак кэмэ, а ў нас кожная хвiлiна на ўлiку.
- Ёсьць яшчэ на лецiшчы, у Ждановiчах. Думалi ж на дзiкоў ехаць...
Шарагоўцы - з выгляду салагi-першагодкi - сядзелi на лаве i, не зважаючы на афiцэраў, елi гарачыя пончыкi.
'Тося пачаставала', - падумаў палкоўнiк, увабраўшы носам агiдны пах алею й яблычнага павiдла.
За колькi мэтраў ад лаўкi афiцэры запаволiлi крок, чакаючы, што шарагоўцы падхопяцца на ногi, але тыя й ня думалi падхоплiвацца i палкоўнiк, з астатнiх сiл утаймоўваючы лютасьць, павадзiў рукамi ў паветры, мадэлюючы той рух, якiм дырыгенты падымаць аркестры, а штабныя афiцэры ўзважваюць тугiя жаночыя грудзi. Шарагоўцы адарвалi ад лаўкi схуднелыя азадкi, выпрасталiся, прыцiснулi далонi да сьцёгнаў, але жаваць не перасталi i, як тыя хамякi, варушылi пашчэнкамi.
- Чаго расьселiся?! - грымнуў маёр Кукарэка, пырснуўшы сьлiнаю на палкоўнiцкую шыю.
Адзiн з шарагоўцаў - маленькi, чарнявы, з падбiтым левым вокам, - пачаў штосьцi казаць, глытаючы ежу i з усяго iм сказанага ўцямна прагучала толькi слова 'выгружалi'.
- А чаму жарэце як не ў сабе? - гукнуў у сваю чаргу палкоўнiк, зiрнуўшы на пончыкi, што грудком ляжалi на газэце.
- Два днi ня елi, таварыш старшы лейтэнант, - прамовiў, ужо больш уцямна, чарнявы шараговец i палкоўнiк, губляючы раўнавагу, тузануў плечуком:
- Разуй буркалы, с-салага!
Такой абразы гвардыi палкоўнiк Бурзачыла ня зьведваў за ўвесь час служэньня ў войску. Палкоўнiк яшчэ больш пачырванеў, потым спалатнеў, зубы ягоныя зайгралi польку, але доўжылася гэта кароткую хвiлю: ужо празь iмгненьне ён зацягнуўся цыгарэцiнай i злавесным голасам запытаў:
- Зь якой часткi?
Чарнявы салага панiк, скурчыўся, увабраў голаў у плечы i зацкавана паглядзеў на сябра - бялявага салагу з падбiтым правым вокам.
- Гэта мае... тэхнары з Мачульнiкаў, - працэдзiў маёр, панурыўшы вочы, прадукты ў буфэт прывезьлi.
Словы тыя як зь неба ўпалi. Ну вядома з Мачульнiкаў... Дзе ж яшчэ жаўнеры ходзяць някормленыя?.. Душа палкоўнiцкая адтаяла, цела зрабiлася лёгкiм, i палкоўнiк, зыркнуўшы на маёра, ужо лагодным голасам загадаў шарагоўцам бегчы да ўазiка. Зацягнуўшыся цыгарэтай, палкоўнiк Бурзачыла пашукаў вачыма сьметнiцу, а згледзеўшы яе на другiм канцы ходнiка, пстрыкнуў пальцам па сьлiнявым недапалку. Недапалак праляцеў ня меней дваццацi мэтраў i дакладна лёг у цэль.
- Вучыся! - цяпер ужо акрыялым голасам сказаў палкоўнiк маёру i дыхнуў таму ў твар разрэджаным цыгарэтным дымам.
II
Адразу за Гракавам - пыльным мястэчкам з тузiнам старых камянiц i сотняй вясковых хат, - ляжыць агромiстае поле. Свойчас усходнi, дальнi ад мястэчка клiн, перааралi 'кiраўцамi' - зьбiралiся, вiдаць, нешта пасеяць, але нiчога не пасеялi; ральля зь цягам часу ўзялася дзiрванам i нагадвала цяпер пральную дошку. Па гэтым клiне - ачайна бразгаючы ўсiм сваiм жалезным начыньнем i плаксiва скуголячы рухавiком - i кратаўся вайсковы ўазiк. Унутры яго сядзелi чатыры вайскоўцы: палкоўнiк, маёр - ён круцiў 'абаранак', - а таксама два шарагоўцы, якiя калацiлiся на заднем сядзеньнi, раз-пораз кранаючыся галовамi брызэнтавага верха.
Маёр, штохвiлiны мацюкаючыся, з шумам выпускаў паветра праз стуленыя вусны, гэтым самым як бы дапамагаючы ўазiку пераадольваць утравелыя калдобiны; а вось палкоўнiк лаяўся зрэдзьчасу - толькi тады, калi руля буйнакалiбэрнай зброi, якую трымаў адзiн з шарагоўцаў, стукала па карку. Пасьля кожнага такога ўдару палкоўнiк прамаўляў няўцямнае: - Йоп..., - шараговец адводзiў зброю ўбок, руля бiла па карку маёра i той дагаворваў пачатую палкоўнiкам фразу да канца.
Праехаўшы па ральлi паўтара кiлямэтры, машына выбiлася на роўнае й маёр, прытапiўшы понаж газу, зморана выдыхнуў:
- Фу, бляць...
Уазiк аб'ехаў высахлую балацявiну, абмiнуў купку чэзлага вербалозу i за брудным ветравым шклом задрыжэлi вiдарысы серабрыстага элiнгу i двухкрылага, падобнага да вялiкай страказы, 'кукурузьнiка'. Пабачыўшы самалёт, афiцэры шматзначна пераглянулiся: палкоўнiк палез у кiшэнь па цыгарэты, а маёр, адпусьцiўшы на хвiлю руль, задаволена пацёр узмакрэлыя далонi.
Месца, куды яны прыехалi, цяжка было назваць лётнiшчам. Тут стаяў усяго адзiн самалёт, а з аэрадромных пабудоў, апрача дзiравага элiнгу, стаяла жалезная бочка ды тырчэў шост з драцянай рэхвай на вершаку.
Зьмерыўшы вокам шост, палкоўнiк глыбокай зацяжкай дапалiў цыгарэту да фiльтра i, абцягнуўшы мундур, пайшоў да бабулi, якая даiла на ўскрайку поля рабую казу.
Бабуля, вiдаць, была глухаватая, бо не пачула крокаў, таму палкоўнiку давялося другiм разам абцягваць мундур i напаўжартам галёкнуць:
- Прывiтаньне казаводам!
Пасьля такiх слоў бабуля падхапiлася, абцёрла рукi аб спаднiцу, а каза, стукнуўшы капытом аб даёнку, рушыла насустрач палкоўнiку.
Бабулiна жывёлiна была жывым увасабленьнем чорта: такая ж рабая, рагатая, з жаўтлявымi, не раўнуючы як у ката, вачыма. Адно што ў ката - як адцемiў палкоўнiк, - шчылiны зрэнак вэртыкальныя, а ў казы яны былi гарызантальныя.
Спынiўшыся непадалёку, каза мэкнула, зь недаверам крутнула галавой, i палкоўнiк, каб убiцца ў давер, павабiў жывёлiну пальцам i ласкава залапатаў языком:
- Цып-цып-цып...
У вадказ каза пагрозьлiва страсянула галавой, бабуля сьпехам падхапiла даёнку, а палкоўнiк, зразумеўшы, што зрабiў штосьцi ня тое, кашлянуў у далонь i задаў пытаньне, якое даўно сьпела на канцы языка.
- А што, самалёт лётае, цi як?
- Лётае, каб на яго немарач, - жвава адгукнулася бабуля. - Дзесяць гадкоў няма спакою... Дзень да ночы лётае... i ўсё над маёй хатай. Пазалетась дык нейкай халерай абсыпаў. У мяне потым гусак акалеў. Я ж ужо куды толькi не хадзiла, куды толькi не пiсала...
Бабуля, мяркуючы па ўсiм, была балбатлiваю. Палкоўнiк зiрнуў на гадзiньнiк, па старой звычцы кашлянуў у далонь, але гэта не дапамагло.
- Каб яму сьлепакi павылазiлi, паскуднiку гэтаму... Дусю надоечы так напужаў, што тры днi малака не было.
- А Дуся - гэта хто? - перабiў палкоўнiк.
- А во... козачка... кармiлiца мая, - прамовiла бабуля, падышла да казы i з палёгкаю ў голасе дадала: - Ад нядзелi, праўда, ня лётае. Штосьцi ў яго там зламалася.
Такая навiна прымусiла палкоўнiка наструнiцца i бязгучна мацюкнуцца.
- Учора сабраў п'янiц - Толiка Манькiна, Фарзуна з Кабздохам - дык ужо хвост жардзiнай падымалi ды нешта там поркалiся. Потым у краму бегалi. Мiронаўна казала - чатыры белых бралi, а ўвечары да Андросiхi за самагонкай цягалiся...
- Ну, а дзе ён жыве? - запытаўся палкоўнiк, дэманстратыўна зiрнуўшы на гадзiньнiк.
- Зь вясны ў Рапухi жыў. П'янiца ў нас тут такая... Бiлiся кожнага вечару. Процi ночы нап'юцца, тады ён яе ганяе, а з ранку ўжо, - у гэтым месцы апавядальнiца сьцiшыла голас да шэпту, - iдуць у магазiн пад ручку...